На главную сайта   Все о Ружанах

Источник: «Раённыя будні»

Уладзімір Дадзіёмаў,
Сяргей Рабчук

 

Забытая гісторыя Слабудкі

 

Апрацоўка і пераклад на беларускую мову
Наталлі Пракаповіч.

См. этот текст в переводе на русский язык.

* * *

Аўтары будуць удзячны за любую дапамогу
ў збіранні матэрыялаў па гісторыі Слабудкі.
Кантактныя тэл. 2-18-96, 8-033-371-13-42.
Электронны адрас palacyk@tut.by.

У артыкуле выкарыстаны матэрылы з архіваў аўтараў, жыхароў в.Слабудка, г.Пружаны, фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя І.Стаброўскага.

 

Уладзімір Юр‘евіч Дадзіёмаў і Сяргей Зотавіч Рабчук — афіцэры запасу, якія на працягу трох год вядуць актыўную пошукавую дзейнасць, збіраючы матэрыялы аб мінулым Слабудкі. Яны запісваюць успаміны мясцовых жыхароў, шукаюць інфармацыю ў архівах, музеях, сетцы Internet. Сабраныя імі з розных крыніц звесткі сталі асновай для шэрагу артыкулаў, напісаных з мэтай расказаць гістарычную праўду аб помніку пад адкрытым небам — ваенным гарадку Слабудка, звярнуць увагу на яго становішча і захаваць унікальныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія знаходзяцца на тэрыторыі населенага пункту, для сучаснікаў і нашчадкаў.


Аўтары: Дадзіёмаў і Рабчук .

ОГЛАВЛЕНИЕ

1. Міхайлаўскі штаб

2. Пружанскі лагер

3. Кашары

4. Першыя саветы

 

 

5. Пасляваеннае дзесяцігоддзе

6. Ракетны гарнізон

7. На зломе эпох

Замест эпілогу

 

1. Міхайлаўскі штаб

Сённяшняя вёска Слабудка, якая знаходзіцца ў 6 км ад г.Пружаны па дарозе да чыгуначнай станцыі Аранчыцы, на першы погляд, наўрад ці можа зацікавіць падарожніка, які праязджае міма. Аднак на самой справе гэта — унікальны гістарычны комплекс, які здзіўляе помнікамі, багатым мінулым, непаўторным каларытам. Пад статусам вёскі схаваўся ці не адзіны былы ваенны гарадок на Беларусі, дзе засталіся сведчанні розных эпох: Расійскай імперыі (ХІХ — пачатак ХХ стст.), першай сусветнай вайны (1914-1918), савецка-польскай вайны і ўваходжання ў склад Польшчы (1919-1939), другой сусветнай вайны (1939-1945), гісторыі СССР.


1. Будынак 38-я артылерыйскай брыгады, тяпер — дзіцячы садок.

На працягу гэтага часу праз Слабудку неаднойчы пранясліся ваенныя і палітычныя віхуры, якія мянялі і дапаўнялі яе воблік, сяліліся розныя жыхары, якія прыносілі свае звычаі і норавы.

Гісторыя ваеннага гарадка пачынаецца з канца ХІХ ст. Яго ўзнікненню папярэднічалі падзеі сусветнага маштабу. Пасля пераможнай руска-турэцкай вайны 1877-1878 гг. Расія вярнула сабе статус вялікай дзяржавы і стала прэтэндаваць на панаванне ў Балканскім рэгіёне. Гэта непакоіла яе сапернікаў, якіх не задавальняў такі стан, а да рашучых дзянняў штурхалі ўласныя амбіцыі на шляху да еўрапейскага лідарства, эканамічныя патрэбы і каланіяльныя прэтэнзіі. У выніку падпісання дагавораў 1879-1882 гг. склаўся ваенна-палітычны блок Германіі, Аўстра-Венгрыі і Італіі (Траісты саюз). Гэта прымусіла Расію, Англію і Францыю ў 1904-1907 гг. стварыць Антанту. Проціборства гэтых блокаў вылілася ў ваенныя канфлікты на мяжы стагоддзяў і завяршылася І-й сусветнай вайной.


2. Будынак 38-я артылерыйскай брыгады, тяпер — гасцініца.

Такім чынам, у канцы ХІХ ст. палітычныя абставіны прымусілі Расію рэагаваць на змену сітуацыі ў Еўропе. Галоўны штаб распрацаваў план на выпадак вайны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. Работамі па яго стварэнні з 1881г. кіраваў генерал М.М.Абручоў. Разам з іншымі мерапрыемствамі прадугледжвалася ўмацаванне заходніх ваенных акруг, куды перамяшчаліся часці з Каўказа, дзе назіралася перанасычанасць войскаў з баявым вопытам, а рэгіён страціў значэнне галоўнага накірунку знешнепалітычных інтарэсаў імперыі. Згодна з «планам Абручова» (Высачайшае распараджэнне ад 27 мая 1891 г.), 38-я пяхотная дывізія, 38-я артылерыйская брыгада і 38-ы лятучы артылерыйскі парк з г.Ахалцыхе ў Грузіі падлягалі перадыслакацыі ў Варшаўскую ваенную акругу (штаб у г.Гродна) і ўключаліся ў склад 19-га армейскага корпуса. Перамяшчэнне часцей адбылося на працягу кастрычніка 1894 г. — 38-я артбрыгада (генерал-маёр А.Л.Мараўскі) і 38-ы лятучы артпарк (палкоўнік І.М.Мылаў) размясціліся ў 6 вярстах ад Пружан на пустках, загадзя выкупленых дзяржавай ў памешчыка У.Трамбіцкага з маёнтка Лінова.


3. Карпіч 1889 г.

Вайсковыя часці, раскватэраваныя на месцы сучаснай Слабудкі, вызначыліся падчас руска-турэцкай вайны. Ваенныя былі адзначаны баявымі ўзнагародамі, а батарэі — ганаровымі знакамі вайсковай доблесці. У гэты час брыгаду ўзначальваў ураджэнец Гродна генерал-маёр В.А.Веверн. Вядома, што 38-я артбрыгада была сфарміравана на Каўказе ў 1864 г., у яе склад уваходзілі тры батарэі.


4. Палкоўнік Стаброўскі

У 1895 г. у брыгадзе былі створаны 2 дывізіёны трохбатарэйнага складу. На ўзбраенні налічвалася 48 гармат, па 8 у кожнай батарэі. Старэйшай была 6-я, сфарміраваная ў 1796 г. У 1913 г. афіцэрам, унтэр-афіцэрам і радавым батарэі быў дараваны нагрудны знак у гонар яе 100-годдзя.

Уладкаванню часцей на новым месцы садзейнічала выдзяленне будаўнічых матэрыялаў з армейскіх фондаў. Частку цэглы перавезлі з Брэст-Літоўскай крэпасці, аб чым сведчыць маркіроўка матэрыялаў. У Слабудцы на месцы нядаўна знішчаных будынкаў знойдзена цэгла з указаннем месца і года вытворчасці: «БЛК / 1889» — «Брэст-Літоўская крэпасць, 1889 г.». Гэты факт — сапраўднае навуковае адкрыцце, сведчанне існавання адзінага плана ўзвядзення абарончых пабудоў на Захадзе імперыі. Такая ж цэгла прысутнічае ў шэрагу існуючых будынкаў (напрыклад, сучасны дзіцячы садок). Але матэрыялаў не хапала. Гэта прывяло да рэарганізацыі старых і будаўніцтва новых цагельных заводаў у Пружанскім павеце, якія пастаўлялі прадукцыю ў ваенны гарадок, дзе працавалі вайскоўцы і мясцовыя будаўнікі.


5. Ваеннаслужачыя
38-й артылерыйскай брыгады.

Трэба адзначыць, што ўсе аб’екты ўзводзіліся па спецыяльным праекце ваеннага ведамства ў стылі рускага мадэрна канца ХІХ ст. Тое, што яны будаваліся па адзіным плане, у адзіным стылі, у адзін час, даказвае падабенства ў архітэктурным вырашэнні фасадаў, лаканічнасць дэкору, планіровачнае размяшчэнне ўздоўж цэнтральнай прамавугольнай плошчы-пляцу.

Такім чынам, на тэрыторыі гарадка ў канцы ХІХ ст. з’явіліся: казармы, жылыя будынкі, стайні, склады і іншыя пабудовы. У 1896 г. пачала працаваць драўляная царква Святога Мікалая Цудатворцы. Святара і прытча ў 38-й брыгадзе не было — не прадугледжваліся па штаце (уведзены толькі ў 1913 г.). Кіраўніцтва Гродзенскай епархіі накіроўвала сюды прыкамандзіраваных святароў з ліку заштатных і тых, хто не меў прыходу. У 1905 г. службы ў царкве выконваў протаіерэй Міхаіл Савіч, у 1913 г. — іерэй Казьма Васільеў. Як сведчаць епархіяльныя дакументы, у брыгаднай царкве была хуткая змена святароў, нягледзячы на гадавое жалаванне ў 400 рублёў, двухпакаёвую кватэру з кухняй, ацяпленнем і казённай прыслугай.


6. 2012 г. Руйнаванне казармы ХІХ ст.

На жаль, большасць будынкаў не захавалася. Яны былі знішчаны ў 1970-х гг. пад час рэканструкцыі ваеннага гарадка. У 2010-2011 гг. разбурылі два помнікі архітэктуры ХІХ ст. Дарэчы, трохпавярховая зруйнаваная казарма была амаль дакладнай копіяй будынка ў г.Бяроза (магазін «Еўраопт»). Тым не менш, сёння ў Слабудцы існуюць унікальныя помнікі часоў Расійскай імперыі, якія з’яўляюцца адзінкавымі прыкладамі будаўніцтва ваенных гарадкоў з арыгінальным архітэктурным дызайнам: гасцініца (дом афіцэрскага саставу №3), двухпавярховая былая артылерыйская казарма (дом афіцэрскага саставу №8), будынак афіцэрскага сходу (ДАС №5), дзіцячы садок (ДАС №6) — адзіны ў Беларусі помнік муравана-драўлянага дойлідства ХІХ ст. у стылі мадэрн, склады, калодзежы, калонка і інш.

Асноўныя будаўнічыя работы ў гарадку былі завершаны да 1900 года. Б.М.Шапашнікаў (будучы маршал СССР) у гэты час наведваў нашы мясціны і пісаў: «38-я артылерыйская брыгада, як значылася ў дыслакацыі, размяшчалася паблізу горада Пружаны. У сапраўднасці ваенны гарадок стаяў пасярод поля, у шасці кіламетрах ад станцыі Лінова, у шасці кіламетрах ад Пружан і ў двух кіламетрах ад бліжэйшай вёскі». У той час Пружаны лічыліся сапраўднай «дырой». Служыць сюды ехалі без ахвоты. Але на фоне горада з пераважна яўрэйскім насельніцтвам, бруднымі вуліцамі і драўлянымі хатамі ваенны гарадок быў месцам культурнага жыцця: з каменнымі будынкамі, афіцэрскім зборам, ваенным аркестрам і бібліятэкай. «Указатель населенных местностей Гродненской губернии» 1905 г. сведчыць, што у казармах 38-й артылерыйскай брыгады размяшчалася 898 чалавек.

На працягу існавання месца размяшчэнне артылерыстаў называлі па-рознаму. Да 1900 г. ужывалі назву «Артылерыйскія казармы». Потым яна змянілася. Захаваўся дакумент, дзе ўказвалася: «В 27 день февраля 1900 года Высочайше разрешено наименовать «Михайловским Штабом» местность близ фольварка Изабелин, в 6-7 верстах от города Пружан и в 3 верстах от железнодорожной станции Линево …, занятую казармами 38-й артиллерийской бригады». На картах пачатку ХХ ст., у даведніку Гродзенскай губерні, статыстыцы, друку можна сустрэць найменні: «Міхайлаўскі штаб», «Артылерыйскія казармы», «Казармы 38-й артылерыйскай брыгады», «Міхайлаўскія казармы». Назва «Міхайлаўскі штаб», якая замацавалася на пэўны час за гарадком, была дадзена ў гонар вялікага князя Міхаіла Раманава — начальніка артылерыі расійскай арміі, сына Мікалая І.

Ваенныя не толькі займаліся баявой падрыхтоўкай і будаўніцтвам, але прымалі ўдзел у грамадскім і духоўным жыцці Пружанскага павета, уплывалі на быт і культуру мясцовых жыхароў. Гэта пацвярджаюць дакументы. У «Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях» №21 за 1903 г. паведамлялася, што ў Пружанскай другакласнай царкоўна-прыходскай школе ў 1901-1902 навучальным годзе гімнастыка праводзілася паручнікам 38-й артбрыгады Яўгенам Кузьміным. У справаздачы аб стане царкоўных школ за 1912 г. запісана: «У Сланімцоўскай школе навучанне ваеннаму строю вялося палкоўнікам 38-й артбрыгады Кельневым. За кошт брыгады вучні карысталіся ружжамі, зробленымі спецыяльна для дзіцячага ўзросту. Заняткі вяліся пры школе і на плацы Міхайлаўскіх казармаў». У «Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях» 29 лістапада 1909 г. апісвалася падарожжа епіскапа Беластоцкага Уладзіміра. Ён аглядаў цэрквы і адзначыў сустрэчу з прадстаўнікамі 38-й брыгады на чале з генералам Грыгаровічам «с участием оркестра музыки, любезно предоставленного командиром». У 1912г. артылерысты далучыліся да будаўніцтва помніка ў гонар 100-годдзя Кобрынскай бітвы з напалеонаўскімі войскамі.

Пружаншчына таксама аказвала ўплыў на жыццё вайскоўцаў. Акрамя таго, што мясцовыя жыхары працавалі ў «Міхайлаўскім штабе», пачалі стварацца новыя сем’і. Прычым назіралася саслоўнае размежаванне — афіцэры бралі ў жонкі дачок чыноўнікаў і дваран, «ніжнія чыны» — мяшчанак і сялянак. Артылерысты станавіліся сведкамі ў час шлюбаў. Гэта пацвярджаюць шлюбныя кнігі сабора Аляксандра Неўскага рубяжа ХІХ — ХХ ст.ст. Шэраг адстаўнікоў пасля заканчэння службы заставаліся жыць на Пружаншчыне. Сёння ў Слабудцы і ваколіцах жывуць нашчадкі былых вайскоўцаў «Міхайлаўскага штаба». Напрыклад, сям’я Філаненкаў, продак якіх — Васіль Сцяпанавіч — быў старшым феерверкерам 38-га артылерыйскага парку, сям’я Заікіных, чый продак Фёдар служыў у гарадку. Адстаўнікі з сем’ямі і абслугоўваючы персанал сяліліся ў слабодцы, недалёка ад казармаў.

