Рэвалюцыйная сітуацыя, якая склалася ў Расіі на рубяжы
50—60-х гадоў XIX ст., захапіла і заходнюю ўскраіну Расійскай імперыі —
Беларусь, Польшчу і Літву. Найбольш востра рэвалюцыйны крызыс выявіўся ў
Польшчы. Тут назіраўся ўздым нацыянальна-вызваленчага руху, які развіваўся ў
спалучэнні з сялянскай барацьбой.
Нацыянальна-вызваленчы рух у Польшчы ў гэты перыяд выліваўся
ў форму вулічных маніфестацый, якія жорстка падаўляліся царызмам.
У руху выразна вызначыліся дзве плыні — дэмакратычная і
буржуазна-памешчыцкая. Дэмакратычны рух аб'ядноўваў рамеснікаў, сялян,
малазямельную і беззямельную шляхту, разначынную інтэлігенцыю, дробнае
чыноўніцтва і ніжэйшае духавенства. Яго ўдзельнікі атрымалі назву
«чырвоных». Яны аб'ектыўна былі выразнікамі інтарэсаў дробнай буржуазіі і
дробнай шляхты, якая далучалася да дробнай буржуазіі. У той ці іншай меры
дэмакратычны рух падтрымлівалі сярэднія слаі буржуазіі і шляхты. Восенню
1861 г. «чырвоныя» утварылі ў Варшаве ГарадскІ камітэт, які з мая 1862 г.
атрымаў назву Цэнтральнага нацыянальнага камітэта (ЦНК).
Буржуазна-памешчыцкі напрамак прыцягваў да сябе сярэдніх і
буйных зямельных уласнікаў і буйную буржуазію. Яго прыхільнікі, якія
атрымалі назву «белых», таксама стварылі свой цэнтр — Дырэкцыю.
«Чырвоныя» паводле свайго складу былі неаднародныя.
Памяркоўныя «чырвоныя» — правае крыло — на першы план ставілі нацыянальнае
вызваленне краіны шляхам усеагульнага паўстання.
Рэвалюцыйныя дэмакраты — левае крыло «чырвоных» — былі
выразнікамі інтарэсаў шматмільённых сялянскіх мас. Па найбольш важных
пытаннях паўстання яны настойвалі на ліквідацыі памешчыцкага землеўладання і
перадачы ўсёй зямлі сялянам. У рашэнні нацыянальнага пытання левыя
адстойвалі права кожнага народа самастойна вырашаць свой лёс і не
прэтэндавалі на літоўскія, беларускія і ўкраінскія землі.
Паміж групоўкамі ішла бесперапынная барацьба. Аднак
колькасная перавага была на баку памяркоўных «чырвоных». Гэта адбівалася на
выпрацоўцы праграмы будучага паўстання.
Маніфестацыйны рух у Польшчы неўзабаве перакінуўся і на
Беларусь, сігналам для яго з'явіліся паніхіды па тых, хто загінуў у Варшаве.
Найбольш актыўна ўдзельнічалі ў маніфестацыях дэмакратычныя слаі гарадскога
насельніцтва — рамеснікі, дробныя гандляры, інтэлігенцыя, вучнёўская
моладзь, слугі.
Шмат клопату мясцовым уладам нарабілі гімназісты і студэнты,
якія прыехалі на радзіму ў сувязі з уздымам нацыянальна-вызваленчага руху.
Яны былі найбольш актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх маніфестацый. У многіх гарадах
гімназісты не пайшлі на заняткі, яны зрывалі ўрокі.
Цэнтральны нацыянальны камітэт на экстраным пасяджэнні
вырашыў пачаць паўстанне да рэкруцкага набору. 10 студзеня 1863 г. камітэт
выдаў маніфест і 2 аграрныя дэкрэты. Маніфест заклікаў да паўстання аб'яўляў
усё насельніцтва Польшчы без адрознення «веры, племені, паходжання і
саслоўя» свабоднымі і раўнапраўнымі грамадзянамі. Паводле першага дэкрэта,
ва ўласнасць сялян перадаваліся тыя ўчасткі, якімі яны карысталіся.
Памешчыкі атрымлівалі грашовае ўзнагароджанне ад дзяржавы за ўступленую
зямлю. Паводле другога дэкрэта, беззямельныя сяляне надзяляліся 5 моргамі
зямлі (каля дзвюх дзесяцін). Але ўчасткі маглі атрымаць толькі тыя, хто
пойдзе ў паўстанскі атрад і будзе са зброяй у руках абараняць сваё права на
зямлю. Гэты дэкрэт быў новым для праграмы “чырвоных”. Да гэтага часу пытанне
аб надзяленні шматлікіх беззямельных сялян абыходзілі маўчаннем.
У спецыяльнай адозве да насельніцтва Літвы і Беларусі
Цэнтральны камітэт ад імя Часовага нацыянальнага ўрада заклікаў падтрымаць
паўстанне ў Польшчы.
