3 Дабрасельцаў едзем у Бязводнае, родную вёску Пелагеі Леўты, жонкі Васіля 
	Захаркі. Побач магазіна сустракаем вяскоўца Леўту.
	
	— Я замалады, каб даваенных цётак памятаць, — кажа на выгляд 
	пяцідзесяцігадовы дзядзька.
	
	Заходзім у магазін. Амаль усе паліцы застаўлены макаронай і кісялём. На 
	адной — сельскагаспадарчыя прылады: серп, вілкі-сахары, каса. У буфеце — 
	каўбаса „Раксана" і жоўты сыр, настойкі „Юркая" і „Дзятлашчанка". На 
	прылаўку — шклянка і адкрыты слой з мініяцюрнымі кількамі. На ўсцеху 
	мясцовым, якія моўчкі нам прыглядаюцца, купляем за 342 тысячы беларускіх 
	рублёў шапкі-вушанкі.
	
	Па дарозе ў Ружаны мінаем пасёлак Палонск. Назоў мясціны цалкам адлюстроўвае 
	характар забудовы. Сярод ссохлага пустазелля тырчыць шарэнга шэрых дамоў з 
	керамзіту і бетону, без дахаў і вокнаў. Карціна нагадвае месячны краявід. Як 
	далей паказалася, Палонск прадвяшчаў нам свет ружанскіх архітэктурных 
	атракцыёнаў і псіхічны стан жыхароў мястэчка.
	
	Урэшце і Ружаны. У цэнтры гарадскога пасёлка прывітаў нас гул трактара. У 
	парку, ля помніка Леніну, калектыў мясцовых аматараў выпіўкі, які нагбом 
	распіваў пляшку гарэлкі. Выпівохі заўзята спрачаліся на беларускай мове.
	
	Ружаны распаложаны на скрыжаванні шляхоў Слонім — Брэст і Ваўкавыск — 
	Косава. Мястэчка налічвае да 4 тысяч жыхароў. Адзіным прадпрыемствам 
	з'яўляецца тут мэблевая фабрыка.
	
	Найперш наведваем Петра-Паўлаўскую царкву, помнік архітэктуры барока, 
	пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя, па фундацыі Хрысціны Сапегі з 
	Масальскіх. Галоўка вежы-званіцы барокавага будынка размалявана на блакітны 
	колер, крыж — на жоўты. Побач царквы будынак Базільянскага манастыра. Дзверы 
	будынка-помніка рэспубліканскага значэння размаляваны блакітнай фарбай. 
	Зараз тут паліклініка. Аглядаем царкву з сярэдзіны. Алтар храма накіраваны 
	на захад. Відавочная уніяцкая мінуўшчына, сёння заўзята маскіраваная. Таму ў 
	эстэтыцы інтэр'ера адччуваецца рознагалоссе По-бач арыгінальнага жывапісу, 
	як кампазіцыя на скляпенні апсіды „Бог Саваоф" ці насценных выява св.св. 
	Пятра і Паўла ў медальёнах, бачым сучасныя, несупадаючыя з атмасферай храма, 
	жывапісныя творы. Вялакая разнавіднасць пануе сярод ікон, значную частку 
	займаюць творы уніяцкага стілю.
    
	
	— У нашым храме іконы з шасці цэркваў. Як за Хрушчова зачынялі навахольныя 
	цэрквы, сюды пазносілі ўсе іконы, — паясняе свяшчэннік Мікалай Саўчук, сам 
	родам з Драгічына, што на Беларусі.
	
	Пачэснае месца займае цудадзейная ікона Ружанастоцкай Маці (на ўзор 
	Чанстахоўскай Божай Маці). Бацюшка паказвае нам цудоўныя іконы св.св. Яўхіма 
	і Анны і прападобнай Марыі Егіпецкай. Расказвае, як першая з іх сама 
	аднаўлялася, другая пачала высочваць слёзы. Паводле айца Мікалая, гэта знак 
	прадвяшчаючы духовае адраджэнне народа.
	
	— Бо што зараз бацюшка ў такіх Ружанах? Толькі і патрэбны, каб новую машыну 
	асвяціць, пахараніць памерлага, ахрысціць дзіця. Трэбны поп і нічога болей, 
	— з жалем канстатуе айцец Мікалай.
	
