На главную сайта   Все о Ружанах

 

 

Наталля ПРАКАПОВІЧ.

Майстры керамікі.
Некаторыя звесткі
аб ганчарнай справе
на Пружаншчыне

См. этот текст в переводе на русский язык.


Пружанская кераміка.

Ружанская кераміка.

Ружанская гліняная цацка.

Не менш за пяць стагоддзяў налічвае гісторыя ганчарства на Пружаншчыне — аб гэтым гавораць нам пісьмовыя крыніцы. Хаця, на самой справе, “гаршочнай” справе тут значна больш год. Трэба ўлічваць, што ганчарства з’явілася ў нашых продкаў ў найстаражытнейшыя часы, а менавіта ў канцы каменнага веку — неаліце, і творы яго былі неад’емнай часткай вясковага і гарадскага побыту ў розныя стагоддзі мінуўшчыны.

У наваколлях Пружан яшчэ далёкімі папярэднікамі былі знойдзены невычэрпныя запасы гліны высокай якасці. Напэўна, таму тут і стала бурна развівацца ганчарная справа, якой займаліся ледзь не ў кожным гарадскім доме, найчасцей цэлымі сем’ямі. Ужо пры каралеве польскай і вялікай княгіні літоўскай Ганне Ягелонцы (1526 — 1596), якая валодала Пружанамі і ваколіцамі ў другой палове XVI ст., горад стаў своеасаблівым цэнтрам кафляной вытворчасці і выпуску чорнага глінянага посуду.

Аб тым, што гэты занятак меў у нашай мясцовасці старажытныя карані, сведчыць таксама вельмі высокі ўзровень гэтага рамяства ў ХІХ ст. Трэба звярнуцца толькі да розных геаграфічных і статыстычных даведнікаў ХІХ — першай паловы ХХ ст.ст., і мы ўбачым, што пружанскія ганчары ўзгадваюцца ў іх нават тады, калі нічога не гаворыцца пра іншыя буйныя цэнтры керамічнай вытворчасці Заходняй Беларусі — Гарадную, Кобрын, Поразава.

Згодна з архіўнымі крыніцамі, на тэрыторыі ранейшага Пружанскага павета ў канцы ХІХ ст. было зарэгістравана больш за 700 розных рамеснікаў. Так, у сярэдзіне ХІХ ст. у самых Пружанах налічвалася толькі “гаршочнікаў” 200 майстроў, у 1865 г. іх было 106 з 542 майстроў іншых спецыяльнасцей, а да пачатку ХХ ст. іх лік узрос і склаў 250 чалавек з 748 рамеснікаў. У пераважнай большасці тутэйшыя ганчары пражывалі на старых вуліцах Горка і Хватка (частка сучаснай вул. Леніна).

Як сведчаць дакументы, у 1939 г. у горадзе працавала каля 60 майстроў гэтай спецыяльнасці. Вядома таксама, што ў 30-я гады ХХ ст. агенты Варшаўскага Таварыства дапамогі народным промыслам пастаянна закуплялі ў Пружанах творы мясцовага выдатнага і ў будучым сусветна вядомага народнага майстра Антона Такарэўскага (1904 — 1984) для продажу ў сталіцы Польшчы. Аднак ужо пасля Вялікай Айчыннай вайны ганчароў ў Пружанах было толькі 10, сярод якіх трэба абавязкова ўзгадаць Міхаіла і Антона Такарэўскіх, Мікалая Калбышэўскага, Іосіфа і Міхаіла Вяркевічаў, Антона Баханкевіча, Міхаіла Жукоўскага — гэта ў асноўным патомныя гарадскія майстры. Да гэтых людзей ладзіліся экскурсіі, прыязджалі вучні з розных куткоў краіны, часта наведваліся даследчыкі народных промыслаў, калекцыянеры і журналісты, складаліся даведнікі, браліся інтэрв’ю, слава аб іх грымела далёка па-за межамі Пружанскага раёна. Асаблівай павагай карыстаўся дасканалы спадчынны ганчар-мастак Антон Такарэўскі (яго стары дом па сённяшні дзень стаіць ў Пружанах), продкі якога ўзначальвалі аб’яднанні ганчароў горада яшчэ ў ХІХ ст., а магчыма і ў больш раннія часы.

На вялікі жаль, сучасныя Пружаны не могуць пахваліцца сваімі дасягненнямі ў гэтай справе — ганчарства тут амаль не развіваецца, а большасць ведаў і сакрэтаў рамяства страчана назаўсёды.

Своеасаблівай “візітнай картачкай” пружанскіх ганчароў з’яўляўся так званы чорнаглянцавы задымлены посуд. У нашай мясцовасці рабілі звычайныя традыцыйныя пасудзіны — глякі і гарлякі для малака, макотры для расцірання маку і гладышы, збаны і друшлякі, “слоікі” для круп і смятаны, “місы” і “мялачкі” для таўчэння бульбы, спарышы і трайнікі, “бабошкі” для выпякання бабкі і інш., якія вызначаліся сваімі буйнымі формамі з выразным чляненнем аб’ёмаў, а таксама высокай трываласцю і якасцю. У іх аснове былі простыя геаметрычныя фігуры — шар, цыліндр і конус. Формы посуду падкрэсліваліся глянцавым дэкорам у выглядзе вертыкальных і касых палосак, паралельных прамых ліній, рамбічнай сеткі, спіралепадобных завіткоў, “елачкі”. Характар размяшчэння дэкору падпарадкоўваўся чляненню формаў вырабаў: тулава збанкоў і глякоў аздаблялася рамбічнай сеткай, гарлавіна — вертыкальнымі палоскамі ці суцэльным глянцаваннем. Берагі місак расчэрчваліся як быццам беспарадкавымі, хаатычнымі буйнымі спіралямі, аднак гэта выглядала натуральна і вельмі прыгожа.

