pict На главную сайта   Все о Ружанах pict
pict  
 

 



Источник: statut.by

Аляксандр Горбач


Артыст з Божае ласкі

 

© Аляксандр Горбач, 2013.
Друкуецца з дазволу аўтара.

 

Гл. пераклад на рускую мову.

* * *

Займаючыся шмат гадоў даследаваннем жыцця і творчасці спевака Міхася Забэйды-Суміцкага, я неаднойчы сустракаў імя баса-барытона Паўла Пракапені. Прызнацца, да пэўнага часу не звяртаў на гэтае імя асаблівай увагі, пакуль не высветлілася, што Пракапеня — гэтаксакма мой зямляк, з Ружаншчыны, нарадзіўся ў вёсцы Заполле.

Аляксандр Горбач,
дырэктар ТАА «Выдавецкі дом «СТАТУТ»

 

Звестак аб ім, што праўда, пападалася мала, хутчэй гэта былі эпізодныя згадкі ва ўспамінах, таму скласці які-кольвечы творчы партрэт артыста, ацаніць масштабнасць і глыбіню ягонага таленту было цяжка.


Павел Пракапеня,
1930-я гг.

Так, у прыватнасці, у № 3 часопіса «Калоссе» за 1937 год Рыгор Шырма, робячы агляд віленкага канцэртнага жыцця, паведамляў пра два канцэрты Паўла Пракапені, што адбыліся ў Вільні — тагачасным цэнтры культурнага і нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі — 4 траўня і 2 чэрвеня. Шырма адзначаў, што «малады спявак мае свежы і моцны голас, відаць музычная школа», пры гэтым, як сапраўдны крытык, паказваў і на заганы, галоўную з якіх ён бачыў у «надужванні стыхіяў голасу для бісавых эфектаў». «Праўда, гэта ў Пракапені чужое, наноснае, зусім непатрэбнае, — зазначаў Шырма. — Чым хутчэй ён пазбавіцца ад такіх прыёмаў спеву, тым хутчэй знойдзе сам сябе, стане на ўласныя ногі, здабудзе публіку і без пасрэднікаў». Найлепшымі нумарамі, на думку Р. Шырмы, у праграме Паўла Пракапені былі «Грэнадзёры» і «Бурлакі».

 


Эй, ухнем (песня волжских бурлаков)

 

Даўшы маладому артысту некалькі парадаў, Рыгор Раманавіч выказваў надзею, што з часам пра яго без агаворак можна будзе сказаць: «Пракапеня — гэта артыст з божае ласкі». Як высвятляецца сёння, не памыліўся.

Гэта сёння высвятляецца, а калі я напрыканцы 2006 года публікаваў у прэсе свой першы невялікі артыкул пра Паўла Пракапеню, мне было цяжка меркаваць, наколькі той у будучым апраўдаў высокую шырмаўскую ацэнку свайго таленту. Тады ў мяне не было надзеі знайсці нават фотаздымак спевака, не кажучы ўжо аб тым, каб пачуць ягоны голас.

Аднак мой песімізм, на шчасце, не апраўдаўся, бо Пракапеня быў сапраўды спеваком ад Бога, спеваком, па праву можна сказаць, сусветна вядомым. Таму ягонае імя назаўсёды ўпісана ў гісторыю сусветнага опернага мастацтва, таму ведаюць і шануюць нашага земляка як прафесіяналы, так і аматары оперы ва ўсім свеце (звесткі аб ім, у прыватнасці, мне давялося сустрэць нават на інтэрнэт-сайце аматараў оперы Замбіі). Таму захавалася шмат і фотаздымкаў, і запісаў ягоных песень, і ўспамінаў пра спевака, фрагментаў ягонай біяграфіі. А кружэлкі Пракапені, афішы і праграмкі ягоных канцэртаў і па сёння прадаюцца ў многіх краінах на аукцыёнах.

