pict На главную сайта   Все о Ружанах pict
pict  
 


Наш адрес: ruzhany@narod.ru


Валянціна Сасонкіна


 


«Ружанскія медыкі
і фармацэўты»


 

 

© Раённыя будні, 2021

Гл. У перакладзе на рускую мову

Апублікавана ў газеце «Раённыя будні» 2021, №1-2,3

«Ружанскія медыкі і фармацэўты»

 

У XXI стагоддзі, калі бурна развіваюцца высокія інфармацыйныя тэхналогіі, часам некалі азірнуцца назад і задумацца над мінулым. А гэта вельмі важна. Напрыклад, паспрабаваць адказаць на пытанне: чым мы абавязаны людзям самай гуманнай прафесіі – медыцынскім і фармацэўтычным работнікам? Якім чынам людзі дасягнулі цяперашняга ўзроўню развіцця медыцыны і фармацыі? Бо сучасная ахова здароўя з’явілася не на пустым месцы, а прайшла доўгі і няпросты шлях развіцця. Велізарны вопыт барацьбы супраць хвароб і іх папярэджання назапашаны шматлікімі пакаленнямі і выкарыстоўваецца цяпер. У гэтым артыкуле мне хочацца расказаць аб станаўленні і развіцці медыцыны і аптэчнай справы ў Ружанах.

Зразумела, у старажытныя часы мясцовыя жыхары шырока ўжывалі для лячэння хвароб лекавыя расліны, звярталіся да знахараў, што валодалі шматвяковым народным досведам лячэння. Што тычыцца лекараў, то з сярэдзіны XVII стагоддзя найбольш распаўсюджаным іх тыпам быў цырульнік-хірург. Людзі гэтай прафесіі не толькі стрыглі і галілі, але і пускалі кроў, вырывалі зубы і нават выконвалі простыя хірургічныя маніпуляцыі. Прычым ад цырульнікаў патрабавалася дакладная ацэнка магчымасці ці немагчымасці лячэбнага ўмяшання. Напрыклад, у 1661 годзе ў Ружанах быў цяжка паранены ў галаву мінскі купец Канстанцін Андрэевіч, і яго «цырульнікі лячыць не жадалі» з-за безнадзейнасці становішча параненага.

 
  
Шмуэль Магіленскі
 
     

Медыцынскаму мастацтву ў тыя далёкія часы можна было навучыцца толькі за мяжой (да 1579 года ў Вялікім Княстве Літоўскім не было вышэйшых навучальных устаноў). Выпускнікі медыцынскага факультэта ўніверсітэта атрымлівалі ступень доктара медыцыны. Дарэчы, Ф. Скарына з’яўляецца першым дыпламаваным лекарам Беларусі. Лячэбную дапамогу ў тыя часы часта аказвалі ў манастырах.

У XVII стагоддзі ў Ружанах было два шпіталі – рымска-каталіцкі і грэка-каталіцкі (уніяцкі). Гэта былі свайго роду прытулкі, якія прызначаліся галоўным чынам для бедных людзей, жабракоў. Шпіталь на 12 месцаў заснаваў пры касцёле ў 1650 годзе сын першага ўладальніка Ружан Льва Сапегі – Казімір Леў (жыў у 1609-1656 гг.). Так магнаты імкнуліся выглядаць дабрадзеямі і заслужыць супакой душы пасля смерці.

А самі Сапегі, таксама як і іншыя прадстаўнікі заможнага дваранства, карысталіся паслугамі дыпламаваных лекараў. Напрыклад, Леў Сапега звяртаўся па медыцынскую дапамогу да доктара Андрэя Грутынскага ў Кракаве, а Багдан Сямёнавіч Сапега, дзеяч ВКЛ і пісар караля польскага Казіміра IV Ягелончыка, наведваў вядомага акуліста з Львова Эльяша бен Юзафа. Такая практыка адпавядала рытму жыцця магнатаў, якія часцей былі ў раз’ездах, чым дома, таму наяўнасць хатняга доктара была дарагім і нерацыянальным задавальненнем.

Вядома, што Казімір Леў Сапега купляў лекі ў Фларэнцыі свайму старэйшаму брату Яну Станіславу, які меў «сур’ёзнае псіхічнае захворванне» і часта папраўляў здароўе на цёплых водах. Але і гэта не дапамагло – у 1635 годзе Ян памёр ва ўзросце 45 гадоў.