Літоўскі правінцыяльны камітэт, атрымаўшы першую вестку пра
пачатак паўстання ў Польшчы, падтрымаў яго. Верныя свайму інтэрнацыянальнаму
абавязку літоўскія і беларускія рэвалюцыянеры вырашылі падняць народ на
ўзброеную барацьбу, хоць паўстанне і пачалося раней вызначанага тэрміну, у
момант, калі падрыхтоўка да яго была не завершана. 1 лютага Літоўскі камітэт
звярнуўся да насельніцтва Літвы і Беларусі з маніфестам, які паўтараў
асноўныя палажэнні маніфеста і дэкрэтаў Часовага нацыянальнага ўрада.
Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Царства Польскага з самага
пачатку развіваліся не на карысць паўстанцаў. Царскае камандаванне хутка
сканцэнтравала свае войскі і пачало планамернае праследаванне паўстанскіх
атрадаў.
У першыя ж дні адчуваўся недахоп зброі, адсутнасць ваеннага
вопыту не толькі ў большасці паўстанцаў, але і ў іх камандзіраў. Добра
ўзброеным рэгулярным войскам паўстанцы маглі супрацьпаставіць толькі
асабістую мужнасць і рашучасць перамагчы або памерці.
Першыя атрады ў заходніх паветах Беларусі з'явіліся ў канцы
студзеня 1863 г. з Царства Польскага. Некаторыя камандзіры, якія імкнуліся
перанесці паўстанне на ўсход, спрабавалі прайсці праз Гродзенскую і Мінскую
губерні і далей. Самым буйным атрадам, які паспяхова рухаўся на ўсход, было
злучэнне Р. Рагінскага. Спачатку Рагінскі удзельнічаў у боі пры Сямяцічах
25-26 студзеня 1863 года Нягледзячы на тое што атрад праследавалі значныя
сілы праціўніка, ён здолеў з Польшчы праз Пружанскі павет дайсці да Мінскай
губерні, робячы смелыя рэйды па вёсках.. На сваім шляху ён некалькі разоў
сустракаўся з карнымі войскамі.
З афіцыйнай хронікі: ”30 января. Дело у Королевскаго
Моста, Пружанскаго у. Русский отряд состоял из 5 рот Псковскаго полка, 3-х
рот. Ревельскаго полка с 85 казаками N24 Донского полка при 4 орудиях
нарезной N5 батареи, под командою ф.-ад. гр. Ностица и подполк. Вимберга.
Ранено 12 чел. Состав шайки не указан. Начальник ея Рогинский. Убито 12,
утонуло 5, в плен взято 4 и на другой день 16.”
12 лютага 1863 г. атрад паўстанцаў з 200 чалавек, узброеных
ружжамі, пісталетамі, кінжаламі захапіў мястэчка Шарашова. Закупіўшы
паўкажушкі, боты і іншае адзенне і ўзяўшы ў Шарашоўскім сельскім праўленяі
93 рублі казённых грошай, яны на 15 фурманках сталі рухацца ў напрамку
Пружан.
13 лютага Рагінскім былі ўзяты Пружаны. Паўстанцы забралі з
цэйхгауза ўсю зброю, амуніцыю, 1720 патронаў, увесь порах, у казначэйстве
ўзялі 10 808 руб., выпусцілі з турмы ўсіх вязняў і напалі на кватэру
гараднічага. Жыхары горада спачувальна аднесліся да паўстанцаў, а гарадскія
ўлады былі не ў стане даць ім адпор. 25 лютага атрад быў разбіты пад
Боркамі. Але толькі ў Слуцкім павеце царскія войскі здолелі канчаткова
дагнаць атрад Рагінскага і разбіць яго. Сам Рагінскі трапіў у палон. У
Пружанах ад атрада Рагінскага адзяліўся атрад Станіслава Сангіна каб
вярнуцца пад Сямяцічамі, але загінуў у баі пад в. Рэчыца Пружанскага раёна.
З афіцыйнай хронікі:”3 февраля. Дело при ферме Речице,
Пружанскаго уезда. Русский отряд состоял из 2-ой стрелковой и 3 и 7 линейной
рот Псковскаго полка с казаками, под командою подп. Вимберга. Убито 2,
ранено 3. Состав шайки до 250 чел. Начальник ея Рыльский (он убит). Убито 83
чел., ранено 34, в плен взято 14.”
Першыя атрады ў Гродзенскай губерні пачалі стварацца толькі
ў сакавіку — красавіку 1863 г. Сігналам для выступлення з'яўляліся вусныя
або пісьмовыя загады, якія перадавалі членам паўстанскай арганізацыі. Пры
гэтым звычайна ўказвалася месца і час збору.
Цэнтр паўстанцаў губерні быў у Белавежскай пушчы. Тут
знаходзіўся найбольш буйны атрад (да 400 чалавек) і пры ім штаб, які кіраваў
дзеяннямі ўсіх іншых атрадаў. Паўстанцы былі ўзброены паляўнічымі
стрэльбамі, косамі, пікамі і дубінкамі.