 

Узлёт

Даводзіцца часта сутыкацца з недакладнасцямі і блытанінай у біяграфіі Паўла Пракапені. У прыватнасці, некаторыя расійскія крыніцы падаюць, што артыст нарадзіўся ў Наваградку. Аднак насамрэч пад Наваградак ён трапіў, як пайшоў батрачыць. У Заполлі яшчэ жывуць людзі, якія памятаюць свойго знакамітага земляка. Ды і польскія крыніцы падаюць месца яго нараджэння як «Zapole na Polesiu».

Да слова, пісьменнік Янка Саламевіч, малая радзіма якога мяжуе з Ружаншчынай, чуў пра Пракапеню яшчэ ад свайго дзядзькі, якому за польскім часам давялося працаваць разам з будучым спеваком на тартаку. Паводле ягоных успамінаў, будучую оперную зорку, а тады яшчэ падлетка, рабочыя часта прасілі паспяваць, папярэдне пусціўшы па тартаку шапку і сабраўшы «ганарар». Гэтыя «канцэрты» юнага баса-самародка, як узгадваў Саламевічаў дзядзька, рабілі на прысутных надзвычайнае ўражанне: ад гукавой вібрацыі святло ў лямпах дрыжала, здавалася, што вось-вось шыбы з вакон павылятаюць.

Што да даты нараджэння спевака, то і тут ёсць некаторая блытаніна. Паводле адных крыніц, ён нарадзіўся 18 жніўня 1908 г. (у прыватнасці, так кажа яго пасведчанне аб сацыяльным страхаванні, што захоўваецца і па сёння ў адным з архіваў ЗША). Паводле іншых адбылося з’яўленне артыста на свет на 2 гады пазней, таго ж дня ў 1910 годзе. Больш праўдападобным выглядаў бы менавіта 1908 год, бо інакш надта ж ужо раннім атрымліваецца творчы ўзлёт Пракапені як артыста. З іншага боку, даводзіцца сустракаць звесткі аб тым, што Павел Пракапеня прыехаў у Варшаву вучыцца ў 1926 годзе 16-гадовым юнаком, «маючы пры сабе толькі прыгожую знешнасць ды бас-барытон Шаляпіна». Паводле гэтай версіі атрымліваецца, што летась было стагоддзе з дня нараджэння нашага славутага земляка. Аднак будзем спадзявацца, што гэтую блытаніну з датай нараджэння ў будучым няцяжка будзе высветліць.


Павел Пракапеня ў Заполлі са сваякамі,
ружанскім святаром Наўроцкім і яго сям’ёй
(2-ая палова 1930-х гг.).
Здымак з асабістага архіву
ружанскага мастака Ю. Малышэўскага.

Дарэчы, што да творчага ўзлёту, то і тут шмат розных версій. Ранней мне даводзілася сустракаць звесткі аб тым, што пад Наваградкам юнак Пракапеня працаваў на панскіх кухнях. Заўважыў яго непаўторны глыбокі голас пан, ягоны гаспадар, які і адправіў хлопца ў Варшаву да Яна Кепуры вучыцца.
Аднак польскі пісьменнік і кампазітар Яраслаў Абрамаў-Неверлі піша пра адкрыццё таленту Паўла Пракапені наступнае: «…працаваў ён пасыльным ў Ваяводзкім Упраўленні (Наваградскім — А.Г.) і ў паліцэйскай камендатуры… разносіў лісты… У чырвонай фуражцы хадзіў ён з сумкай і заўсёды спяваў. На гэтыя спевы звярнула ўвагу жонка камісара паліцыі…, у захапленні ад ягонага чароўнага голасу яна адправіла яго вучыцца ў Варшаву. Хутка Пракапені стаў вядомым спеваком, бас-барытонам, які ў Кракаве спяваў з самім Янам Кепурам з даху аўтамабіля». Забягаючы трошкі наперад, дадамо апісанне Абрамава-Неверлі, як Пракапеня, ўжо будучы вядомым спеваком у другой палове 1930-х, прыехаў на гастролі ў Наваградак, канцэрт быў у кіназале: «Калі Пракапені заспяваў на беларускай мове народную песню «Лявоніха», апладысментам не было канца».

