pict На главную сайта   Все о Ружанах pict
pict  

 

 

Ігар Карней.

Ружаны

 

Здесь представлена оригинальная языковая текстовая версия программы белорусской редакции Радио-Свобода от 20 августа 2001 г.

Сам автор датировал написание программы 8 августом 2001 года.

Если у кого-нибудь возникнет желание сделать перевод на русский - милости просим. Я лично и так понимаю, а вот перевод сделать не рискну... [Ред.]

Источник

Менавіта ў такіх вандроўках найбольш яскрава прасочваецца адзін гістарычны казус: чым больш адметнае месца займаў горад пяць-шэсьць стагодзьдзяў таму, тым меншая роля ягоная цяпер. Тыя ж Наваградак, Тураў, Крэва, Заслаўе, Радашкавічы... Зараз гэта толькі водгукі былой славы. Большасьць зь іх на мапе сучаснай Беларусі пазначаныя як другавартасныя мястэчкі. Ружаны — з гэтага ж шэрагу.

 

Цяпер Ружаны — глыбокая правінцыя. Адзін з гараджанаў аддаленасьць ад цывілізацыі пракамэнтаваў так: пакуль сюды дайшла гарбачоўская пастанова пра барацьбу з п’янствам, дык сухі закон ужо адмянілі. А вось у лепшыя часы гэта быў значны цэнтар — як вытворчасьці, так і культуры. Зараз насельніцтва Ружанаў — 3,5 тысячы чалавек, а да Першай усясьветнай вайны было 15 тысяч. Роўна траціну тутэйшых цяпер складаюць пэнсіянэры са звыклым наборам скаргаў на жыцьцё. Скардзяцца, але па-ранейшаму застаюцца падмуркам сумнавядомага электарату.

76-гадовая Ванда Брытава са сьлязьмі кажа, што жыць невыносна цяжка: дзеці разьехаліся хто куды, дапамогі няма. А тут яшчэ адна старчая навала — глухата. Так што дастукацца да бабы Ванды сапраўды нялёгка. Своеасаблівым перакладчыкам выступіў ейны пляменьнік.

Брытава: "Хваліцца няма чым. За дровы, торф, ваду, сьмецьце, сьвет, тэлефон — за ўсё трэба плаціць. Няўжо можна за тыя грошы, што застаюцца, яшчэ й жыць?"

Карэспандэнт: "Хто вінаваты, што жыцьцё цяжкае?"

Брытава:"Ня ведаю".

Карэспандэнт: "Будуць выбары. За каго зьбіраецеся галасаваць?"

Брытава: "Хіба будуць гэты рок выбары? Пайду, пайду. А калі за Лукашэнку, то што: дасьць нам болей?"

Карэспандэнт: "Ня ведаю, можа й ня дасьць..."

Брытава: "Хай бы такім як я, малазабясьпечаным, Лукашэнка падабаўляў па 10 тысяч. І тое добра. Хай бы заставаўся".

Карэспандэнт: "А чаму за Лукашэнку?"

Брытава: "Ну дык гэта ж другія людзі камандуюць, якія прызначаць заробкі. Таму й мала даюць. Лукашэнка ж так добра стараецца. Але паспрабуй даць усім. А ўсе ж хочуць есьці..."

 Адно з маіх папярэдніх наведваньняў Ружанаў прыпала якраз на 9 траўня. У мястэчку ўсе як адзін адзначалі Дзень Перамогі. Пад гукі духавога аркестру ў напрамку помніка абаронцам Айчыны прасунулася нястройная сьвяточная калёна. Літаральна выхопліваю з шарэнгі старога вэтэрана. Віншую й цікаўлюся настроем. Стары кажа, што атрымаў 10 тысяч рублёў, прэзыдэнцкі падарунак, і… зусім нечакана пераводзіць гаворку да выбараў.

Вэтэран: "Трэба галасаваць абавязкова. Але трэба паслухаць, што разумныя людзі гавораць".

Карэспандэнт: "Адкуль вы зьбіраецеся яшчэ браць інфармацыю: з газэтаў, радыё, тэлебачаньня?"

