pict На главную сайта   Все о Ружанах pict
pict  
 
   

Пракаповіч Н. С.

Ружаны: позірк у мінулае.

См. этот текст в переводе на русский язык.

Асаблівае месца ў гісторыі Беларусі належыць мястэчку Ружаны на Пружаншчыне, што месціцца каля невялікай рачулкі Ружанкі.


Казімір Ягелончык

Існуе некалькі паданняў аб узнікненні назвы паселішча.

Мовазнаўца А. М. Ненадавец прыводзіць наступнае паданне. У глыбокай старажытнасці простыя людзі многа цярпелі ад князёў, якія адбіралі ў іх лепшыя землі і ставілі новыя памежныя знакі-камяні. Сяляне вырашылі шукаць праўды і адправіліся да мудрага князя Ладымера. Ён паріў ім заняць землі на беразе ракі, якія былі яшчэ свабодныя. Гэтыя землі выступам (рогам) былі вылучаны на ўзбярэжжы. Тое месца, дзе пасяліліся сяляне, назвалі Рожаны, бо па форме яно нагадвала рог.


Жыгімонт II Аўгуст

Даследчыца І. Масляніцына распавядае іншую легенду. Праз непраходныя лясы ішлі некалькі вандроўнікаў, якія хаваліся ад злодзеяў. Доўгі час падарожжа знясіліў іх. Аднак вандроўнікі хутка выйшлі на светлую паляну, на якой расло мноства дзікіх руж. Менавіта тут яны сустрэліся з маладой і прывабнай дзяўчынай, што служыла жрыцай на капішчы язычніцкай багаіні прыгажосці і кахання Лады. Жрыца расказала падарожнікам, што калісьці на ружовым полі жылі людзі, аралі пашу, сеялі зерне, але ружы не далі ім магчымасці жыць тут, яны забрудзілі ўсе палі. Пачаўся голад, і жыхары перасяліліся ў іншае месца, а на іх землях было ўзведзена паганскае капішча. Адзін з падарожнікаў закахаўся ў жрыцу, аднак адказаць узаемнасцю яна не магла. Стары вяшчун, які раней служыў Ладзе, сказаў дзяўчыне, што яна сама зможа вырашаць свой лёс толькі тады, калі ўзыдзе ружа колеру сонечных промняў. Юнак даў сваёй каханай імя Ружана і верыў, што яна сама і ёсць ружа колеру сонечных промняў. Вандроўнікі вырашылі пасяліцца на ўзлеску і пачалі карчаваць ружовыя кусты. Ружана папярэджвала, што за гэта багіня раззлуецца, а ёй не дазволіць пакінуць капішча. Аднак людзі зрабілі па-свойму. Хутка маладая жрыца памерла, а напалоханыя вандроўнікі пакінулі гэтае месца. Памяць аб падзеях далёкіх часоў захоўваецца ў сучаснай назве – Ружаны – месца, дзе калісьці расло многа руж і сярод іх жыла прыгажуня-жрыца, якую называлі Ружанай.

Існуе меркаванне, што назва населенага пункту паходзіць ад імёнаў дочак-прыгажунь уладальніка мястэчка Ружы і Ганны.

Адной з версій паходжання з’яўляецца сцвяржэнне, што назва Ружаны ўтворана ад слова “ружонцы” – так раней называлі шнурок з нанізанымі пацеркамі для падліку прачытаных малітваў. У жыхароў мястэчка меліся своеасаблівыя “ружонцы” з чорнымі пацеркамі-гарошынамі.


Леў Сапега

Некаторыя мяркуюць, што назва паселішча ўтварылася ад слова “рожь”.

Цікава, што першапачатковыя дакументы называюць Ружаны па-рознаму – “Рожанов”, “Рожанна”, “Рожаны”, “Рожаная” і інш.