Але вернемся да таго моманту, як Пракапеня патрапіў у Варшаву. Дык вось, паводле некаторых польскіх крыніц, з першага праслухоўвання ў вядомага тэнара Яна Кепуры, якое адбылося ў 1926 годзе, нічога не атрымалася, узыходзячая зорка польскай оперы толькі паціснуў пракапеневу руку і пажадаў усяго найлепшага ў ягонай будучай кар’еры.

Хлопец стаў зарабляць сабе на пражыццё спевамі ў барах ды рэстаранах, наведвальнікамі якіх былі прадстаўнікі вышэйшага свету польскай эліты ды рускія белыя эмігранты. Падчас аднаго такога выступу ў бары гатэля Пракапеню і пачуў яшчэ адзін вядомы артыст Варшаўскай Оперы, барытон Тадэвуш Орда-Залеўскі, якога крытыкі, да слова, называлі выбітнейшым мастаком свайго часу. Сам Орда-Залеўскі, калі пазнаёміўся з нашым земляком, будучы ў самым росквіце творчых сіл, з-за прычыны хваробы лёгкіх развітваўся са сцэнай, а праз пару гадоў вымушаны быў развітацца і з жыццём. Аднак, ачараваны непаўторным голасам юнака, ён зрабіў усё, каб Паўла Пракапеню залічылі ў хор пры Варшаўскай Оперы. А гэта, у сваю чаргу, дало хлопцу права на двухгадовае навучанне ў школе спеваў Рышарда Врагі, які адразу прызнаў рэдкі пракапенеў талент.

 

Як беларус стаў італьянцам

Рышард Врага пасля двух гадоў навучання рэкамендуе Пракапеню князю А. Радзівілу, які выдзяліў хлопцу грошы (стыпендыю) на далейшае навучанне ў Італіі. Напрацягу 3 гадоў Пракапеня займаецца ў Мілане і Рыме. Дарэчы, з гэтага перыяду сваё прозвішча ён стаў пісаць на італьянскі манер — Prokopieni, менавіта ў такой трансфармацыі яно і засталося ў гісторыі опернага мастацтва. Мы ж дазволім сабе называць нашага земляка на наш манер, нам больш звыклы.

На Міжнародным конкурсе маладых вакалістаў у Вене Пракапеня выйграе першы прыз і дыплом. Пасля гэтага з поспехам выступае ў Аўстрыі.

Пад час свайго побыту ў Італіі ў 1933–1935 гг. ён даў каля 100 канцэртаў на радыёстанцыях у Рыме і са сцэны, выступаючы ў самых прэстыжных тэатрах Мілана і Рыма. У гэты час спявак атрымліваў шмат розных цікавых запрашэнняў, меў вялікае турнэ па Еўропе, але ў 1936 годзе вяртаецца ў Польшчу. Вяртаецца, безумоўна, з трыумфам — яго імя ведае ўся Еўропа.

І тут лёс зводзіць яго са свамі першым няўдалым «імпрэсарыо» – Янам Кепурам: яны сапраўды разам спявалі ў знакамітым канцэрце на 12 тысяч слухачоў, што адбыўся на Вавелі ў Кракаве. Увогуле, за 2 гады па вяртанні з замежжа Пракапеня ўзяў удзел больш чым у 250 канцэртах, у тым ліку дабрачынных. Мяркуем, што ў гэтую лічбу ніхто не залічваў канцэрты на радзіме для землякоў, у Заполлі і суседніх вёсках. Прынамсі, пра адзін такі канцэрт у нашай вёсцы мне даводзілася чуць ад відавочцаў.