Пры «Міхайлаўскім штабе» існаваліі вучэбная каманда і школа падпрапаршчыкаў. Працавала метэастацыя пад кіраўніцтвам Ііосіфа Іосіфавіча Стаброўскага (1870-1968) — ураджэнца маёнтка Арловічы пад Слонімам.

Выпускнік Полацкага кадэцкага корпуса, Аляксандраўскага ваеннага вучылішча (дзе пазнаёміўся з пісьменнікам А.Купрыным, з якім перапісваўся; у савецкі час існавала легенда, што літаратар наведваў «Міхайлаўскі штаб»), Маскоўскага археалагічнага інстытута І.Стаброўскі заслугоўвае асаблівай увагі даследчыкаў, як відны дзеяч навукі і культуры Беларусі. На пачатку кар’еры ён займаўся сапёрнай справай (у 1895-1910 гг. служыў у «Міхайлаўскім штабе») і фатаграфіяй (дакументы аб Пружаншчыне пакуль не выяўлены). Наш зямляк удзельнічаў у першай сусветнай вайне. За мужнасць камандзір 55-га артдывізіёна быў узнагароджаны баявымі ордэнамі Св.Уладзіміра і Св.Ганны. У грамадзянскую вайну ён уступіў у Чырвоную армію, аднак у 1921 г. вярнуўся на радзіму, каб прысвяціць сябе справе, аб якой марыў даўно. Калекцыя рэчаў, якую Стаброўскі збіраў усё жыццё, утрымлівала экспанаты, годныя лепшых музеяў: грашовыя скарбы, каменныя прылады, галаву славянскага ідала, лісты А.С.Пушкіна да жонкі, аўтографы Дзяржавіна і Карамзіна, рукапісы XVI-XVII стст. і інш. Гэтыя багацці сталі асновай для Слонімскага музея, заснаванага І.Стаброўскім у 1929 г. (музей носіць яго імя) — аднаго з першых у Заходняй Беларусі. Аб грамадзянскай пазіцыі былога царскага палкоўніка сведчыць дакумент 1937 г., паводле якога 65 гектараў сенажаці (палову маёнтка) ён перадаў сялянам. Гэты ўчынак Стаброўскага адзначылі польскім «Залатым Крыжом за заслугі». Да 1948 г. ён працаваў у музеі. Памёр ў 1968 г., пахаваны ў былым радавым маёнтку.

Акрамя І.І.Стаброўскага, у розны час у брыгадзе і парку служылі людзі, якіх па праву можна назваць гонарам расійскага афіцэрства, прыкладам высокай годнасці і гераізму. Сярод іх — герой руска-японскай і І-й сусветнай войнаў генерал Павел Іванавіч Мішчанка. Генерала вызначалі высокае сумленне, павага і беражлівыя адносіны да салдат. У час сусветнай вайны ён змагаўся на Заходнім фронце. Мішчанка да апошняй хвіліны заставаўся верным сваім ідэалам і жыццёвай пазіцыі. Пасля рэвалюцыі ён бязбоязна насіў афіцэрскі мундзір са знакамі адрознення і доблесці. Пад пагрозай смерці ад рук бальшавікоў ён адмовіўся зняць ваенную форму і застрэліўся.

Яркім прадстаўніком 38-й артбрыгады быў генерал Самядбек Мехмендараў, які вызначыўся ў баях на Каўказе і ў Кітаі, а таксама ў часы першай сусветнай вайны. У 1894-1896 гг. ён з’яўляўся членам брыгаднага суда (потым старшынёй), часовым членам Варшаўскага ваеннага акруговага суда. Служыў у 6-й і 3-й батарэях, быў узнагароджаны ордэнамі Св.Ганны і Св.Уладзіміра. Пасля развалу Расійскай імперыі С.Мехмендараў стаў першым міністрам абароны Азербайджана.

Трэба ўзгадаць і імя Уладзіміра Людвігавіча Калантая — ваеннага інжынера, генерал-маёра. Сын удзельніка паўстання 1863г., высланага ў Сібір, Уладзімір закончыў Тыфліскі кадэцкі корпус, Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча і Мікалаеўскую інжынерную акадэмію. Кар’еру пачаў у 1886 г. падпаручнікам 38-й артбрыгады, з 1900г. выкладаў у Мікалаеўскай інжынернай акадэміі. За перыяд службы неаднаразова ўзнагароджваўся (ордэны Св.Ганны, Св.Станіслава, Св. Уладзіміра). У час першай сусветнай ваяваў на Заходнім і Паўночным франтах, атрымаў Георгіеўскую зброю. Дарэчы, жонка генерала — шырока вядомая Аляксандра Калантай, якая, разарваўшы адносіны з сям’ёй, стала рэвалюцыянеркай, дзяржаўным дзеячам, народным камісарам, паслом СССР у Нарвегіі, Мексіцы, Швецыі.

Асаблівай увагі заслугоўвае імя пружанскага ўрача Аўгусціна Пацэвіча — выпускніка ваенна-медыцынскай акадэміі ў Пецярбургу. Ён служыў вайсковым лекарам Балтыйскага флоту ў Кранштадце. Каля 1909-1913 гг. у званні палкоўніка быў лекарам 38-га лятучага артылерыйскага парку. Вялікай пашанай было тое, што яго імя ў міжваенны перыяд насіла сучасная вул. Савецкая ў Пружанах. А.Пацэвіч памёр у 1928 г., пахаваны на каталіцкіх могілках. У доме доктара пасля ад’езду сям’і ў Польшчу пэўны час размяшчаўся дзіцячы дом, цяпер на яго месцы — помнік спаленым вёскам.

38-я артбрыгада і 38-ы артпарк размяшчаліся каля Пружан амаль 20 гадоў. У жніўні 1914 г., калі пачалася першая сусветная вайна, у складзе 38-й дывізіі яны рушылі на Заходні фронт на чале з генерал-маёрам С.Л.Фуфаеўскім, а іх месца занялі часці і падраздзяленні другога і трэцяга эшалонаў абароны.

На гэтым фактычна завяршылася гісторыя «Міхайлаўскага штаба», які аказаў значны ўплыў на Пружаншчыну рубяжа ХІХ-ХХ ст.ст. Помнікі, якія сёння знаходзяцца ў Слабудцы, з’яўляюцца маўклівымі сведкамі слаўнага мінулага. Задача сучаснікаў не адмаўляцца ад яго, не выкрэсліваць і знішчаць, а беражліва захоўваць, каб быць вартымі памяці продкаў. Узгаданыя аб’екты патрабуюць неадкладнай увагі і ўключэння ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Стан будынкаў дазваляе іх выкарыстанне, у тым ліку ў музейна-турыстычнай сетцы нашага раёна і Беларусі.

 

2. Пружанскі лагер

Надыходзіў 1914 год. У Еўропе было неспакойна. Супярэчнасці паміж вядучымі дзяржавамі дасягнулі «крытычнай кропкі» і шукалі выйсця. У 1912-1913 гг. прагрымелі Балканскія войны, якія сталі прадвеснікам першай сусветнай вайны. Пазней амерыканскі прэзідэнт В.Вільсан пісаў: «Усе шукаюць і не знаходзяць прычыну, па якой пачалася вайна. Іх пошукі дарэмныя, прычыну яны не знойдуць. Вайна пачалася не па якой-небудзь прычыне, вайна пачалася па ўсіх прычынах адразу».


1. Салдаты ля чайнай. Злева аўстрыйцы, зправа немцы.

Падставай да вайны стала забойства нашчадка аўстра-венгерскага трону Франца-Фердынанда. Стрэлы, якія прагрымелі 28 чэрвеня 1914 г. у Сараеве, перавярнулі жыцці мільёнаў людзей, сталі пераломным момантам у гісторыі. 28 ліпеня Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. У адказ 31 ліпеня Расія пачала мабілізацыю. Германія запатрабавала спыніць збор войска і 1 жніўня 1914 г. аб’явіла вайну Расіі. Пачалася першая сусветная вайна (1914-1918).

У гэты час жыццё ў «Міхайлаўскім штабе» ішло сваёй чаргой. У падраздзяленнях вялася планавая баявая вучоба. У канцы 1913 г. у гарнізон з праверкай падрыхтаванасці да мабілізацыйнага разгортвання прыбыла камісія Генеральнага штаба, членам якой быў капітан Б.М.Шапашнікаў. Ва ўспамінах ён пісаў: «Цяжкім было жыццё афіцэраў, асабліва маладых, у гарадку. Па заканчэнні заняткаў, каля шасці гадзін вечара, моладзь збіралася ў сабранні і да 12 гадзін ночы ганяла ў більярднай шары. На пытанне, чаму яны не ідуць дадому, я атрымаў адказ: «Сумна, спадар капітан, аднаму сядзець дома ў сваім пакоі, а ў сабранні хоць з кім-небудзь перакінешся словам». Жаданні маладых афіцэраў не заходзілі далей паездкі ў маленькі гарадок Брэст. Усе імкнуліся любым шляхам змяніць месца службы».

Пасля аб’яўлення мабілізацыі ўсё змянілася: было ўведзена ваеннае становішча. У «Міхайлаўскім штабе» пачалося фарміраванне новай 75-й артылерыйскай брыгады, якую набіралі ў тым ліку з мясцовых жыхароў і навучалі асновам ваеннай справы на базе 38-й брыгады.


2. Заняткі ў кулямётнай школе ў «Пружанскім лагеры».
Фота маёра Гроса. Вясна 1917 г.

8 жніўня 1914 г. 38-я артылерыйская брыгада на чале з генерал-маёрам С.Л. Фуфаеўскім і 38-ы артылерыйскі парк тэрмінова адбылі на фронт у складзе 19-га армейскага корпуса. Услед за імі адправілася 75-я артбрыгада, якая 27 жніўня 1914 г. увайшла у склад гарнізона крэпасці Івангарад на Паўднёва-Заходнім фронце.


3. Нямецкі салдат
Г.Ратай, які служыў
у «Пружанскім лагеры».

Ваенны гарадок апусцеў. Са жніўня 1914 г. па жнівень 1915 г. лёс гарнізона дакладна не прасочваецца. У Пружанах у гэты час былі тылавыя часці, якія забяспечвалі патрэбы фронту.

Мінуў першы ваенны год. У выніку паражэнняў рускай арміі ў вяснова-летняй кампаніі 1915 г., 30 жніўня фронт наблізіўся да Пружан. Часці 3-й расійскай арміі, аказваючы супраціўленне, адыходзілі. Іх адступленне суправаджалася масавым зыходам бежанцаў, эвакуацыяй і знішчэннем матэрыяльных каштоўнасцей. Жыхары слабодкі пры ваенным гарадку таксама пакінулі свае хаты і рушылі разам з войскамі на ўсход. Край падвергнуўся спусташэнню і рабаванню.

31 жніўня 1915 г. перадавыя часці аўстрыйскага корпуса са складу армейскай групы Войрша, што наступалі з боку Белавежскай пушчы, увайшлі ў Пружаны. З поўдня ад в. Аранчыцы па дарозе Запруды-Пружаны на злучэнне з імі выйшаў германскі 10-ы корпус 11-й арміі генерала Макензена.

Як у гэтых абставінах ацалеў «Міхайлаўскагі штаб», чаму ён не быў зруйнаваны рускімі пры адступленні, насуперак загаду знішчаць за сабой усё, што магло б дастацца ворагу, застаецца загадкай.

Такім чынам, у жніўні 1915 г. у былым ваенным гарадку царскай арміі размясціўся гарнізон акупацыйных войскаў, які атрымаў назву «Пружанскі лагер» (Pruzana Lager). На тапаграфічных картах ён пазначаўся як «Казармы» (Kasernen). Новыя гаспадары зрабілі на месцы «Міхайлаўскага штаба» вучэбны цэнтр армейскай групы Войрша (генерал фон Войрш з 10 лістапада 1914 г. па 31 снежня 1917 г. камандаваў разгорнутай на базе ландвернага корпуса армейскай групай «Войрш»).


4. Бункер часоў Першай сусветнай вайны.

Захаваліся ўспаміны аб ваенным гарадку нямецкага салдата Г.Ратая: «Гэта былі рускія артылерыйскія казармы, у якіх размяшчаліся 2 нямецкія, 3 аўстрыйскія батальёны і афіцэрская школа. Адзін батальён — гэта былі мы, 18-19-гадовыя, у другім батальёне служылі мужчыны да 45 гадоў. Наша жыллё ўяўляла сабой баракі, якія рускія выкарыстоўвалі ў якасці стойлаў для коней. У кожным бараку размяшчалася рота са сваёй канцылярыяй, аддзеленая толькі брызентам. З дошак мы змайстравалі двухспальныя ложкі, у кожным бараку была цагляная печка. Новую ўніформу і баявыя патроны мы павінны былі здаць і атрымалі старое адзенне і вучэбныя патроны. Пачалося падабенства казарменнага жыцця, маладзёжны батальён атрымаў лепшую ежу і пасля абеду дзве гадзіны сну. Той, хто не выконваў «ложкавы рэжым» і пры гэтым быў заспеты, павінен быў калоць дровы ці прыбіраць снег лапатай. Два тыдні стаяў мароз да 40 градусаў. Таму не было заняткаў на вуліцы, уся актыўнасць была перанесена ў баракі, якія ацяпляліся сырымі дровамі, ад чаго ўнутры тэмпература была адпаведная. Каб здабыць дровы для кухні, мы хадзілі ў блізжэйшую вёску і бралі дровы з разбураных хатаў. Пабудавалі бункер і мінную галерэю, выкапалі акопы і практыкаваліся з ручнымі баявымі гранатамі…»

У афіцэрскай школе рыхтаваліся кадры франтавых афіцэраў, павышаўся ўзровень прызваных з рэзерву. Будучы генерал Л.Фройтэль (у будучым — камандзір 503-га грэнадзёрскага палка, загінуў у 1944 г.), які тады быў лейтэнантам рэзерву, навучаўся ў гэтай школе ў 1916 г.

