Пружанская кераміка. |
Ружанская кераміка. |
Ружанская гліняная цацка. |
|
Не менш за пяць стагоддзяў налічвае гісторыя ганчарства на Пружаншчыне — аб
гэтым гавораць нам пісьмовыя крыніцы. Хаця, на самой справе, “гаршочнай”
справе тут значна больш год. Трэба ўлічваць, што ганчарства з’явілася ў
нашых
продкаў ў найстаражытнейшыя часы, а менавіта ў канцы каменнага веку —
неаліце, і творы яго былі неад’емнай часткай вясковага і гарадскага побыту ў
розныя стагоддзі мінуўшчыны.
У наваколлях Пружан яшчэ далёкімі папярэднікамі былі знойдзены невычэрпныя
запасы гліны высокай якасці. Напэўна, таму тут і стала бурна развівацца
ганчарная справа, якой займаліся ледзь не ў кожным гарадскім доме, найчасцей
цэлымі сем’ямі. Ужо пры каралеве польскай і вялікай княгіні літоўскай Ганне
Ягелонцы (1526 — 1596), якая валодала Пружанамі і ваколіцамі ў другой палове
XVI ст., горад стаў своеасаблівым цэнтрам кафляной вытворчасці і выпуску
чорнага глінянага посуду.
Аб тым, што гэты занятак меў у нашай мясцовасці старажытныя карані, сведчыць
таксама вельмі высокі ўзровень гэтага рамяства ў ХІХ ст. Трэба звярнуцца
толькі
да розных геаграфічных і статыстычных даведнікаў ХІХ — першай паловы ХХ
ст.ст., і мы ўбачым, што пружанскія ганчары ўзгадваюцца ў іх нават тады,
калі нічога не гаворыцца
пра іншыя буйныя цэнтры керамічнай вытворчасці Заходняй Беларусі — Гарадную,
Кобрын,
Поразава.
Згодна з архіўнымі крыніцамі, на тэрыторыі ранейшага Пружанскага павета ў
канцы ХІХ ст. было
зарэгістравана больш за 700 розных рамеснікаў. Так, у сярэдзіне ХІХ ст. у
самых Пружанах
налічвалася толькі “гаршочнікаў” 200 майстроў, у 1865 г. іх было 106 з 542
майстроў іншых
спецыяльнасцей, а да пачатку ХХ ст. іх лік узрос і склаў 250 чалавек з 748
рамеснікаў. У
пераважнай большасці тутэйшыя ганчары пражывалі на старых вуліцах Горка і
Хватка (частка
сучаснай вул. Леніна).
Як сведчаць дакументы, у 1939 г. у горадзе працавала каля 60 майстроў гэтай
спецыяльнасці.
Вядома таксама, што ў 30-я гады ХХ ст. агенты Варшаўскага Таварыства
дапамогі народным
промыслам пастаянна закуплялі ў Пружанах творы мясцовага выдатнага і ў
будучым сусветна
вядомага народнага майстра Антона Такарэўскага (1904 — 1984) для продажу ў
сталіцы Польшчы.
Аднак ужо пасля Вялікай Айчыннай вайны ганчароў ў Пружанах было толькі 10,
сярод якіх трэба
абавязкова ўзгадаць Міхаіла і Антона Такарэўскіх, Мікалая Калбышэўскага,
Іосіфа і Міхаіла
Вяркевічаў, Антона Баханкевіча, Міхаіла Жукоўскага — гэта ў асноўным
патомныя гарадскія
майстры. Да гэтых людзей ладзіліся экскурсіі, прыязджалі вучні з розных
куткоў краіны, часта
наведваліся даследчыкі народных промыслаў, калекцыянеры і журналісты,
складаліся даведнікі,
браліся інтэрв’ю, слава аб іх грымела далёка па-за межамі Пружанскага раёна.
Асаблівай павагай
карыстаўся дасканалы спадчынны ганчар-мастак Антон Такарэўскі (яго стары дом
па сённяшні
дзень стаіць ў Пружанах), продкі якога ўзначальвалі аб’яднанні ганчароў
горада яшчэ ў ХІХ ст., а
магчыма і ў больш раннія часы.
На вялікі жаль, сучасныя Пружаны не могуць пахваліцца сваімі дасягненнямі ў
гэтай справе —
ганчарства тут амаль не развіваецца, а большасць ведаў і сакрэтаў рамяства
страчана назаўсёды.
Своеасаблівай “візітнай картачкай” пружанскіх ганчароў з’яўляўся так званы
чорнаглянцавы
задымлены посуд. У нашай мясцовасці рабілі звычайныя традыцыйныя пасудзіны —
глякі і гарлякі
для малака, макотры для расцірання маку і гладышы, збаны і друшлякі,
“слоікі” для круп і смятаны,
“місы” і “мялачкі” для таўчэння бульбы, спарышы і трайнікі, “бабошкі” для
выпякання бабкі і інш.,
якія вызначаліся сваімі буйнымі формамі з выразным чляненнем аб’ёмаў, а
таксама высокай
трываласцю і якасцю. У іх аснове былі простыя геаметрычныя фігуры — шар,
цыліндр і конус.
Формы посуду падкрэсліваліся глянцавым дэкорам у выглядзе вертыкальных і
касых палосак,
паралельных прамых ліній, рамбічнай сеткі, спіралепадобных завіткоў,
“елачкі”. Характар
размяшчэння дэкору падпарадкоўваўся чляненню формаў вырабаў: тулава збанкоў
і глякоў
аздаблялася рамбічнай сеткай, гарлавіна — вертыкальнымі палоскамі ці
суцэльным глянцаваннем.
