Аляксандр
Горбач
Песняй даваў
людзям радасць.
Міхась Забэйда-Суміцкі
© Аляксандр Горбач, 2013.
Друкуецца з дазволу аўтара.
Гл. пераклад на рускую мову.
* * *
Разважаючы пра геаграфію беларускай дыяспары,
міжволі ды згадаеш коласаўскае «куды не трапяць
беларусы...». Частыя войны, палон, выгнанне, ўрэшце
пошукі заробкаў ды лепшай долі раскідалі нашых
суродзічаў па ўсіх кантынентах, па ўсіх кутках свету
— Расіі і Польшчы, Канадзе і Аргенціне, амерыцы і
Аўстраліі.
Аляксандр Горбач,
дырэктар ТАА «Выдавецкі
дом «СТАТУТ»
Міхась Забэйда-Суміцкі.
Баранавіча. 1938 г. |
Гэткая доля эмігрантаў, што яны, як правіла,
змушаныя аддаваць сваю працу, свой талент чужому
народу, чужой зямлі, што дала ім прытулак,
узбагачаць чужую навуку ці культуру. Але шмат хто з
іх, нават жывучы далёка на чужыне, здабыў вялікую
славу ды гонар менавіта Беларусі. І ці не першым у
гэтым шэрагу павінна стаяць імя лірычнага тэнара з
сусветным імем Міхася Забэйды-Суміцкага, якога
некалі параўноўвалі з Энрыка Каруза, Ціта Скіпам,
Леанідам Собінавым, іншымі славутымі мэтрамі
опернага майстэрства. У свой час ягоны голас
заварожваў мільёны сэрцаў у Еўропе, Азіі, Амерыцы..
На парозе жыцця
Нарадзіўся Міхась Забэйда 14 чэрвеня (а па старым
стылі 1 чэрвеня) 1900 г. ў беднай сялянскай сям’і.
Бацька, Іван Андрээевіч Забэйда, быў родам з
Несцяровічаў (сёння — Свіслацкі раён). Памёр, калі
Міхасю было ўсяго тры гады. Маці, Аляксандра
Феліксаўна (у дзявоцтве Суміцкая) была з Шэйпічаў,
што на Ружаншчыне. У іх было сямёра дзяцей, але да
сталага веку дажыў толькі Міхась.
Міхась Забэйда пад час
навучання ў Маладзечанскай
настаўніцкай семінарыі. 1915 г.
|
Дзе нарадзіўся спявак, дакладна невядома. У
дзяцінстве, зразумела, яго гэта зусім не турбавала.
Пазней, калі ўжо даводзілася запаўняць розныя
анкеты, дакументы (вымушаны быў пісаць там радзіму
бацькі — Несцяровічы), стаў пытацца ў маці, але тая
была ўжо старая ды не памятала з той прычыны, што
сям'я некаторы час батрачыла ў ваколіцах, казала: «...можа ў Падароску, а можа і зусім на лузе, бо быў
у мяне такі выпадак — пайшла грэбсці сена ды там і
рассыпалася». Версія з Падароскам, аднак, выглядае
вельмі верагоднай, бо ў асабістым архіве спявак
захаваў выпіску з метрычнай кнігі Садэльніцкай
царквы аб народжаных у 1900 годзе. Відавочна, што
немаўля прывезлі (ці прынеслі) хрысціць у
Садэльніцкую царкву не з-за свету, а Садэльнікі з
Падароскам зусім побач.
Тым не меньш, для Міхася Забэйды дарагім і блізкім
сэрцу кутком заўсёды былі Шэйпічы. Несяцяровічаў ён
не памятаў зісім: «Ці была ты калі ў Несцяровічах?
Пішуць, што я там нарадзіўся...» — пісаў спявак ўжо
на схіле жыцця ў лісце да сваёй стрыечнай сястры
Надзеі Казляк. Падароск увогуле ён амаль не згадваў.