Аднак часы змяняліся, дактары сталі больш даступнымі, і іх наяўнасць у сваіх уладаннях маглі сабе дазволіць не толькі каралі. Напрыклад, мы ведаем прозвішчы дактароў, якія служылі пры двары князёў Радзівілаў у Нясвіжы ў XVII-XVIII ст. Была тут і свая аптэка.

Але, на жаль, пакуль не атрымалася даведацца прозвішчы лекараў князёў Сапегаў, даследаванне ў гэтым кірунку працягваецца. Тым не менш, тут таксама мелася аптэка (аптэчны пакой каля 16 кв. м.). I, як паказалі нашы сумесныя з магістрам гістарычных навук Антонам Арцюхам даследаванні архіўных дакументаў, проста павінны былі існаваць дактары ці лекары, таму што сям’я Сапегаў прымала ў ружанскай рэзідэнцыі вельмі ўплывовых гасцей. Нагадаем, што ў Ружанах бывалі Уладзіслаў IV Ваза ў 1617 і 1644 гадах, Ян II Казімір Ваза – у 1651-ым, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі – у 1784 годзе і інш. Павышаная цікавасць да аховы здароўя высокіх асоб была не без падстаў: у мястэчку не па чутках ведалі, што такое мор і эпідэміі.

У канцы XVII стагодцзя ў Ружанах была адкрыта невялікая лякарня на вул. Яўрэйскай-падсажалкай, а ў 1762 годзе яўрэйская бальніца размяшчалася на плошчы Старога рынку.

  
аптэка ў Ружанах Ш.Магіленскага, фота 1913 г.
3 калекцыі Доры Вягоцкай-Піткоўскай

У другой палове XVIII ст. перадапошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр Міхаіл Сапега (жыў у 1730-1793 гг.) падчас перабудовы рэзідэнцыі пачаў будаўніцтва мураванага шпіталя для жабракоў і хворых. Ён абавяэаў свайго сына Францішка завяршыць будаўніцтва пасля яго смерці. У фондах Варшаўскага ўніверсітэта ёсць чарцёж будучага шпіталя. Але ён так і не з‘явіўся: ёсць падстава лічыць, што Францішак не выканаў волю бацькі, таму што перанёс радавую рэзідэнцыю ў Дзярэчын. А ў 1829 годзе Яўстафій Каэтан Сапега прадаў Ружанскі палац яўрэйскай сям'і прамыслоўцаў, а за ўдзел у паўстанні 1830-1831-ых гадоў у выніку канфіскацыі страціў і само мястэчка.

Але з Сапегамі ці без іх, а неабходнасць медыцынскага абслугоўвання жыхароў Ружан узрастала. Тут існавала яўрэйская бальніца, арганізавалі якую Гаон Рабі Яўхіль Міхель і яго малодшы брат Ерухам Фішэль Пінес. Бальніца аказвала медыцынскую дапамогу ўсім хворым, якія мелі ў ёй патрэбу.

У 1875 годзе ў Ружанах здарыўся вялікі пажар, бальніца згарэла разам з іншымі будынкамі. Невядома, калі яна была адноўлена, але ў 1893 годзе працавала ўжо і змяшчалася ў выдатным вялікім будынку на ўскрайку Ружан.

Тут працавала два ўрачы: яўрэй і хрысціянін, якія па чарзе вялі бясплатны амбулаторны прыём насельніцтва і лячылі хворых у стацыянары (было 12 палат). Адзін пакой быў адведзены пад невялікую аптэку, дзе пры неабходнасці ўрачы выраблялі лекі.

Бальніца Існавала за кошт ахвяраванняў пастаянных членаў дабрачыннага таварыства «Лінат Цадэк», а таксама прыватных асоб. Яшчэ ў 1901 годзе яна ўваходзіла ў лік найбольш эфектыўных дабрачынных устаноў.

У 1869 годзе правізарам Міклашэвічам была адкрыта першая прыватная аптэка (месца яе размяшчэння невядома). Ён кіраваў ёю на працягу васьмі гадоў, але за наступныя гады да Першай сусветнай вайны ў аптэкі змянілася ажно дзевяць уладальнікаў.

Магчыма, гэта было звязана з малым прыбыткам, які яна прыносіла.

Хаця, паводле перапісу 1897 года, у Ружанах пражывала 5016 жыхароў, з іх 3599 – яўрэяў.