Акрамя пяці пяхотных батальёнаў і афіцэрскай школы, у «лагеры» знаходзіўся аўстрыйскі інфекцыйны шпіталь. У час эпідэміі гепатыту ў 1916 г. у ім лячылася больш за 120 вайскоўцаў. Памерлых хавалі на могілках (часткова захаваліся). Дзейнічалі кулямётныя курсы, дзе вучылі стральбе з кулямётаў MG-08 і MG-15 (кулямёт Бергмана быў навінкай у войсках і масава не выкарыстоўваўся).


5. Абеліск 1918 г. на руска-нямецка-аўстрыйскіх могілках ў Слабудцы.
Сучаснае фота.

Калі ўлічваць, што колькасць людзей у пяхотным батальёне германскай арміі ў залежнасці ад фарміравання вагалася ад 840 да 1050 унтэр-афіцэраў і радавых, не ўлічваючы афіцэраў і чыноўнікаў, то можна сабе ўявіць, якая маса войскаў змяшчалася ў «Пружанскім лагеры» ў перыяд нямецкай акупацыі.

Тым не менш, у гарнізоне быў парадак. Дамы і казармы ўпрыгожылі агароджы з бярозавымі аркамі. Ніводнае збудаванне не было разбурана. Захаваліся нават дрэвы, нягледзячы на патрэбу ў паліве. Аднак вясной і восенню дарогі ў лагеры ператвараліся ў балота. Фотаздымкі, зробленыя афіцэрам 13-га рэзервовага пяхотнага палка маёрам Гросам вясной 1917 г., яскрава сведчаць пра гэта.


6. У такім бараку ўтрымліваліся зняволеныя ў канцлагеры 1917 — 1918 гг.
Сучаснае фота.

Зімой 1915-1916 гг. праз Пружаны і «Пружанскі лагер» прайшла вузкакалейная чыгунка, пракладзеная немцамі ад Белавежскай пушчы да станцыі Лінова (Аранчыцы). Яна выкарыстоўвалася для вывазу драўніны і піламатэрыялаў, неабходных фронту ва ўмовах пазіцыйнай вайны. Асобнае адгалінаванне вузкакалейкі ішло да цагляных складоў на тэрыторыі ваеннага гарадка.

У выніку паражэнняў, нестабільнасці, рэвалюцыі ў лютым 1917 г. манархія ў Расіі пала, а ў кастрычніку адбыўся бальшавіцкі пераварот. Былая імперыя ўцягвалася ў грамадзянскую вайну. Германскі фронт разваліўся. Руская армія страціла баяздольнасць: панавалі анархія, марадзёрства, дэзерцірства. Кайзераўскія войскі перайшлі ў наступленне. 3 сакавіка 1918 г. Савецкая Расія падпісала Брэсцкі мір, згодна з якім Германіі адыходзіла значнаячастка беларускіх, украінскіх і прыбалтыйскіх зямель.

Для Германіі вайна з Расіяй завяршылася, і асноўная маса войскаў з Усходняга фронту была перакінута на захад, дзе працягваліся жорсткія баі. У гэты час «Пружанскі лагер» стаў канцэнтрацыйным лагерам для асоб, якіх германскія ўлады лічылі рэвалюцыянерамі, парушальнікаў дысцыпліны, ваеннапалонных. Канцлагер на месцы сучаснай Слабудкі апісаны ў дзённіку чыгуначніка П.Марапульца з украінскага г.Славянск, які ў жніўні 1918 г. тут быў у зняволенні: «Арыштанты розных саслоўяў, стану і прафесій. Пачынаючы з 14 год да 75-гадовага ўзросту, ад пастуха да камісара і палкоўніка, ёсць вар’яты, незразумела навошта забраныя, адзін бязногі, другі на мыліцах, але найбольш франтавыя салдаты, былыя старшыні камітэтаў, бела- і чырвонагвардзейцы, бальшавікі, дэпутаты і каля сотні з лішкам чыгуначнікаў за забастоўку». У лагеры было больш 400 зняволеных, якіх прыцягвалі да гаспадарчых работ.


7. Знешні выгляд ваеннага гарадка. Фота маёра Гроса. Вясна 1917 года.

У лістападзе 1918 г. Германія і краіны Антанты заключылі Камп’енскае перамір’е, якое спыніла сусветную вайну. Акупацыйныя войскі пачалі пакідаць захопленыя тэрыторыі. У канцы 1918 г. «Пружанскі лагер» стаў зборным пунктам для перамешчаных асоб. Пераважна гэта былі расійскія немцы, якія з’язджалі з ахопленай вайной краіны на гістарычную радзіму.

Аднак заканчэнне вайны не прынесла міру на нашу землю. Праз яе пракацілася савецка-польская вайна 1919-1921 гг., пасля якой Заходняя Беларусь аказалася ў складзе Польшчы.

У 2014 г. сусветнае грамадства будзе адзначаць стагоддзе пачатку першай сусветнай вайны. Работа па пошуку звестак аб ёй сёння актыўна вядзецца. Тым больш, што «забытая вайна», як яе называюць беларускія і расійскія вучоныя, раней амаль не вывучалася. Вайна 1914-1918 гг. падавалася савецкімі даследчыкамі як «імперыялістычная», «несправядлівая з абодвух бакоў» і разглядалася ў кантэксце прычын Кастрычніцкай рэвалюцыі. Іншая сітуацыя ў Еўропе, дзе ёсць грунтоўныя працы, захоўваюцца помнікі. На Беларусі яны таксама ёсць. Вядомым рэгіёнам, дзе знаходзяцца сведчанні вайны, з’яўляецца паўночны захад рэспублікі. Аднак помнікі захаваліся і на Пружаншчыне, у тым ліку ў Слабудцы. У лесе можна знайсці акопы, часткі каменных агароджаў. Пасярэдзіне вёскі за кустоўем схваваўся бетонны бункер-сховішча.

Але найважнейшы помнік — каменны абеліск на руска-нямецка-аўстрыйскіх могілках 1915-1918 гг. Некалі каля помніка былі надмагіллі з імёнамі загінуўшых і датай вырабу (пастаўлены палякамі ў 1929 г. у час упарадкавання могілак, на якіх таксама хавалі мясцовых жыхароў: сёння ад іх магіл засталіся толькі каляіны ад цяжкай тэхнікі). Зараз пліт няма — большасць знішчылі ў савецкі час. Але пахаванні рабуюцца чорнымі капальнікамі і сёння. Былі спробы знішчыць мемарыяльны абеліск з надпісам на нямецкай мове: «Той, хто сустрэў смерць у барацьбе святой, спіць у зямлі чужой, як у роднай сваёй». Толькі неадкладныя меры дапамогуць выратаваць помнік, дзе пахаваны вайскоўцы расійскай і нямецка-аўстрыйскай армій, аб якім напісана ў даследаванні А.Шаркова «Воинские захоронения Первой мировой войны в Беларуси» (кніга на рускай і нямецкай мовах створана пры ўдзеле акадэміі Міністэрства ўнутраных сраў Беларусі і інстытута імя Л.Больцмана пра даследаванні наступстваў войнаў), а фота надрукавана ў энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі. Брэсцкая вобласць» і інш.

 

3. Кашары

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Беларусь стала своеасаблівай «разменнай картай» паміж Савецкай Расіяй, прэтэндаваўшай на землі ранейшай імперыі, і адроджанай Польшчай, якая марыла аб аднаўленні межаў Рэчы Паспалітай. Тэрыторыя Пружаншчыны апынулася ў цэнтры гэтых падзей.

Дакладна не вядома, колькі часу і якія часці знаходзіліся ў ваенным гарадку на рубяжы 1910-1920-х гг. Яго маглі выкарыстоўваць у якасці базы для пастою як бальшавікі, так і палякі ў перыяд савецка-польскай вайны. Вядома, што са студзеня 1919 г. да канца ліпеня 1920 г. наш рэгіён быў заняты войскамі Польшчы, а 27 ліпеня — 19 верасня 1920 г. тут дзейнічала савецкая ўлада. Пасля вайны, паводле Рыжскай мірнай дамовы 1921 г., Пружаншчына адышла да Польшчы.


1. Былы жылы дом сем’яў ваенных. Сучаснае фота.

На «крэсах усходніх» неабходна было арганізоўваць жыццё і ўмацоўваць пазіцыі новай улады. Для гэтага сталі будавацца і выкарыстоўвацца ранейшыя ваенныя базы. 15 чэрвеня 1921 г. на месцы «Міхайлаўскага штаба» быў раскватараваны 20-ы полк палявой артылерыі. Гэту дату трэба лічыць пачаткам «польскага перыяду» ў гісторыі ваеннага гарадка, які сталі называць «Пружанскі гарнізон», «Казармы імя Рамуальда Траўгута» (5 лістапада 1930 г. у гарнізоне паставілі помнік герою паўстання 1863 г.), «Артылерыйскія казармы» (Koszary artylleryjskie) ці «Кашары».

Спадчына, якая дасталася артылерыстам пасля войнаў і бязладдзя, была гнятлівай. Выгляд Кашараў яскрава апісаў М.Грэйм — кіраўнік брэсцкай будаўнічай фірмы, якая праводзіла рамонтныя работы ў гарнізоне ў 1923-1925 гг. і аднавіла 46 будынкаў: «Акрамя сценаў, нічога не было. Падлога і столь пайшлі на распал, не кажучы ўжо аб дзвярах і вокнах. Нават дахі былі параскраданы».


2. Пастраенне 25-га палка ўланаў вялікапольскіх у Кашарах. 30-я гг.

Цяжкі стан гарадка пацвярджае невядомы аўтар у часопісе 1928 г., дзе расказвалася аб жыцці 25-га палка ўланаў вялікапольскіх, пераведзеных у Кашары ў снежні 1924 г.: «25-ы полк уланаў быў пераведзены ў гарнізон Пружана, дзе павінен быў размясціцца ў старых расійскіх артылерыйскіх казармах. Радасць, якая ахапіла полк з нагоды доўгачаканага вяртання да цывілізаванага жыцця, знікла, калі мы ўбачылі гаротны стан казарменных будынкаў, аднак без заломвання рук і пустых скаргаў усе ўзяліся за работу па прывядзенні ў парадак будынкаў і ўладкавання казармаў у цэлым».

Аддаленасць гарнізона ад вялікіх гарадоў, складаныя бытавыя ўмовы сфарміравалі пэўную грамадскую думку і не спрыялі жаданню служыць у Кашарах. Тыя, каго накіроўвалі ў гарнізон, лічылі гэта высылкай «чорт ведае куды».

Тым не менш, у Кашарах з сярэдзіны 1920-х гг. размясціліся дзве баявыя адзінкі. Кожная з іх мела сваю адміністрацыйную тэрыторыю. Паўночную частку гарнізона займаў 20-ы полк палявой артылерыі, а паўднёвую — 25-ы ўланскі полк, асабовы састаў якога размяшчаўся ў трохпавярховай цаглянай казарме. Па першым часе ўланы, акрамя вайсковых, выконвалі і паліцэйскія функцыі (потым перададзены спецыяльным органам) па прадухіленні антыпольскіх выступленняў і партызаншчыны.


3. Саюз вайсковай моладзі ў Слубудцы. 1935 г.

Да канца 1920-х гг., дзякуючы намаганням ваенных і мясцовых жыхароў, выгляд Кашараў змяніўся. Гарнізон упрыгожылі бэз і кветнікі. На пустках былі пасаджаны гароды, з’явіліся палоскі аўса. Тэрыторыя гарадка па знешнім перыметры была абнесена двухмятровым драўляным плотам.

Ва ўланскай часці дзейнічалі два казіно (зборы) — афіцэрскае і падафіцэрскае, ваенна-гандлёвы кааператыў, чытальні, салдацкія пакоі для адпачынку, спартыўныя пляцоўкі, паласа перашкод, тэнісны корт. У Кашарах хадзіла свая «валюта» — металічныя боны, якія прымаліся ў крамах і казіно.

У гарнізоне працаваў медпункт з невялікім стацыянарам, пякарня, лазня з басейнам і пральня, электрастанцыя і кінатэатр. У 1928 г. у Кашарах адкрыліся паштовае і тэлефоннае аддзяленні (раней існавала толькі ваенная сувязь). Праз гарадок праходзіла вузкакалейка Пружаны — Аранчыцы, па якой рэгулярна хадзіў цягнік. Прыпынак знаходзіўся каля аднаго з жылых дамоў і меў выгляд альтанкі.


4. Ваеннаслужачыя 20-га артылерыйскага палка. 30-я гг.

Адначасова з гарнізонам развівалася невялікая вёска Слабудка (Кашарка), якая прымыкала да яго з паўночнага боку. Яна пачала адраджацца ў 1920-х гг., калі дахаты сталі вяртацца бежанцы і салдаты, — тыя, хто ацалеў у пажарышчы першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Людзі адбудоўвалі хаты, з’яўляліся новыя жыхары, нават адчынілася фотаатэлье. На карце 1930 г. у Слабудцы пазначана 20 двароў.

Многія жыхары працавалі ў гарнізоне, былі звязаны з вайскоўцамі дзелавымі, роднаснымі і сяброўскімі адносінамі. У дакументах 1930-х гг. сустракаюцца імёны слабудчан, якія вялі сельскую гаспадарку, займаліся рамёствамі і гандлем, — Філаненкі, Маслоўскія, Чатырбокі.


5. Палкоўнік Багдан Стахлеўскі

У ваколіцах гарнізона і Слабудкі размяшчаліся хутары і асады (зямля перасяленцаў з Польшчы), якія таксама былі цесна звязаны з Кашарамі. Многія мясцовыя жыхары праходзілі ў гарнізоне вайсковую службу. Прозвішчы некаторых вайскоўцаў данеслі да нас сцены старых будынкаў, на якіх яны былі выдрапаны ў свой час на польскай мове: Ян Сталярчук, Міхал Сахарук, Ал. Астроўскі, Вл. Альшэўскі, Антончык, Малышка, Ратыньскі, Бобель, Адамус, Корган, Савіцкі, Пухальскі, Данільчук, Матвейчук, Кот і інш.