Першыя дакументальныя звесткі аб Ружанах утрымліваюцца ў гаспадарчым лісце ад 28 сакавіка 1490 г. У лісце гаворыцца, што “Ласасін з мястэчкам Ражана, двóрцам Бялавічы і дваром Байковічы” пераходзяць па спадчыне ад паноў Юшкі Гойца і Вештарта да караля Казіміра Ягелончыка (1440 – 1492). У граматах, падпісаных каралём польским і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам ІІ Аўгустам (1548 – 1572) ад 23 снежня 1552 г., Ружаны аддаваліся за 3 тыс. коп літоўскіх грошай аднаму з першых кальвіністаў на Беларусі старасце менскаму і валкавыскаму Васілю Тышкевічу (? – 1571). Дараванне мястэчка Тышкевічу пацвяржалася таксама прывілеямі Жыгімонта ІІ Аўгуста ад 7 жніўня 1565 г. і 8 студзеня 1567 г. – за “... верносць и хорошую службу” надзяліць Васіля Тышкевіча гэтымі ўладаннямі. Праўда, В. Тышкевічу прыйшлося заплаціць за гэта 6 тыс. коп літоўскіх грошай. Асабістае жыццё першага ўладальніка Ружан было даволі насычаным. Ад першага шлюбу з Аляксандрай Чартарыйскай ён меў 3 сыноў (Юрый стаў ваяводам Брэсцкім) і дачку. Другім шлюбам ён звязаў сваё жыццё з Анастасіяй Сапоцькінай, ад якой меў сына Яўстафія і дачку Аляксандру. Пасля заключэння Люблінскай уніі (1569 г.) Васіль Тышкевіч аказаўся ў апазіцыі да караля і пратэставаў супраць дзяржаўнага саюзу з Польшчай. За гэта Васіль быў пазбаўлены пасады падляшскага ваяводы, але прызначаны ваяводам смаленскім і надзелены тытулам графа “на Лагойску і Бярдзічаве”. Апошнія гады свайго жыцця ён пражыў у Ружанах, дзе нават адбываліся насуперак уніі з Польшчай соймы шляхты ВКЛ.


Адзенне яўрэяў
Вялікага княства
Літоўскага.
XVI-XVIII стст.

Паводле загаду Васіля Тышкевіча пасля смерці ружанскія ўладанні дасталіся па спадчыне яго дачцы Аляксандры. Яна тры разы мела шлюб з выдатнымі асобамі дзяржавы – са старастай гарадзенскім Аляксандрам Хадкевічам, з Канстанцінам Астрожскім, са старастай стыненскім, сакольскім і чырвонаградскім Н. Язлавецкім. Праз некаторы час Аляксандра перадала ўласнасць на Ружаншчыне пад апеку свайму свёкру Іераніму Язлавецкаму.

Аб Ружанах XVI ст. звестак захавалася вельмі мала. Вядома, што населены пункт у той час уваходзіў у склад Слонімскага павета (раней княства) Наваградскага ваяводства і называўся “месцам” (горадам). Ружаны былі адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам. У пачатку стагоддзя тут існавала драўляная праваслаўная царква Пятра і Паўла. Пасля падпісання Берасцейскай царкоўнай уніі (1569 г.) яна была перададзена уніяцкаму ордэну базыльян. У канцы XVI ст. у Ружанах быў таксама заснаваны прыходскі Троіцкі касцёл. На яго будаўніцтва выдзеліла сродкі ў 1596 г. гаспадыня мястэчка Аляксандра Язлавецкая.


Гусар XVII ст.

Пасля Язлавецкіх некаторы час у Ружанах гаспадарыў род Бруханскіх. З-за недахопу сродкаў на ўтрыманне ўладанняў Барташ Бруханскі заклаў мястэчка і навакольныя вёскі Валянціну Ерданоўскаму за 4 тыс. коп літоўскіх грошай, але потым выкупіць іх не змог.

10 студзеня 1598 г. “месца Рожаная” разам з маёнткам Ласасін, фальваркамі Бялавічы і Сідараўшчызна было куплена старостам слонімскім (потым канцлерам ВКЛ) Львом Сапегам (1557 – 1633). За набыццё гэтых зямель ім было выплачана 2 тыс. 20 коп літоўскіх грошай.