Тыя пятнаццаць гадоў маленства і дзяцінства прайшлі
менавіта ў Шэпічах. Адсюль ён пайшоў у вялікі свет,
сюды, ужо будучы вядомым спеваком, наведваўся. Тут
дажыла век і была пахавана яго маці. Чытаючы
ўспаміны-нататкі Забэйды, яго ліставанне з сябрамі,
знаёмымі, сваякамі, раз-пораз ды сустракаем назву
гэтае вёскі: «Часамі бачу ў сне наваколле Шэйпіч,
рэчку Зяльвянку, дзе хлопцам купаўся, лавіў рыбу,
тапіўся. Зімою коўзаўся, як трашчаў лёд...».
Блуканне па свеце
У 15-гадовым узросце Міхася Забэйду з родных
Шэйпічаў, гэтак як і тысячы іншых беларускіх сем’яў,
выгнала полымя Першай сусветнай вайны. Была
Тамбоўская губерня, пасля Пенза, Смаленск, дзе
ўдалося закончыць распачатую да вайны вучобу ў
настаўніцкай семінарыі, пасля настаўнічаў у Сібіры.
Пасведчанне асобы Міхася Забэйды-Суміцкага.
Станцыя Пагранічная КВЖД. |
Грамадзянская вайна, што ва ўсю бушавала тады на
абшарах былой Расійскай Імперыі, зноў зрушвае з
месца нашага героя, і ў 1920 годзе ён апынаецца ў
Маньчжурыі, а праз 2 гады — у яе культурніцкім і
прамысловым цэнтры, Харбіне. Пасля наплыву сюды
эмігрантаў-уцекачоў з Сібіры і Далёкага Усходу на
пачатку 20-х гг. CC ст. гэты горад яшчэ больш
«парусеў». Калі Парыж быў тады грамадска-палітычным
цэнтрам расійскай эміграцыі, то Прага і Харбін
уяўлялі сабой навукова-адукацыйныя цэнтры. Іх пазней
будуць называць сталіцамі расійскай юрыдычнай
адукацыі і міжнародна-прававой навукі расійскай
эміграцыі. Харбін у гэты лік трапіў дзякуючы найперш
такой навучальнай установе, як Харбінскі юрыдычны
факультэт.
Настаўнік Міхась Забэйда са сваімі вучнямі.
Маньчжурыя. 1920-я гады. |
Менавіта сюды паступае малады настаўнік Міхась
Забэйда ўвосень 1925 года. Вучобу спалучае з працай
у гандлёвай школе, адначасова пачынае сур’ёзна
працаваць над пастаноўкай голасу. Урокі браў у
прафесара спеваў Юліі Платніцкай, былой пратнёркі па
сцэне Фёдара Шаляпіна. З ёю малады спявак развучыў
партыі Ленскага («Яўгеній Анегін» П. Чайкоўскага),
князя («Русалка» А. Даргамыжскага) і Сінадала
(«Дэман» А. Рубінштэйна), з якімі неўзабаве ўвайшоў
у харбінскую оперу.
Летам 1929 года Забэйда скончыў Харбінскі юрыдычны
факультэт і атрымаў дыплом другой ступені з правам
на атрыманне дыплома першай ступені пасля
прадстаўлення вызначанай працы. Фактычна гэта было
запрашэнне ў аспірантуру. Але ж душа!.. Яе вабілі
зусім не юрыдычныя навукі, яна імкнулася да спеваў.
І Забэйда накіраваўся ў оперу, як пазней сам
успамінаў, «думалі, што звар’яцеў, не хацелі
верыць».
Дэбют на сцэне харбінскай опернай трупы ў ролі
Ленскага атрымаўся не проста ўдалы — ашаламляльны!
Літаральна на наступны дзень харбінская прэса
ўзносіла да нябёс маладога артыста, адзначаючы, што
той перасягнуў усе спадзяванні. Да 1932 года Міхась
Забэйда спяваў ужо 15 роляў, за сезон яму
даводзілася выконваць 10 адказных партый. Пазней ён
будзе называць харбінскі перыяд самым плённым у
сваёй творчасці.