Такім чынам, уладкаванне ваенных адбывалася адначасова са зменамі ў жыцці мясцовых жыхароў. Яно тычылася не толькі быту і гаспадаркі, але і іншых бакоў жыцця. Так, для дзяцей да сямі год была адчынена выхаваўчая ўстанова. Працавала школа з двухгадовым тэрмінам навучання, а потым з’явілася шасцігодка. Дзеці з Кашараў маглі вучыцца ў Пружанскай гімназіі імя А.Міцкевіча. Для іх быў арганізаваны падвоз. У гарнізоннай школе вучыліся не толькі дзеці ваенных, але і сялян. Доўгі час класы размяшчаліся ў адной з казармаў 20-га артпалка, а ў 1939 г. з’явіўся асобны школьны будынак.

Безумоўна, суседства з Кашарамі аказвала ўплыў на мясцовае асяроддзе. Акрамя таго, што слабудскія дзеці наведвалі гарнізонную школу, а іх бацькі працавалі ў ваенным гарадку, існавала культурна-асветніцкае і маральна-выхаваўчае ўздзеянне. Моладзь арганізоўвала аматарскія аркестры, тэатральныя і спеўныя калектывы (у тым ліку з беларускамоўным рэпертуарам). У 1935 г. у Слабудцы існавала аддзяленне Саюза вайсковай моладзі («Kolo Mlodziezy Wojskowej»).


6. Касцёл у Кашарах. 30-я гг. Фото Блазинскага.

Асобна трэба спыніцца на гісторыі 20-га артылерыйскага полка. На яго тэрыторыі таксама існавалі казіно і ваенна-гандлёвы кааператыў, бібліятэкі і спартпляцоўкі. Для вучэнняў былі абсталяваны капаніры, у якіх стаялі гарматы. Заняткі ў працівагазах праводзіліся ў будынку каля складаў 25-га палка і ваенных могілак. Два стрэльбішчы знаходзіліся ў падлеску. На базе палка дзейнічала школа сувязі («Szkola Lacznosci»).

Артылерысты на фоне ўланаў выглядалі не так бліскуча і рамантычна, але ў справе вывучкі ім не саступалі. У палку звярталі ўвагу на верхавую язду і фізічную падрыхтоўку, дзеля чаго быў уладкаваны іпадром. Пружанскія артылерысты часта ўдзельнічалі ў вучэннях і конкурсах. Так, на конных спаборніцтвах падафіцэраў артылерыі 24-25 чэрвеня 1937 г. у Брэсце другое месца ў валоданні халоднай зброяй заняў падафіцэр 20-га артпалка Андрэй Малыха і атрымаў прыз — наручны гадзіннік. Ён жа стаў першым на скачках з перашкодамі, атрымаўшы крыштальны кубак.


7. Польскамоўны надпіс на сцяне. Фота 2012 г.

У вучэбна-баявой інфраструктуры Кашараў вылучаўся вялікі палігон — роўнае поле плошчай 40 гектараў. На ім праходзілі манёўры і пастраенні абодвух палкоў. Палігон таксама выконваў ролю ўзлетна-пасадачнай паласы. Па ўспамінах відавочцаў, у адзін са святочных дзён на гэтым полі былі арганізаваны забаўляльныя палёты для мясцовых дзяцей.

На працягу ўсяго «польскага перыяду» ў Кашарах вялося будаўніцтва.

У сярэдзіне 1930-х гг. у гарнізоне з’явіліся 2 новыя жылыя дамы для сем’яў ваенных, так званыя дамы ФКВ (FKW — «Fundusz Kwaterunku Wojskowego»), адзін з іх — з цэглы мясцовай вытворчасці. Пружанскія будматэрыялы таксама выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні стайняў 3-га эскадрона 25-га палка. Цікавай з’яўлялася казарма 25-га палка ўланаў (былая казарма 38-й артылерыйскай брыгады), пабудаваная з абпаленай цэглы. У «польскі перыяд» яна была накрыта бляхай, а падлога зроблена з паркету.

У будынку з’явіліся туалеты і рукамыйнікі з пліткавым пакрыццём ітaльянскай фірмы «Dol». На першым паверсе каля ўваходу знаходзіліся пошта і цырульня. Там жа — харчовы склад ваеннага кааператыву, майстэрні, дзе працавалі наёмныя рамеснікі, і гаспадарчы эскадрон. Два верхнія паверхі займалі 4 лінейныя эскадроны. Каля казармы была кузня.

Са свідравіны паблізу ад салдацкага клуба («святліцы») помпай з конскім прывадам ваду пераганялі ў рэзервуар на гарышчы казармы. Самацёкам вада паступала ў будынкі роты сувязі і кулямётнага эскадрона, «святліцу», лазню, пральню, стайні і да дома ФКВ.


8. Слабудка. Самадзейны аркестр. Канец 20-х гг.

Казармы 20-га палка артылерыі ўяўлялі сабой аднапавярховыя драўляныя будынкі на цагляным фундаменце са «зручнасцямі» на вуліцы. Нягледзячы на поспехі ва ўладкаванні гарнізона, бытавыя ўмовы пакідалі жадаць лепшага. Жылыя памяшканні і казармы, за выключэннем двух дамоў ФКВ з камфортнымі ўмовамі, былі пабудовы канца ХІХ ст. Дамы мелі апорную канструкцыю з цэглы ў выглядзе слупоў, паміж якімі існавалі прыбудовы з бярвення, абшытыя дошкамі і пафарбаваныя ў бронзавы колер. Унутры памяшканні былі атынкаваныя. У кожным доме размяшчаліся па 4 трохпакаёвыя кватэры: 2 пакоі былі вялікімі, меліся пярэдняя, кухня, прымітыўны туалет і камора. Водаправода не існавала, вада падавалася з калодзежаў з дапамогай ручных помпаў. Жылыя пакоі ацяпляліся кафельнымі печкамі. Каб быць у цяпле зімой, гаспадары загадзя заяўлялі ў кватэрную службу і аплочвалі падвоз вугалю, які грузчыкі складвалі ў склепы пад дамамі. У цагляным доме было 8 двухпакаёвых кватэр з кухнямі, дзе жылі нежанатыя афіцэры. Аднак жылля ў гарнізоне не хапала, таму мясцовыя жыхары часта здавалі пакоі.


9. Камандзір 25-га палка
ўланаў палкоўнік
Вітольд Мараўскі.

Станоўчыя пераўтварэнні ў жыцці гарнізона былі б немагчымымі без людзей, з імем якіх звязана гісторыя Кашараў. Асаблівай увагі патрабуе асоба камандзіра 25-га палка ўланаў палкоўніка Вітольда Мараўскага, прызначанага на пасаду ў 1932 г. Дыпламат і разведчык, арыстакрат В.Мараўскі воляй абставін стаў камандзірам палка ў «глухім кутку крэсаў усходніх». Чалавек, які прывык да іншага жыцця, ён змог стаць душою пружанскіх уланаў. Новы камандзір не злаваўся на лёс, а прымаў удзел ва ўсіх мерапрыемствах, да якіх меў дачыненне полк, падтрымліваў і заахвочваў добрыя вайсковыя традыцыі.

Ніводнае культурнае мерапрыемства ў павятовым цэнтры не абыходзілася без удзелу ўланаў. Яны адгукаліся на дабрачынныя акцыі па падтрымцы адукацыі і культуры. Святы ў горадзе пачыналіся з урачыстага праходжання 25-га палка. «Нашы ўланы» — так жыхары Пружан называлі кавалерыстаў з Кашараў.

Аднак, нягледзячы на сяброўскія адносіны з большасцю афіцэраў, Мараўскі быў строгім камандзірам, чые загады выконваліся без пярэчанняў. Дзейнасць Мараўскага па ўмацаванні дысцыпліны, згуртаванасці і баявой падрыхтоўцы прывяла да таго, што полк стаў лічыцца адной з лепшых кавалерыйскіх адзінак у Польшчы.

Вялікую ўвагу камандзір надаваў адукацыі падначаленых, асабліва веданню замежных моў. З мэтай вывучэння нямецкай мовы пры казіно былі арганізаваны курсы, якія наведвалі не толькі афіцэры, але і іх жонкі. Трэба адзначыць, што Мараўскі для ўладкавання Кашараў выкарыстоўваў не толькі выдаткаваныя дзяржаўныя сродкі, але і дадаваў свае. Пры яго фінансавай падтрымцы ў гарнізоне з’явіўся крыты манеж, які прызнавалі ледзь не лепшым ва ўсёй дзяржаве.

Дзякуючы В.Мараўскаму і палкавому капелану маёру У.Малаўскаму ў Кашарах узвялі касцёл. Да гэтага каталіцкі храм існаваў у будынку праваслаўнай царквы, пераробленай ў 1920-я гг. пры капелане 20-га артпалка Бутрымовічы. Пасля з’яўлення касцёла ранейшы будынак вярнулі праваслаўным.


10. Палкавы капелан
Уладзіслаў Малаўскі.

Трэба адзначыць, што нацыянальны і рэлігійны склад кашарскіх палкоў быў неаднародным. Разам з палякамі службу неслі беларусы, украінцы, яўрэі. Напрыклад, беларусамі з’яўляліся сын праваслаўнага святара з Пружан ад’ютант камандзіра 25-га палка паручнік У. Пілінкевіч, сяржант 20-га артпалка А.Малыха. Ва ўланскім палку, па розных звестках, служылі больш за 120 беларусаў.

Аднак гісторыя ўнесла свае карэктывы ў жыццё Кашараў і Слабудкі. З пачатку 1930-х гг. вялікі ўплыў на Еўропу стала аказваць фашысцкая Германія. Агрэсіўныя памкненні Гітлера непакоілі многіх еўрапейскіх палітыкаў, але аказаць яму дастойнае супраціўленне яны не змаглі. Падначаліўшы сабе частку Еўропы, захопніцкія планы нацыстаў толькі разрасталіся.

З мэтай арганізацыі абароны на выпадак вайны з Германіяй узброеныя сілы Польшчы з вясны 1939 г. сталі рыхтавацца асабліва актыўна. 23 сакавіка 1939 г. 25-ы ўланскі і 20-ы артылерыйскі палкі ў Кашарах былі прыведзены ў баявую гатоўнасць і рушылі ў заходнім накірунку. Назад яны не вярнуліся. 1 верасня 1939 г. з нападу на Польшчу пачалася другая сусветная вайна.

ППружанскія палкі ў бітвах з захопнікамі змагаліся мужна, аднак большая часка іх воінаў загінула ці трапіла ў палон. У руках фашыстаў аказаўся палкоўнік В. Мараўскі. Спачатку ён знаходзіўся ў нямецкім шпіталі ў Кракаве, а потым быў адпраўлены ў канцлагер. Там ён стварыў падпольную антыфашысцкую арганізацыю, хутка выкрытую гітлераўцамі. Мараўскі з паплечнікамі быў пакараны смерцю. У верасні 1939 г. на ўкраінска-венгерскай мяжы ў баях з фашыстамі загінуў і апошні камандзір кашарскіх уланаў палкоўнік Багдан Стахлеўскі (ўзначальваў 25-ы полк з 1937 г.).

Большасць сем’яў афіцэраў і падафіцэраў да восені 1939 г. заставалася ў Кашарах. Аднак 17 верасня Чырвоная армія пачала паход на Захад, увайшоўшы на тэрыторыю Польшчы, што было рэалізацыяй сакрэтнага савецка-германскага дагавора аб раздзеле сфер уплыву ў Еўропе. Сем’і польскіх вайскоўцаў змаглі пакінуць гарнізон. Як успамінаюць мясцовыя жыхары, 17-18 верасня жонкі афіцэраў хадзілі па хатах і прадавалі вяскоўцам амаль за бясцэнак розныя рэчы, некаторым нават удалося прадаць свае дамы. Разам з імі з’ехалі палякі і беларусы, якія не хацелі жыць «пад Саветамі». 19 верасня 1939 г. у Кашарах ужо стаялі часці Чырвонай арміі. З восені 1939 г. Заходняя Беларусь увайшла ў склад Савецкай Беларусі і СССР.

Гісторыю жыцця Кашараў у міжваенны перыяд удалося аднавіць, дзякуючы польскім ваенным часопісам, кнізе ветэрана ўланскага палка Я.Блазінскага «Z dejow kawalerii II Rzechy Pospolitej. Los 25 Pulku ulanow Wielkоpolskih», аповедам мясцовых жыхароў і матэрыялам з асабістых архіваў аўтараў, жыхароў Пружаншчыны і музея-сядзібы «Пружанскі палацык».

 

4. Першыя саветы

Верасень 1939г. поўнасцю змяніў жыццё на былых «крэсах усходніх». Для многіх ён стаў ракавым, а для іншых прынёс спадзяванне на лепшую долю. «Першыя Саветы» — менавіта так пазней назвалі перыяд 1939-1941 гг. жыхары заходніх раёнаў Беларусі.


1. Від на Слабудку і школу з боку Аранчыц.
Фота 1939-40 гг.

Новае жыццё прыйшло ў Кашары. 19 верасня 1939 г., праз два дні пасля пачатку «вызваленчага паходу» Чырвонай арміі на Захад, яе часці ўвайшлі ў ваенны гарадок. Але старажылы расказваюць, што за некалькі дзён да прыходу Саветаў у Слабудцы з’явіліся немцы (факт пацвярджаюць іншыя жыхары Пружаншчыны). Яны рухаліся са зброяй на бліскучых матацыклах і аўтамашынах, былі чыста апрануты, вялі сябе прыстойна. Многія спыняліся, прасілі вады, раздавалі суп і шакалад, у размовах гаварылі, што «мы хутка з’едзем, а за намі прыдуць рускія».

Сапраўды, немцаў змянілі «рускія» (для мясцовых людзей словы «рускі» і «савецкі» былі сінонімамі). Ва ўспамінах вяскоўцаў Чырвоная армія пакінула след не толькі дзейнасцю, але і выглядам. Сведчанні аб ёй можна падзяліць на пазітыўныя («чакалі вызваліцеляў», «сустракалі хлебам-соллю», «неслі кветкі і рабілі з іх брамы», «надзявалі чырвоныя банты») і негатыўныя («рускіх ніхто не чакаў», «новую ўладу баяліся», «прыйшла галота»). Здзіўленне выклікаў знешні выгляд воінаў: «салдаты былі на малых конях, абарваныя, у бруднай форме», «ад чырвонаармейцаў дрэнна пахла, яны былі ў абмотках, худыя і галодныя», «са зброі былі вінтоўкі на вяроўках». Афіцэры, наадварот, вылучаліся добрай вопраткай і дысцыплінай.