Пры Л. Сапегу пачалося актыўнае будаўніцтва ў мястэчку Ружаны, хаця сам гаспадар бываў у сваіх уладаннях эпізадычна. Былі ўзведзена некалькі адміністрацыйных пабудоў на рынкавай плошчы, гандлёвыя рады, выбрукаваны вуліцы і пад’езды да палаца, пасаджаны бульвары. Акрамя палаца ў Сапегаў існаваў дом ў Ружанах. У гэтым доме ў 1606 г. нарадзіўся Казімір Леан – сын Льва Сапегі і Гальшкі Радзівіл. Каля Ружан у 1607 г. з’явіўся млын-паперня. Мястэчка хутка разрасталася. У XVII ст. у ім было 400 дамоў, базыльянская школа (адкрыта ў 1615 г.), два манастыры, працавалі мануфактуры па вырабу кафлі і цэглы. Забудова праводзілася паабапал дарог Брэст – Слонім і Ваўкавыск – Косава, на скрыжаванні якіх знаходзілася гандлёвая плошча – архітэктурна-планіровачны цэнтр мястэчка, дамінантамі якой былі Троіцкі касцёл і Петрапаўлаўская царква , пабудаваныя на месцы старых драўляных храмаў. Ружаны таго часу з’яўляліся вядомым цэнтрам рамяства і гандлю. Аб гэтам сведчыць той факт, што ў мястэчку мела сваё прадстаўніцтва і ўласныя крамы гільдыя менскіх купцоў. Ужо ў 1606 г. Ружаны называліся мястэчкам, размешчаным “... на вялікім гасцінцы, што вядзе са Слоніма да Берасця і на Падляшша, якім вялікія паслы і гандлёвя людзі прывыклі ездзіць”. Вядомы гісторык XVII ст. Шыман Старавольскі (наш зямляк) пісаў аб прыгажосці мястэчка:”...Рожаны вядомы сваім пышным палацам, у якім шматпавярховыя падвалы, сваімі мураванымі дамамі, якія размешчаны вакол рынка, шырокімі вуліцамі ...”.


Шляхціц часоў
Паўночнай вайны

Ужо ў пачатку XVII ст. у Ружанах мелася яўрэйская абшчына (кагал), якая падначальвалася Берасцейскаму вааду. Афіцыйны дазвол сяліцца ў мястэчку, мець дамы і сінагогі яўрэі атрымалі ад Л. Сапегі ў 1629 г. У сваім завяшчанні ён патрабаваў ад сваіх нашчадкаў захоўваць гэтыя правы на вечныя часы.

Да часу ўладання Ружанамі Казімірам Леанам Сапегам (1609 – 1656) адносіцца наданне мястэчку Магдэбургскага права і герба. Прывілей аб гэтым быў падпісаны 20 чэрвеня 1637 г. паводле прывілею Ружанах была збудавана ратуша, з’явіўся магістрат, у якім меліся палаты самакіравання (рада) і суду па крымінальных справах (лава). Мястэчкам кіраваў войт, якога з дазволу караля прызначалі Сапегі. Раду ўзначальваў бурмістр, якога штогод выбіралі мяшчане. Аднак, уся паўната ўлады належала Сапегам, так як Ружаны мелі статус прыватнаўласніцкага мястэчка. Правы на самакіраванне далі мястэчку новы стымул да эканамічнага развіцця – пачаўся росквіт гандлю і рамяства. Пры Казіміры Леане Сапегу Ружаны сталі прыгожым мястэчкам. У ім меліся 9 прамых вуліц (Жыдоўская, Астроўская, Дзявяткаўская, Слонімская, Ласасінская, Брэсцкая і інш.), добрыя пад’язныя дарогі, новы рынак, вакол якога месціліся каменныя дамы. У 1687 г. у Ружанах налічвалася 427 дамоў.


Рэшткі Ружанскага палаца

З-за талерантнай (цярпімай) палітыкі, якую праводзіла ВКЛ, на яе тэрыторыях пражывалі людзі розных народаў і рэлігій. Ужо з XV ст. з Заходняй Еўропы на нашыя землі пачалі перасяляцца яўрэі, якія праследаваліся каталіцкай царквой, падвяргалася ганенням і знішчэнню. Яўрэі і іх капіталы былі вельмі патрэбны Вялікаму княству, якое выходзіла на еўрапейскі рынак. Ужо ў XVII ст. да 10 % мяшчан на Беларусі складалі менавіта яўрэі. Яўрэйскі капітал іграў не апошнюю ролю і ў эканоміцы Ружан.