Вэтэран: "Адзін гаворыць адно, другі — зусім іншае. Не разьбярэсься. Але паводле чутак, нельга знайсьці некага іншага, апроч Лукашэнкі".

Карэспандэнт: "А вам як здаецца?"

Вэтэран: "Я, прыкладам, ня ведаю, хто як чалавек Лукашэнка быў раней. Але як прэзыдэнт быццам для мяне ён нядрэнны. Як далей будзе — цяжка сказаць".

Пакуль мы размаўлялі, калёна сьцішылася ля імправізаванага вечнага агня, шлянг ад якога дазволіў хутка вылічыць прыхаваны ў елках звычайны газавы балён. І толькі потым заўважыў, што калёну сустракаюць (я сам адразу не паверыў) піянэры. З той толькі адметнасьцю, што гальштукі іхныя на манер цяперашняга сьцяга чырвона-зялёныя. Спроба завязаць знаёмства з малымі збольшага няўдалая: дзеці пужаюцца й стыдаюцца адначасова. На кантакт ідзе толькі адна дзяўчынка гадоў дзевяці.

 

Карэспандэнт: "Ці ведаеш, што ў цябе на шыі?"

Піянэрка: "Так, гальштук. Мы ж піянэры".

Карэспандэнт: "Даўно ў школе зьявіліся піянэры?"

Піянэрка: "Ну-у-у, год таму".

Карэспандэнт: "Табе падабаецца быць піянэркай?"

Піянэрка: "Не-а. Бацькі кажуць, што настаўнікі зусім здурнелі. Піянэры былі толькі ў Савецкім Саюзе".

Тым разам на Плошчы 17 верасьня адбываўся мітынг, нічым не адрозны ад тых, што былі ў 1970-я. Цалкам найграная патэтыка! Моцныя ўстоі часоў сацрэалізму тут зьвязваюць з мэрам Ірынай Гайдук. 17 гадоў ля штурвалу пасялковага выканаўчага камітэту — ледзьве не абсалютны рэкорд кіраваньня па краіне. Цікаўлюся, як час уплывае на формы й стыль кіраваньня.

Гайдук: "Кожны час ставіць свае пытаньні. Няма такога: горш-лепш, цяжэй-лягчэй. Работа вельмі адказная, але галоўнае — праца з насельніцтвам".

Дзеля справядлівасьці, зьнешне Ружаны пакідаюць вельмі станоўчае ўражаньне. Са стандартных забудоваў — толькі дамы былога афіцэрскага складу ракетнага палка, які 10 гадоў таму разам з комплексамі СС-20 вывелі ў расейскую Чыту.

Астатняя тэрыторыя — а гэта пераважна аднапавярховыя забудовы — літаральна патанае ў зеляніне. Нават цэнтральная плошча больш падобная на дэндрарый. Гэта заслуга былога настаўніка Ўладзімера Рэкуця, які за 40 гадоў незвычайнага захапленьня пераўтварыў мястэчка ў батанічны сад: ну сапраўды, дзе яшчэ ў Беларусі растуць коркавыя дрэвы? На кожным кроку экзатычная флёра, некалі адмыслова выпісаная з усіх кантынэнтаў.

Псуе ідылічны пэйзаж, бадай, толькі гіпсавая выява Леніна: нейкая пародыя на правадыра пралетарыяту. За апошнія гады Леніну тройчы адломвалі працягнутую ў бок Польшчы руку, а кожны новы "пратэз" аказваўся большы за арыгінал. Па замерах мясцовых энтузіястаў, левая рука Ільіча на 35 сантымэтраў большая за правую, якую ён звыкла заклаў за камізэльку.

Пра гэтыя мясцовыя адметнасьці распавёў мне самы паважаны ў гэтых мясьцінах чалавек, народны майстар Беларусі мастак Юры Малышэўскі. Ён — прадаўжальнік такога забытага ў выяўленчым мастацтве кірунку як "выцінанка" — у нечым ювэлірная аплікацыя, альбо ажурная гравюра на паперы. Амаль на кожным малюнку — сымбаль Ружанаў, фамільны замак Сапегаў. З гэтага й пачынаем.