Палякі Паўла Пракапеню шанавалі: за «папулярызацыю польскай культуры па ўсяму свету» ён меў шмат афіцыйных узнагарод, пазней за выдатнае выкананне польскіх вайсковых песень быў узнагароджаны ордэнам за заслугі ад прэзыдэнта Масьціцкага, а таксама ад генерала Сікорскага і генерала Андэрса. Таму ведаюць і шануюць нашага слыннага земляка ў Польшчы і сёння.

Тым не меньш крытыкі справядліва называюць Паўла Пракапеню спеваком трох славянскіх культур — беларускай, польскай і рускай.

 

За што Пракапеню любяць у Расіі

Імя Паўла Пракапені сапраўды добра вядомае сёння і ў Расіі. Мы, канешне ж, не вядзем тут гутарку пра масавага слухача, аматара гэтак званай папсы, хоць знакамітыя «Очи черные» у Пракапеневым выкананні мне давялося нават пабачыць ў адным прыватным інтэрнэт-каталогу пад рубрыкай «Блатны шансон».

 


Очи черные

 

Справа ў тым, што ў 20–30-х гадах мінулага стагоддзя ў Польшчы назіраўся сапраўдны бум на рускія песні і рамансы, па ўсёй краіне з поспехам разыходзіліся кружэлкі з іх запісамі ў выкананні спевакоў, што жылі ў Польшчы ці выступалі тут з канцэртамі, такіх як Ніна Беліч, Вольга Каменская, Вара Ласкі, Юрый Марфессі, Аляксандр Вярцінскі, Рыгор Сямёнаў, Пётр Лешчанка. Не апошняе месца ў гэтым шэрагу займала і імя нашага земляка Паўла Пракапені.


Вокладка ад кружэлкі П. Пракапені
з рускімі песнямі.

У ягоным рэпертуары, акрамя польскіх і беларускіх песень, былі якраз у асноўным рускія народныя песні. Яны і па сёння захаваліся як у Польшчы, так і ў Расіі ў прыватных калекцыях на старых кружэлках фірмы «Syrena-Electro» запісу 1933 году: «Ах, ты доля, моя доля», «Байкал», «Бродяга», «Ванька-парень», «Веревочка», «Волга-волга», «Во саду иль в огороде», «Два гренадёра»", «Двеннадцать разбойников», «Блоха», «Дубинушка», «Лучинушка», «Любовь разбойника», «Молись, кунак», «Семеро зятьев», «Утес», «Ухарь - купец», «Черные гусары», «Эй, ухнем».

 


Блоха

 

Як бачым, у спевака быў фактычна шаляпінскі рэпертуар, таму ў некаторых крыніцах даводзіцца часам сустракаць параўнанні Пракапені з вялікім Шаляпіным, і, як правіла, адзначаюцца не толькі ягоныя выдатныя вакальныя дадзеныя, надзвычайны дыяпазон і глыбіня голасу, але і арыгінальнасць выканання.

Згадваюць часта сёння расійскія даследчыкі Паўла Пракапеню і сярод зорак рускай эміграцыі Злучаных Штатаў Амерыкі, што працавалі там на творчай ніве ў паваенны час.

 

Чырвоныя макі на Монтэ Касіна…

Зноў вернемся ў 1930-я. Напрыканцы 1938 г. Павел Пракапеня выехаў на гастролі па балканскіх краінах. Трэба так разумець, што там яго і застае трагічны верасень 1939- га, бо далей маем толькі звесткі, як ён праз Румынію прабіраецца ў Польшчу і запісваецца добраахвотнікам у Войска Польскае, прымае ўдзел у баях з немцамі пад Львовам.


Кружэлка (фрагмент) фірмы «Syrena-Electro»
з рускімі песнямі ў выкананні П. Пракапені.