Аднак, бывалі выпадкі не толькі мірнага суіснавання яўрэяў і мясцовых хрысціян. Пад 1659 г. ў дакументах упамінаецца так званая “ружанская справа”. Сутнасць яе зводзілася да наступнага. У 1657 г. напярэдадні Вялікадня (Пасхі) ў яўрэйскім квартале быў знойдзены труп хрысціянскага дзіцяці. Ружанцы абвінавацілі яўрэяў у тым, што гэта яны здзейснілі забойства, выконваючы свае рэлігійныя рытуалы. У мястэчку наспявалі жудасныя падзеі, аднак ружанскі уладальнік Павел Ян Сапега (1610 – 1665) не дазволіў учыніць пагромы і загадаў разгледзець справу ў судзе. Але праз два гады хрысціяне ўсё ж такі ўчынілі свой суд і абвінавацілі кагал у забойстве , запатрабаваўшы выдаць злачынцаў. Два яўрэі былі пакараны смерцю, праўда, віна іх так і не была даказана. Іх ахвяра выратавала ад пагрому ўвесь ружанскі кагал. Яўрэі шанавалі памяць аб сваіх пакутніках, якія прынялі смерць у 1659 г. Нябожчыкам паставілі каменны помнік на могілках, а ў сінагозе штогод ставілі свечку і маліліся, каб бог пазбавіў яўрэяў ад несправядлівых паклёпаў.


Возера Паперня

Аднак мястэчка квітнела нядоўга. У канцы XVII – XVIII ст.ст. Ружаны паступовы прыйшлі у заняпад. Зруйнаванні і разарэнне пранеслі шматлікія войны: руска-польская (1654 – 1667) і Паўночная (1700 – 1721). Але найбольш Ружаны пацярпелі ад міжмагнацкіх войнаў. Супернікі Сапегаў у барацьбе за ўладу ў ВКЛ аб’ядналі свае сілы і вялі баявыя дзеянні. Свае ж суайчыннікі мэтанакіравана рабавалі беларускую зямлю. У 1696 – 1699 г.г. войскі Агінскіх і Вішнявецкіх фактычна знішчылі ружанскія ўладанні. Так як Казімір Павел Ян Сапега (1637 – 1720) падтрымаў у вайне са Швецыяй бок шведаў, то гэтыя “саюзнікі”, знаходзячыся ў Ружанах у 1706 г., унеслі свой уклад у рабаванне мястэчка. Войскі Карла ХІІ, рухаючыся з Літвы на Валынь, поўнасцю знішчылі Ружаны. Жыхары пакінулі горад і вымушаны былі туліцца па навакольных вёсках і лясах. Мноства людзей загінула. Адсутнасць прыбытковасці Ружан прывяла да таго, што Сапегі заклалі іх Самуэлю Гарбачэўскаму, а выкупіць здолелі толькі ў 1714 г.

Пры Ежы Станіславе Сапегу (1667 – 1732) ў 1728 г. быў складзены вопіс маёнтка і мястэчка. Паводле гэтага вопісу ў Ружанах узгадваліся два рынкі – стары і новы, ратуша. На старым рынку налічвалася 79 лавак, праўда, сюды не ўключаны яўрэйскія.