Карэспандэнт: "На ваша гледзішча: ружанцы ўсьведамляюць, у якім гістарычным месцы жывуць?"

Малышэўскі: "Нашыя жыхары вельмі ганарацца замкам. Такія патрыёты, што даходзіць да абсурду — сапраўдныя казкі баяць... Але галоўнае, што яны па-сапраўднаму яго любяць".

Карэспандэнт: "Ня лічыце, што вашы "сапегаўскія" малюнкі маюць і палітычны падтэкст: зварот да мінуўшчыны ня вельмі вітаюць цяперашнія ўлады".

Малышэўскі: "Мастак — як прамакатка. Я глытаю ўсё тое, чым жыве народ. Можа я гэтага нават і не хачу, але вымушаны пракручваць празь сябе штодзённае жыцьцё, і потым гэта выходзіць у маіх думках, у маіх працах".

Палац Сапегаў — культавае месца для ружанцаў. Памеры ягоныя ўражваюць і цяпер; нават нягледзячы на тое, што ад першапачатковага відовішча засталося ня больш за 10%.

Мы са спадаром Малышэўскім павольна крочым побач, і ён распавядае, што была спроба аднавіць замак, але імпэт зьнік разам з затуханьнем адраджэнцкага руху. Пра тое нагадвае толькі сьціплая прыбудова з чырвонай цэглы.

Затое летапісы захавалі, што раней гэта быў знакаміты цэнтар шляхецкіх гуляньняў.

Леў Сапега, аўтар Статуту ВКЛ, ведаў, чым прывабіць гасьцей. Найперш, тэатрам. Уся трупа — а гэта 60 прыгонных актораў — прайшла адмысловае навучаньне ў Санкт-Пецярбургу. Апроч таго, тут была вялікая бібліятэка, карцінная галерэя, манеж; побач — зьвярынец зь "дзіўнымі зьвярыма". Нейкі час тут месьцілася казна ВКЛ, і яе ахоўвала войска. Сапегі ўжо на той час былі вядомымі мэцэнатамі.

За іхныя грошы ў ВКЛ збудавана 74 касьцёлы. Адзін з самых прыгожых — вядома, у Ружанах. Зараз тут гаспадарыць адзін з 150 ксяндзоў-місіянэраў, што былі дэлегаваныя з Польшчы ордэнам кангрэгатаў, які сёлета адзначае 250 гадоў. Рэдкі выпадак: у касьцёле ёсьць арган (ягоныя вартасьці ксёндз ацэньвае як "вышэй за сярэднія"); але іграць на ім, на жаль, няма каму.

Заводжу гутарку са званаром касьцёлу. Ён колісь прыехаў з Расеі да сваякоў, ды й застаўся. На тэрыторыі касьцёлу зьвяртаю ўвагу на незвычайны помнік. Чытаю: усім, хто загінуў і быў пахаваны тут. Аказваецца, вакол касьцёлу пахаваныя 3,5 тысячы немцаў, забітых у часе вайны партызанамі. Дарэчы, усе чатыры афіцэрскія дамы пабудаваныя на касьцях немцаў.

Сапегі мелі непасрэднае дачыненьне яшчэ да аднаго цікавага моманту. У XVIII стагодзьдзі права на вечнае пасяленьне й карыстаньне землямі ў Ружанах атрымалі габрэі. З тае пары габрэі складалі палову, а часам і большую частку тутэйшага насельніцтва. Самы знакаміты мясцовы габрэй — былы міністар абароны Ізраілю Іцхак Шамір. Тры гады таму Шамір упершыню пасьля таго, як эміграваў з бацькамі ў Ізраіль, наведаў Ружаны, дзе спрабаваў знайсьці напаміны пра дом, школу, дзе вучыўся, і, галоўнае, шукаў памерлых сваякоў. Праўда, барбары на могілках папрацавалі так рупліва, што вялізная тэрыторыя зараз нагадвае награмаджэньне камянёў. Габрэі ў Ружанах больш не гаспадараць, а старая сынагога (якая таксама ўражвае памерамі і незвычайнасьцю формы) пераабсталяваная пад нейкае транспартнае прадпрыемства.