Прыкметны след у арганізацыі медыцынскага і лекавага абслугоўвання насельніцтва пакінуў фармацэўт Шмуэль (Маглі) Магіленскі, які займаўся тут аптэчным бізнесам больш за 20 гадоў. Яго прыватная аптэка размяшчалася на рагу рынкавай плошчы і вуліцы Блізкай.

Калі Магіленскі прыехаў у Ружаны ў 1911 годзе, апроч аптэкі, тут функцыянавала тры аптэчныя крамы: Эйзіка Каплінскага, Нотке і Мошке Шаміт. У мястэчку не было ўрача, а толькі два фельчары – Любітшке і Эйзік.

Ш. Магіленскі ўнёс прапанову ў мясцовы камітэт аб запрашэнні сюды на працу доктара Розенбліта 3 мястэчка Быцень. Доктар прыехаў, але адпрацаваў у Ружанах усяго толькі тры гады.

  
фота аптэкі ў 1941 годзе
з асабістага архіва брэсцкага краязнаўцы Яфіма Басіна.

Пасля яго займаліся медыцынскай практыкай лекары Буршэўскі і Гурэвіч, але яны неўзабаве былі прызваны ў расійскае войска ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны.

Летам 1915 года Ружаны былі акупаваны нямецкімі войскамі. Трэба было выжываць у ваенны час. I некалькім ружанскім яўрэям прыйшла ў галаву думка, што можна здабыць спірт, які рускія пры адступленні вылілі на шэрагу мясцовых заводаў на зямлю. Яны папрасілі яўрэйскага мэра Зеэва Шаракоўскага атрымаць неабходны дазвол на здабычу. У выніку выкапалі калодзеж, здабылі сумесь спірту з вадой і даставілі Ш. Магіленскаму на перагонку. Атрымалася. Неадкладна была арганізавана група для працы па гэтай ліцэнзіі. Іншыя ружанскія яўрэі паспяшаліся стварыць падобныя групы для выратавання гэтых «блаславёных вод» каля іншых бровараў у рэгіёне. Гэта палегчыла фінансавае становішча часткі жыхароў горада.

Шматлікія эпізоды жыцця яўрэяў у гады Першай сусветнай вайны апісаны ў кнізе памяці М. Сакалоўскага, якая выйшла ў 1957 г. у Тэль-Авіве і перакладзена на рускую мову А.В. Каралёвым.

У адпаведнасці з умовамі Рыжскай мірнай дамовы ад 18 сакавіка 1921 года Ружаны ўвайшлі ў склад Польшчы і знаходзіліся ў Косаўскім павеце Палескага ваяводства да кастрычніка 1939 г. У міжваенны перыяд у Ружанах працягвала працаваць прыватная аптэка Ш. Магіленскага (яе потым выкупіў Давыд Гарба) і тры прыватныя аптэкарскія крамы. Дзякуючы намаганням урача А. Хвойніка, ізноў была адноўлена работа бальніцы, у ліку яе актывістаў была і жонка Ш. Магіленскага.

У той час дабрачынную дапамогу мясцовым хворым беднякам аказвала яўрэйская нацыянальная медыцынская служба «Маген Давыд Адом» (падобная на хрысціянскае Таварыства Чырвонага Крыжа).

Валянціна Сасонкіна, вядучы спецыяліст РУП «Белфармацыя», старшыня клуба гісторыі фармацыі пры рэспубліканскім грамадскім аб’яднанні фармацэўтычных работнікаў «Фармабел»

  
АКТЫВІСТЫ БАЛЬНІЦЫ Ў РУЖАНАХ У МІЖВАЕННЫ ЧАС
Першы рад зверху (справа налева): Якаў Каплан, Тарн, невядомы,
Фейгел Шапіра, Роза Пінес, жонка Якава Ашэра Эпштэйна;
другі рад: Неха Шамшыновіч, жонка Шмуэля Магіленскага,
Аарон Гамерман, Лейбель Хвойнік;
трэці рад: Мардзехай Карпялевіч, Шымон Шахет, д-р Ятом, д-р Арых Хвойнік,
Авігдар Мішэль Голдберг, шавец Шмуэль Лейб; ляжаць: Эпштэйн, Сімха Розенсхейн.

 

(Заканчэнне, Пачатак у №№ 1-2).

Пасля ўваходжання ў 1939 годзе ў склад Беларускай ССР Ружаны атрымалі статус раённага цэнтра. Усе прыватныя прадпрыемствы і арганізацыі былі нацыяналізаваны, у тым ліку аптэчныя і лячэбна-прафілактычныя.