Паўстанскі атрад быў створаны начальнікам Сакольскай
егерскай школы Валерыем Урублеўскім з вучняў гэтай школы і мясцовай варты
Белавежскай пушчы прыблізна 24 красавіка 1863 года. Пры гэтым сам Урублеўскі
атрымаў пасаду начальніка штаба ўсіх паўстанскіх сіл, а камандуючым стаў
Духінскі. На працягу некалькі дзён колькасць людзей у атрадзе павялічылася
да 400 чалавек. Атрад падзяляўся на дзве роты па 200 чалавек, якія ў сваю
чаргу падзяляліся на дзесяткі. З усіх толькі 230 чалавек было ўзброена
паляўнічымі ружжамі, і астатнія косамі. Коннай групай камандваў Кабылянскі.
Вялікую дапамогу паўстанцам аказвалі сяляне. Яны былі
фуражырамі, разведчыкамі, праважатымі для паўстанцаў. Асаблівую радушнасць
адзначалі паплечнікі Урублеўскага сялян Лыскава, Мілавід і Крынкі.
Супраць атрадаў Урублеўскага і Каліноўскага дзейнічаў
вайсковы рускі атрад генерала Манюкіна ў складзе 7 эскадронаў, 5 казачых
соцен, 67 рот пры 38 гарматах.
«У р у б л е ў с к і, начальнік Сакольскага егерскага
вучылішча, паручнік рускай службы...
Шайка пад яго камандаю больш дзейнічала ў Беластоцкім,
Ваўкавыскім і Пружанскім паветах, да самага рассеяння яе ў апошнім месцы, і
ён з некалькімі рэшткамі як кажуць, выйшаў у Брэсцкі павет... Яшчэ будучы ў
егерскім вучылішчы, ён падгаварыў вучняў яго да паступлення ў шайку.
Нерухомая маёмасць яго знаходзіцца ў адным з паветаў
Гродзенскай губерні, а рухомая прададзена на выплату даўгоў па вучылішчы».
Атрад Урублеўскага, які бесперапынна манеўраваў, каб
услізнуць ад карнікаў, праходзіў па вёсках, растлумачваў сялянам сэнс сваей
барацьбы і папаўняўся добраахвотнікамі з іх асяроддзя.
Ва ўпартых кровапралітных баях з пераважаючымі сіламі
карнікаў В. Урублеўскі праявіў сябе як выдатны ваеначальнік і адважны
воін... Так, 26 мая у лесе пад Серадовым паўстанцы былі раптоўна атакаваны і
рассечаны на дзве часткі Тады, перастроіўшы рады, Урублеўскі размясціў атрад
у зарасніках каля лясной ракі. Пад націскам ворага паўстанцы пачалі
адступаць.Урублеўскі, узначаліўшы касінераў павёў іх у агонь. Тры разы
займаў вораг зараснікі ля ракі, тры разы касінеры, наступаючы па рэдкалессю
пад густым агнём, выбівалі яго з зараснікаў.
Урублеўскі |
Толькі ў Гродзенскай губерні паўстанцы працягвалі ўпарта
супраціўляцца. У маі адбылося больш як 20 баёў. Тут дзейнічалі 5 паўстанскіх
атрадаў, у якіх было амаль 1700 чалавек. Найбольш буйныя сутычкі адбыліся
каля мястэчка Мілавіды Слонімскага павета. Тут да 20 мая сабралася некалькі
атрадаў паўстанцаў — усяго каля 800 чалавек: ваўкавыскі пад кіраўніцтвам
Млодека – 270 чалавек, навагрудскі – Міладоўскага – 140 чалавек, пружанскі –
Влодека – 50 чалавек, слонімскі – Юндзіла – 300 чалавек. Агульнае
кіраўніцтва ажыццяўляў палкоўнік Ляндер.
Супраць мілавідскай групоўкі было накіравана 5 рот салдатаў
з 4 гарматамі. Першая бітва пачалася 21 мая, яна працягвалася некалькі
гадзін. Царскія войскі не здолелі ўзяць лагер і былі вымушаны адступіць з
вялікімі стратамі. На наступныя суткі, ноччу, паўстанцы непрыкметна пакінулі
лагер. У гэтым жа месяцы адбылася сутычка паміж
карнікамі і атрадам Духінскага, якая таксама
працягвалася некалькі гадзін. Калі сцямнела, паўстанцы адарваліся ад
праціўніка, перайшлі ў Ваўкавыскі павет і злучыліся з атрадам А. Лянкевіча
(Ляндара), які прыйшоў з-пад Мілавідаў. Тут у пачатку чэрвеня паўстанцы былі
разбіты царскіімі войскамі.
Паўстанцы ў Гродзенскай губерні карысталіся спачуваннем
сялян, дзейнічалі дробнымі атрадамі, часта былі няўлоўнымі для ворага. У
мястэчку Свіслач Ваўкавыскага павета, напрыклад, групы паўстанцаў пабылі
двойчы—17 і 21 мая. Яны прачыталі жыхарам маніфест, атрымалі ад насельніцтва
харчаванне, арыштавалі мясцовага прыстава і пайшлі далей. 2 чэрвеня
паўстанцы напалі на Ружаны, акружылі казарму з салдатамі і абяззброілі іх.