Знакаміты оперны тэатр "Ла Скала". Мілан,
Італія. |
Хоць крытыка і глядач добра ўспрымалі спевака, а
харбінская прэса безупынна хваліла яго талент,
хацелася ўдасканальвацца, вучыцца. І Забэйда у 1932
годзе ад’язджае ў Мілан — оперную сталіцу Еўропы.
Там ён знаёміцца з майстрам спеваў Фернанда Карпі,
які і стаў ягоным настаўнікам.
Дарэчы, у Мілане Міхася Забэйду лёс звёў з выдатным
расійскім спеваком Леанідам Собінавым. Не дзіва, што
яны хутка знайші агульную мову і пасябравалі —
вельмі шмат падобнага было ў лёсах гэтых адораных
Богам людзей. І да слова, Собінаў таксама спачатку
атрымаў адукацыю юрыста, скончыў юрыдычны факультэт
Маскоўскага універсітэта. Забэйда пазней згадваў
Собінава як чалавека надзвычай прыемнага і
зычлівага.
У Мілане наш зямляк з поспехам выступае ў операх
«Травіята», «Рыгалета», «Фаўст», «Севільскі
цырульнік» і іншых. Давялося, праўда, перавучваць
усе ранейшыя партыі нанова, па-італьянску, аднак
гэта не стала перашкодай. У хуткім часе Забэйда
становіцца любімцам міланскай публікі, музычная
крытыка дае толькі добрыя рэцэнзіі, яму прарочаць
сусветную славу. Але з родных Шэйпічаў прыходзіць
вестка аб тым, што маці моцна хварэе і хоча бачыць
сына.
Зноў на Радзіме
У 1935 годзе спявак вяртаецца на Бацькаўшчыну, якая
у той час была пад Польшчай. Спачатку прыязжае
часова, потым вырашае застацца, каб быць бліжэй да
маці.
М. Забэйда-Суміцкі ў Шэйпічах разам са сваёй
каханай
Стасяй Ляўковіч (сядзіць у першым радзе справа)
і землякамі. Другая палова 1930-х гадоў. |
Першы канцэрт Міхася Забэйды-Суміцкага на Радзіме
адбыўся ў Ружанах. Там прысутнічала і маці спевака.
Выканаўшы некалькі розных твораў, артыст праспяваў
калыханку, якую ў дзяцінстве яму спявала маці. Зала
доўга пляскала, маці вымушана была выйсці на сцэну
да сына, плачучы ад шчасця. А тая калыханка прайшла
са спеваком праз усё жыццё, праз усе ягоныя
канцэртныя праграмы, стаўшы візітнай карткай.
Міхась Забэйда. 1937 г. |
Адсюль пачынаецца новы этап у творчасці артыста.
Менавіта цяпер і адбыўся той паварот у ягоным лёсе,
які прадвызначыў далёка ўсё наперад. Забэйда прымае
рашэнне канчаткова звязацць сваю творчасць з
Радзімай, з роднай песняй, і гэтая повязь застанецца
непарыўнай, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу.
Дарэчы, менавіта цяперда да прозвішча, што засталося
ад бацькі — Забэйда, — ён дабаўляе прозвішча маці —
Суміцкі — у знак вялікай пашаны да яе.
На сезон 1935/1936 гадоў артыст заключае кантракт з
Познаньскай операй. Ізноў давялося перавучваць усе
партыі, на гэты раз па-польску. Аднак з-за
пагардлівага стаўлення з боку кіраўніцтва тэатра да
беларусаў (а Забэйда не хаваў таго, што ён беларус)
па заканчэнні кантракта спявак пераехаў ў Варшаву,
дзе пачаў выступаць з канцэртамі і спяваць на радыё,
абавязкова ўключаючы ў свае выступленні і родную
песню. Гэта было няпроста, артыст шмат меў адсюль
непрыемнасцяў, нават пагражалі турмой, але ён быў
неадступны.
М. Забэйда-Суміцкі (у цэнтры) з хорам Р. Шырмы.