У Ружанскі раён тэрытарыяльна ўвайшло і мястэчка Лыскава, дзе таксама была свая аптэка. Варта адзначыць, што ўпершыню яна з’явілася тут у 1897 годзе (Лыскава на той час уваходзіла ў склад Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні). Аптэку адкрыў Ліпа Ільіч Гольдберг. У ліку першых лекараў практыкаваў Вітальд Іванавіч Баянкевіч (1902-1903 гады).

У 1906 г. уладальніцай аптэкі ў Лыскаве стала мяшчанка Спрынца Айзік Эпштэйн. Яна не мела фармацэўтычнай адукацыі. У розны час кіравалі аптэкай фармацэўты Станіслаў Станіслававіч Жаляндоўскі, Вацлаў Станіслававіч Гарэцкі, Сруль Хаім Тонбін, Шмэрэль Янкелевіч Цэпольскі і Шмуйла Залма Каган. Апошні працаваў у аптэцы каля 28 гадоў, быў расстраляны разам з іншымі вязнямі гета ў 1942 годзе, сярод іх – урачы Айзэрб Стала і яе маці, фельчар Гольман і яго сям’я, зубныя тэхнікі Пяркаль (муж і жонка). Будынак лыскаўскай аптэкі падчас Вялікай Айчыннай вайны быў разбураны.

У гады Вялікай Айчыннай вайны, падчас нямецка-фашысцкай акупацыі. ружанская аптэка не спыняла сваёй дзейнасці. Як бачна на фота, датаваным вясной 1944 года, тут працавала дзве жанчыны, але прозвішчы іх невядомыя. А ў ліпені 1944-га аптэка па вуліцы Леніна ўжо дзейнічала як савецкая.

Успамінамі пра арганізацыю дзейнасці аптэк і лячэбна-прафілактычных устаноў Ружанскага раёна ў пасляваенны час падзялілася фармацэўт Антаніна Аляксееўна Пятруніна. 94-гадовая жыхарка Ружан добра памятае былыя гады.

Нарадзілася яна 16 чэрвеня 1926 года ў Цярноўскім раёне Пензенскай вобласці ў сям’і калгаснікаў.

  
1948 год. Пятруніна А.А. і загадчык аптэкі В.Ц. (сядзяць),
начальнік Брэсцкага абласнога аддзялення ГАПУ МЗ БССР
Г.Д. Панкратава і вадзіцель Цымбала прывезлі тавары
з аптэчнага склада.

Гады Вялікай Айчыннай вайны сталі цяжкімі не толькі для тых, хто ваяваў на франтах, апынуўся на акупаваных тэрыторыях, але і для жыхароў тылу. Падлеткам Антаніна ўдзельнічала ў нарыхтоўцы дроў для ўстаноў райцэнтра, а калі споўнілася 16 гадоў, была мабілізавана на работы па нарыхтоўцы бярвенняў.

Пасля заканчэння сямігодкі ў 1944 годзе дзяўчына паступіла ў Пензенскую фармацэўтычную школу. На курсе, як успамінае Антаніна Аляксееўна, было 50 чалавек, якіх рыхтавалі менавіта для працы ў Беларусі. Па ўмовах размеркавання маладыя спецыялісты абавязаны былі адпрацаваць два гады, але лёс склаўся так, што яна назаўсёды засталася ў Ружанах.

На Брэстчыну накіравалі восем выпускнікоў школы, з іх пяцёра ў цяперашні Пружанскі раён: мяне – у аптэку г.п. Ружаны, Званарову А.С. – у г.п.Шарашова, Рэдзькіну М.В. – у Сухопаль, Фінаеву М.П. і Крэндзелеву – у г. Пружаны, – узгадвае жанчына. – Калі прыехала ў Ружаны ўлетку 1947 года, шматлікія будынкі яшчэ не былі адноўлены пасля вайны, людзі жылі цяжка. У раённым аддзеле аховы здароўя мне выдалі картку на хлеб, сукенку і брызентавыя туфелі бясплатна. Чарга ў краму па хлеб была велізарная. Мясцовыя жыхары галоўным чынам размаўлялі на беларускай мове, так што ў першы час шмат слоў для мяне былі незразумелымі. Але я хутка вучылася. У аптэцы працавалі кіраўнік Васіль Цімафеевіч Лагуцёнак і практыкантка – дачка фельчара Люба Жытніцкая. Дзяўчына не мела спецыяльнай адукацыі і была вызвалена ад гэтай пасады пасля майго прыбыцця.