У сярэдзіне XVIII ст. ружанскія ўладанні Сапегаў атрымалі статус графства. У гэты час тут панавалі Крысціна Сапега і яе муж Казімір Масальскі, якія ўзяліся за адраджэнне сваёй маёмасці. Зразумела, што на гэта былі патрэбны вялізарныя сродкі, якія цяжарам ляглі на плечы мясцовых прыгонных сялян. Яны плацілі мноства падаткаў, акрамя абавязковых павіннасцяў. Плацілі за ўсё: за карыстанне ўласнымі жорнамі, за выраб алкагольных напояў, за права выйсці замуж у іншае графства – усяго больш за 50 найменняў толькі грашовых пабораў. Адным з самых цяжкіх для мясцовых сялян стала грашовая плата за карыстанне ляснымі ўгоддзямі і забарона высечкі дрэваў. Сялянам Ружанскага графства ляснічыя перакрывалі ўваходы ў пушчу, адбіралі коней. Падданыя скардзіліся панам, што не маюць лесу ні на дровы, ні адрамантаваць свае хаты і хлеўчукі, ні паставіць нават плот. Інвентары ж Ружанскага графства прадпісвалі: ”Нікому, ні пад якім выглядам без асобага дазволу гаспадара ці камісараў ягоных не выдаваць з лесу ніводнага сучка”. За гэтыя сродкі адбудоўваўся Ружанскі палац. Аднак, у мясцовых уладаннях Сапегаў выкарыстоўвалі не толькі працу прыгонных. У сярэдіне XVIII ст. у фальварках пачала паступова выкарыстоўвацца праца наёмных сельскагаспадарчых рабочых – “плугароў” (“ратаяў”, “баронавалокаў”, “парабкаў”). Такія сяляне атрымлівалі за сваю працу грашовую і натуральную плату. Але па свайму становішчу ў грамадстве яны мала чым адрозніваліся ад прыгонных ці, нават, з’яўляліся імі.

Сцвярджаюць, што першае прадпрыемства ў Ружанах было створана ў 1607 г. – гэта быў млын-паперня на р. Зальвянцы (ёсць звесткі, што такі ж млын быў і ў Лыскаве). У той далёкі час паперу выраблялі з ануч. На млынах анучы спачатку здрабнялі, а затым малолі, ператвараючы ў мяккую масу, з якой потым рабілі паперу. Зробленая тут папера аздаблялася ініцыяламі Сапегаў. Да 1721 г. у Ружанах існавала мануфактура па вытворчасці ўзорных паясоў (так званых “слуцкіх”). Ужо ў канцы XVIII ст. Аляксандр Сапега (1730 – 1793) адкрыў у Ружанах іншыя мануфактуры, дзе працавалі прыгонныя. Тут працавалі прадпрыемствы па вытворчасці сукна, палатна і коўдраў, шаўковых і атласных тканін, скуцкіх паясоў і абрусаў з гербамі, шпалераў, бялізны і васкавых свечак, экіпажаў (лакіраваных карэт), кафляных плітак, поташу. Працавалі таксама лесапільня і млын. У 1791 г. у мястэчку дзеля навучання сялян ружанскага маёнтка сукнаробству была зроблена фабрыка з новым абсталяваннем: 20 прадзільных станкоў, 8 для часання шэрсці, прэс і фарбоўня з 6 катламі і інш.

Ружанскія суконныя фабрыкі XVIII – XIX ст.ст.

Фабрыка   Час
існавання  
Уладальнік   Вытворчасць
Суконная   1780 – 1861 г.г.   1780 г. – А. Сапега,
1828 г. – Л.Н. Пінес  
Сукно
Суконная   1785 – 1888 г.г.   1785 г. – А. Сапега,
1800 г. – Я.Л. Пінес  
Шоўк, слуцкія паясы,
сукно, байка,
атлас, абрусы
Шаўковая   1786 - ? г.г. А. Сапега  
Суконная   1791 – 1860 г.г. 1791 г. – А. Сапега,
1808 г. - Закіны  
Сукно, байка
Суконная   1791 – 1885 г.г. І. Пінес   Сукно
Суконная   1807 – 1858 г.г. Л.М. Пінес   Сукно
Суконная   1808 г. Берман   Сукно
Суконная   1823 г. Шліамовічы   Сукно, байка,
коўдры
Суконная   1830 – 1914 г.г.   Полякі   Шарсцяныя тканіны,
коўдры
Суконная   1833 – 1914 г.г.   Браты Пінесы
Л. і М.  
Сукно, коўдры
Суконная   1837 – 1885 г.г.   Пінес Л.М.   Сукно
Шарсцяная   1838 – 1906 г.г.   Пінес М.М.   Сукно, коўдры
Суконная   1840 – 1885 г.г.   Пінес Я.   Сукно
Суконная   1840 – 1893 г.г.   Браты Пінесы
І. і Н.  
Сукно, трыко,
коўдры
Суконная   1845 – 1896 г.г.   Пінес Л., Поляк П.   Сукно, трыко,
коўдры
Суконная   1845 – 1896 г.г.   Пінес М.   Сукно, трыко,
коўдры
Суконная   1845 – 1913 г.г.   Пінесы   Сукно, трыко
Суконная   1845 – 1914 г.г.   Пінес Л.М.   Сукно, коўдры,
шарсцяныя тканіны
Суконная   1858 – 1870 г.г   Пінес Э.   Сукно
Суконная   1863 – 1914 г.г   Пінес Ф.   Сукно, трыко,
коўдры, воўна, пража
Суконная   1866 – 1892 г.г.   Пінес С.   Шарсцяныя коўдры
Суконная   1871 – 1895 г.г.   Пінес Л.М.   Сукно
Суконная   1873 – 1892 г.г.   Пінес Л.І.   Сукно
Воўна-
прадзільная  
1879 – 1908 г.г.       Воўна, сукно
Фабрыка
шарсцяных
коўдраў  
1892 – 1914 г.г.       Сукно, коўдры
Суконна-ткацкая   1894 – 1910 г.г.       Валяная тканіна
Коўдра-ткацкая   1898 г.   Кажніцкі    
Коўдра-ткацкая   1898 г.   Сыркін    

