На главную сайта   Все о Ружанах

Пракаповіч Н. С.


Ружаны.
Троіцкі касцёл дамініканцаў

Летапіс духоўнасці:
культавая архітэктура.

 

См. этот текст в переводе на русский язык.


Архітэктура – летапіс гісторыі народа ў дрэве і камені. Гарадскія ансамблі, старажытныя замкі, ратушы і храмы, народнае жыллё ў сваіх лепшых прыкладах адлюстроўваюць талент народа, утварыўшага іх.

Асаблівае месца ў архітэктуры належыць Ружанам. Адным са старэйшых культавых помнікаў у ім з’яўляецца Троіцкі касцёл дамініканцаў (манашаскі жабрацкі ордэн, заснаваны ў ХІІІ ст. Дамінікам Гусманам). Ён быў узведзены на месцы старога драўлянага касцёла ў 1617 г. Ёсць меркаванне, што спачатку касцёл належаў ордэну кармелітаў (жабрацкі каталіцкі ордэн, заснаваны ў Палесціне ў ХІІ ст.). Касцёл будаваўся як храм готыка-рэнесанснага стылю, але потым характар будаўніцтва змяніўся: касцёл набыў барочныя рысы. Фундатарам касцёлу быў Леў Сапега (у 1586 г. ён перайшоў у каталіцтва, а да гэтага пабыў праваслаўным и кальвіністам). Наогул, Л. Сапега быў знакамітым мецэнатам у ВКЛ. Ён спансіраваў будоўлю больш за 24 касцёлаў і кляштараў. Яго нашчадак Казімір Леан Сапега падараваў ружанскаму Троіцкаму касцёлу фальварак Пшаўлокі з дваром Востраў, чым забяспечыў пастаянны дабрабыт.

З цягам часу аблічча касцёла змянялася. Так, апошняя прадстаўніца лініі Л. Сапегі Крысціна Масальская ў 1768 г. заснавала ў Троіцкім касцёле капліцу Іісуса (ці Святога Крыжа) – з левага боку будынка. Пры Аляксандры Сапегу архітэктар Ян Самуэль Бекер перабудаваў храм, які набыў рысы стылю класіцызм. У 1787 г. да правага боку храма была дабудавана капліца Сввятой Барбары. Аднак асноўная планіровачная структура храма захавалася.

Зараз гэта аднанефны будынак, аднавежавы, з паўцыркульнай апсідай. Вежа-званіца чатырох’ярусная (3 васьмерыкі на чацверыку) з высокім гранёным шатром. Ярусы падзелены прафіляваным карнізам, аздоблены плоскімі нішамі і скразнымі арачнымі праёмамі. Сцены бакавых фасадаў падзелены кантрфорсамі, паміж якімі размешчаны вокны з арачнымі завяршэннямі. Знадворку ў нішы сцяны апсіды змешчана скульптура Святога Дамініка. У цэлым, архітэктурны дэкор храма мае аскетычны характар.


Амбон.
Троіцкі касцёл.
1788 г.

Галоўны алтар
Троіцкага касцёла

Алтар
бакавой
капліцы
Троіцкага
касцёла

Хоры. Троіцкі касцёл

Унутры ж інтэр’ер надзвычай багаты. Неф пакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, а капліцы – крыжаванымі. Унутранае ўбранства храма характэрна для стылю ракако – галоўны алтар са скульптурамі анёлаў, ляпным арнаментам і гербам Сапегаў – фундатараў касцёла і ўладальнікаў Ружан. Абапал калон стаяць паліхромныя драўляныя скульптуры Святога Пятра і Святога Паўла. Аўтар скульптур Іосіф Прукнер. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная агароджа у стылі ракако. Фрэскі храма з кампазіцыямі на евангельскія тэмы выкананы ў XVIII ст., а ў ХІХ – пачатку ХХ ст.ст. часткова адноўлены.

Зараз Троіцкі касцёл у Ружанах адкрыты для вернікаў. У ім знаходзіцца шмат цікавых і каштоўных рэчаў, у тым ліку некалькі слуцкіх паясоў, вырабленых на мясцовых мануфактурах і ў Слуцку ў XVIII ст., арнат XVII ст., серыя карцін “Хрэсны шлях Хрыста”, выкананая старажытным аўтарам на палотнах, рэлігійныя старадрукі на польскай мове пачатку XVIII ст.


Ружаны.
Петрапаўлаўская царква.

Ружаны. Будынак былога
манастыра базыльян

Ружаны.
Касцёл Святога Казіміра.