Перад абпалам ганчар каменьчыкам ці костачкай уважліва наводзіў на паверхні посуду ўзоры. Потым некаторы час такі посуд сушыўся і толькі пасля гэтага клаўся ў ледзь разагрэтую печ на 6 - 8 гадзін. Калі мінаў пэўны момант і гліна набывала карычнева-чырвоны колер, майстар кідаў у топку запалены смалісты сасновы ці яловы пучок і закрываў усе адтуліны ў печы. Пасля такой апрацоўкі створаныя ганчаром “карункі” на гліне станавіліся бліскучыя, нібы металічныя, і яны эфектна выдзяляліся на матава-чорным фоне пасудзіны.

Вырабляўся ў Пружанах таксама паліваны посуд і кафля, але не ў такіх вялікіх аб’ёмах, як задымленая кераміка, што прынесла шырокую вядомасць мясцовым рамеснікам. Паліва для ганчарных вырабаў, асноўным кампанентам якой быў свінец, выкарыстоўвалася тутэйшымі рамеснікамі звычайна карычневага (калі дадавалі жалезную акаліну — “дзындру”), зялёнага (дадавалі вокісь медзі — “зялёнку”) ці сіняга колеру.

Трэба дадаць, што пружанскія керамічныя вырабы ХІХ — ХХ ст.ст. захоўваюцца цяпер у музеях розных гарадоў — у Пружанах (больш за 30 адзінак), Брэсце, Мінску, Маскве, Берліне, Манрэалі. Адзін з экспанатаў знаходзіцца нават у парыжскім Луўры. Гэта ў асноўным творы ўзгаданага раней Антона Рыгоравіча Такарэўскага. Можна сустрэць іх у звычайных хатах жыхароў нашага раёна, імі карыстаюцца па непасрэдным прызначэнні і сёння, але не ведаюць, што валодаюць ужо сапраўднымі рарытэтамі.

У гарадскім пасёлку Ружаны таксама існавалі старадаўнія ганчарныя традыцыі. Вядома, што тут у канцы ХІХ ст. жыло некалькі дзесяткаў майстроў у пераважнай большасці на вуліцы, якая так і звалася — Ганчарная. Праўда, пад 1925 г. у мястэчку згадваецца толькі 3 ганчары, а вось у 30-я гады — ужо 35. Майстры-“гаршочнікі” выраблялі таксама, як і ў Пружанах, ў асноўным чорнаглянцавы задымлены посуд. Але дзесьці ў 30-я г.г. ХХ ст. тут асаблівую папулярнасць набыло глазураванне ганчарных вырабаў.

Пасля Другой сусветнай вайны ў мястэчку працавалі такія спадчынныя майстры керамічнага рамяства, як Мікалай, Аляксандр і Васіль Савуцічы, Пётр, Канстанцін і Дзмітрый Хварастоўскія, Пётр, Іван і Георгій Гаеўскія, Сяргей Багдановіч, Зыгмунт Жылінскі, Станіслаў Жытніцкі, Іван Буткевіч, Антон Севярын.

Асобную і сапраўды цікавую старонку ружанскай ганчарнай вытворчасці складала да таго ж мастацтва народнай глінянай цацкі. Даследчыкі адзначаюць асаблівасць ружанскіх фігурак-цацак у тым, што яны мастакамі амаль не расчляняліся і былі таму як бы статычныя, франтальныя і адначасова манументальныя. Самай папулярнай сярод вырабаў мясцовых майстроў быў “Коннік”. У Ружанах рабіліся і дробныя цацкі-свістулькі ў выглядзе розных жывёл — конікаў, качак, сабак, якія карысталіся вялікай папулярнасцю сярод тутэйшых местачковых і сялянскіх дзяцей. Некаторыя выявы жывёл распісваліся рознакаляровымі яркімі і гучнымі фарбамі, але значная частка твораў заставалася колеру гліны — карычневымі, але ад гэтага яны не страчвалі сваёй прывабнасці. Вядомасць у гэтай галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва набылі дзве ружанскія майстрыхі, работы якіх вылучаліся асаблівай дасканаласцю і густам, — гэта Кацярына Жылінская (1890 – 1962) і Вольга Давідзенка-Хварастоўская (1895 – 1978). Іх творы экспануюцца ў розных беларускіх музейных зборах да нашых дзён.

Шкада, але старажытныя традыцыі ружанскіх ганчароў таксама амаль поўнасцю зніклі. Спробы адрадзіць гэты багаты на традыцыі від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на Пружаншчыне пакуль што не даюць сур’ёзных вынікаў. Як тут не ўзгадаць у дачыненні да да-дзенай сітуацыі шырока вядомы выраз: “Што маем — не захоўваем, а страціўшы — плачам”.

 

Наталля ПРАКАПОВІЧ.

4,11 сьнежня 2008.

г. Пружаны.

Газета для вас №49-50, 5-19 снежня 2008 года,

г. Ружаны.

 

Яндекс.Метрика