           


Паўстанец 1794 г.

Актыўная будаўнічая дзейнасць у Ружанах канца XVIII ст. звязана з імем прыдворнага архітэктара Сапегаў Яна Самуэля Бекера. У мястэчку былі перабудаваны Петрапаўлаўская царква і Троіцкі касцёл, былі ўзведзены карчма і шпіталь, на могілках у 1792 г. з’явіўся касцёл Святога Казіміра.

У 70 – 80-я г.г. XVIII ст. у Ружанах з’явіліся першыя свецкія школы. Іх стварэнне было звязана з рэфарматарскай дзейнасцю першага ў Еўропе міністэрства асветы – Адукацыйнай камісіі (1773 – 1795). У такіх школах вывучаліся прыродазнаўчыя прадметы і прадметы фізіка-матэматычнага цыклу. Навучаліся як дзеці шляхты, так і іншых саслоўяў.

У канцы XVIII ст. Ружаны страцілі статус горада.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка апынулася ў складзе Расійскай імперыі. З 1795 г. яно знаходзілася ў складзе Слонімскай, а 1801 г. – Гродзенскай губерняў.

Ніводзін патрыёт не мог змірыцца са стратай незалежнасці сваёй радзімы. Аб гэтым сведчыць нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1794 г. (яго актыўна падтрымліваў Аляксандр Сапега), аднак яно не прынесла плёну. Гэтыя падзеі выклікалі падпольны рух супраціўлення на землях былой Рэчы Паспалітай. Так у 1796 г. ўзнікла патаемнае таварыства Віленская асацыяцыя, якое ставіла на мэце працяг узброенай барацьбы з расійскім урадам. Вядома, што адгалінаванне гэтай арганізацыі мелася ў Ружанах. Аднак у 1797 г. таварыства было раскрыта, а ўдзельнікі пакараны.

Вайна з Напалеонам прынесла вялікія разбурэнні, французы разрабавалі Ружаны і навакольныя вёскі ў ліпені 1812 г. Тут ішлі баі паміж злучэннямі французаў і рускімі войскамі пад кіраўніцтвам генерела І. Сухазанета. Буйныя баі адбыліся каля вёсак Магілёўцы і Ласасіна.

 

Пасля вайны замест разрабаваных ружанскіх прамысловых прадпрыемстваў былі адкрыты новыя – 2 гарбарных прадпрыемствы і 1 суконнае. У 1815 г. была адкрыта невялікая воўнапрадзільная мануфактура.

“Прамысловасць Ружан XVI – пачатку XX ст.ст.”