8 чэрвеня новага стылю, зноў прынялі бой з царскімі войскамі
над ракой Сцерцежай Ружанскай пушчы. Духінскі быў адразу ж адрэзаны ад
асноўнай часткі атрада. Камандаваў Урублеўскі, які пад ураганным агнём
царскіх салдат тры разы вадзіў у атаку касінераў і тры разы выбілі карнікаў
з гушчару. Духінскага ўдалося выратаваць.У гэты раз паўстанцы трымаліся
добра і адышлі ў парадку забіраючы раненых.
Маёр фон Крэмер, які кіраваў у гэтым баі царскімі войскамі,
быў вымушаны напісаць даволі блытаны рапарт:
«...Мы пачалі рабіць безупыннае наступленне... Бачачы
поўную бескарыснасць праследаваць час разбітай шайкі, я палічыў патрэбным
даць адпачынак, прывесці ў парадак свой атрад. Сабраўшы роты, ішлі 14
вёрстаў у мястэчка Ружаны, дзе заначаваў і з цырымоніяй аддаў зямлі забітых
ніжніх чыноў...»
У сярэдзіне чэрвеня да галоўнага паўстанцкага атрада
Гродзенскага ваяводства далучыўся ваўкавыска-гродзенскі атрад на чале з
Аляксандрам Лянкевічам і Густавам Стравінскім. Незадоўга перад гэтым
ваўкавыска-гродзенскія паўстанцы ўдзельнічалі ў вядомай Мілавідскай бітве,
дзе карнікам былі прычынены значныя страты.
9 жніўня атрад у Пашкоўскіх астраўках падвергся нечаканаму
нападу і паўстанцы, якія не мелі штыкоў, ухіліліся ад рукапашнай. Урублеўскі
разам з 40 стралкамі прыкрыў адыход, доўга ўтрымліваў пазіцыю і затым
павольна адышоў, адстрэльваючыся на кожным кроку.
Пасля гэтых падзей па прапанове Кастуся Каліноўскага
Урублеўскі быў прызначаны камандуючым усемі ўзброенымі сіламі Гродзенскай
губерні.
Па парадзе Каліноўскага Урублеўскі змяніў тактыку барацьбы:
разбіў атрады на невялікія групы па 20—30 чалавек, загадаў ім разгарнуць
прапаганду і сярод сялян, шырэй уцягваць іх у барацьбу. У паўночную частку
Ваўкавыскага павета адправіўся «Янка з-пад Гродна», у паўднёвую — «Юзюк з
Беластока», у Шэрашаў — «Марэль», у Белавежскую пушчу — «Галабурда».
3 Пераездзіка Урублеўскі перайшоў ў Вялікі Кут. Высланы
адсюль адважны камандзір Казімір Кабылінскі з конным атрадам смелым
нечаканым налётам захапіў Ружану і абяззброіў там царскую ваенную каманду.
Але хутка выстрелы загрымелі каля самага паўстанскага
лагера. Гэта па слядах Кабылінскага ў Вялікі Кут прыйшлі царскія войскі. Бой
быў паспяховы для паўстанцаў Карнікі адступілі, пакінуўшы на полі бою сваіх
забітых, параненых.
У канцы жніўня царскія ўлады высачылі лагер Урублеўскага,
падкінулі свае войскі. Прыйшлося пакінуць Глыбокі Кут. У верасні Урублеўскі
знаходзіўся то ў Свіслацкай, то ў Белавежскай пушчы, потым перайшоў у
Ружанскую пушчу, дзе ва ўрочышчы Туроса падзяліў атрад на групы па 10—30
чалавек і сам застаўся з чатырма дзесяткамі людзей.
К. Каліноўскі |
Імя няўлоўнага, таленавітага паўстанцкага камандзіра
Урублеўскага грымела па ўсёй Беларусі і Літве. Камандуючы царскімі войскамі
ў Гродзенскай губерні генерал-маёр Ганецкі, які змяніў Манюкіна, у сваім
данясенні ад 2 верасня 1863 года пісаў у Вільню:
«...у Пружанскім і Ваўкавыскім паветах блукалі ў апошнія
часы чатыры шайкі: Влодэка, Млотэка-Стравінскага, Юндзіла і Урублеўскага,
які лічыуся прадвадзіцелем усіх іх...»
21 чэрвеня, збіўшы царскі заслон у Жаркоўшчыне, паблізу
Дабраволі і Рудні, паўстанцы ўвайшлі ў Белавежскую пушчу. Недасведчанаму
чалавеку цяжка было ў ёй арыентавацца, ён мог назаўсёды згубіцца у зялёным
паўзмроку. А Урублеўскі быў ляснічы па прафесіі. Да таго ж ён загадзя
абзавёўся адпаведнымі картамі.
У калоніі Попелеў вырашана было падзяліцца. Накірараўшы
частку паўстанцаў у суседнія паветы, Урублеўскі і Духінскі з ядром атрада
асталяваліся на нейкі час у Ваўкавыскім павеце (Свіслацкая пушча).
9 жніўня. Пашкоўскія Астраўкі. Новы бой. Супраць паўстанцаў
тры роты пяхоты і эскадрон улан.