	Парафія жыве на сродкі вернікаў. У бацюшкі шасцёра дзяцем. Сын свяшчэнніка, 
	хлапчук гадоў дванаццаці, прысутны ў час нашай размовы, быў басанож.
	
	Пытаем пра парафію. Разам з жыхарамі навакольных вёсак, прыход налічвае 3200 
	душ. 3 таго 70 працэнтаў, як адзначыў а. Мікалай, гэта праваслаўныя атэісты. 
	Бываюць сем'і, дзе частка моліцца ў царкве, другая ў касцёле. На мінулым 
	годзе ў прыходзе было 80 паховін і 50 хрышчэнняў.
	
	А ці прамяняеце беларускую мову ў царкве.
	
	— Я даже м не подумал об этом, — кажа а. Мікалай, у прыватнасці, выпускнік 
	Загорскай духоўнай акадэміі.
	
	Прымяненне беларускай мовы ў багаслужбе наш суразмоўца лічыць палітыкай, 
	якую вядзе мясцовы ксёндз.
	
	— Ведь у нас ннкто по-белоруски не разговаривает! Пералічваем мясціны, дзе 
	чулі, перш за ўсё, беларускую мову.
	
	— Это трасянка, — пярэчыць духоўны.
	
	Пасля кароткай спрэчкі а. Мікалай дае нам перасцярогу: Не трэба так 
	голасна крычаць за той беларускі язык. Па-маленьку. Паціхеньку. Всё гэто 
	яшчо будзет!
	
	Зразу, заахвочаныя свяшчэннікам, наведваем Свята-Троіцкі касцёл. Закладзены 
	ён у пачатку XVII стагоддзя па фундацыі Льва Сапегі. Звонку храм выяўляе 
	стыль ранняга класіцызму, усярэдзіне — позняга рэнесансу. Проста, у другой 
	палове XVIII стагоддзя, калі пабудаваны быў манастыр базыльянаў і 
	Петра-Паўлаўская царква, калі быў перабудаваны палац Сапегаў, надворны 
	архітэктар магнатаў Я. Бэкер, думаючы пра архітектурную гармонію мястэчка, 
	вырашыў перабудаваць таксама і касцёл. Перад будынкам інфармацыйная табліца 
	на польскай і беларускай мовах. Храмам апякуюцца ксяндзы-місіянеры ордэна 
	Вінцэнта а Пауло.
    
	
	— Ксёндз Януш якраз у Польшчу паехаў, — інфармуе нас дзядзька сустрэты ля 
	ўвахода.
	
	Звонку будынка вядзецца рамонт. Пытаем пра мову багаслужбаў.
	
	— I па-беларуску, і па-польску, — адказвае дзядзька на чысценькай беларускай 
	мове. — Але людзі працівяцца, што ксёндз беларускай мовай у касцёле 
	карыстаецца, — дадае. — Папросту мы можам сабе і на вуліцы ўволю 
	нагаварыцца.
	
	У голасе нашага субяседніка чуваць настальгію па Польшчы.
	
	— Тыя, што пасля вайны ў Польшчу выехалі, выйгралі. А мы тут, недацяпаныя, 
	асталіся. Думалі — бальшавікі трохі пабудуць і гюйдуць сабе. Хто тады ведаў, 
	што на паўвека яны запануюць.
	
	Кажам, што падабаецца нам беларуская мова нашага суразмоўцы.
	
	— Ага, — ківае галавой дзядзька, — многія мне гэтае гавораць. А што тут 
	прыгожага такога — гэта ж наш, просты, ружанскі язык! — Нашаму субяседніку 
	чужое паняцце беларус-католік.
	
	Заходзім у касцёл. Ля ўвахода распаложаная рэлігійная прэса: „Каталіцкія 
	навіны", „Святло ўсходу", „Любите друг друга", „Rycerz 
	Niepokalanej". На лаўках польскамоўныя кніжкі для 
	набажэнства. Побач галоўнага алтара герб Сапегаў.
	