Назва прадпрыемства   Час існавання   Уладальнік   Колькасць рабочых
Піваварная мануфактура   1866 – 1913 г.г.       8 чал.
Кафляная мануфактура   XVII ст.   Сапегі    
Цагельная мануфактура   XVII ст.   Сапегі    
Паперня   1607 - ? г.г.   Л. Сапега    
Гарбарная мануфактура   1879 – 1913 г.г.   Ваўнянскі   30 чал.
Гарбарная мануфактура   1890 – 1914 г.г.   Хвойнік   80 чал.
Гарбарная мануфактура   1898 г.   Айна   30 чал.
Гарбарная мануфактура   1902 – 1905 г.г.   Вільгемовіч   61 чал.

 

З даўніх часоў Ружаны былі таксама адным з цэнтраў ганчарнай вытворчасці на Беларусі. Разам з вырабам разнастайнага чорнаглянцавага посуду тут вырабляліся гліняныя цацкі, якія былі вядомы далёка за межамі мястэчка і наваколля.


Андрыёлі М. Лагер паўстанцаў.

Валерый Урублеўскі

Адмоўна на развіцці дадзенага рэгіёну сказвалася адсутнасць буйных гандлёвых шляхоў. Праз Ружаны праходзіў толькі паштовы тракт. Менавіта на мясцовай паштовай станцыі спыняўся выдатны дзекабрыст, сябра А. С. Пушкіна В. Кюхельбекер.

Сітуацыя ў краі пасля далучэння да Расіі ўвесь час была напружанай. Патрыятычна настроеная шляхта лічыла скасаванне самастойнасці Рэчы Паспалітай з’явай часовай. Таму, калі пачалося паўстанне ў Варшаве ў лістападзе 1830 г., яго прыхільна сустрэлі і на Беларусі. Каб перадухіліць выступленне на землях былога ВКЛ, царскі ўрад накіраваў сюды рэгулярныя войскі. У Ружаны ў лютым 1831 г. быў уведзены Елізаветградскі полк. Аднак гэта не спыніла паўстанцкі рух. На Ружаншчыне дзейнічалі атрады Тытуса Пуслоўскага, Антона Бронскага, да якіх разам са шляхтай далучаліся і мясцовыя сяляне. У ліпені 1831 г. паўстанцкія атрады генерала Дэмбінскага, якія былі прысланы з Польшчы, занялі Слонімскі павет. У канцы ліпеня інсургенты пацярпелі шэраг паражэнняў і пачалі адступаць да Белавежскай пушчы. Праз Ружаны адступаў Т. Пуслоўскі, тут ён быў цяжка паранены, але здолеў вырвацца з акружэння і выехаць у эміграцыю.

Гераічныя старонкі гісторыі Ружан звязаны з нацыянальна-вызваленчым паўстаннем 1863 – 1864 г.г. на чале з Кастусём Каліноўскім. У паліцэйскія ўстановы Гродзенскай губерні ўжо ўвосень 1862 г. паступалі данясенні аб распаўсюджанні сярод сялян “Мужыцкай праўды”, газеты, якую выпускалі К. Каліноўскі, Ф. Ражанскі і В. Урублеўскі. Для гэтай мэты ў Ружанах нават пабываў Вікенцій Каліноўскі. Ружанская пушча стала месцам канцэнтрацыі многіх паўстанцкіх атрадаў. На Ружаншчыне дзейнічалі атрады Млотака (Густава Стравінскага), Рамуальда Траўгута, Станіслава Сангіна, Рамана Рагінскага, Ляндэра. У лютым 1863 г. начальнік Сакольскай егерскай школы Валерый Урублеўскі з вучняў гэтай школы і мясцовай аховы стварыў у Белавежскай пушчы паўстанцкі атрад. Менавіта гэты конны атрад 2 чэрвеня 1863 г. захапіў Ружаны. У час бою загінула 4 салдаты этапнай каманды. Інсургентамі былі забраны ў мястэчку 22 ружжы, 903 патроны, шмат амуніцыі і гаспадарчых рэчаў. Мясцовае насельніцтва падтрымлмвала паўстанцаў. Да іх далучаліся сяляне і асабліва шляхта. Напрыклад, сын уладальніка маёнтка Зэльзін Казіміра Брандта Станіслаў. Удзельнікамі нацыянальнага ўзброенага змагання былі мясцовыя шляхціцы Адам Ян Быхавец і Станіслаў Дзянгілеўскі (сасланы на 15 год на катаргу). Каля вёскі Ласасіна восенню 1863 г. адбыўся бой паўстанцаў з рэгулярнымі царскімі войскамі. У баі загінула 40 патрыётаў. Ружанская пушча была месцам канцэнтрацыі шматлікіх атрадаў. Для большай паспяховасці барацьбы з паўстанцамі па загаду царскіх улад была высечана паласа лесу праз пушчу (так званая Паляцкая прасека). На гэтай прасецы стаяла царская пяхота і патруліравалі казацкія раз’езды. Існуе паданне, што паўстанцы закапалі дзесці ў лесе вялікі скарб – поўны кацёл золата.