Паўстанцы смела ўступалі ва ўзброеныя сутычкі з царскімі
войскамі. Адзін з такіх баёў быў каля вёскі Ласасіна. У рапарце «Аб
адшуканні паўстанцкіх атрадаў і бітвах з імі» пружанскі ваенны начальнік
маёр Крэмер пісаў камандуючаму войскамі ў Гродзенскай губерні 3. С.
Манюкіну:
«Прайшоўшы без адпачынку каля 30 вёрст у 3 з паловай
гадзіны папоўдні дагнаў шайку Слонімскага павета ў Ружанскай казённей дачы,
ва участку Пагарэлае, дзе быў пастаўлены паўстанцамі конны пікет, 3 якога
адзін быў схоплены, а ў 3 вярстах у палосах дрыгвы, у гразкіх непраходных
месцах, за невялікім ручайком у густой засені лісцевых дрэў выстаўлены
паўстанцамі стралковы ланцуг, у некаторыя стралкі сядзелі на дрэвах.
Паслаўшы наперад 3-ю стрелковую роту ланцуг з трыма паўзводамі рэзерву 9-й
роты, пачаў наступленне. Стралкі, падышлі да варожага ланцуга на адлегласць
50 крокаў, сустрэты былі густой стрельбой, а асабліва пры падбадзёрванні
паўстанцаў кіраўнікамі шайкі, каб адступаць, між якімі чуваць былі галас
«Панове, храбрэй, іх бардза мала, рота стральцоў, мы іх вшыстка паб'ем. З
намерам выманіць варожых стралкоў, з густога лесу я загадаў свайму ланцугу
адступаць. Інсургенты, падбадзёраныя і тым, кінуліся наперад, але былі
спынены трапнымі стрэламі нашых стралкоў варожы ланцуг заняў першапачатковую
пазіцыю. Не маючы магчымасці выбіць выстраламі іх з пазіцый, я загадаў ісці
ў атаку, і стралкі з лютасцю кінуліся ў гусшчыню лесу, адкінулі варожы
ланцуг, і ён адступаючы бягом, заняў іншую пазіцыю за невялікай палянкай,
дзе касінеры спрабавалі спыніць нашых стралкоў, але былі сустрэты трапнымі
стрэламі, спяшаючыся, адступілі за свой ланцуг. Раптам пачуліся бакавыя
стрэлы, і казацкі ўраднік, падляцеўшы да мяне, заявіў, што вораг робіць
абход з левага боку. Умацаваўшы абодва флангі рэзервамі 9-й
роты, падаў сігнал наступлення, і паўстанцы пры адступленні рабілі спробы 8
разоў кідацца наперад з крыкамі «ўра», але кожны раз агонь стралкоў і часці
9-й роты прымушалі іх уцякаць і хавацца ў густым , лесе, а мы пачалі
бесперапыннае наступленне.
...У 7 гадзін паўстанцы ў беспарадку малымі часткамі ад 3
да 5 чалавек і паасобку сталі разбягацца ва ўсе бакі, ужо не адказваючы на
наш агонь і кідаючы зброю, зусім схаваліся ў непраходнай дрыгве, якая
прымыкала з лена га боку да возера, у 4 вярстах ад вёскі Ласасіна, таксама і
кіраўнікі шайкі паасобку выратаваліся ўцёкамі. Убачыўшы, што зусім дарэмна
праследаваць часткі разбітай шайкі, я палічыў патрэбным даць адпачынак і
прывесці ў парадак атрад. Сабраўшы роты, прайшоў 14 вёрст у м. Ружаны, дзе
пераначаваў і пахаваў з цырымоніяй забітых ніжніх чыноў...
...Страты паўстанцаў павінны быць значнымі, на адным
левым крыле налічылі казакі 127 трупаў, сярод забітых — вайсковы лекар
Каліноўскі і многія іншыя асобы, якія па выгляду і вопратцы не з простага
звання. У паўстанцаў узяты ў палон беластоцкі памешчык Рафаіл Карыцкі. Атрад
гэты каля 700 чалавек пешы і 40 коннікаў складаўся з памешчыкаў, шляхты,
чыноўнікаў, мяшчан, гімназістаў Беластоцкай, Гродзенскай і Свіслацкай
гімназій, адстаўных салдат і часткова з дзяржаўных сялян, меў правільную
арганізацыю, г. зн. разлічаны на роты. Галоўны кіраўнік інсургентаў і
камісар ваяводства Гродзенскай губерні эмігрант Ануфры Духінскі, адстаўны
палкоўнік, які прыбыў з Парыжа»
Сам Мураўёў-вешальнік непасрэдна сачыў за карнымі аперацыямі
па знішчэнню паўстанцкіх атрадаў на Гродзешчыне і загадаў стварыць у
Белавежскай пушчы з лясных аб'ездчыкаў спецыяльную групу для пошукаў
Урублеўскага. Мураўёў пагражаў лясной варце якая даўно была на падазрэнні ў
царскіх улад, вялікімі карамі, Нягледзячы на гэта, варта не вельмі
шчыравала.