Вільня. 12 снежня 1938 года. |
На радыёвыступленні Забэйды адгукнулася Вільня —
тагачасная «сталіца» Заходняй Беларусі, цэнтр нашага
культурніцкага і нацыянальна-вызваленчага руху.
Хутка наладзіліся добрыя стасункі, а пазней і цеснае
сяброўства з Рыгорам Шырмам, Максімам Танкам. З 1937
года Забэйда стаў ездзіць з канцэртамі па ўсёй
Заходняй Беларусі і, нягледзячы на ўсе перашкоды,
хутка стаў адным з самых вядомых і жаданых у Польшчы
канцэртных спевакоў. І не толькі ў Польшчы — ягоныя
канцэрты трансліравалі радыёстанцыі Парыжа, Лондана,
Берліна, Прагі, Нью-Ёрка ды іншых буйных гарадоў
свету. У 1939 годзе было запланавана вялікае
гастрольнае турнэ па Еўропе і Амерыцца. Аднак
перашкодзіла Другая сусветная вайна. У «варшаўскім
пекле» Забэйда пражыў амаль год, быў засыпаны ў
разбураным доме, кантужаны, але неяк уратаваўся.
Ваеннае ліхалецце
М. Забэйда-Суміцкі. 1940-я гады. |
У траўні 1940 г. Міхась Забэйда-Суміцкі атрымаў
запрашэнне ад пражскага Народнага тэатра. Неўзабаве
ён і пераехаў у Прагу. Напачатку з поспехам выступаў
у тэатры. 12 кастрычніка 1940 г. ў Празе адбыўся яго
першы канцэрт. «У напоўненым Сметанавым зале, дзе
было больш за тысячу слухачоў, першы раз прагучала і
беларуская песня…» — з гонарам узгадваў пазней
спявак.
Поспехі артыста перад пражскай публікай зусім не
цешылі акупацыйны рэжым, і ў хуткім часе яго
пачынаюць абвінавачваць у тым, што займаецца
славянскай прапагандай. Становішча яшчэ больш
ускладнілася, калі Германія напала на Савецкі Саюз.
Забэйду выклікаюць у Берлін і прапаноўваюць
узначаліць беларускія радыёперадачы на Берлінскім
радыё. Пратрымаўшы 3 дні і не дамогшыся згоды, яму
дазваляюць вярнуцца у Прагу. Там чакае іншая
прапанова: калі хочаш выступаць у тэатры, то павінен
праявіць сябе палітычна. Давялося адмовіцца ад
тэатра.
Ад гэтага часу Забэйда-Суміцкі стаў ездзіць з
канцэртамі па запрашэннях. Неаднойчы наведваў і
Беларусь, тройчы быў у Мінску. Ён быў перакананы,
што «песня рабіла сваё, яна абуджала ў людзях
найлепшыя пачуцці, прабуджала волю да барацьбы за
вызваленне ад акупантаў». Захаваліся сведчанні
ўдзельнікаў партызанскага руху, паводле якіх артыст
свае ганарары ад канцэртаў перадаваў партызанам на
медыкаменты і іншыя патрэбы.
Гады Другой сусветнай вайны — складаны і супярэчлівы
этап у жыцці Міхася Забэйды-Суміцкага.
Абвінавачванні ў супрацоўніцтве з немцамі будуць
гучаць яшчэ доўга пасля яго смерці. Аднак Пражскае
паўстанне і канец вайны засталі яго ў Празе, уцякаць
куды-небудзь ён не лічыў патрэбным. Старажытная
Злата Прага назаўсёды прытуліла беларускага
выгнанніка.
М. Забэйда-Суміцкі з беларускай
паэткай Яўгеніяй Янішчыц. Прага.