	Пазней ідзем паглядзець ацалелую сінагогу XVIII стагоддзя. 3 Ружан родам 
	былы прэм'ер-міністр Ізраіля Іцхак Рабін. Мураваны будынак сінагогі з 
	чырвонай цэглы палохае сваім выглядам. На дзіравым бляшаным даху растуць 
	бярозкі.
	
	— Власти уже давно хотели сломать это зданне, но евреи не дали, — кажа Саша, 
	былы ваеннаслужачы. Саша думае як еўрапеец:
	
	— Калі б яднавіць палац і сінагогу і стварыць інфраструктуру, мястэчка з 
	турыстыкі жыло б.
	
	Пытаем пра сённяшні занятак экс-вайскоўца. Саша красамоўна махае рукой. 
	Зараз працуе на мэблевай фабрыцы. Разам з жонкаю, бухгалтаркай, зарабляюць 
	дваццаць долараў.
	
	— У нас трое дзяцей. За дзве зарплаты цяжка нават пракарміцца. А скуль на 
	іншыя патрэбы браць грошы? — наракае жонка білога вайскоўца.
	
	Жанчына хоча паехаць на заработак у Польшчу.
	
	— Ці не збіраецеся вяртацца ў Расію, на радзіму?
	
	— Навошта. Там яшчэ горш як у Ружанах. Людзі з-за беспрацоўя і голаду 
	насмерць запіваюцца, — кажуць нашы суразмоўцы, расіяне родам з Паволжа. — 
	Нам дэмакратыі больш далі б. Свабоды. Мы хутка на ногі сталі б! — кажа на 
	развітанне Саша Далей едзем у паўночна-ўсходнім кірунку, да руін палаца Ужо 
	здалёк выклікаюць яны каласальнае ўражанне. На кало не ўязной брамы ў 
	выглядзе трыумфальнай аркі — блакітны надпіс: Привет из ада — Л. Сапега. Ля 
	палацавага комплексу родавай рэзідэнцыі Сапегаў сустракаем 
	указальнік-рэкламу мясцовай паліклінікі. Дарэмна шукаць тут якой-колечы 
	інфармацыі пра гісторыю ці ўласнікаў палацовага ансамбля. Той, хто не баіцца 
	скруціць сабе галаву, можа наведаць двух-павярховыя падвалы. Сёння 
	захаваліся руіны галоўнага корпуса — рэзідэнцыі, аркады, руіны палаца 
	мастацтваў, флігелі, брама. Самы вялікі росквіт рэзідэнцыі выпаў на другую 
	палову XVIII стагоддзя. Дзейнічаў тут тзатр, працавалі галерэя, бібліятэка, 
	музычна-оперная школа, Тут ставіліся пастаноўкі Жан-Жака Русо, капельмайстар 
	К. Чыпрыяні вучыў прыгонных сялян ігры на скрыпцы. Побач будынкаў 
	знаходзіліся парк і аранжарэя...
	
	Сёння на парадным двары сустрэлі мы дзве казы і статак гусей.
	
	Палац неаднойчы знішчалі ваенныя навалы. Аднак заўсёды Сапегі аднаўлялі, 
	рэстаўрыравалі, перабудоўвалі сваё сямейнае гняздо. Апошнія шкоды нанесены у 
	1944 годзе. У Ружанах з надзеяйн гавораць пра сваячку Сапегаў з Канады, 
	зацікаўленую аднаўленнем палаца. Канадская арыстакратка разлічвае на 
	фінансавую падтрымку беларускай дзяржавы. Пакуль што ўлады не пацікавіліся 
	яе прапановай.
	
	Фатаграфуем руіны славутай мінуўшчыны. Ідзе дождж. Цераз уязную браму ў 
	выглядзе трыумфальнай аркі маленькі хлопчык гоніць гусей. Па панадворку, 
	поруч муроў палаца, тэпае бабуля. Старэча і дзіця, заганяючы гусей, гамоняць 
	на беларускай мове.
	 
	
	
	Ганна Кондрацюк.
	
	  KAMUNIKAT.ORG
	
"Ніва" н-р 37-52 (2261-2276) ад 12 верасня да 26 снежня 1999 
	г. 
	 
	
	
	