1. Танкіст са Слабудкі —
Гамолаў Аляксандр. 1941 г.

Слабудчане сцвярджаюць, што першымі ў гарадок увайшлі артылерысты. Ледзь жывыя коні цягнулі пашарпаныя гарматы і вазы «з нейкімі клункамі». Многія вайскоўцы прыехалі з жонкамі і сяброўкамі. Сярод іх былі розныя людзі, у тым ліку тыя, што вялі сябе як «гаспадары жыцця»: самавольна займалі пакоі, адбіралі маёмасць, разбіралі будынкі для патрэб «савецкай улады», пагражаючы раскулачваннем і «высылкай у Сібір». Праўда, хутка самаўпраўства спынілася.

Але здзіўляліся не толькі вяскоўцы. Адкрыццём для чырвонаармейцаў, якія прыйшлі «вызваляць братоў-беларусаў ад паноў», стала наяўнасць у людзей уласнай гаспадаркі, ежа на стале, добрае адзенне, падлога ў хатах. Незабыўнае ўражанне выклікала з’яўленне ў гарадку вясковай моладзі ў касцюмах і на веласіпедах. «Што гэта за паны тут у вас свабодна раз’язджаюць?» — пыталі салдаты. А мясцовыя дзяўчаты не хавалі ўсмешкі, калі ўбачылі, што іх збіраюцца частаваць у кафэ за сталом без абруса, паставіўшы на яго звычайныя шклянкі і жалезны чайнік. Розніца паміж «вызваліцелямі» і «вызваленымі» была відавочнай нават у дробязях.

Такім чынам, з 1939 г. у Кашарах сталі ўладкоўвацца савецкія часці. Вядома, што ў жніўні 1940 г. тут размясцілася 32-я танкавая брыгада, перакінутая з прыбалтыйскага накірунку. У сакавіку 1941 г. яе перафарміравалі ў 30-ю танкавую дывізію пад камандаваннем палкоўніка С.І.Багданава. Непасрэдна ў Кашарах у перадваенны час знаходзіліся: штаб дывізіі, два танкавыя палкі, мотастралковы і гаўбічны артылерыйскі палкі, асобны зенітны артылерыйскі дывізіён, батальёны — разведвальны, пантонны, сувязі, медыка-санітарны, аўтатранспартны, рамонтна-аднаўленчы. У склад дывізіі ўваходзіла рота рэгулявання і палявы аўтахлебазавод. Існавала школа радыстаў. З-за недахопу тэрыторыі частка асабовага саставу і тэхнікі знаходзіліся каля вёсак Лінова і Чахец. На ўзбраенні дывізіі меліся 174 танкі старой мадэлі Т-26 з тонкай бранёй і 45-міліметровымі гарматамі.


2. Сустрэча з чырвоным камандзірам у Гараднянах.
1940-1941 гг.

У ліпені 1940 г. пасля заканчэння вайны з Фінляндыяй у Слабудку перавялі 44-ы стралковы і 472-і лёгкі артылерыйскі палкі, а ў Аранчыцы — 3-і медыка-санітарны батальён 42-й стралковай дывізіі (штаб знаходзіўся ў Бярозе-Картузскай). У красавіку 1941 г. яны перадыслацыраваліся ў Брэсцкую крэпасць.

Менавіта ў 44-м палку служылі будучыя абаронцы цытадэлі над Бугам. Сярод іх — П.П.Кацельнікаў, чый вобраз стаў прыкладам для ўвасаблення на экране Сашы Аксёнава — галоўнага героя кінастужкі «Брэсцкая крэпасць». У 1940 годзе некалькі хлопцаў, якія выхоўваліся ў дзіцячым доме каля Растова-на-Доне і гралі ў духавым аркестры, былі адабраны лейтэнантам В.Ушаковым у музычны ўзвод 44-га стралковага палка. Так Пеця Кацельнікаў разам з Валодзем Казьміным, Валодзем Ізмайлавым, Уласам Данцовым і Сцяпанам Аксёнавым сталі «сынамі палка». Службу яны пачалі «ў ваенным гарадку Слабудка пад Пружанамі». Юныя музыканты жылі ў казарме і вучыліся ў мясцовай школе.


5. Пеця Кацельнікаў.
Фота 30-я гг.

Захаваліся ўспаміны П.Кацельнікава пра баі ў крэпасці і яе змагарах, у тым ліку пра камандзіра палка маёра П.Гаўрылава: «Памятаю самую першую сустрэчу з ім. Гэта было ў 1940 годзе ў Слабудцы пад Пружанамі, дзе знаходзіўся полк. Як толькі мяне і яшчэ некалькіх хлопцаў прынялі ў выхаванцы музычнага ўзвода, Гаўрылаў прыязджаў пацікавіцца, як нас размясцілі». Дзецям пашылі форму з зялёнымі пятліцамі, рацыён узмацнілі хатнім малаком. Хлопчыкі наведвалі школу, займаліся музыкай, дзяжурылі сігнальшчыкамі, вывучалі зброю, маршыравалі.

Па звестках П.Кацельнікава, «вясной 1941 г. Слабудка пачала пусцець. Полк паціху пераязджаў у Брэст». Але хлопцы-музыканты засталіся ў гарадку, каб закончыць вучэбны год. З імі заставаўся радавы Бялоў. У маі 1941 г. па вузкакалейцы яны дабраліся да Аранчыц, а потым па чыгунцы да Брэста ў асноўнае месца дыслакацыі палка ў крэпасці.

Акрамя ўзгаданых вайсковых адзінак, у Слабудцы знаходзіўся штат асобага аддзела Народнага камісарыяту ўнутраных спраў (НКУС), які займаўся выкрыццём «ворагаў народа».

Трэба адзначыць, што савецкія часці атрымалі «ў спадчыну» развітую інфраструктуру, якая захавалася ад папярэдняга гарнізона. Аднак галоўнай праблемай заставалася вялікая колькасць войскаў на абмежаванай тэрыторыі. Не хапала жылля для афіцэраў, казармаў, сховішчаў. Таму, акрамя гарнізона, часці знаходзіліся ў яго ваколіцах. У раёне ранейшага палігона каля лесу былі ўладкаваны палявыя паркі для тэхнікі і спецыяльныя зямлянкі для асабовага саставу дывізіі. Многія афіцэры размясціліся на пастой у вёсках і на хутарах. Нязручнасці ў гарнізоне ўзнікалі з-за пастаяннага недахопу вады. Таму ў 1941 г. у Кашарах пачалі бурыць свідравіны пад кіраўніцтвам майстра з Бярозы І.Разанава.

Будаўніцтва пры «першых Саветах» не мела такога размаху, як у ранейшыя часы. Але змены адбыліся. У 1939 г. разабралі праваслаўную Мікалаеўскую царкву (з 1940-х гг. слабудчане ўзгадваюцца ў дакументах як прыхаджане сабора Аляксандра Неўскага ў Пружанах), касцёл прыстасавалі пад Дом культуры.

Нягледзячы на розніцу паміж выхаванымі ў марксісцка-ленінскай ідэалогіі грамадзянамі СССР і мясцовымі жыхарамі, якія толькі далучаліся да камуністычных каштоўнасцей, паміж імі завязвалася сяброўства, узнікалі сем’і. Моладзь са Слабудкі, Гараднян, Сланімцоў, Палоннага наведвалася на танцы і мерапрыемствы ў Доме культуры. Папулярнасцю карысталіся савецкія кінастужкі, якія дэманстравалі рэгулярна. За шашой насупраць гарадка з’явілася новая школа, дзе восенню 1939 г. пачаліся заняткі на ўкраінскай мове (потым — беларускай і рускай). У гарнізоне працавалі пошта і аддзяленне Дзяржбанка. Усё гэта стала прыкметамі саветызацыі Заходняй Беларусі, разам з калектывізацыяй, рэпрэсіямі, выкараненнем прыватнікаў.


3. Танкісты з Лінова 1939-41 гг.

Назва ваеннага гарадка таксама змянілася. Слова «Кашары» службоўцы перайначылі на «Кашарку». Аднак на армейскіх тапаграфічных картах ужывалася назва «Казармы». Трэба адзначыць, што ў большасці дакументаў месцам дыслакацыі 30-й танкавай дывізіі і 44-га стралковага палка ўказваліся Пружаны. Для многіх гэтыя населеныя пункты ў той час былі непадзельныя.

Неацэннай крыніцай па гісторыі ваеннага гарадка на месцы сучаснай Слабудкі з’яўляюцца сведчанні яе жыхароў і тых, хто служыў тут. Захаваліся ўспаміны стралка-радыста 60-га танкавага палка 30-й танкавай дывізіі С.З.Шпілявога, якія даюць агульнае ўяўленне аб гарнізоне ў перадваенны час: «Кашарка — так называўся ваенны гарадок, размешчаны недалёка ад Пружан. Летам гарадок патанаў у зеляніне. Пад купчастымі шатамі дрэваў стройнымі радамі стаялі салдацкія казармы, у баку былі бачны цагляныя дамы, у якіх жылі сем’і камсаставу. У салдацкіх казармах — звычайная армейская абстаноўка: жалезныя ложкі, запраўленыя шэрымі коўдрамі, паміж імі — тумбачкі з небагатым скарбам танкістаў, каля ўваходу — стол, пастаяннае месца днявальнага, недалёка піраміда з асабістай зброяй салдат і малодшых камандзіраў. На тэрыторыі гарадка — прыстойны Дом культуры, сталоўкі, крамы. Да Пружан пракладзена вузкакалейка, па якой хадзіў маленькі паравозік з некалькімі вагончыкамі. Расклад быў вядомы аднаму Богу і машыністу, які мог спыніць цягнік каля любога хутара, зайсці да знаёмай, выпіць паўзбана малака, вярнуцца і ехаць далей…

Жыццё танкістаў было напружаным. Увесь час — баявая і палітычная падрыхтоўка. Салдаты вывучалі матэрыяльную частку танкаў, радыёсправу, тапаграфію. Шмат часу ішло на практыкаванні: кіраванне танкам па дарогах і бездарожжы, стрэльбы з кулямётаў і гармат — з ходу і кароткіх прыпынкаў, па нерухомых і рухомых цэлях. У перадваенны час сталі часта аб’яўляць баявыя трывогі, скараціліся адпачынкі, затрымлівалася звальненне ў запас старэйшых узростаў, якія адслужылі патрэбны тэрмін. У лістах дадому байцы не так упэўнена пісалі аб хуткім вяртанні дамоў…».

Сапраўды, многія вайскоўцы з Кашаркі так і не вярнуліся дамоў — яны загінулі ў першыя гадзіны і дні Вялікай Айчыннай вайны. Ужо 23 чэрвеня 1941 г. у Кашарку ўвайшлі нямецкія часці. Так закончыліся год і дзевяць месяцаў знаходжання «першых Саветаў».

 

5. Пасляваеннае дзесяцігоддзе

Пасля вызвалення ад немцаў у гарадку былі размешчаны ваенныя шпіталі. Першыя з’явіліся ў Слабудцы 1 жніўня 1944 г. Гэта былі перасоўны палявы хірургічны (№5150) і эвакуацыйны (№3568). На працягу жніўня-верасня 1944 г. прыбылі яшчэ 8 шпіталяў (лёгка параненых і эвакуацыйныя).

Параненых было многа. Іх прывозілі з фронту, які рухаўся на захад, і дастаўлялі ў Слабудку з чыгуначнай станцыі Аранчыцы. Такім чынам, гарнізон ператварыўся ў вялікі медыцынскі гарадок. Медыкам не ўдавалася ратаваць усіх пакалечаных, была высокая смяротнасць, асабліва зімой 1944-1945 гг.


1. Ваеннаслужачыя 64-га танкава-самаходнага палка ў Слабудцы.
50-я гг.

Памерлых ад ран чырвонаармейцаў хавалі на ўсходняй ускраіне гарадка — на старых могілках і на невялікім ўзвышшы ў брацкіх магілах. Як успамінаюць старажылы, пахаванні адбываліся штодня. Хавалі адразу па некалькі чалавек, загортваючы ў казённыя прасціны. У сярэдзіне 1950-х гг. «шпітальныя» пахаванні былі ўпарадкаваны, праводзіліся некаторыя работы па эксгумацыі астанкаў савецкіх салдат, а потым была зроблена мемарыяльная брацкая магіла з пастаментам і выявай танка з дрэва.


5. Малодшы камандны састаў 148-га
стралковага палка на палітзанятках.
У цэнтры — старшына М.Я.Бацэнка.
Слабудка, 1950 г.

Санітаркамі ў шпіталях працавалі жанчыны і дзяўчаты са Слабудкі, Гараднян, Палоннага, Альшан, Сланімцоў, Семянчы. Некаторыя працягвалі працу пасля пераводу медустаноў услед за перадавой і дайшлі да Берліна. Адным з першых 1 верасня 1944 г. за наступаючымі савецкімі войскамі рушыў перасоўны палявы хірургічны шпіталь, а ў сакавіку 1945 г. — пяць эвакуацыйных. Яшчэ два пакінулі гарадок 9 мая 1945 г. Эвакашпіталь № 1295 заставаўся ў «Кашарцы» да 25 верасня 1945 г.

Як успамінаўюць вяскоўцы, разам са шпіталямі некаторы час у Слабудцы знаходзіліся «штрафнікі» — падраздзяленні з ваенных, асуджаных за розныя злачынствы. На шчасце, яны прабылі ў Слабудцы нядоўга, пакінуўшы нядобрую памяць: займаліся марадзёрствам, пагражалі зброяй.

Адначасова з вызваленнем раёна ад фашыстаў пачаўся набор мужчын прызыўнога ўзросту ў Чырвоную армію. Адправіліся на фронт жыхары гарнізонных ваколіц. Ваявалі годна. Хтосьці склаў галаву ў баях з ворагам, іншыя вярнуліся з баявымі ўзнагародамі і раненнямі.