У XVII ст. у Ружанах на месцы драўлянай пабудавалі мураваную Петрапаўлаўскую царкву (1675 г.). Яе ўзводзілі як уніяцкую і належала яна ордэну базыльян (манашаскі ордэн, які жыў па статуту, распрацаваным Святым Васілём у IV ст.). Пад час XVII – XVIII ст.ст. пасля шматлікіх войнаў царква прыйшла ў заняпад. У 60-я г.г. XVIII ст. К. Масальская выдзеліла сродкі на перабудову храма, а ў 1784 – 1788 г.г. Я.С. Бекер правёў яшчэ адну рэканструкцыю. Праўда, змянілася толькі знешняе аблічча царквы, а планіроўка была захавана.

У 1834 г. базыльянскі ордэн быў закрыты. А ў 1839 г. адбыўся Полацкі царкоўны сабор, пасля якога уніяцкая царква была ліквідавана і далучана да рускай праваслаўнай царквы. Урад Расійскай імперыі разглядаў царкву як адзін з асноўных сродкаў ўздзеяння на мясцовае насельніцтва з мэтай русіфікацыі. Віленскі генерал-губернатар Мураўёў пісаў: “Возвращение из унии к православию древнерусского сдешнего населения было одним из главнейших средств, способствовавших удержанию за Россиею возвращённых от Польши наших провинций”.

Петрапаўлаўская царква не стала выключэннем – яе аддалі праваслаўным. Землі і прыгонныя сяляне (56 душ), якія належалі Петрапаўлаўскай царкве, адыйшлі на карысць дзяржавы.

Да нашага часу захаваўся гэты помнік архітэктуры барока. Гэта аднанефны, аднавежавы храм з паўцыркульнай апсідай, пакрыты высокім двухсхільным дахам, які пад апсідай пераходзіць у конусападобны і завяршаецца галоўкай. У месцах злучэння нефа з апсідай па баках сіметрычна размешчаны дзве рызніцы з трохсхільным дахам. Галоўны фасад прадстаўляе сабой своеасаблівы шчыт амаль квадратнай формы. Царква мае вежу-званіцу чацверыковую ў сячэнні. Раней на ёй змяшчаліся драўляныя скульптуры ў рост чалавека – Пятра, Паўла і Маісея, якія былі зняты ў сярэдзіне ХІХ ст. Галоўны фасад аздоблены слаістымі пілястрамі, нішамі і філёнгамі.

Інтэр’ер царквы зальны з люстранымі скляпеннямі. На скляпеннях залы і апсіды маецца фрэскавы роспіс на тэму “Прэабражэнне”. У конусе апсіды – кампазіцыя “Бог Саваоф” (выканана ў пачатку ХХ ст). На паўночнай і паўднёвай сценах (каля іканастаса) у медальёнах размешчаны выявы апосталаў Пятра і Паўла. У агульнай каларыстычнай гаме, негледзячы на багацце сіняга колеру, пераважаюць цёплыя адценні – карычнева-чырвоныя, вохрыстыя. Унутраная прастора храма да сярэдзіны ХІХ ст. была ўпрыгожана драўлянымі выявамі анёлаў з крыжамі і кветкамі. Справа ў тым, што каноны праваслаўнай царквы забараняюць ужываць у аздабленні храмаў скульптуру, а уніяцкай – дазваляюць. Раней мелася 6 алтароў, падлога каля якіх была зроблена з мармуру.

У вопісах царквы ХІХ ст. ёсць звесткі пра каштоўнасці, што захоўваліся ў храме, – 3 паціры старажытнай работы з золата і срэбра, 4 старажытныя Евангеллі, багатая бібліятэка і архіў.

У 1875 г. царкву сур’ёзна пашкодзіў пажар – засталіся толькі сцены і частка даху са столлю над алтаром. Пасля рамонту 1878 г. Петрапаўлаўская царква набыла сучасны выгляд.

Адзінае кампазіцыйнае цэлае з царквой складаў манастыр, узведзены значна пазней, ў 1784 – 1788 г.г. з цэглы з првага боку царквы. Усімі работамі па будаўніцтве жылога корпуса манастыра базыльян караваў Я.С. Бекер. Грошы на будаўніцтва былі ахвяраваны А. Сапегам. Будынак у плане быў чатырохвугольны, меў два паверхі з вальмавым дахам. Галоўны фасад сіметрычны, бакавыя яго часткі падзелены пілястрамі, паміж якімі размешчаліся вокны з філёнгамі. Планіроўка першага паверха анфіладная, другога – калідорная. Першы паверх пакрыты крыжовымі скляпеннямі, другі – з плоскім перакрыццем.

Цяпер у былым манастыры размешчана турыстычная база.