 

У гэты час многія польскія эстраднікі — спевакі, музыканты, кампазітары, — шукаючы ратунку ад нямецкай акупацыі, кінуліся якраз у Львоў, які хутка адыйшоў пад Савецкі Саюз згодна сакрэтнаму пратаколу да пакта Молатава-Рыбентропа. Па завяршэнні баявой кампаніі апынуўся тут і Павел Пракапеня. Трэба было неяк жыць у новых абставінах, і яны займаліся тым, што ўмелі — сваёй прафесіяй. Аднак «нядоўга музыка іграла» — у хуткім часе многія з іх як «нямецкія шпіёны» пайшлі этапам у сталіснкі ГУЛАГ. Не выключана, што такі ж лёс напаткаў і нашага земляка, бо калі Германія напала на Савецкі Саюз, Пракапеня апынуўся ўжо ў Куйбышаве (цалкам магчыма, што на этапе, аднак дакладных звестак пакуль не маем).

У хуткім часе па дамоўленасці Польскага Ураду ў выгнанні з савецкай дзяжавай на поўдні СССР пачынаецца арганізацыя польскай арміі пад кіраўніцтвам вызваленнага з Лубянкі генерала Уладзіслава Андэрса («Армія Андэрса»). Корпус фарміраваўся з польскіх грамадзянаў, што трапілі ў савецкі палон у 1939 годзе, а таксама тых, што былі дэпартаваныя ў 1939– 1941 гг. у глыб СССР. Андэрс хоць і крайне негатыўна ставіўся да савецкага рэжыму і не жадаў супрацоўнічаць са Сталіным, аднак скарыстаў прапанову Савецкага ўраду, каб вызваліць з няволі як мага больш сваіх суайчыннікаў. Дарэчы, нацыянальны склад Арміі Андэрса быў неаднародным, акрамя палякаў каля 30% складалі яўрэі, украінцы, беларусы.

У Армію Андэрса трапляе і Павел Пракапеня, яго залічваюць у склад артыстычнага ансамбля Карпацкай брыгады. Напрацягу ўсёй вайны ён даў шмат канцэртаў для арміі, саграючы сэрцы польскіх салдат сваім спевам і падымаючы іх баявы дух. Гэтым часам карта яго выступаў супадае з картай перадыслакацыі Арміі Андэрса, і акрамя таварышаў па зброі Пракапеню слухалі жыхары Ірана і Лівіі, Палесціны і Італіі.


Фота П. Пракапені з аўтографам.

У 1943 годзе Павел Пракапеня як спявак быў задзейнічаны ў здымках фільма «Шатландская мазурка». Гэты фільм (каляровы, працягласць 16 хвілін) па сутнасці быў прапагандысцкім, ён здымаўся па заказу Польскага Ураду, што знаходзіўся на эміграцыі ў Лондане, і меў на мэце паляпшэнне ўзаемаадносін паміж шатландскай грамадзянскай супольнасцю і польскай арміяй, якая ў той час дыслакавалася ў Шатландыі. У фільме паказаны польскія салдаты (на баявых і спартыўных занятках, у вольны час), рэканструіравана сцэна атрымання салдатамі пошты, ёсць пастановачныя сцэны сустрэчы палякаў і шатландцаў у сельскай мясцовасці, рамантычныя ўзаемаадносіны вайскоўцаў з мясцовымі дзяўчатамі. У адной са сцэн польскі вайсковы хор спявае ў вузкай горнай даліне, а мужчыны і жанчыны выконваюць традыцыйныя польскій танцы (адсюль і назва фільма).

Пад час вайны як на тэрыторыі акупаванай Польшчы, так і за яе межамі ў польскіх вайсковых фарміраваннях была вельмі папулярнай песня польскіх партызан «Rozszumiały się wierzby płaczące» («Расшумеліся вербы плакучыя») на матыў вядомай маршоўкі «Развітанне славянкі». Польскі тэкст напісаў школьны настаўнік музыкі Раман Сьлензак яшчэ ў 1937 годзе — «Rozszumialy się brzozy płaczące». У 1943 годзе невядомы аўтар тэкст актуалізаваў, плакучыя бярозы былі замененыя на вербы, і менавіта гэты варыянт замацаваўся і ў далейшым набыў вялікую папулярнасць.