Аптэка размяшчалася ў двух невялікіх пакоях у драўляным доме па вул. Замкавай (цяпер гэта вуліца Урбановіча): адзін пакой выкарыстоўваўся ў якасці прыёмнай, другі – мыечнай. У прыёмнай абслугоўвалася насельніцтва. Тут жа каля акна стаяў стол для вырабу лекаў, гэта і было маё працоўнае месца. Матэрыяльных шафаў не было, штанглазы (адмысловы аптэчны посуд) і гатовыя лекавыя прэпараты стаялі на паліцах. 3-за адсутнасці належных умоў у аптэцы вырабляліся галоўным чынам толькі парашкі і мазі. Памятаю, што вельмі шмат рабілі супраць гліставых парашкоў і сернай мазі для лячэння каросты.

У гэтым жа доме змяшчалася і лячэбная кансультацыя, дзе прыём вяло два ўрачы. Хоць уваходы былі розныя (у аптэку – з вуліцы, у кансультацыю – з двара), пацыенты часта праходзілі на прыём праз прахадны аптэчны пакой.

На пачатку 1950-х аптэка была пераведзена ў будынак па вул. Інтэрнацыянальнай. На гэтай жа вуліцы ў драўляным доме размясціліся жаночая кансультацыя і радзільнае аддзяленне (цяпер гэта – жылы дом). Пасля адкрыцця новай паліклінікі на вул. 17 Верасня туды пераехала і жаночая кансультацыя.

Бальніца засталася на старым месцы – на вуліцы Урбановіча, але для яе былі ўзведзены новыя будынкі. Я вельмі ўзрадавалася, калі даведалася, што тут працуюць мае землякі – рэнтгенолаг Іван Васільевіч Бенін і яго жонка – лабарантка сан-эпідстанцыі, якія прыбылі ў Ружаны раней за мяне.

У падначаленні ружанскай аптэкі знаходзілася дзве сельскія – у Лыскаве і Манцяках (апошняя была адкрыта восенню 1947 г), але не хапала спецыялістаў. I ў сакавіку 1949 года А.А. Пятруніну назначылі на пасаду кіраўніка сельскай аптэкі ў Лыскаве.

Пад аптэку арандавалі частку драўлянага жылога дома. Потым Брэсцкае абласное аптэкаўпраўленне выкупіла ўвесь будынак, быў зроблены рамонт памяшканняў. Тут жа знаходзіўся жылы пакой для кіраўніка аптэкі, што дазваляла пры неабходнасці аказваць лекавую дапамогу і ў начны час. Працавалі яшчэ асістэнт, які вырабляў лекі і санітарка. Аптэка абслугоўвала таксама і мясцовую бальніцу на 20 ложкаў.

– Мы працавалі ў цесным кантакце 3 галоўным урачом лыскаўскай бальніцы Клаўдзіяй Герасімаўнай, – расказвае А.А. Пятруніна. – Яна была ўраджэнкай г.Масквы, якая тут выйшла замуж за мясцовага фельчара Піліпа Васільевіча Патапнева.

 

  
Калектыў аптэкі г.п. Ружаны, 1968 год.
Верхні рад: злева направа – рэцэптар Антаніна Аляксееўна Пятруніна,
фасоўшчыца Рэня Паляшчук, бухгалтар Эдуард Антонавіч Сацкевіч,
прыбіральшчыца Вера Міхайлаўна Дабравольская, Марыя Іосіфаўна Трацюк.
Ніжні рад: злева направа – рэцэптар Ірына Хвясько,
асістэнт Антаніна Іпалітаўна Ляцкая, загадчык Іван Пятровіч Стэльмахаў,
асістэнт Ларыса Іванаўна Быкава, касір Яніна Станіславаўна Рэпнік.
Фота з асабістага архіва А.А. Пятрунінай.

 

Працавалі напружана. У той час у рэгіёне бушавала халера, і аптэка рыхтавала шмат раствораў для ін’екцый (натрыю хларыду, глюкозы і іншых).

Таксама прымалі ад насельніцтва лекавую раслінную сыравіну, толькі адных сухіх чарніц – каля 20 кг у год. Забяспечвалі правільнае захоўванне, каб сыравіна не адсырэла. Асноўная частка нарыхтаванага адпраўлялася ў Брэст для патрэб аптэчнай сеткі вобласці і хімікафармацэўтычнага завода ў Мінску.