У 1790 г. па праекту Я.С. Бекера і пад апекай А. Сапегі ў Ружанах быў пабудаваны яшчэ адзін помнік ранняга класіцызму – касцёл Святога Казіміра (на могілках). Гэты помнік знаходзіўся недалёка ад палаца і ўваходзіў у комплекс базыльянскага манастыра. Яго будаўніцтва звязваюць з мошчамі Святога Казіміра, якія некаторы час у сярэдзіне XVII ст. захоўваліся ў Ружанскім палацы. Касцёл ўяўляў сабой каменны атынкаваны будынак з чатырохкалонным тасканскім порцікам на галоўным фасадзе і невысокім двухсхільным дахам. Касцёл захаваўся да нашых дзён.

Як бачым, сур’ёзнае будаўніцтва ў Ружанах вялося ў канцы XVIII ст. пад апекай Аляксандра Сапегі. Гэта пацвяржае і гісторык Кагнавіцкі, які выдаў прыкладна ў той жа час на польскай мове 3 тамы “Жыццяапісання Сапег”. “Аляксандр Сапега падтрымліваў царкву і кляштар найпрыгажэйшы для базыльянаў, касцёл на могілках за мястэчкам, ён жа прыдаў звонку выразнасць як ружанскаму, ... так і іншым касцёлам”.


Лыскава.
Троіцкі касцёл.

Лыскава.
Троіцкі касцёл.Інтэр’ер

Да культавых помнікаў XVIII ст. адносіцца Троіцкі касцёл і манастыр ордэна місіянераў у вёсцы Лыскава. Першы драўляны касцёл быў тут заснаваны ў 1527 г. па фундацыі Мацея Клачко, а ў 1751 г. Янам Быхаўцам ён быў перададзены місіянерам. Жонка Яна Фяліцыя Крысціна Вайнянка была заснавальніцай манастыра місіянераў (каталіцкі ордэн, заснаваны ў XVII ст. Вінцэнтам з Паўла), пры якім мелася 6-класная школа, дзе ў 1797 г. вучылася 120 вучняў, шпіталь і бібліятэка. Мэтай гэтага манашаскага ордэну было пашырэнне каталіцызму праз шырокую прапаведніцкую (місіянерскую) дзейнасць і адукацыю моладзі. Быхаўцы клапаціліся аб манахах, дазвалялі ім карыстацца лесам і млыном маёнтка.

Мураваны Троіцкі касцёл узвялі ў 1763 – 1785 г.г. з цэглы ў стылі “віленскага барока”. Касцёл меў лацінскі крыж ў плане. У 1818 г. да галоўнага фасада была прыбудавана вежа. Пасля паўстання 1863 – 1864 г.г. узмацніўся працэс прымусовага пераводу католікаў у праваслаўе. Закрываліся і перабудоўваліся каталіцкія храмы. У 1868 г. лыскаўскі Троіцкі касцёл быў перароблены ў праваслаўную царкву і набыў рысы класіцызму. У 1883 – 1884 г.г. пад наглядам рускага архітэктара П.І. Залатарова праводзіліся работы па аднаўленні храма, які абгарэў у 1881 г., - былі зроблены новыя скляпенні, зменены кроквенныя канструкцыі даху.


Круглае.
Прачысценская царква.

Круглае.
Руіны прыцаркоўнай званіцы

У 20-я г.г. ХХ ст., калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, Троіцкі касцёл ізноў быў перададзены католікам.

Троіцкі касцёл – храм стылю класіцызм. Ён прадстаўляе сабой прамавугольны ў плане будынак, аднавежавы, з прамавугольнай алтарнай часткай і дзвюма сакрысціямі. Вежа на галоўным фасадзе чатырох’ярусная. Карніз падзяляе вежу на дзве часткі. Вуглы вежы закруглены і раскрапаваны пілястрамі.

Асноўнае памяшканне касцёла зальнае, пакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі. Бакавыя крылы трансепта і сакрысціі маюць крыжовыя скляпенні. Інтэр’ер аформлены пілястрамі іанічнага і кампазіцыйнага ордэру, паміж якімі размешчаны невялікія аркі, над якімі знаходзяцца прамавугольныя вокны. Над уваходам у храм – вузкія хоры. Унутры храма калоны размаляваны пад мармур.

Касцёл перажыў шматлікія войны і пажары, аднак разбурэнню падвергся ў мірны час – у 50-я г.г. ХХ ст. У 90-я г.г. у храме планавалася правесці рэстаўрацыйныя работы. Спонсарам выступала Варшаўская рэстаўрацыйная арганізацыя імя Т. Касцюшкі. Зараз храм не дзейнічае.

У часы наступлення французскай арміі ў чэрвені 1812 г. манастыр быў прыстасаваны пад шпіталь для рускіх салдат. У 1863 г. у памяшканні былога жылога корпусу манастыра місіянераў у Лыскаве было адкрыта нарднае вучылішча – навучальная ўстанова для сялянскіх дзяцей. Зараз там змяшчаецца бальніца.