Спроба "ўліцца ў масы", каб спытаць, ці ёсьць няёмкасьць ад таго, дзе прыходзіцца працаваць, безвыніковая. Як і большасьць спробаў на вуліцах беларускіх гарадоў. Баяцца аднаго: за словы прыйдзецца адказваць.

 

Карэспандэнт: "Ну дык скажаце некалькі словаў для Радыё Свабода?"

Народ: "А што мы можам сказаць? Каб нас потым выгналі? Мы тут павінны працаваць, а не інтэрвію даваць. Мы ня будзем нічога казаць..."

Моладзь нашмат больш разьняволеная. Можа таму, што амаль ніхто не прывязаны да Ружанаў стала. Па статыстыцы, толькі 1-2 чалавекі з выпускных клясаў застаюцца дома. Астатнія зьяжджаюць. Як, напрыклад, студэнт Дзьмітры Тарлецкі.

Тарлецкі: "Моладзі ў Ружанах мала, бо тут толькі адна школа. Яшчэ меней людзей сюды вяртаецца: няма дзе працаўладкавацца, ды й заробкі вельмі нізкія. Вельмі любяць выпіць. Моладзь ад 17 да 20 гадоў час бавіць выключна ў шумных кампаніях".

Сапраўды, чым меншы горад, тым больш п’яных на квадратны мэтар. Адсюль і пэрыядычныя разборкі. Прыкладам, зьдзіўляў абсалютны спакой, зь якім ахоўнік невялікага рэстарану лупцуе таксама не зусім цьвярозага міліцыянта за тое, што той прыгразіў разагнаць публіку а 2-й гадзіне начы. Потым мне растлумачылі: наступным разам у якасьці "кампэнсацыі" міліцыянт паб’е ахоўніка. Так бы мовіць, урэшце ўсе будуць задаволеныя.

Забітасьць мястэчкаў — агульны боль Беларусі. Але выбар на карысьць цывілізаванага грамадзтва — справа рэальная. У гэтым перакананы адзін з рэдкіх мясцовых бізнэсоўцаў Ігар Аляшчук. З-за недахопу часу мы гутарым у ягонай машыне. Гаворка адразу пайшла па-сур'ёзнаму.

Аляшчук: "У нас такі народ, што яму трэба паказаць альтэрнатыўную кандыдатуру, ткнуць пальцам і сказаць: вось гэты кандыдат лепшы, гэты кандыдат нешта дасьць. Відаць, трэба весьці агітацыю такімі ж прамалінейнымі хадамі, як і Лукашэнка. Яны больш зразумелыя асноўнай масе насельніцтва, якая (ні ў якім разе не прыніжаючы) тым ня меней даволі цёмная й забітая".

Прыватным бізнэсам у Ружанах амаль ніхто не займаецца. Гэта пры Сапегах тут была разгалінаваная вытворчасьць (папяровая, суконная, палатняная, цэглавая й чарапічная мануфактуры, карэтная майстэрня), а зараз усе імкнуцца патрапіць у адзінае прыстойнае месца — на мэблевую фабрыку. Але аўтарытэт прадпрыемства ўжо ня той: фабрыка ніяк не пасьпявае за модай. Між іншым, дастаткова патрыётаў, якія адданыя свайму мястэчку проста так, хоць разумеюць, што ідыліяй тут і ня пахне. Вось што гаворыць сакратарка ружанскага выканкаму Ніна Дзярбянёва:

Дзярбянёва: "Я лічу, што наш пасёлак вельмі харошы. Людзі тут жывуць цудоўныя, вельмі шмат адметных людзей. А калі б у нас была больш разьвітая прамысловасьць, то напэўна моладзь нікуды не зьяжджала б з пасёлку".

Вельмі цікава, як старыя ружанцы вядуць часавае адлічэньне: "за тымі", "пры тых", і "за Саветамі". Сапраўды, улада ў Ружанах зьмянялася разоў шэсьць. І таму, як некаторыя лічаць, ружанцы так і ня здолелі вызначыць, хто яны ёсьць насамрэч у гэтай восі палітычных каардынат. Але гэта бяда зусім не мясцовага фармату.

Яндекс.Метрика