Акрамя шпіталяў, у Слабудцы былі іншыя часці, якія працавалі на патрэбы фронту. Так, у 1945 г. з глыбокага тылу прыбыў 64-ы акруговы завод па рамонту рухавікоў, які быў больш вядомы сярод мясцовых людзей пад назвай «Рамбаза». Завод знаходзіўся ў паўднёва-заходняй частцы гарадка, дзе ў час акупацыі былі нямецкія рамонтныя майстэрні. На «Рамбазу» паступала пашкоджаная ў баях тэхніка. Пры заводзе дзейнічала ФЗВ (фабрычна-заводскае вучылішча). «Рамбаза» існавала ў гарнізоне да 1950-х гг., а потым была пераведзена. На яе месца прыбыў батальён сувязі з Прыбалтыйскай ваеннай акругі.


3. Развод каравула 148-га гвардзейскага стралковага палка.
Слабудка, 1947 г.

Пасля заканчэння вайны ў гарадку ізноў пасяліліся ваенныя. На рубяжы 1945-1946 гг. з Прыбалтыкі ў Пружаны перадыслацыравалі 29-ю танкавую дывізію. Яе палкі размясціліся ў «Кашарцы». У гарнізоне было цесна. Як і ў папярэднія часы, частка афіцэраў стала кватаравацца ў сялян.

Аднаўленне мірнага жыцця, наяўнасць вялікай колькасці ваеннай моладзі садзейнічалі адраджэнню Слабудкі. У гарадку завіравала жыццё, паміж мясцовымі жыхарамі (у першую чаргу, дзяўчатамі) і вайскоўцамі сталі завязвацца цёплыя адносіны, пачаліся вяселлі.

Аднак танкісты прабылі каля Пружан нядоўга. Справа ў тым, што ў 1945-1947 гг. пачаўся працэс перафарміравання і скарачэння войскаў. У пачатку 1947 г. 29-я танкавая дывізія была пераведзена ў Слуцк. А са Слуцка ў Брэст — 50-я гвардзейская стралковая дывізія 28-й арміі. Некалькі яе палкоў былі ўладкаваны ў «Кашарцы» — гэта 148-ы стралковы, 119-ы артылерыйскі, 58-ы асобны самаходна-артылерыйскі дывізіён, 69-ы танкава-самаходны полк (на ўзбраенні танкі Т-34 і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі), медыка-санітарны батальён. У асноўным гэта былі часці, якія ў 1944 г. вызвалялі Пружаншчыну. Службу ў гарадку праходзілі выхадцы з розных рэгіёнаў СССР, многія не ведалі рускую мову. Таму адначасова з вайсковай справай яны вучыліся грамаце. Трэба адзначыць, што ваенных выкарыстоўвалі як педагогаў і прапагандыстаў савецка-калгаснага ладу. Яны выступалі ў вёсках з лекцыямі, палітінфармацыямі, нумарамі мастацкай самадзейнасці, куплялі кнігі для хатаў-чытальняў (напрыклад, у Чахец).


4. Танкісты ў вольны час. Слабудка.
50-я годы.

148-ы стралковы полк заняў трохпавярховую «Чырвоную казарму», у якой пры Польшчы кватараваў уланскі полк. 119-ы артылерыйскі змясціўся ў казармах былога польскага артпалка ў паўночнай частцы гарнізона. Танкісты 69-га палка сталі на паўднёва-ўсходняй ускраіне — бліжэй да палігона. Медсанбат уладкаваўся ў заходняй частцы каля шашы Пружаны — Запруды. Акрамя таго, у Слабудцы з’явілася пажарная каманда, дзе працавалі мясцовыя жыхары. На тэрыторыі гарнізона таксама знаходзілася кватэрна-эксплуатацыйная часць (КЭЧ) і кіраўніцтва «Ваенгандлю». Працавала паштовае аддзяленне з назвай «Кашарка». У жылой зоне дзейнічаў невялікі цэх па вырабе і разліве «сельтэрскай» вады, якая паступала з артэзіянскай свідравіны. Працавалі пякарня, лазня, пральня і інш.

Нягледзячы на выгнанне фашыстаў і пачатак аднаўленчага перыяду, пасляваенныя гады нельга было назваць спакойнымі. Як успамінаюць мясцовыя жыхары, у навакольных лясах развялася вялікая колькасць звяроў, асабліва пакутавалі ад ваўкоў. Вяскоўцы вымушаны былі хадзіць на працу з факеламі — бывалі выпадкі нападзення на людзей, забойствы хатняй жывёлы.


2. У «Шанхаі» каля скульптуры «Два байцы». Фота 1957-1959 гг.

Да таго ж у раёне знайшлі прытулак некалькі банд з крымінальных элементаў, былых гітлераўскіх памагатых, праціўнікаў савецкага ладу. Яны наведваліся ў вёскі, рабавалі, забівалі актывістаў і ваенных. Напрыклад, у 1947 г. бандыты расстралялі машыну фельд’егерскай паштовай сувязі. Загінуўшыя былі пахаваны на гарнізонных могілках. Крымінальная сітуацыя абвастралася, таму для барацьбы са злачынцамі сталі далучаць асабовы састаў гарнізона.

4-7 студзеня 1949 г. спецыяльна адабраныя служачыя 148-га стралковага палка (каля 20 чалавек) і прадстаўнікі Камітэта дзяржбяспекі з Пружан знішчылі адну з банд.

Удзельнік падзей М.Я.Бацэнка ўспамінае: «Па трывозе нас вывелі на шашу Пружаны — Аранчыцы і пагрузілі ў аўтамашыну. За Ліновам мы ўзялі правадніка (укаранёнага ў банду чэкіста) і рушылі ва ўрочышча Тураса. Праваднік паказаў два востравы, дзе хаваліся бандыты, і мы ў поўнай цішыні сталі акружаць іх. Толькі тут нас папярэдзілі, што на балоце хаваецца банда. Выпусцілі сігнальную ракету — пачаўся бой. Карчы прашывалі аўтаматныя чэргі, чуўся тупат і трэск. Цяжка было зразумець, дзе свае, а дзе ворагі. Дасягнуўшы вострава, мы ўбачылі, што нікога няма, — бандыты ўцяклі ў лес. Сталі ісці ланцугом. Першай убачылі забітую жанчыну — яна аказалася жонкай кіраўніка банды. Лагер уяўляў сабой два вялікія буданы пасярод зараснікаў лазы, накрытыя тоўстым пластом сена. Унутры таксама было сена, зверху — пярыны, коўдры, кажухі. У адным будане знаходзілася 3 мяшкі мануфактуры, 30-літровая бочка з мёдам, другая — з салам, мука, адэкалон, бутлі самагону. Паміж буданамі было вогнішча. Мая рота засталася ахоўваць лагер, а астатнія кінуліся наўздагон уцекачам. Пасля таго, як прыбылі эксперты, знойдзеныя рэчы і цела забітай жанчыны паклалі ў машыну, мы спалілі буданы і адправіліся праследаваць злачынцаў. Двое сутак спатрэбілася, каб іх злавіць. Пазней мы даведаліся, што банда прыйшла пад Лінова з Маларыцкіх лясоў, дзе яе большая частка была знішчана. Тут да яе прымкнулі былыя паліцаі, дэзерціры і ўласаўцы».

Мірнае жыццё ўладкоўвалася паступова. У былым казіно польскіх артылерыстаў адчыніўся дзіцячы садок, першай загадчычай якога стала жонка камандзіра 148-га стралковага палка. Аднавіў работу гарнізонны Дом культуры. У ім кожныя выхадныя ладзіліся танцы, канцэрты, кінасеансы. На стадыёне арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы. У ранейшым будынку за шашой аднавіла работу рускамоўная школа, якая стала называцца «Ваенна-Слабадская». Як успамінаюць былыя вучні, у той час сярод настаўнікаў было наладжана дзяжурства. Раніцай яны сустракалі дзяцей, а пасля заняткаў адводзілі да КПП, перавёўшы праз дарогу Пружаны — Запруды.

У гэтым жа будынку знаходзілася вячэрняя школа для працоўнай моладзі.

«Нягледзячы на цяжкасці, нам, дзецям, жылося цікава і весела, — апавядае Н.Ф.Краўчук. — Раніцай усё наваколле будзілі бадзёрыя гукі радыё ў гарнізоне. Накіроўваючыся праз гарадок у школу, мы сустракалі салдат, якія строем з песнямі ішлі ў сталоўку, прыладжваліся да іх збоку, маршыравалі і таксама спявалі.

…У кожнай вайсковай часці быў свой клуб, таму у выхадныя, калі паказвалі кіно і ладзілі танцы, бегалі з аднаго ў другі, каб убачыць усё самае цікавае, але ў выніку атрымлівалася, што нічога толкам не бачылі.

…Кожны дзень у часцях была вучоба. Часта па некалькі вайскоўцаў з радыёстанцыяй (напэўна, сувязісты) хадзілі на заняткі ў лес. Зрэдку яны прыходзілі на наш хутар і з дазволу маці размяшчаліся ў хаце, раскладваючы на стале свае прыстасаванні і нешта адстукваючы амаль цэлы дзень. На іх дзеянні мы глядзелі з захапленнем. Якое ж гэта было шчасце, калі нам дазвалялася надзець навушнікі і паслухаць, як у іх нешта пішчыць!».

Як і ў папярэднія часы, нявырашанай заставалася жыллёвая праблема. Сем’і ваенных жылі на кватэрах ці ў старых будынках дарэвалюцыйнага часу, у тым ліку ў былых стайнях без зручнасцяў. У большасці кватэр у 1950-1953 гг. быў праведзены рамонт сіламі будаўнічай брыгады, набранай з мясцовых жыхароў. Ураджэнка гэтых мясцін В.Ф.Курбатава, якая працавала ў брыгадзе, успамінае: «Тагачасная Слабудка зусім не была падобная да сучаснай. Зараз ад яе амаль нічога не засталося. Раней гарадок упрыгожвалі цагляныя будынкі, газоны і кветкі, уздоўж вуліц раслі дрэвы — таполі, ліпы, бярозы. Вакол быў парадак. Разам з бацькам, які цяслярыў, я працавала ў будаўнічай брыгадзе. Мы рабілі рамонты ў кватэрах камандзірскага саставу (дарэчы, не толькі ў Слабудцы, але і ў Слоніме). Ледзь не кожны дзень, ідучы на работу, я заходзіла на могілкі каля дарогі, дзе былі пахаваны вяскоўцы, у тым ліку мая цётка. Сёння, наведаўшы родныя мясціны, я не ўбачыла ніводнага помніка, ніводнай магілы, а па тэрыторыі былых могілак нібыта хто на танках паездзіў».

Для вырашэння жыллёвай праблемы ў 1956 г. на выдзеленыя камандаваннем Беларускай ваеннай акругі сродкі на паўднёва-заходняй ускраіне гарадка на пустках уздоўж шашы былі пабудаваны 15 аднапавярховых тыпавых цагляных дамоў. Гэта частка гарнізона спачатку атрымала «народную» назву «Пербягубаўка» — ад прозвішча начальніка тылу 148-га палка падпалкоўніка Пербягубава, які ўзначальваў будоўлю. Праз некаторы час гэтае імя забылася і з лёгкай рукі нейкага жартаўніка яе пачалі называць «Шанхай». На ўездзе ў гэты пасёлак каля шашы была ўсталявана скульптурная група «Два байцы».


Настаўнікі Ваенна-Слабадской школы,
1948-1949 навучальны год.

У канцы 1950-х гг. быў пабудаваны новы двухпавярховы жылы дом каля «элітнага» (трохпавярховага) дома «польскага часу», у якім жыло камандаванне. У Слабудцы з’явілася новая аўтаномная электрастанцыя, дзе ўсталявалі магутны дызельны агрэгат. Ваеннымі пастаянна звярталася ўвага на знешні выгляд гарнізона: высаджваліся маладыя дрэўцы, падтрымліваліся парадак і чысціня ў часцях і жылой зоне. Прывабны выгляд набыло невялікае возера за Домам культуры — «Маргар’ян». Такую цікавую назву яно атрымала ад прозвішча салдата, які ледзь у ім не патануў. Гэта назва замацавалася за вадаёмам да сённяшняга часу, праўда, возера ўжо фактычна няма — яно забруджана.

У 1950-я гг. ваеннаслужачыя гарнізона ў Слабудцы разам з іншымі часцямі Савецкай арміі былі ўдзельнікамі падзей, якія з’яўляліся праявамі палітыкі «халоднай вайны». Так, у верасні 1954 г. 50-я гвардзейская дывізія, у тым ліку 69-ы танкавы полк, прынялі ўдзел у вучэннях на Тоцкім палігоне пад Арэнбургам, дзе вяліся выпрабаванні ядзернай зброі. У кастрычніку 1956 г. гарнізон паднялі па баявой трывозе і накіравалі ў бок Брэста. Гэта было звязана з «будапешцкай восенню» — антыкамуністычным паўстаннем у Венгрыі. У яго падаўленні павінна была ўдзельнічаць 50-я дывізія. Аднак венгерскія падзеі хутка завяршыліся, і войскі вярнуліся на месцы пастаяннай дыслакацыі.

Больш за дзесяць гадоў знаходзіліся ў Слабудцы часці 50-й гвардзейскай дывізіі. У 1960 г. пяхота, танкісты і артылерыя перабазіраваліся з ваеннага гарадка пад Пружанамі ў іншыя месцы.

 

6. Ракетны гарнізон

Летам 1966 г. з групы савецкіх войск у Германіі ў ваенны гарадок Слабодка была пераведзена 233-я Свірская ордэна Багдана Хмяльніцкага ракетная брыгада, якая ўвайшла ў склад 28-й агульнавайскавой арміі (штаб у г.Гродна). Яна складалася з трох асобных ракетных дывізіёнаў — 15-га, 16-га і 33-га. Кожны з іх меў свой сцяг, пячатку і лічыўся асобнай вайсковай часцю ў складзе злучэння. На ўзбраенні брыгады былі ракеты Р-11 з дальнасцю палёту 270 км.

Ветэран ракетнай брыгады прапаршчык М.С.Чарных успамінае аб пачатку размяшчэння каля Пружан: «Мы прыбылі ў разбуранае, як пасля жорсткіх баёў, мястэчка Слабудка (застаўся некаторы беспарадак ад папярэдніх службоўцаў, да таго ж ваенныя, выведзеныя з Германіі, параўноўвалі папярэднія ўмовы службы з новымі, не камфортнымі — Заўв. аўтараў), дзе да гэтага быў вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы малодшых спецыялістаў РВСП. На новым месцы дыслакацыі стаяла трохпавярховая цагляная казарма пабудовы царскіх часоў, салдацкая сталоўка, некалькі складскіх памяшканняў, цагляных двухпавярховых дамоў і драўляных баракаў для сем’яў афіцэраў. Усе яны патрабавалі рамонту. Акрамя таго, неабходна было нанова пабудаваць шэраг памяшканняў і сховішчаў для тэхнікі. На ўсё лета і восень 1966 г. брыгада ператварылася ў строга арганізаваную будаўнічую каманду».