 


Шарашова. Троіцкі касцёл.

Троіцкі касцёл.
Галоўны алтар
.
Шарашова.
Мікалаеўская царква.

На ўскраіне вёскі Круглае ў 1834 г. (дата выбіта на камені) была пабудавана Прачысценская царква (зараз амаль поўнасцю зруйнавана). Да паўстання 1863 – 1864 г.г. гэты храм належаў католікам. Гэта адзіны помнік стылю ампір на Пружаншчыне. Царква была пабудавана на сродкі Яна Каніёвы Крашэўскага, бацькі выдатнага дзеяча Юзафа Ігнацы. Раней царква і званіца каля яе ўваходзілі ў сядзібны комплекс Стары Куплін. Будынак цаглянай атынкаванай царквы ў плане прамавугольны, асвячаецца 6 паўцыркульнымі вокнамі, высока размешчанымі на бакавых сценах. Фасад храма ўпрыгожвае порцік на чатырох дарычных калонах з круглым акном на франтоне. У некалькіх метрах ад царквы размешчаны рэшткі двух’яруснай цаглянай званіцы, якая служыла ўваходам на царкоўны пагост. Навокал былі пасаджаны ліпы і конскія каштаны (у большасці захаваліся да нашых дзён). Храм быў закрыты ў савецкі час. Ён моцна пацярпеў ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе.

Толькі драўляныя культавыя будынкі існавалі да сярэдзіны ХІХ ст. у Шарашове. У 1848 г. тут быў пабудаваны Троіцкі касцёл. Калі праваслаўнае культавае будаўніцтва шчодра фінансавалася і такім чынам стымулявалася дзяржаўнай казной, дык католікі ўзводзілі храмы выключна на свае сродкі – дабраахвотныя ахвяраванні і шчодрасці мясцовых памешчыкаў-мецэнатаў. Гэта адзіны каталіцкі храм на Пружаншчыне, які быў пабудаваны ў той час.

Прамавугольны ў плане Троіцкі касцёл быў збудаваны ў цэнтры мястэчка. Галоўны фасад яго зараз мае дзве аднаярусныя квадратныя ў плане вежы. У верхняй частцы вежаў – арачныя праёмы. Фасад упрыгожваюць дзве драўляныя скульптуры апосталаў, размешчаных у бакавых арачных нішах. Падобныя скульптуры ёсць у прамавугольных нішах на бакавых гранях ніжняй часткі вежаў.

Інтэр’ер шасцю калонамі падзелены на тры нефы. Храм мае цыліндрычнае скляпенне. Над уваходам у храм ёсць паўцыркульнае акно, якое асвятляе хоры. Яны выступаюць у прастору касцёла на дзвюх калонах. Алтар вырашаны карынфскай каланадай.

Троіцкі касцёл – помнік эпохі класіцызму. Зараз ён дзейнічае.

У гэтым жа стылі была пабудавана ў Шарашове мураваная Мікалаеўская царква (1872).

Цікавая гісторыя Пакроўскай царквы ў вёсцы Гарадзечна.


Гарадзечна.
Пакроўская царква.

Гарадзечна.
Помнік-капліца..

Летам 1812 г. Расія падверглася ваеннаму нашэсцю французскай арміі. Трэцяя руская армія генерала А.П. Тармасава адступала на ўсход. Былі астаўлены Пружаны. Каля вёскі Гарадзечна ва ўрочышчы Высокая Гара 30 – 31 ліпеня 1812 г. адбылася жорсткая бітва паміж рускай арміяй генерала А. Тармасава (18 тыс. чал.) і аўстрыйска-саксонскім корпусам князя К. Шварцэнберга і графа Ж.Л. Рэнье (38 тыс. чал.). Перамога не дасталася нікому, але рускія вымушаны былі адступіць на Валынь. Вёскі Пружанскага павета – Паддубна, Жабін, Харкі, Гарадзечна, дзе двое сутак ішлі баі, - былі разбураны, спалены, а сяляне сталі туліцца па суседніх вёсках ці хавацца ў лесе. Ужо пасля заканчэння вайны выказваліся думкі, каб увекавечыць памяць загінуўшых. Пры сустрэчы і ў перапісцы з гродзенскім губернатарам А.П. Тармасаў некалькі разоў выказваў такія пажаданні. Яго заклікі былі пачуты. Арганізатарам будаўніцтва прызначылі гарадзечненскага шляхціца Шэмета. Помнікам стала праваслаўная Пакроўская царква, пабудаваная ў 1825 г. (спачатку яе будавалі як уніяцкую). Фундатарам будаўніцтва выступаў граф Войцах Пуслоўскі (1762 – 1833). Арыгінальнасць гэтаму храму надавалі прыгожыя калоны, дзве на ўваходзе і дзесяць унутры, што сімвалізавалі “Двенадцатый памятный год”.