Пад час Другой сусветнай вайны гэтая песня была фактычна гімнам галоўнага польскага партызанскага фарміравання — Арміі Краёвай. А ў Арміі Андэрса яна гучала ў выкананні Паўла Пракапені (захаваўся пазнейшы, паваенны запіс).

 


Rozszumiały się wierzby płaczące

 

Але найбольшую вядомасць артысту прынеслі такія песні, як «Карпацкая брыгада» і асабліва «Чырвоныя макі на Монтэ Касіна» (А. Шутц — Ф. Канарскі).

Бітва пад Монтэ Касіна, у якой браў удзел Павел Пракапеня, вядомая ў гісторыі Другой сусветнай вайны яшчэ як Бітва за Рым, — гэта серыя з 4 кровапралітных вайсковых апареацый, у выніку якой войскі саюзнікаў прарвалі з поўдня лінію нямецкіх умацаванняў, вядомую як «Лінія Густава», і завалодалі Рымам. Са студзеня па май 1944 г. умацаванні лініі Густава беспаспяхова штурмаваліся 3 разы. 11 мая пачаўся 4-ты штурм, у якім браў непасрэдны ўдзел і 2-гі Польскі корпус (Армія Андэрса). Праз тыдзень пасля цяжкіх баёў лінія Густава была прарваная на ўчастку ад кляштара Монтэ Касіна да пабярэжжа, 18 мая польскі атрад узняў над кляштаром, што быў ператвораны гітлераўцамі ў крэпасць, свой нацыянальны бела-чырвоны сцяг.

Штурм Монтэ Касіна для палякаў стаў сімвалам гераізму, а подзвіг і мужнасць польскіх салдат была ўспета ў песні «Чырвоныя макі на Монтэ Касіна». Першыя куплеты гэтай песні былі напісаныя яшчэ пад час штурму, а літаральна 19 мая ля падножжа гары Монтэ Касіна Тэатр Салдата Польскага ўпершыню выканаў гэтую песню (спяваў Гвідон Боруцкі). Першы запіс яе ў тым жа годзе зрабіў другі спявак — Адам Астан. Ну а сваю найбольшую папулярнасць набыла яна, асабліва ў паваенны час сярод польскай эміграцыі ў ЗША, у значнай ступені дзякуючы выкананню Паўла Пракапені.

 


Czerwone Maki Na Monte Cassino

 

Песня «Чырвоныя макі на Монта Касіна» для палякаў сёння, можна сказаць, культавая, яе слухаюць стоячы.


Кружэлка з песняй ў выкананні П. Пракапені
«Расшумеліся вербы плакучыя»
(запіс паваеннай пары, прыблізна 1940-я гг).

Пасля бітвы пад Монтэ Касіна Армія Андэрса напрацягу года ваявала ў Італіі і скончыла свой баявы шлях ў красавіку 1945 г. Да 1946 года корпус заставаўся ў складзе акупацыйных сілаў у Італіі, затым быў перакінуты ў Вялікабрытанію і там расфарміраваны.

Большасць вайскоўцаў, як і сам Уладзіслаў Андэрс, не пажадалі вяртацца ў камуністычную Польшчу, застаўшыся на эміграцыі. Дарэчы, тых беларусаў і украінцаў — ветэранаў Арміі Андэрса, што вярнуліся, разам з сем’ямі (агулам каля 4,5 тыс. чалавек) у 1951 годзе саслалі на спецпасяленне ў Іркуцкую вобласць, дзе яны прабылі да жніўня 1958 г.

На далёкай чужыне

Павел Пракапеня, як і большасць яго таварышаў, не вярнуўся на Бацькаўшчыну, пераехаў на сталае жыхарства ў ЗША.

Ужо 27 сакавіка 1947 г. амерыканскі музычны штотыднёвік «The Billboard» паведамляў аб тым, што на бягучым тыдні ў студыі «RCA Victor» выходзіць кружэлка Паўла Пракапені і Польскага аркестра з двума запісамі — «Чырвоныя макі на Монтэ Касіна» і «Паланез Агінскага».