Ружаны.
Схема плана:
1 — дворец, XVIII в.;
2 — Петропавловская церковь,
XVII—XVIII вв.;
3 — Троицкий костел,
XVII—XVIII вв.

У канцы ХІХ ст. у мястэчку налічвалася больш за 5000 жыхароў. На ружанскіх фабрыках, якія належалі мясцовым прадпрымальнікам Пінесам, працавала 200 чалавек. Яны выпускалі 12200 аршын сукна. З 1870 г. дзейнічала паравая машына, у 1891 г. было 30 ткацкіх станкоў, 3 прадзільныя і 7 іншых машын. Але ў пачатку ХХ ст выпуск тканін у Ружанах пачаў скарачацца ў сувязі з канкурэнцыяй Беластоцкага прамысловага раёна.

 

Літаратура:

1. Арлоў У. Ілюстраваная гісторыя: Краіна Беларусь. – Марцін, Славакія., 2003. – 320 с.

2. Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. – Мн., 2004. 160 с.

3. Брэстчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў. – Мн., 1995. – 431 с.

4. Гісторыя Беларускай ССР: у 5 тамах. Т. 1. – Мн., 1972. – 632 с.

5. Калнін В. Ружанскі палац // Мастацтва Беларусі. 1987. № 8. с. 63 – 64.

6. Лавыш К. Арыенталізм як частка мастацкай культуры і побыту беларускай шляхты эпохі сарматызму // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 1. с. 48 – 60.

7. Лаўровіч Г., Серада С. Адукацыя на Беларусі ў апошняй чвэрці XVIII ст. // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 4. с. 59 – 73.

8. Масляніцына І. Ружа колеру сонечных промняў // Зара камунізму. 1990. 25 студзеня.

9. Мікалаеў А. Гарадскі пасёлак Ружаны // Зара камунізму. 1984. 11 лютага.

10. Моя пружанская землица! – Барановичи., 1999. – 32 с.

11. Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 частках. Частка 1. – Мн., 1994. – 527 с.

12. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. – Мн., 1992. – 456 с.

13. Пянко М. Паперня // Зара камунізму. 1990. 7 ліпеня.

14. Пянко М. Паўстанцы Каліноўскага // Зара камунізму. 1988. 4 жніўня.

15. Пянко Н. Ружаны // Зара камунізму. 1983. 17 снежня.

16. Сикиржицкий В. Ружанский Версаль // Рэспубліка. 2001. 2 лістапада.

17. Супрун В. За смугою часу (Даследаванні і меркаванні). – Мн., 1994. – 114 с.

18. Супрун В.Р. Палац у Ружанах // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 3. с. 24 – 25.

19. Таляронак С. Віленская асацыяцыя 1796 – 1797 г.г. // Беларускі гістарычны часопіс. 1991. № 1. с. 24 – 32.

20. Терехова В. И курганы, и битвы, и память, и жизнь … // Беларуская думка. 1993. № 7. с. 49 – 51.

21. Терехова В. Кто мы и откуда? // Заря. 1998. 26 марта.

22. Церахава В. Ад Ражанны да Ружан // Раённыя будні. 1996. 20 жніўня – 31 жніўня.

23. Цітоў А. Гарадская геральдыка Беларусі. – Мн., 1989. – 207 с.

24. Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў. – Мн., 1998. – 287 с.

25. Чантурия В. А. Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии. – Мн., 1986. – 240 с.

26. Эканамічная гісторыя Беларусі. – Мн., 1993. – 288 с.

 

Яндекс.Метрика