Паддубна.
Абеліск у
гонар
150-годдзя
Гарадзечненскай
бітвы

Было пабудавана яшчэ некалькі помнікаў у гонар Гарадзечненскай бітвы – помнік-капліца “Доблестным предкам, погибшим в битве под Городечно 1812 года 31 июля” (закладзена ў 1912 г, адноўлена ў пачатку 90-х г.г. ХХ ст.), дзве брацкія магілы, ў 1962 г. на 22-м км шашы Пружаны – Высокае каля паварота на вёску Паддубна была ўсталявана стэла вышынёй 7 м (да 150-годдзя Гарадзечненскай бітвы).

Пакроўская царква была рэстаўрыравана ў канцы 80 – пачатку 90-х г.г. ХХ ст.

Яна ўяўляе сабой прамавугольны ў плане будынак з вежай-званіцай над уваходам. Трохнефавы аб’ём накрыты двухсхільным дахам, над якім узвышаецца драўляны васьмігранны барабан. На галоўным фасадзе вылучаецца накладны порцік. Па ўсяму перыметру будынка змешчаны вокны, абрамлёныя простымі ліштвамі.

Другая палова ХІХ ст. вызначалася актыўным храмавым будаўніцтвам у Пружанах.

Каля старога пружанскага касцёла XVI ст. на сродкі мясцовых каталікоў (прыход 2, 5 тыс. чал.) у сярэдзіне ХІХ ст. вырашана было пабудаваць новы мураваны храм. Ідэя будаўніцтва належала пружанскаму шляхціцу В. Швыкоўскаму. Праект выканаў варшаўскі архітэктар Г. Марконі. Храм пачалі будаваць у 1857 г. Пасля таго, як Швыкоўскі вымушаны быў эмігрыраваць у 1863 г., так як паліцыя хацела арыштаваць яго за сувязь з паўстанцамі К. Каліноўскага, будаўніцтва касцёла спынілася. У 1864 г. храм быў перададзены праваслаўнаму ведамству. Не апошнюю ролю ў перадачы храма адыграла тое, што пад час паўстання мясцовы ксёндз Гансеўскі хаваў у недабудаваным касцёле рэчы і зброю для паўстанцаў. Новая царква была асвечана як Прачысценская.

 


Пружаны.
Прачысценская царква..

Пружаны.
Касцёл Узнясення Божай Маці
.
Пружаны.
Капліца на каталіцкіх могілках

Вялікая Айчынная вайна прынесла храму разбурэнне і пажар. У канцы 40-х г.г. ХХ ст. царква была канчаткова знішчана. Зараз на яе месцы стаіць гарадскі універмаг.

Доўга прыйшлося каталіцкім вернікам абіваць парогі розных дзяржаўных устаноў і звяртацца з лістамі-просьбамі, каб у горадзе быў хаця б адзін каталіцкі храм. Нарэшце, 21 снежня 1878 г. пасля доўіх адтэрміновак царскія чыноўнікі зацвердзілі праект касцёла ў Пружанах. Але было агаворана, што касцёл не павінен узвышацца над іншымі пабудовамі ў горадзе. 1883 г. адкрыўся Міхайлаўскі касцёл, на будаўніцтва якога значную колькасць сродкаў фундаваў В. Швыкоўскі, які ў 1867 г. вярнуўся з эміграцыі.


Казімір Свёнтак.

Пружаны.
Сабор
Аляксандра Неўскага.

Касцёл – лаканічнае прамавугольнае ў плане збудаванне, накрытае двухсхільным дахам. Асноўны архітэктурны акцэнт у ім зроблены на галоўны фасад, які мае строгую сіметрычную двух’ярусную кампазіцыю. Фасад мае трохчасткавае чляненне лапаткамі на высокіх філёнгавых пастаментах. Архітэктурны дэкор храма вельмі аскетычны.

У 1939 – 1944 г.г вікарыям Пружанскай парафіі быў Казімір Свёнтак. У красавіку1941 г., а потым снежні 1944 г. органы НКУС арыштоўвалі яго тут (быў асуджаны на 10 гадоў лагераў). Зараз Казімір Свёнтак архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі-мітрапаліі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 1993 г. атрымаў ад рымскага папы Іаана Паўла ІІ званне кардынала.

У 1951 г. па рашэнню пружанскага райвыканкама храм прыстасавалі пад раённы Дом культуры. Для абагрэву ДК выкарысталі драўляныя дэталі аргану. У 1993 г. храм асвяцілі ў гонар Узнясенняння Маці Божай і адкрылі для вернікаў.