Берагі місак расчэрчваліся як быццам беспарадкавымі, хаатычнымі буйнымі
спіралямі, аднак гэта
выглядала натуральна і вельмі прыгожа.
Перад абпалам ганчар каменьчыкам ці костачкай уважліва наводзіў на паверхні
посуду ўзоры.
Потым некаторы час такі посуд сушыўся і толькі пасля гэтага клаўся ў ледзь
разагрэтую печ на 6 -
8 гадзін. Калі мінаў пэўны момант і гліна набывала карычнева-чырвоны колер,
майстар кідаў у
топку запалены смалісты сасновы ці яловы пучок і закрываў усе адтуліны ў
печы. Пасля такой
апрацоўкі створаныя ганчаром “карункі” на гліне станавіліся бліскучыя, нібы
металічныя, і яны
эфектна выдзяляліся на матава-чорным фоне пасудзіны.
Вырабляўся ў Пружанах таксама паліваны посуд і кафля, але не ў такіх вялікіх
аб’ёмах, як
задымленая кераміка, што прынесла шырокую вядомасць мясцовым рамеснікам.
Паліва для
ганчарных вырабаў, асноўным кампанентам якой быў свінец, выкарыстоўвалася
тутэйшымі
рамеснікамі звычайна карычневага (калі дадавалі жалезную акаліну —
“дзындру”), зялёнага
(дадавалі вокісь медзі — “зялёнку”) ці сіняга колеру.
Трэба дадаць, што пружанскія керамічныя вырабы ХІХ — ХХ ст.ст. захоўваюцца
цяпер у музеях
розных гарадоў — у Пружанах (больш за 30 адзінак), Брэсце, Мінску, Маскве,
Берліне, Манрэалі.
Адзін з экспанатаў знаходзіцца нават у парыжскім Луўры. Гэта ў асноўным
творы ўзгаданага раней
Антона Рыгоравіча Такарэўскага. Можна сустрэць іх у звычайных хатах жыхароў
нашага раёна, імі
карыстаюцца па непасрэдным прызначэнні і сёння, але не ведаюць, што
валодаюць ужо
сапраўднымі рарытэтамі.
У гарадскім пасёлку Ружаны таксама існавалі старадаўнія ганчарныя традыцыі.
Вядома, што тут у
канцы ХІХ ст. жыло некалькі дзесяткаў майстроў у пераважнай большасці на
вуліцы, якая так і
звалася — Ганчарная. Праўда, пад 1925 г. у мястэчку згадваецца толькі 3
ганчары, а вось у 30-я
гады — ужо 35. Майстры-“гаршочнікі” выраблялі таксама, як і ў Пружанах, ў
асноўным
чорнаглянцавы задымлены посуд. Але дзесьці ў 30-я г.г. ХХ ст. тут асаблівую
папулярнасць набыло
глазураванне ганчарных вырабаў.
Пасля Другой сусветнай вайны ў мястэчку працавалі такія спадчынныя майстры
керамічнага
рамяства, як Мікалай, Аляксандр і Васіль Савуцічы, Пётр, Канстанцін і
Дзмітрый Хварастоўскія,
Пётр, Іван і Георгій Гаеўскія, Сяргей Багдановіч, Зыгмунт Жылінскі,
Станіслаў Жытніцкі, Іван
Буткевіч, Антон Севярын.
Асобную і сапраўды цікавую старонку ружанскай ганчарнай вытворчасці складала
да таго ж
мастацтва народнай глінянай цацкі. Даследчыкі адзначаюць асаблівасць
ружанскіх фігурак-цацак у
тым, што яны мастакамі амаль не расчляняліся і былі таму як бы статычныя,
франтальныя і
адначасова манументальныя. Самай папулярнай сярод вырабаў мясцовых майстроў
быў “Коннік”. У
Ружанах рабіліся і дробныя цацкі-свістулькі ў выглядзе розных жывёл —
конікаў, качак, сабак, якія
карысталіся вялікай папулярнасцю сярод тутэйшых местачковых і сялянскіх
дзяцей. Некаторыя
выявы жывёл распісваліся рознакаляровымі яркімі і гучнымі фарбамі, але
значная частка твораў
заставалася колеру гліны — карычневымі, але ад гэтага яны не страчвалі сваёй
прывабнасці.
Вядомасць у гэтай галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва набылі дзве
ружанскія майстрыхі,
работы якіх вылучаліся асаблівай дасканаласцю і густам, — гэта Кацярына
Жылінская (1890 –
1962) і Вольга Давідзенка-Хварастоўская (1895 – 1978). Іх творы экспануюцца
ў розных беларускіх
музейных зборах да нашых дзён.
Шкада, але старажытныя традыцыі ружанскіх ганчароў таксама амаль поўнасцю
зніклі.
Спробы адрадзіць гэты багаты на традыцыі від народнага
дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на
Пружаншчыне пакуль што не даюць сур’ёзных вынікаў. Як тут не ўзгадаць у
дачыненні да да-дзенай сітуацыі шырока вядомы выраз: “Што маем — не
захоўваем, а страціўшы — плачам”.
Наталля ПРАКАПОВІЧ.
4,11 сьнежня
2008.
г. Пружаны.
Газета для вас №49-50,
5-19 снежня 2008 года,
г. Ружаны.