У 1952 годзе лыскаўская аптэка ўвайшла ў спіс лепшых сельскіх Брэстчыны, яе кіраўнік атрымала грашовую прэмію. А ў канцы сакавіка 1953 г. перадала кіраванне аптэкай фармацэўту Людміле Дарагой (Чаркас) у сувязі з назначэннем на аналагічную пасаду ў Ружанах: Васіль Цімафеевіч Лагуцёнак часта хварэў, былы партызан прайшоў праз турмы і катаржныя работы ў Германіі. Ён памёр улетку 1953 года ва ўзросце 30 гадоў.

  
1944 год. Прыёмная аптэкі.
Фота з калекцый Ю.С. Малышэўскага.

Але А.А.Пятруніна кіравала ружанскай аптэкай менш за паўгода: па ўласным жаданні пайшла з гэтай пасады на радавую. Рыхтавала лекі, у якасці рэцэптара-кантралёра ажыццяўляла кантроль за якасцю лекаў, продаж іх і іншых тавараў аптэчнага асартыменту насельніцтву.

Ішоў час, паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база аптэкі, напачатку 1960-х быў зроблены грунтоўны рамонт. Нарэшце тут з’явіўся поўны набор неабходных памяшканняў: гандлёвая зала, асістэнцкая, матэрыяльная, пакой персаналу, кабінет кіраўніка, склеп з дубовымі стэлажамі для захоўвання тэрмалабільных (адчувальных да змен тэмпературы) лекавых сродкаў і этылавага спірту, памяшканне пад дахам для сушкі і захоўвання лекавай расліннай сыравіны.

У 1960-1980-я гады штат аптэкі ўжо складаў больш за 10 чалавек. У 1970-я аптэка вырабляла шмат лекау, у тым ліку ін’екцыйныя растворы і каплі для вачэй для туберкулёзнай бальніцы (пасля яе закрыцця ў гэты будынак была пераведзена паліклініка). 3 1980-га сталі забяспечваць і бальніцу на 135 ложкаў. Аптэка мела добрыя паказчыкі ў рабоце, часта калектыў атрымліваў грашовую прэмію.

Антаніна Аляксееўна працавала на Ружаншчыне 47 гадоў, з іх 43 – у ружанскай аптэцы. Ёй неаднаразова аб’яўляліся падзякі. а фота было занесена на Дошку гонару Брэсцкага абласнога аптзкаўпраўлення. Пайшла на заслужаны адпачынак 1 лютага 1994 года, узнагароджана медалём «Ветэран працы».

Успамінаючы шматгадовую працоўную дзейнасць, А.А.Пятруніна цёпла ўзгадвае ўсіх работнікаў ружанскай аптэкі, у тым ліку яе кіраўнікоў, якіх ужо няма ў жывых: Васіля Цімафеевіча Лагуцёнка (1946-1953), Івана Сямёнавіча Бялана (1953-1964), Івана Пятровіча Калеснікава (1964-1975), Антаніну Іпалітаўну Ляцкую (1976-1994). Кожны з іх прайшоў свой складаны жыццёвы шлях годна і ўнёс пэўны ўклад у развіццё аптэчнай справы на Ружаншчыне.

На працягу 23 гадоў паспяхова працягвае справу сваіх калег Ганна Сяргееўна Мацвейчык (яна прыняла кіраванне ружанскай аптэкай у 1997 г. ад Алены Генадзьеўны Коўнеравай).

Ружанская аптэка не менш за пяць разоў мяняла месца свайго размяшчэння, неаднаразова рэарганізоўвалася, але не спыняла выкананне сацыяльных функцый і па-ранейшаму з’яўляецца дзяржаўным гарантам лекавага забеспячэння насельніцтва.

Калектыў аптэкі № 93 Брэсцкага РУП «Фармацыя» разам з работнікамі ўстаноў аховы здароўя працягваюць аказваць медыцынскую і лекавую дапамогу ва ўмовах цяперашняга неспрыяльнага эпідэміялагічнага становішча.

 

Валянціна САСОНКІНА,
вядучы слецыяліст РУП «Белфармацыя»,
старшыня клуба гісторыі фармацыі пры рэспубліканскім
грамадскім аб’яднанні фармацэўтычных работнікаў «Фармабел»

 

 

Яндекс.Метрика