1. Сцяганосцы 233-й ракетнай брыгады каля помніка ў Слабудцы.
80-я гг.

На самой справе стан «будаўнічай каманды» зацягнуўся на доўгі тэрмін. За той час, што існаваў ваенны гарадок, а гэта больш за 70 гадоў, ён перажыў некалькі войнаў і мноства «гаспадароў». Яго інфраструктура не адпавядала патрабаванням часу. Печкавае ацяпленне, адсутнасць уладкаваных туалетаў і вада з калонак выглядалі анахранізмам нават у вачах не вельмі спешчаных дабротамі ваенных. М.Я.Заікіна, якая з мужам — служачым батальёна сувязі — жыла ў Слабудцы ў 1969-1971 гг., так апісвае ўмовы жыцця: «У нашым бараку, пабудаваным з дрэва, жыло некалькі сем’яў. Мы займалі аднапакаёвую кватэру з вузкай выцягнутай у даўжыню цёмнай кухняй. Вады не было, яе насілі ад калонкі і падагравалі на пліце. Жыхары карысталіся «зручнасцямі на вуліцы». Каля высокага плоту стаяў невялікі хлеў, дзе захоўвалі дровы для печкі. У пакоі было цёмна і вільготна, дзённае святло пранікала скрозь маленькае акно».

Безумоўна, час патрабаваў змен. Разам з уладкаваннем годнага быту ваенных неабходна было клапаціцца аб гаспадарчым забеспячэнні, таму што брыгада была ўзброена сучаснай дарагой тэхнікай, якой патрабаваліся асаблівыя умовы захоўвання, абслугоўвання і эксплуатацыі.

У час знаходжання ў Слабуд цы 233-й ракетнай брыгады адбылася сур’ёзная рэканструкцыя гарадка, і яго знешні выгляд поўнасцю змяніўся. Асноўныя будаўнічыя работы праводзіліся пад камандаваннем падпалкоўніка В.Ф.Мажаева — камандзіра брыгады з 1971 года. Вялікую падтрымку аказала камандаванне акругі на чале з генерал-палкоўнікам І.М.Траццяком, які неаднаразова наведваў гарнізон і ведаў яго праблемы. Для ўладкавання гарадка былі выдаткаваны сродкі на ўзвядзенне чатырох пяціпавярховых панэльных дамоў для сем’яў ваенных, штаба брыгады, чатырохпавярховай казармы, салдацкай сталоўкі, спартыўнай залы, каравульнага памяшкання з гаўптвахтай, сховішчаў для тэхнікі і баявога запасу ракет, кацельні, складу паліўна-змазачных матэрыялаў (ПЗМ), пунктаў обслугоўвання аўтамабіляў і спецтэхнікі, дапаможнай гаспадаркі.


2. . Баявыя сцягі 233-й ракетнай брыгады.
На чале калоны — У.Ю.Дадзіёмаў.
Фота пач. 80-х гг.

Работы ішлі пяць гадоў. Змяненні таксама адбыліся ва ўладкаванні іншых часцей гарнізона — батальёне сувязі акруговага падначалення, асобным разведвальна-артылерыйскім дывізіёне армейскага падначалення, 801-ы рэактыўны артылерыйскі полк якога меў на ўзбраенні пускавыя ўстаноўкі «Град».

У выніку маштабных работ у Слабудцы з’явілася цэнтральная кацельня і лазнева-пральны камбінат. Былі пракладзены камунікацыі ацяплення і водазабеспячэння ў жылой зоне. Замест старога Дома культуры (былы касцёл) па тыпавым праекце зрабілі новы, а на месцы знесенага будынка ўсталявалі помнік артылерыстам — бетонны пастамент з рэактыўнай пускавой устаноўкай пасляваеннага ўзору. Па перыметры пляцоўкі, у цэнтры якой стаяў помнік, паставілі сцяну з партрэтамі герояў-артылерыстаў. Каля пляца ўзвялі трыбуну і помнік У.Леніну. На стадыёне пабудавалі раздзявалку і памяшканне для спортінвентару. Дарогі ў гарадку заасфальтавалі.


3. Разлік навядзення стартавага аддзялення 5-й батарэі.
Начальнік разліку прапаршчык І.А.Сівуда

Па знешнім перыметры гарнізон быў абнесены тыпавой для часцей Беларускай ваеннай акругі бетоннай агароджай, так званай «траццякоўскай» (ад прозвішча камандуючага І.Траццяка). Такім жа плотам жылая зона была аддзелена ад размяшчэння часцей. На ўездзе ў гарнізон пабудавалі новыя кантрольна-прапускныя пункты (КПП). КПП №1 стаяў насупраць школы з боку дарогі Пружаны — Запруды. У ім знаходзіўся дзяжурны па часці. Другі пункт быў пры ўваходзе з цывільнай зоны ў службовую, а трэці — на ўездзе ў жылую частку з боку в.Слабудка.

Разам са з’яўленнем новых аб’ектаў ішло разбурэнне старых. Былі знесены ўсе драўляныя будынкі, у тым ліку жыллё і казармы, медпункт і пошта. Аднак шэраг памяшканняў вырашана было пакінуць і прыстасаваць пад новыя патрэбы. Так, у працэсе ператварэнняў быў надбудаваны чацвёрты паверх на старой «царскай» казарме. Пры гэтым фасад пазбавілі амаль усіх дэкаратыўных элементаў. Іх збілі, каб надаць аб’екту адзіны з дабудовай «стыль», і паклалі тоўсты пласт тынкоўкі.


4. Провады зімы ў Слабудцы. 1971-72 гг.

Засталіся некранутымі два жылыя дамы: у адным (былое польскае казіно) размясцілі дзіцячы садок, а ў другім, які знаходзіўся насупраць уваходу ў службовую зону, — камбінат бытавога абслугоўвання і прадуктовую краму. У ранейшым цагляным доме № 5 сталі працаваць крама «Ваенгандлю» і афіцэрскае кафэ-сталоўка. Будынак 1930-х гг., дзе калісьці жыло камандаванне, перарабілі пад вучебны корпус, а ў доме 1950-х гг., які стаяў паблізу, сталі вывучаць матэрыяльную частку ракеты 8К14. У 1974 г. з’явілася сховішча для баявога запасу 801-га рэактыўнага артылерыйскага палка. У час яго ўзвядзення была знішчана большая частка воінскіх пахаванняў першай сусветнай вайны, а надмагільныя пліты выкарыстаны для забутоўкі фундамента.

Да 1977 г. асноўнае будаўніцтва завяршылася, і 55-ы ваенны гарадок, як Слабудка значылася ў дакументах кватэрна-эксплуатацыйнай часці, стаў непазнавальнавальным. Разам са станоўчымі зменамі, якія дазволілі часткова вырашыць жыллёва-бытавыя і тэхнічна-гаспадарчыя праблемы, гарадок не набыў прывабны выгляд, а, наадварот, пагрузіўся ў «стылявы хаос» і шмат страціў: у нябыт адышлі ўнікальныя архітэктурныя помнікі, падвергліся спусташэнню могілкі салдат першай сусветнай вайны і вяскоўцаў. Новыя будынкі не ўпісаліся ў планіровачную структуру населенага пункта, якая склалася ў канцы ХІХ — першай палове ХХ стагоддзяў.

Нягледзячы на вялікую работу па абсталяванні гарнізона, засталіся нявырашанымі многія пытанні. Напрыклад, ацяпленне ажыццяўлялася цэнтральнай кацельняй, якая працавала на вугалі кепскай якасці, таму зімой тэмпература ў памяшканнях была нізкай. Гарачая вада падавалася ў дамы толькі ў пэўныя гадзіны, а ў казармах яе наогул не было. Па-ранейшаму не хапала жылля, таму ў 1988 г. узвялі яшчэ адзін панэльны пяціпавярховы дом. У 1980-я гг. збудавалі дадатковыя склады ракетнага паліва і ПЗМ.


5. Выступленне ў клубе. 80-я гг.

Трэба адзначыць, што пераўтварэнні ляжалі цяжарам на асабовым складзе гарнізона, які пастаянна прыцягваўся да гаспадарчых работ, хаця значная частка аб’ектаў узводзілася будаўнічымі батальёнамі. Баявая вучоба ішла без перапынку, скідак на абставіны ніхто не рабіў. Адразу пасля з’яўлення ракетчыкаў у Слабудцы пачалася падрыхтоўка да пераўзбраення і ўдзелу брыгады ў буйных вучэнняў сухапутных войск.

У 1968 г. у часць паступіў новы ракетны комплекс 9К72 з ракетай Р-17 (8К14) з дальнасцю палёту 300 км, які мог паражаць цэлі звычайнымі і ядзернымі боепрыпасамі, і пускавой устаноўкай 9П117 на базе шматвосевага аўтамабіля МАЗ-543. У гэтым жа годзе брыгада ў поўным складзе ездзіла на ракетны палігон «Капусцін Яр» у Астраханскай вобласці для правядзення тактычных вучэнняў з пускамі ракет. Такія заняткі праводзіліся неаднаразова. Брыгада прымала ўдзел у агульнавайскавых вучэннях «Днепр-75», «Неман-79», «Захад-81». Баявая падрыхтоўка на Пружаншчыне вялася на спецыяльна абсталяваных вучэбных месцах ва ўрочышчы «Ліноўскі лес», полі і аўтадроме на паўднёвай ускраіне гарадка, дзе займаліся геадэзісты і вадзіцелі, на стрэльбішчы. Для вучэнняў таксама былі вызначаны запасныя раёны канцэнтрацыі каля вёсак Кацёлкі, Козі Брод, Аляксандраўка, Паддубна.

У 1984-1985 гг. 233-я ракетная брыгада атрымала на ўзбраенне аператыўна-тактычны ракетны комплекс 9К714 «Ака» з дальнасцю палёту ракеты 400 км. Дзеля ўдасканалення навыкаў па кіраванні комплексам асабовы склад брыгады на працягу года займаўся ў вучэбна-ракетным цэнтры «Капусцін Яр».

Трэба адзначыць, што вайскоўцы, якія служылі ў 1960 — 1980-я гг. у Слабудцы, актыўна ўдзельнічалі ў жыцці Пружаншчыны. Вайсковыя часці аказвалі шэфскую дапамогу гаспадаркам раёна і школам, удзельнічалі ў правядзенні ваенна-спартыўных мерапрыемстваў і патрыятычных акцый, арганізацыі ўрачыстасцей ў гонар дзяржаўных свят, даглядалі мясцовыя мемарыялы. Штогод у Дзень Перамогі слабудскія ваенныя разам з іншымі ўстановамі праводзілі мітынг каля абеліска ахвярам фашызму ў Ліноўскім лесе і ўскладалі вянкі на «шпітальных» могілках. Прычым на іх прысутнічала не толькі камандаванне і палітаддзел ракетнай брыгады, але і ўсё кіраўніцтва Пружанскага раёна, збіралася вялікая колькасць людзей з навакольных вёсак.


6. Слабудка. Амерыканская інспекцыя, 11-12 жніўня 1989 г.

Своеасаблівым цэнтрам грамадскага жыцця ў гарнізоне з’яўляўся Дом культуры, дзе працавала вялікая колькасць гурткоў і клубаў мастацкай самадзейнасці. У святочныя дні ў ім праходзілі ўрачыстыя сходы і канцэрты, ладзіліся вечарыны адпачынку. Аматарскія калектывы са Слабудкі ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах, выязджалі з праграмамі ў розныя куткі раёна. Працавала добрая бібліятэка, фонд якой быў разлічаны на задавальненне патрэб для правядзення палітычных заняткаў і ўтрымліваў вялікую колькасць мастацкай і навуковай літаратуры. Кожны тыдзень дэманстраваліся кінастужкі. У Доме культуры сіламі вайскоўцаў быў аформлены «Пакой баявой славы». Трэба адзначыць, што так званыя «чырвоныя куткі» ці «ленінскія пакоі» былі ў кожнай часці.

З сярэдзіны 1980-х гг. міжнароднае становішча ў свеце змянілася. Правядзенне ў Савецкім Саюзе «перабудовы» і абвяшчэнне М.С.Гарбачовым «новага палітычнага мыслення» садзейнічалі пацяпленню адносін паміж СССР і ЗША. Дзяржавы падпісалі шэраг пагадненняў, скіраваных на скарачэнне і раззбраенне войскаў. Адным з такіх дакументаў стаў савецка-амерыканскі дагавор 1987 г. «Аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай дальнасці». Рэалізуючы яго, 19 ліпеня — 8 жніўня 1988 г. да месцаў ліквідацыі былі адпраўлены баявыя ракеты і пускавыя ўстаноўкі з «Ракетнай аперацыйнай базы Слабудка» — як пазначалася размяшчэнне 233-й ракетнай брыгады ў міжнародна-прававых актах. 11-12 верасня 1988 г. з мэтай кантролю выканання дамоўленасцей узгаданага дагавора Слабудку наведала амерыканская інспекцыйная група. У час яе працы было адзначана, што патрабаванні, выкладзеныя ў артыкуле 10 Дагавора, выкананы. Такім чынам, 12 верасня 1988 г. «Ракетная аперацыйная база Слабудка» афіцыйна спыніла сваё існаванне, а 15-ы, 16-ы і 33-і асобныя ракетныя дывізіёны былі расфарміраваны.

25 лютага 1989 г. кіраванне ракетнай брыгады было пераведзена на штат ракетнага комплексу «Точка», а ў красавіку 1989 г. пераведзена са Слабудкі ў гарнізон Заслонава Віцебскай вобласці, дзе на яго базе сфарміравалі брыгаду тактычных ракет «Точка».

Такім чынам, другая палова 1980-х гг., калі адбыліся карэнныя змены ў сусветнай гісторыі і рухаўся да свайго краху СССР, стала пачаткам канца і для Слабудскага гарнізона.