На каталіцкіх могілках знаходзіцца цагляная капліца. Яна была пабудавана ў 1852 г. у стылі позняга класіцызму. Каля яе з левага боку стаіць металічны крыж з распяццем. Падстава крыжа каменная, на ёй выяўлены год – 1891. Да Вялікай Айчыннай вайны ён стаяў на перакрыжаванні вуліц Горкі і Хваткі.

 
Шарашова. Званіца.
 
Вяжное.
Мікалаеўская царква.

Ялова. Царква.

Як ужо ўзгадвалася, асноўная роля ў русіфікацыі краю адводілася праваслаўнай царкве. На падтрымку царквы царызм накіроўваў 10 % ад кошту ўсёй канфіскаванай маёмасці ўдзельнікаў паўстання 1863 – 1864 г.г. Ва ўсіх губернскіх і павятовых гарадах Паўночна-Заходняга краю былі створаны камітэты па будаўніцтву праваслаўных цэркваў. На сходзе сельскіх прадстаўнікоў Пружанскага павета было вырашана будаваць праваслаўны сабор. Гэтае будаўніцтва разглядалася імі як праява вернасці і ўдзячнасці цару Аляксандру ІІ, які 19 лютага 1861 г. адмяніў прыгоннае права і 1 сакавіка 1863 г. скасаваў паншчыну і дазволіў сялянам выкупляць зямлю. Таму новую царкву сталі будаваць ў гонар Святога Аляксандра Неўскага – заступніка Расіі і “храніцеля яго Імператарскай Вялікасці”. Праект будучага храма ў Пружанах падрыхтаваў губернскі архітэктар Міхайлоўскі, які, у сваю чаргу, карыстаўся альбомам праектаў Сінода. Цэгла на будаўніцтва храма бясплатна паступала з канфіскаванага ў В. Швыкоўскага цагельнага завода ў Палянова і недабудаванага касцёла. Урад накіраваў на будаўніцтва храма 26 тысяч рублёў. Сродкі на будаўніцтва збіраліся ў многіх гарадах імперыі – Санкт-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Адэсе і інш. Кожны сялянскі двор Пружанскага павета абавязаны быў “ахвяраваць” па 50 капеек і адправіць мужчыну на адзін дзень на будаўніцтва храма.

У аздабленні інтэр’ера сабора прымаў удзел архітэктар Сычоў, які зрабіў эскізы іканастаса і бакавых ківотаў. Іконы для іканастаса пісаліся ў Новадзявочым манастыры ў Маскве.

Адкрыццё сабора Аляксандра Неўскага ў Пружанах адбылося 20 кастрычніка 1866 г.

 
Ялова. Царква.
Сучасны выгляд.
 
Шарашова.
Петрапаўлаўская царква.

Пружаны.
Прэабражэнская царква.

Архітэктура сабора ўвасобіла ў сабе прыёмы і формы ўжо адыйшоўшага класіцызму.

Сабор – прамавугольная ў плане мураваная базіліка з паўавальнай трох’яруснай апсідай, вырашанай у другім і трэцім ярусе як ратонда, і завершанай купалам. Асноўны трохнефны аб’ём пакрыты двухсхільным дахам. Над тамбурам узвышаецца званіца (васьмерык на чацверыку), завершаная купалам з галоўкай. Аконныя і дзвярныя праёмы маюць паўцыркульнае арачнае завяршэнне. У верхнім ярусе ратонды вокны круглыя. Уваходы ў будынак з трох бакоў падкрэслены франтонамі. Пілястры першага яруса апсіды на другом ярусе прадоўжаны лапаткамі, на трэцім – спрошчанымі пілястрамі. Ва ўнутранай прасторы цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, а бакавыя нефы – крыжовымі.

Сабор дзейнічае.

З даўніх пор на Пружаншчыне жылі яўрэі. У Ружанах да нашага часу захавалася паўразбураная сінагога – помнік культавай архітэктуры сярэдзіны ХІХ ст. Пабудавалі яе з цэглы. Гэта прамавугольны будынак пакрыты вальмавым дахам. Сцены расчленены высокімі арачнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны падвоенымі броўкамі і плоскімі лапаткамі ў прасценках. Уваход у цэнтральным фасадзе выдзелены люкарнай. Вокны, якія асвячаюць вестыбюль з захаду, поўначы і поўдня, маюць характар байніц. Уваход размешчаны асіметрычна і аформлены парталам. Арганізацыя ўнутранай прасторы сінагогі заснавана на традыцыйным рэлігійным каноне. Унутранай капітальнай сцяной будынак падзелены на квадратную ў плане малітоўную залу і з заходняга боку вестыбюль з лесвіцай на галерэю для жанчын.