Стаяла восень, не за гарамі ўжо была цяжкая для партызанскай
вайны зіма. Трэба было агледзецца, абдумаць перспектывы далейшай барацьбы.
Разам Урублеўскі пакінуў пушчу, каб бліжэй пазнаёміцца са
становішчам спраў у ваяводстве, і потым лад чужым іменем выехаў у Варшаву. У
яго ўзнік план зімовай канцэнтрацыі ўсіх уцалелых беларускіх груп і атрадаў
за Бугам — у Каралеўстве Польскім. План падтрымаў Каліноўскі. Трэба было
захаваць кадры, каб вясной распачаць новыя дзеянні на Беларусі.
Для канцэнтрацыі беларускіх паўстанцаў Урублеўскі аблюбаваў
Ліпняк на Падляшшы — некалькі хат сярод балот і лясоў.
Апошні бой Урублеўскага у Гродзенскай губерні адбыўся 28
кастрычніка, пасля чаго, адцясняемы пераважаючымі сіламі карнікаў, ён
перавёў свае атрады у Люблінскую губерню. Пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага і
В. Урублеўскага паўстанцы правялі на тэрыторыі Гродзенскай губерні 58 баёў з
карнікамі.
У Кобрынскім павеце ўзняў паўстанне Рамуальд Траугут.
У гэты час у ноч з 2 на 3 мая 1863 г. з жыхароў мястэчка і
маёнтка Сялец, горада Пружаны і іншых населеных пунктаў павета быў створаны
атрад Влодека ў Пружанскім павеце колькасцю ў 50 чалавек, які з цягам часу
павялічыўся да 100 чалавек. Ён дыслацыраваўся ў лясах каля мястэчка Сялец.
Пружанскі павятовы ваенны начальнік даносіў камандуючаму войскамі ў
паўднёвай частцы Гродзенскай губерні, што праследаваць гэтыя атрады без
ведання мясцовасці немагчыма.
З афіцынай хронікі: “2 мая. Дело при корчм Михалины, близ
м. Сельце, Пружанскаго у. 112 чел. Ревельскаго пех. полка и 20 казаков, под
командою шт.-кап. Евдокимова. Убито 5, ранено 23. Шайка достигала до 800
чел., под предвод. Влодека. Убито 50.
2 мая. Там же. 80 чел. стрелк. Ревельскаго пех. полка и
40 казаков, под командою есаула Евстратова. Убито 5, раненых 7. Шайка та же.
Потери свыше 50 убитых и 9 ранены.”
У маі 1863 г. паўстанцы працягвалі нападаць на паштовыя
станцыі і заставы. 2 мая 1863 г. атрад з 60 чалавек напаўна паштовую станцыю
Свадзьбічы. Паўстанцы захапілі 18 коней і казённую зброю. 12 мая яны напалі
на Бярозаўскую заставу, знішчылі шлагбаум, забралі казённыя грошы,
дакументы, затрымалі абоз з 40 фурманак. Для разгрому гэтага паўстанцкага
атрада былі насланы восьмая рота Рэвельскага пяхотнага палка і 30 казакаў.
Войскі сутыкнуліся з атрадам у 1500 чалавек каля мястэчка Сялец, адбілі
частку абоза, 6 коней. Паўстанцы пацярпелі значныя страты.
23 мая 1863 г. атрад паўстанцаў прайшоў з Ваўкавыскага
павета да Пружан. У в. Броўск у лесніка яны забралі зброю, ва ўрочышчы
Броўск 30 мая спалілі канцылярыю лясніцтва, узялі казённыя грошы, зброю і
адышлі ў Ваўкавыскі павет
Касцяком першых паўстанскіх атрадаў на Беларусі былі жыхары
гарадоў — дробныя чыноўнікі, разначынная інтэлігенцыя, рамеснікі, навучэнцы.
Яны былі найбольш падрыхтаванымі да выступлення, таму што сярод іх даўно
вялася падрыхтоўчая работа членамі мясцовых рэвалюцыйных арганізацый, былі
загадзя створаны падраздзяленні («дзесяткі» і «сотні»).
3 сельскага насельніцтва да паўстання перш за ўсё далучыліся
беззямельная і малазямельная шляхта, аднадворцы.
Памеснае дваранства пераважна было супраць узброенай
барацьбы. Толькі дробныя памешчыкі, галоўным чынам іх сыны, ішлі ў
паўстанскія атрады. Разам з духавенствам яны складалі каля 6% удзельнікаў
паўстання. Памеснае дваранства дапамагала паўстанцам галоўным чынам
матэрыяльна.