 

7. На зломе эпох

У канцы 1980 — пачатку 1990-х гг. у рэспубліках СССР узмацніліся цэнтрабежныя працэсы, якія прывялі да распаду дзяржавы. Апошняй спробай рэаніміраваць савецкі лад быў жнівеньскі путч 1991 г., пасля якога краіна няўхільна стала рухацца да свайго зыходу з палітычнай арэны, што было афіцыйна зафіксавана ў Белавежскіх і Алма-Ацінскіх пагадненнях у снежні 1991 г.

У гэты час узброеныя сілы, як і ўся краіна, перажывалі цяжкія часы. Развал Савецкай Арміі прывёў да скарачэння войскаў і масавага звальнення афіцэраў, страты многімі людзьмі жыццёвых арыенціраў.


1. Панэльныя дамы і дзіцячая пляцоўка ў Слабудцы 1970-1980-х гг.
Фота 2012 г.

З утварэннем незалежнай Рэспублікі Беларусь на базе Беларускай ваеннай акругі былі створаны нацыянальныя ўзброеныя сілы. З 1 чэрвеня 1993 г. пераемнікам 28-й агульнавайскавой арміі стаў 28-ы армейскі корпус, з 17 снежня 2001 г. — Заходняе аператыўнае камандаванне.

У перыяд распаду СССР у Слабудцы назіралася перанасычанасць войскамі. Тут знаходзіліся розныя вайсковыя адзінкі, у тым ліку выведзеныя з краін былога сацыялістычнага лагера ў Еўропе. Да пачатку 1990 г. у гарнізоне былі раскватараваны часці і падраздзяленні акруговага і армейскага падначалення: 954-ы разведвальны артылерыйскі полк, 801-ы рэактыўна-артылерыйскі полк, 1257-ы асобны пантонна-маставы батальён, выведзены з Чэхаславакіі ў чэрвені 1989 г., 2-і дывізіён 105-й брыгады супрацьпаветранай абароны з комплексам С-125, 1-ы батальён сувязі 86-й Ваўкавыскай брыгады сувязі (вузлавой). Летам 1991 г. з Баранавічаў у Слабудку прыбыў 1199-ы рэактыўна-артылерыйскі полк, а 1 жніўня — 1-ы рэлейна-кабельны батальён 127-й брыгады сувязі (тэрытарыяльнай) з Венгрыі. У пачатку 1992 г. ва ўрачыстай абстаноўцы ваеннаслужачыя Слабадскога гарнізона прынялі прысягу на вернасць Беларусі. У часцях увялі вывучэнне беларускай мовы, якую многія, асабліва афіцэры, не ведалі.


2. Камандаванне 954-га разведвальнага
артылерыйскага палка, пач. 90-х гг.

У сувязі з вялікай канцэнтрацыяй войск у гарадку востра паўстала пытанне з іх размяшчэннем. З тлумачальнай запіскі да схемы знаходжання часцей за 1991 г. начальніка гарнізона камандзіра 954-га рэактыўнага артылерыйскага палка палкоўніка А.Г.Нілава, якую ён прадставіў камандуючаму 28-й агульнавайскавой арміі генерал-лейтэнанту П.Казлоўскаму, вынікала, што для ўладкавання сем’яў ваенных у поўным аб’ёме неабходна будаўніцтва 75-кватэрнага дома. Але палітычныя змены не дазволілі рэалізаваць праект узвядзення дадатковага жылля.


3. 801-ы рэактыўна-артылерыйскі полк.
Камандзір дывізіёна І.А.Кандрацюк.
Фота 1987 г.

Перанасычанасць войскамі назіралася не толькі у Слабудцы, але і паўсюдна на Беларусі. Празмерная колькасць ваенных спецыялістаў выклікала неабходнасць скарачэння ўзброеных сіл. Мерапрыемствы праводзіліся ў асноўным праз датэрміновае звальненне на пенсію афіцэраў і прапаршчыкаў. Большасць звольненых у Слабудцы засталася жыць у гарадку. Паступова гарнізон быў пераведзены на скарочаны састаў. Частку баявой тэхнікі паставілі на доўгатэрміновае захоўванне.

Акрамя скарачэння ваенных, пачаўся працэс расфарміравання часцей. Першым на рубяжы 1992-1993 гг. зведаў гэта 954-ы рэактыўна-артылерыйскі полк. За ім у студзені 1993 г. настала чарга 2-га дывізіёна супрацьпаветранай абароны, а потым — 1257-га асобнага пантонна-маставога батальёна і 801-га рэактыўна-артылерыйскага палка. 1-ы батальён 86-й брыгады сувязі ў 1992г. быў пераведзены ў Мінск. Многія афіцэры і прапаршчыкі пасля яго перадыслакацыі перайшлі на службу ў 1-ы батальён 127-й брыгады сувязі, які быў расфарміраваны ў 2005 г. (частка афіцэраў адправілася служыць ў Баранавічы). У 1996г. у Слабудцы быў створаны 984-ы супрацьтанкавы артылерыйскі полк (у 2005 г. пераведзены ў Брэст). Апошнім ваенны гарадок №55 (Слабодка) у 2007 г. пакінуў 1199-ы рэактыўна-артылерыйскі полк, накіраваны ў Брэст.

Такім чынам, на працягу 1990-2000-х гг. у жыцці гарнізона адбываліся пастаянныя змены. Калі ў пачатку 1990-х гг. колькасць людзей ў ваенным гарадку была надзвычай вялікай, дык у пачатку 2000-х гг. часці ўжо мелі скарочаны штат — людзей не хапала нават на тое, каб падтрымліваць неабходны парадак, сталі трухлець казармы, памяшканні якіх стаялі паўпустыя.


4. Ветэраны 233-й ракетнай брыгады.
2003 г.

Па меры скарачэння і перадыслакацыі часцей змяняўся і склад жыхароў. Звольненыя і выйшаўшыя ў запас афіцэры сталі перабірацца ў раённыя і абласныя цэнтры. Хтосьці атрымаў кватэру па чарзе, іншыя — прадалі прыватызаванае жыллё і з’ехалі. У ваенным гарадку сталі сяліцца людзі, далёкія ад арміі. Вясковыя жыхары з ахвотай пераязджалі ў былы гарнізон, дзе, нягледзячы на цяжкія постсавецкія гады, захоўваўся адносны парадак, існавалі камфортныя бытавыя ўмовы. З’явіліся перасяленцы з іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама Украіны, Расіі, Казахстана. Гэтыя працэсы змянялі дух гарадка. Ён страціў нейкую асаблівую аўру, уласцівую толькі ваенным паселішчам, дзе ўсе звязаны карпаратыўнай прыналежнасцю і асобай ментальнасцю.

З 2007 г. «ваенны гарадок Слабодка» перастаў быць гарнізонам і перайшоў пад юрысдыкцыю Пружанскага раёна. Сярод мясцовых жыхароў быў праведзены своеасаблівы «рэферэндум» па пытанні далейшага лёсу гарадка — стаць часткай г.Пружаны ці апынуцца ў Пружанскім сельсавеце, аб’яднаўшыся ў адзінае цэлае з вёскай Слабудка, якая на працягу амаль стагоддзя існавала каля гарнізона, як асобная адміністрацыйная адзінка. Паколькі жыхары вёскі валодаюць некаторымі сацыяльнымі льготамі, вынік быў прадказальны. З таго часу населены пункт стаў адзіным аб’ектам пад назвай «вёска Слабудка».


5. Батальён 127-ай брыгады сувязі. Фота 2003 г.

 

Трэба адзначыць, што змяненне статусу гарадка і дэмаграфічная сітуацыя ў ім не спрыялі станоўчым зменам. Як толькі гарадок пакінула апошняя вайсковая часць, пачалося марадзёрства. Стала рабавацца абсталяванне казармаў і сховішчаў, здымаліся і вывозіліся бетонныя агароджы, выкопваліся кабелі сувязі, выдзіралася электраправодка і лініі асвятлення. Любыя металічныя канструкцыі і прадметы пападалі ў рукі здатчыкаў металалому. Нарабаванае ў Слабудцы (і не толькі) прымалася на бескантрольных пунктах прыёму металаў.


6. Урачысты вынас сцяга 573-га асобнага
выведвальнага артылерыйскага дывізіёна.

Адначасова з рабаваннем Слабудкі на рэштках могілак першай сусветнай вайны бесперашкодна сталі займацца вандалізмам «чорныя капальнікі» і ствараўся вялікі сметнік. Безумоўна, руйнаванне спадчыны папярэдніх эпох пачалося не сёння. Першыя знішчэнні адбыліся ў 1970-я гг., потым — пасля развалу СССР. Так, у 1992 г. на хвалі антыкамунізму знеслі помнік У.Леніну. Затым невядома куды зніклі помнік артылерыстам і скульптура «Два байцы». Тое ж здарылася з прыгожай альтанкай пасярод Маргар’яну. Сам вадаём абмялеў і зарос.На таргі былі выстаўлены аб’екты былога гарнізона — штабы, казармы, склады, вучэбныя карпусы, гасцініца, крама, кафэ і інш. Будынкі, якія не знайшлі новага гаспадара, пачалі знішчацца. Так, у 2010 г. быў страчаны ўнікальны помнік ХІХ ст., так званы дом афіцэрскага саставу №2 («Бярозка»). Восенню 2011 г. узарвалі старадаўнюю казарму — сімвал былога воінскага гонару Слабудкі. Яе падрывалі на працягу двух месяцаў, але будынак, узведзены больш за 100 год назад, працягваў стаяць, нягледзячы на яго нібыта «аварыйнасць і трухлявасць». Потым амаль год з казармы вывозілі цэглу. Тое, што не забралі ваенныя, мясцовае насельніцтва і дачнікі, было звалена ў яму і сажалку Маргар’ян…

Замест эпілогу

Прайшло амаль 120 гадоў з той пары, як з’явіўся ваенны гарадок каля Пружан. За гэты час адбылося шмат падзей, змянілася многа пакаленняў. Аднак сярод слабудчан і жыхароў іншых рэгіёнаў Беларусі яшчэ ёсць тыя, хто ведае аб мінулым гарнізона і лёсе людзей, якія жылі тут некалі, зберагае рэдкія дакументы, здымкі, рэчы. Менавіта іх дапамога дазволіла аднавіць многія забытыя старонкі гісторыі Слабудкі. Сярод іх — В.А.Малыха, М.Я.Бацэнка, Г.Д.Кандрацюк, А.М. і Г.М.Філаненкі, В.А.Іванова, У.І.Аркадзьеў, Л.Г.Сямёнава, Б.Чатырбок, І.І.Чыж, А.Ю.Ледзянёва, Л.І.Руцкая, В.Ф.Курбатава, М.Я. Заікіна, Н.Ф.Краўчук, Н.А.Ісачэнка, В.В.Падкаура, І.П.Крупскі, І.У.Сядова і інш., а таксама былыя ваенныя, чый лёс быў звязаны са Слабудкай.

Нягледзячы на тое, што ўжо шмат страчана і адышло ў нябыт, з песімізмам глядзець у будучыню нельга. Жыццё працягваецца. Сёння не пустуе дзіцячы садок, якому ўжо споўнілася 65 год (а будынку больш за стагоддзе). У 1994 г. з’явілася новая школа, дзе вучацца дзеці са Слабудкі і ваколіц. У былой «ваеннай» частцы вёскі бытавыя ўмовы нічым не адрозніваюцца ад гарадскіх. Акрамя ўжо звыклага газу, кругласутачнай гарачай вады і цяпла ў кватэрах, працуе кабельнае і спадарожнікавае тэлебачанне, хуткасны Internet. Пабудавана крама, уладкавана дзіцячая пляцоўка, заасфальтаваны вуліцы.

Аднак сучаснасць не можа існаваць без традыцый, без духоўнасці, без павагі да сваёй сям’і, родных мясцін, дзяржавы. Захаваць унікальныя аб’екты ў Слабудцы неабходна, таму што яны — яркае сведчанне выдатных і трагічных старонак гісторыі Бацькаўшчыны. Рэшткі ваеннага гарадка — гэта сапраўдны музей пад адкрытым небам, дзе на прыкладзе рэальных помнікаў можна вывучаць гісторыю. Сёння, калі вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню, аднаўленню і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, неабходна ўзяць будынкі пад ахову. Слабудка можа стаць сапраўдным ўпрыгажэннем Пружаншчыны, важнай кропкай на яе турыстычнай карце. Таму што яна ўтрымлівае арыгінальныя і амаль адзінкавыя на прасторах СНД помнікі ваеннай архітэктуры ХІХ-ХХ стст., польскіх і савецкіх часоў. Гарадок звязаны з падзеямі, якія з’яўляліся ключавымі ў сусветнай гісторыі, і выдатнымі асобамі. Да таго ж каля Слабудкі знаходзяцца тры буйныя некропалі — месцы жалобы і памяці для людзей з розных краін свету. У адрозненне ад многіх турыстычных аб’ектаў у нашым раёне Слабудка мае выгаднае размяшчэнне — недалёка ад райцэнтра на аўтадарозе Пружаны — Запруды. У вёску пастаянна ходзіць рэйсавы аўтобус, а ў 6 км знаходзіцца чыгуначная станцыя Аранчыцы. Помнікі і будынкі, якія пакуль існуюць у Слабудцы, не знаходзяцца ў аварыйным стане, але патрабуюць неадкладнага ўмяшальніцтва для іх захавання. Пасля пэўных укладанняў іх можна выкарыстоўваць як базу для стварэння асаблівага музейна-патрыятычнага комплексу (аналагаў якога не існуе ў Беларусі) ці цэнтра адпачынку, дзе могуць існаваць: музей баявой славы (пэўныя напрацоўкі ў збіранні экспанатаў ужо ёсць), турыстычныя маршруты па месцах пахаванняў, аб’ектах часоў першай сусветнай вайны і ракетных войск стратэгічнага прызначэння, гасцініцы, ціры, спартыўныя пляцоўкі. Развітая інфраструктура можа спрыяць з’яўленню ваенна-патрыятычных класаў у школе ці змен ў дзіцячым аздараўленчым лагеры, правядзенню ваенна-спартыўных гульняў, мерапрыемтваў па гістарычнай рэканструкцыі і інш.

Хочацца спадзявацца, што гісторыя Слабудкі не завершыцца яе знішчэннем, а будзе мець шчаслівы працяг.

 

 

Яндекс.Метрика