Пры сінагозе дзейнічала яўрэйская школа, якая была пабудавана з цэглы ў адным архітэктурным стылі з сінагогай – стылі эклектыка.

У XVI – XVIII ст.ст. сінагогі існавалі таксама ў Пружанах, Шарашове і Лыскаве.

На Пружаншчыне захавалася некалькі помнікаў драўлянай культавай архітэктуры, якія адносяцца да XVIII – XIX ст.ст. Найбольш значная сярод іх – званіца ў Шарашове (1799), якая была пабудавана без адзінага цвіка каля драўлянай уніяцкай Прачысценскай царквы (1760). Падобнае спалучэнне храма і званіцы было характэрна для польскай архітэктуры XVI – XVII cт.ст. У XVIII ст. такая кампазіцыя для Заходняй Беларусі была рэдкасцю. Дату збудавання шарашоўскай званіцы можна высветліць па лацінічным надпісе, зробленым на самім помніку: “Roku 1799 mca iula dnia 27”.

Званіца – помнік стылю класіцызм. Яна квадратная ў плане, мае змешаную канструкцыю – гэта пераходны тып званіцы ад двух’яруснай да трох’яруснай. Ніжні ярус – зрубны, верхні – каркасны і надзвычайна развіты між’ярусны прычолак, па вышыні роўны ніжняму ярусу. Ніжні ярус зроблены з брусоў “у лапу”. Верхні ж – складаецца з васьмі стоек з разной дашчатай агароджай. Зверху гэтыя стойкі абложаны вянком з брусоў. Званіца накрыта чатырохсхільным шатровым дахам паверх дэкаратыўнага васьмерыка. Помнік унутры падзелена перакрыццем на тры чрусы, якія звязаны між сабой лесвіцай. Званіца – помнік рэспубліканскага значэння. З 1990 г. яна знаходзіцца на кансервацыі.

Адным з цікавейшых помнікаў драўлянага дойлідства з’яўляецца Мікалаеўская царква ў вёсцы Вяжное, пабудаваная ў 1799 г. Яна спалучае ў сабе элементы традыцыйнай народнай архітэктуры і стылю класіцызм. Гэта выцягнуты прамавугольны будынак з трохграннай апсідай пад двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Царква прадсталяе сабой пераходны тып ад адназрубнага да двухзрубнага храма. З боку галоўнага заходняга фасада да асноўнага аб’ёму ў 1868 г. была прыбудавана трох’ярусная шатровая званіца – васьмерык на двух чацверыках. Званіца і дах завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі. Сцены храма гарызантальна абшыты дошкамі. Вокны прамавугольныя. Унутраны інтэр’ер царквы зальны з плоскім зводам. Апсіду, дзе размешчаны алтар, агароджвае нізкі іканастас. Пры ўваходзе ў царкву – тамбур з хорамі. Царква дзейнічае да нашага часу.

Помнікам пачатку ХІХ ст. з’яўляецца драўляная царква ў вёсцы Ялова. Царква пабудавана на могілках з сасновага брусу. Гэта храм падоўжана-восевай кампазіцыі, прамавугольны кампактны будынак. Храм мае апсіду з трохвальмавым пакрыццем. Вільчык даху над галоўным фасадам завершаны двух’яруснай чатырохграннай вежачкай. Тарцовыя фасады завяршаюцца франтончыкамі з драўлянымі скульптурамі. Сцены пазбаўлены дэкору, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі дашчатымі ліштвамі.

Захаваўся помнік народнага драўлянага дойлідства Петрапаўлаўская царква (1824), якая знаходзіцца ў паўднёвай частцы мястэчка Шарашова на могілках. Гэта адназрубны храм з трохграннай алтарнай часткай. Ён накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Падабенства класіцыстычнаму порціку надаюць шэсць стаўпоў на галоўным фасадзе. Гэты фасад з трохвугольным франтонам, на якім размешчаны 2 рамбічныя акенцы, завяршаецца двух’яруснай фігурнай вежачкай. У аздабленні храма выкарыстана паліхромная афарбоўка, дэкаратыўныя ўзоры, размалёўка на рэлігійныя сюжэты. На сценах змяшчаюцц апрамавугольныя і ромбападобныя вокны. Царква дзейнічае.

Нядаўна згарэла драўляная Прэабражэнская царква (1878 г.) на пружанскіх праваслаўных могілках. Каля яе таксама змяшчалася драўляная званіца. Зараз на іх месцы ўзведзены цагляныя культавыя будынкі.

Наогул, на тэрыторыі Пружаншчыны захавалася больш 20 помнікаў культавай архітэктуры.

 

Літаратура:

1. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мн., 1993. 620 с.