Ступень удзелу сялян у паўстанні была розная на ўсходзе і
захадзе Беларусі. У Гродзенскай губерні сярод паўстанцаў было шмат сялян,
тут паўстанскія атрады атрымлівалі шырокую падтрымку ад сельскага
насельніцтва. На ўсходзе Беларусі сярод паўстанцаў было менш сялян
У цэлым на Беларусі асноўная масса сялянства не далучылася
да паўстання. Сярод паўстанцаў сяляне складалі каля 18%. Галоўная прычына
такіх адносін беларускага сялянства да паўстання тлумачыцца непаслядоўнасцю
аграрнай праграмы, якая, хоць і знішчала выкупныя плацяжы, аднак не
павялічвала сялянскіх надзелаў, захоўвала ў недатыкальнасці памешчыцкае
землеўладанне. Нянавісць да свайго памешчыка многія сяляне гатовы былі
перанесці на паўстанцаў, сярод якіх знаходзіліся служачыя маёнткаў, сыны
памешчыкаў.
Апрача таго, царызм настройваў іх супраць паўстанцаў,
тлумачыў, што паны паўсталі, каб вярнуць прыгоннае права. У сялянскім
асяроддзі былі моцныя царысцкія ілюзіі.
Найбольш актыўна ў паўстанні ўдзельнічалі дзяржаўныя сяляне.
К. Каліноўскі пісаў у час дазнання: «Склад атрадаў у большасці вьшадкаў
быў з казённых сялян, дробнапамеснай шляхты і гарадскіх жыхароў, у якіх
шайкі знаходзілі самую моцную падтрымку. На памешчыкаў і іх сялян я
атрымліваў пастаянныя скаргі ад ваенных начальнікаў» .
Сярод беларускіх губерняў у Гродзенскай быў самы вялікі
працэнт дзяржаўных сялян. У гэтым заключалася адна з прычын таго, што іменна
тут сярод паўстанцаў было шмат сялян (20%).
Атрады на сваім шляху знаёмілі сялян з маніфестам. Звычайна
паўстанцы збіралі сялян навакольных вёсак, чыталі ім маніфест, пісалі акт аб
перадачы зямлі ва ўласнасць сялян, прыводзілі іх да прысягі на вернасць
рэвалюцыйнаму ўраду і толькі пасля гэтага рухаліся далей.
Праследаванне атрадаў царскімі войскамі вымушала паустанцаў
абмяжоўвацца адной толькі аб'явай новых законаў. Ажьщцяўляць іх не было
часу.
Віленскі генерал-губернатар, які баяўся масавага пераходу
сялян на бок паўстання, загадваў губернатарам літоўскіх і беларускіх
губерняў ужываць узброеную сілу для барацьбы з сялянскім рухам у выключных
выпадках, калі ўсе іншыя сродкі ўздзеяння на сялян будуць вычарпаны.
Уся тэрыторыя, ахопленая паўстаннем, была падзелена на
ваяводствы. На чале ваяводства стаяў цывільны рэвалюцыйны начальнік —
ваяводскі. Як правіла, ваяводствы тэрытарыяльна супадалі з губернямі.
Выключэннем з'яўлялася Гродзенская губерня, якая была падзелена на
ваяводствы — паўночнае і паўднёвае. 3 Мінскай губерні быў вылучаны ў
самастойную адзінку Навагрудскі павет з падначаленнем яго Вільні.
У паўночных паветах Гродзеншчыны ваяводскім быў назначаны Э.
Заблоцкі — таварыш К. Каліноўскага, у паўднёвых — памешчык А. Гафмейстар.
Ваяводскім Мінскай губерні стаў памешчык К. Пялікша, а начальнікам
Навагрудскага павета — памешчык К. Кашыц.
Абавязкам ваяводскіх начальнікаў з'яўлялася грамадзянскае
кіраванне губернямі. Апрача таго, яны абавязаны былі забяспечваць усім
неабходным паўстанскія атрады. На чале кожнага павета стаялі павятовыя. Яны
выконвалі ў межах свайго павета функцыі ваяводскага. Для дапамогі павятовым
былі на-значаны рэферэнты, якія адказвалі за вызначаны ўчастак работы па
цывільным кіраванні паветам. На гэтыя пасады ў большасці выпадкаў таксама
прызначалі памешчыкаў.
Паветы дзяліліся на акругі, на чале якіх стаялі акруговыя.
Баявымі дзеяннямі ў ваяводствах кіравалі ваенныя начальнікі.
Адначасова ваенны начальнік камандаваў адным з найбольш буйных партызанскіх
атрадаў у губерні. У Гродзенскай губерні гэту пасаду спачатку займаў Валерый
Урублеўскі.
Паўстанне ішло на спад.
Летам яшчэ актыўна дзейнічалі атрады ў Польшчы. Але
паўстанскі рух у Літве і заходняй Беларусі перажываў свой заняпад. Не маючы
сіл дзейнічаць вялікімі атрадамі, паўстанцы летам 1863 г. сталі ствараць
невялікія конныя групы. Іх мэта і задачы вызначыла спецыяльная інструкцыя.
Атрады павінны былі весці разведку, знішчаць невялікія падраздзяленні
царскіх войск, сродкі сувязі, а таксама «сачыць за аховай грамадскай бяспекі
ў акрузе і, у выпадку неабходнасці, быць дапамогай цывільным уладам».
Падпарадкоўваліся такія атрады мясцовым цывільным уладам.