Як мы ўжо згадвалі, спявак меў вялікі поспех, з канцэртамі аб’ехаў паў-свету, выступаў на самых вялікіх і прэстыжных канцэртных пляцоўках не толькі ЗША, але і Францыі, Аргенціны, Бразіліі, дзе яго голасам, як у сольных партыях, так і ў операх, захаплялася шматлікая публіка. Ёсць звесткі, што ў той час Пракапеня выступаў разам з Беньяміно Джыльі, вядомым італьянскім оперным спеваком і акторам, якога называлі «спадкаемцам» Энрыка Каруза.


Фрагмент афішы з аўтографам
і партрэтам П. Пракапені
ў ролі Барыса Гадунова (1956 г.).

А шлях у Польшчу яму быў зачынены, заслугі Арміі Андарса доўгі час, фактычна да падзення камуністычнага рэжыму, не прызнаваліся. Пра Савецкі Саюз, часткай якой была Беларусь, і казаць ужо няма чаго. Можна толькі ўявіць, што перажываў заполец Павел Пракапеня ў далёкім выгнанні, спяваючы на сцэне перад улюблённай у яго публікай:

Далеко село родное,

В нем хотел бы побывать,

Повидать все дорогое

И обнять старушку мать.

(«Ах ты, доля, моя доля»)

Пракапеня жыў у Нью-Йорку, на Манхэтане. Абрамаў-Неверлі так апісвае яго знешнасць таго часу: «Каранасты бландзін, з бадзёрым тварам, што выдаваў схільнасць да чаркі…». Аднак заўважае, што спявак падтрымліваў добрую форму напрацягу многіх гадоў.

Што да характару артыста, то сучаснікі падкрэслівалі яго надзвычайную сціпласць, нават некаторую сарамлівасць, чароўнасць, дзівіліся з таго, што, будучы шырока вядомым спеваком, ён цалкам быў пазбаўлены ўсякіх капрызаў «вялікай зоркі». Адну ягоную рысу лічылі за дзівакаватасць і нават за слабасць: дабіўшыся ў жыцці ўсяго сам, ён моцна ганарыўся сваімі ўзнагародамі, медалямі і ардэнамі як даваеннай пары, так і тымі, што атрымаў у Арміі Андэрса; адзяваў іх заўсёды, нават калі пазіраваў для рэкламных плакатаў.

Нажаль, нам невядомая пакуль поўная дыскаграфія Паўла Пракапені, аднак з тых звестак, што маем на сёння, вядома, што ў 1966 годзе з нагоды тысячагоддзя польскай дзяржавы выйша яго кружэлка з салдацкімі і патрыятычнымі песнямі: «Pierwsza Brygada", «Karpacka Brygada", «Czerwone maki na Monte Cassino», «Rozszumiały się wierzby płaczące», «Serce w plecaku», «Warszawo ma», «Boże coś Polskę», «Modlitwa obozowa», «Żal» (Fryderyk Chopin), «Hulanka» (F. Chopin), «Kozak"» (Stanisław Moniuszko), «Pieśń rycerska» (S. Moniuszko), «Pieśń flisaków» (Władysław Dan-Daniłowski), «Peleryna», «Wańka», «Czerwone jabłuszko», «Krakowiak».

Памёр спявак раптоўна ў ноч з 9 на 10 кастрычніка 1976 г. у Нью-Йорку. Пахаваны на польскіх могілках у Дойлестаўне (штат Пенсільванія).

 


Ах ты, доля, моя доля

 

Словы, якімі заканчваўся некралог на смерць артыста ў адным з беларускіх эмігранцкіх выданняў — «…пакінуў пасля сябе шмат, Бацькаўшчынай не скарыстана нічога» — застаюцца актуальнымі і па сёння.

 

 

* * *

 

 

Яндекс.Метрика