2. Габрусь Т. Калі знікаюць спевы і паданні: архітэктура беларускага барока // Роднае слова. 1994. № 1. с. 23 – 25.

3. Гісторыка-культурная спадчына Пружанскага раёна (гістарычнае мінулае, помнікі археалогіі, гісторыі, культуры і архітэктуры). – Брэст., 1996. – 32 с.

4. Гісторыя беларускага мастацтва: у 6 т. – т.2. – Мн., 1988. – 384 с.

5. Гісторыя беларускага мастацтва: у 6 т. – т.3. – Мн., 1989. – 448 с.

6. Дудзюк З. Троіцкі касцёл дамініканцаў // Народная трыбуна. 1995. 25 сакавіка.

7. Жук-Грышкевіч Р. На адзін кароткі момант у Пружаны // Раённыя будні. 1993. 4 верасня.

8. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Брэсцкая вобласць. – Мн., 1984. – 340 с.

9. Здановіч І. Ёсць званіца ў Шарашове // Зара камунізму. 1990. 10 красавіка.

10. Казлоўскі Д. Выратаваць касцёл // Раённыя будні. 1994. 19 лютага.

11. Каляда Г. Дарога зноў вяде да храма // Раённыя будні. 1991. 22 кастрычніка.

12. Каляда Г. Вяртанне памяці // Зара камунізму. 1990. 24 ліпеня.

13. Кулагін А.М. Адраджэнне готыкі. – Мн., 1993. – 71 с.

14. Лакотка А.І. Пад стрэхамі прашчураў. – Мн., 1995. – 384 с.

15. Ліповіч А. Лыскава // Раённыя будні. 1991. 27 снежня.

16. Лялько К. Касцёл у Пружанах // Ave Maria. 1998. № 8 – 9. с. 17 – 18.

17. Машкала І. Другое жыццё кляштара базыльян // Зара камунізму. 1990. 14 красавіка.

18. Машкала І. І ўзнёсся над Пружанамі храм ... // Раённыя будні. 1991. 17 верасня.

19. Машкала І. Легенда ці рэальнасць? // Зара камунізму. 1990. 12 мая.

20. Моя пружанская землица! – Барановичи., 1999. – 32 с.

21. Нестерчук Л. Без защиты // Советская Белоруссия. 1990. 10 августа.

22. Нестерчук Л. Отечественная война 1812 г. на Брестчине. – Брест., 1990. – 60 с.

23. Несцярчук Л.М. Замкі, палацы і паркі Берасцейшчыны Х – ХХ ст.ст. – Мн., 2002. – 336 с.

24. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. – Мн., 1992. – 456 с.

25. Панюціч А. Скарбы старога касцёла // Раённыя будні. 1990. 20 снежня.

26. Пружаны. – Мн., 1990. 12 с.

27. Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мн., 2001. – 368 с.

28. Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская область. – Мн., 1990. 424 с.

29. Сергачёв С.А. Белорусское народное зодчество. – Мн., 1992. – 225 с.

30. Смирнова Е.Д., Сушкевич Л.П., Федосик В.А. Средневековый мир в терминах, именах, названиях. – Мн., 1999. – 383 с.

31. Терехова В. И курганы, и битвы, и память, и жизнь … // Беларуская думка. 1993. № 7. с. 49 – 51.

32. Федорук А.Т. Старинные усадьбы Берестейщины. – Мн., 2004. – 576 с.

33. Хаўстовіч М. Скасаванне уніі // З гісторыяй на “Вы”: вып.2. – Мн., 1994. – с. 107 – 118.

34. Церахава В. Лыскава: праз шэсць стагоддзяў // Раённыя будні. 1998. 20 студзеня.

35. Чантурия В.А. Архитектура Белоруссиии конца XVIII – начала XIX в.в. – Мн., 1982. – 210 с.

36. Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. – Мн., 1977. – 295 с.

37. Чантурия В.А. Архитектурные памятники Белоруссии. – Мн., 1982. – 223 с.

38. Чантурия В.А. Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии. – Мн., 1986. – 236 с.

39. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – т. 5. – Мн., 1999. – 592 с.

40. Якімовіч Ю.А. Экспедыцыя на Брэстчыну // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1978. № 2. с. 44 – 46.

41. Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся XVII – XVIII ст.ст. – Мн., 1978. – 152 с.

42. Якімовіч Ю. Беларускія драўляныя званіцы // Мастацтва Беларусі. 1987. № 8. с. 23 – 25.

43. Rozanόw M. Powiat Prużański. – Prużana., 1935. – 94 s.Асаблівае месца ў гісторыі Беларусі належыць мястэчку Ружаны на Пружаншчыне, што месціцца каля невялікай рачулкі Ружанкі.

 

Яндекс.Метрика