Рыгровы парк. 1960-1970-я гады. |
Жыццё, прысвечанае роднай песні
У 50-х гг. CC ст. спявак
перыядычна выступаў на радыё і прымаў удзел у
канцэртах, выконваў народныя беларускія песні, песні
чэшскіх, славацкіх, украінскіх і расійскіх
кампазітараў. Калі ў Прагу сталі даходзіць творы
савецкіх кампазітараў, спявак стаў падбіраць усё,
што падыходзіла яму па голасе, многія з гэтых твораў
прагучалі ў Празе ўпершыню менавіта ў ягоным
выкананні. Зарабляў прыватнымі ўрокамі вакалу, меў
шмат вучняў, якія сталі ў Чэхаславакіі
папулярызатарамі беларускай песні, прадаўжальнікамі
Забэйдавай справы.
У часы хрушчоўскай адлігі паступова наладзіліся
кантакты з Радзімай, узнавілася перапіска з сябрамі,
найперш з Рыгорам Шырмам і Максімам Танкам. Пра
спевака пачалі патроху ўспамінаць на Бацькаўшчыне,
дзякуючы паэту Сяргею Грахоўскаму з’явілася некалькі
перадач на беларускім радыё, былі і нарысы ў газетах.
М. Забэйда-Суміцкі. Прага. 1970-я гады. |
Намаганнямі дзеячоў беларускай культуры ў 1963 годзе
адбыліся гастролі Міхася Забэйды-Суміцкага на
Бацькаўшчыне. Паводле прызнання самога артыста,
гэтае запрашэнне з гастролямі сталася для яго «вялікай
ўзнагародай за ўсё тое, што прыйшлося выцерпець,
несучы нашу песню ў свет». Аднак больш прыехаць на
радзіму не дазволілі.
Міхась Забэйда-Суміцкі
ў апошнія гады жыцця
(канец 1970-х гадоў). |
Падчас гастроляў у Польшчы напрыканцы 1965 года
Міхась Забэйда ў канцэртнай зале Варшаўскай
філармоніі пад акампанемент славутай лодзінскай
капэлы мандалістаў Эдуарда Цюкшы наспяваў на
кружэлку 11 беларускіх народных песень. У 1968 годзе
ў чэскай фірме Suprafon выйшла яго новая кружэлка,
якая змяшчала 17 песень і рамансаў беларускіх
кампазітараў. Артысту вельмі хацелася, каб гэтыя
песні гучалі і на Радзіме, але колькі не прасіў аб
гэтым, каму толькі не пісаў — усё безвынікова. «Шкада,
што Мінск не скарыстаў з майго падарожжа ў 1963
годзе на Радзіму і там не зрабілі грамзапісаў.
Мусіць, забыліся, што чалавек не вечна жыве… Магу
тут зрабіць новую даўгаігральную пласцінку
беларускіх песняў, калі Беларусь замовіць хаця б 600
экзэмпляраў. Савецкі Саюз купляе ў Чэхаславакіі
кожны год 200 тысяч пласцінак. Думаю, што на 8
мільёнаў беларусаў можна было б замовіць 600…» — з
крыўдай у сэрцы пісаў ён у адным са сваіх лістоў.
Памёр Міхась Забэйда-Суміцкі 21 снежня 1981 г.
Пахавалі яго сябры і музычная грамадскасць Прагі на
Альшанскіх могілках. Падчас развітання з артыстам,
як рэквіем, гучала ў запісе на кружэлцы тая самая,
вядомая ўжо тысячам слухачоў, матчына калыханка.
Паведамленне аб смерці
Міхася Забэйды-Суміцкага, разасланае
сябрамі спевака, сям'ёй Кастэцкіх,
па ўсіх вядомых адрасатах зімой
1981-1982 гадоў. |
|
Афіша спектакля "Яўгеній Анегін"
(П. Чайкоўскі) з аўтографам Забэйды.
Прага. 1940 год. |
|
|
|
Кружэлка "Беларускія песні"
(Варшава, "Polskie Nagrania"),
наспяваная М. Забэйдам пад час
гастроляў у Польшчы ў 1965 годзе. |
|
Кружэлка М. Забэйды
"Беларускія песні і рамансы",
выпушчаная фірмай "Supraphon"
(Прага) у 1968 годзе. |
* * *
|