Нешматлікія конныя атрады не былі пагрозай для буйных
злучэнняў рускіх войск. У канцы лета Нацыянальны ўрад прызнаў, што
працягваць паўстанскія дзеянні ў заходніх губернях з'яўляецца немэтазгодным.
Выканаўчы аддзел атрымаў загад ад 28 жніўня 1863 г. спыніць ваенныя дзеянні
дзеля таго, каб падрыхтаваць новае паўстанне вясною наступнага года. Частка
паўстанцаў разбілася на невялікія групы, перайшла бліжэй да граніцы і там
працягвала змагацца. Але большасць партызан прывілеяванага саслоўя не
асмелілася пакінуць родныя мясціны. Яны вярталіся ў свае вёскі і мястэчкі.
Восенню арганізаваная ўзброеная барацьба на тэрыторыі
беларускіх паветаў Гродзенскай губерні спынілася.
У разгар паўстання на пасаду віленскага генерал-губернатара
быў назначаны М. М. Мураўёў, які праславіўся сваёю жорсткасцю. Новы
генерал-губернатар з надзвычайнымі паўнацтвамі прыехаў у Вільню 26 мая 1863
г. з ухваленай царом праграмай деянняў.
Супраць некалькіх тысяч паўстанцаў на Беларусі і ў Літве
было накіравана рэгулярнае войска — 318 рот салдатаў, 48 эскадронаў
кавалерыі, 18 казацкіх соцень, 120 палявых гармат.
Улада на месцах фактычна перадавалася ў рукі ваенных
начальнікаў, насельніцтву, за выключэннем сялян, не дазвалялася пакідаць
месца свайго жыхарства. Уводзілася кругавая парука і ўзаемная адказнасць.
Мураўёў дзейнічаў паводле прынцыпу «раздзяляй і пануй» —
нацкоўваў адны слаі насельніцтва на другія, караў смерцю і высылаў на
катаргу ўдзельнікаў паўстанскага руху; дзейнічаў подкупам і ашуканствам
супраць тых, хто хістаўся і баяўся, хто не мог правільна разабрацца ў
падзеях.
Дзесяткі шляхецкіх сядзібаў былі спалены, а іх жыхары
выселены з краю за тое, што яны падазраваліся ва ўдзеле ў паўстанні.
Урад, які баяўся ўплыву на мясцовае насельніцтва чыноўнікаў
польскага паходжання, імкнуўся вызваліцца ад іх, ён асабліва ўважліва сачыў,
каб разначынцы не былі на пасадах ва ўстановах, якія кіравалі сялянскімі
справамі.
Паводле афіцыйных даных, у Літве і на Беларусі было пакарана
смерцю 128, выслана на катаргу 853, адпраўлена ў Сібір на пасяленне 504
чалавекі і 825 чалавек выслана з пазбаўленнем усіх правоў. 320 удзельнікаў
паўстання былі адпраўлены радавымі ў армію, 767 — у арыштанцкія роты. Апрача
таго, адміністрацыйным парадкам з краю было выслана 7836 чалавек. Усяго было
выселена з краю 12 483 чалавекі.
Да зімы як на Беларусі, так і ў Літве паўстанне было
падаўлена. Аднак рэвалюцыйная арганізацыя яшчэ існавала. Сваёй галоўнай
задачай яна лічыла падрыхтоўку новага паўстання вясною 1864 г.
Царскі ўрад, падавіўшы паўстанне, працягваў праводзіць на
Беларусі палітыку рэпрэсій і нацыянальнага прыгнёту.
Так, у верасні 1863 года царскімі ўладамі была знішчана в.
Піняжкі. У прысутнасці мясцовых жыхароў быў прачытаны загад гродзенскага
губернатара аб знішчэнні вёскі і высяленні сялян у расійскія губерніі. Потым
вёска была падпалена з усіх бакоў, а яе землі былі перададзены Сухопальскай
сялянскай абшчыне.
У навучальных і іншых установах дазвалялася толькі руская
мова. Палякам забаранялася на Беларусі і ў Літве набываць маёнткі. На
Беларусь накіроўваліся рускія чыноўнікі і памешчыкі. Мясцовыя ўлады рабілі
захады, каб абмежаваць уплыў на Беларусі каталіцкай царквы. Большая частка
грошай, атрыманых у Літве і на Беларусі ў выглядзе штрафаў і кантрыбуцый,
ішла на будаўніцтва цэркваў і ўтрыманне праваслаўнага духавенства.
Значэнне паўстання 1863 г., нягледзячы на яго паражэнне,
велізарнае. Яно аслабіла сілы царызму. Аграрныя дэкрэты паўстанцаў, рост
сялянскага руху пад уплывам паўстання, пагроза яго перарастання ў сапраўдную
аграрную рэвалюцыю прымусілі царскае самадзяржаўе пайсці на змены ў
«Палажэннях» 19 лютага 1861 г. Паўстанне паспрыяла абуджэнню нацыянальнай
свядомасці беларускага народа.
Паўстанне ў Польшчы, Літве, на Беларусі і на Ўкраіне зрабіла
велізарны ўплыў на ажыўленне рэвалюцыйнага руху ў Еўропе..