pict На главную сайта   Все о Ружанах pict
pict  

 

Пружаншчына ў віхуры
рэвалюцый і войн
пачатку XX стагоддзя.

См. этот текст в переводе на русский язык.

 

1. Першая руская рэвалюцыя і Пружаншчына.

Рэвалюцыйныя падзеі, якія пачаліся ў студзені 1905 года ў Пецярбургу, знайшлі свой адгалосак і на акраіне Расійскай імперыі, на беларускіх землях.

Барацьбой працоўных Пружаншчыны кіравала Брэсцкая група РСДРП, якая ўваходзіла з 1904 года ў створаны па ініцыятыве У. І. Леніна Паўночна-Заходні камітэт РСДРП. 1

Адной з першых падзей рэвалюцыі на Пружаншчыне была забастоўка рабочых-красільшчыкаў у Ружанах 13 чэрвеня 1905 года. Рабочыя патрабавалі паляпшэння ўмоў працы і павышэння зарабатнай платы. Забастоўка працягвалася каля 2 тыдняў, але не мела станоўчых вынікаў.2

У Ружанах дзейнічала падпольная рэвалюцыйная арганізацыя, якая распаўсюджвала падпольную літаратуру і рэвалюцыйныя лістоўкі. У маі 1905 года маладзежная ячэйка Ружанскай падпольнай рэвалюцыйнай арганізацыі, створаная Іосіфам Антонавічам Дудзінскім, ураджэнцам мястэчка Ружаны, разграміла валасную ўправу ў Лыскаве. Царская паліцыя пачала актыўныя ганенні на ўдзельнікаў гэтай акцыі, многія былі арыштаваны. Дудзінскаму ўдалося пазбегнуць арышту і выехаць за межы Гродзенскай губерніі, а ў снежні 1905 года ен ужо быў удзельнікам паўстання на Чырвонай Прэсні ў Маскве.3

12 ліпеня 1905 года пачалася забастоўка ружанскіх ткачоў на суконных фабрыках братоў пінесаў, Поляка, ратнера і ў урочышчы Паперня, на фабрыцы Штэрангаўза. Забастоўка набыла шырокі размах. У ей прынялі ўдзел 234 рабочыя, былі створаны забастовачныя камітэты, прад’яўлены патрабаванні ўладальнікам прадпрыемстваў аб скарачэнні працоўнага дня да 8 гадзін, выплаце зарабатнай платы 1 раз у чатыры тыдні, забяспячэнне медыцынскай дапамогай на выпадак траўм і хвароб, павышэнні расцэнак. Забастоўка насіла працяглы і арганізаваны характар, патрабаванні рабочых былі задаволены.4

14 ліпеня пачалі забастоўку рабочыя макароннай фабрыкі, што размяшчалася ў пружанах. Яны патрабавалі павысіць заработную плату на 50%. Уладальнік прадпрыемства Іосель Памеранец, не жадаючы выконваць патрабаванні рабочых і баючыся іх гневу, зачыніў фабрыку і выехаў з Пружан.5

У снежні 1905 года чыгуначнікі станцыі Аранчыцы прынялі ўдзел у палітычнай стачцы.6

У лістападзе 1905 года пачаўся пад’ем сялянскага руху. Да канца снежня ім быў ахоплены ўвесь павет. Сяляне спынялі працу і цэлымі вескамі прыходзілі ў маенткі памешчыкаў і прад’яўлялі патрабаванні павысіць зарабатную плату, права бясплатнага карыстання ўгоддзямі памешчыкаў.7

У выніку сялянскіх хваляванняў была спынена работа прыватных вінакуранных заводаў. Сяляне пачалі прад’яўляць землеўладальнікам патрабаванні эканамічнага храктару: у маентку Сухопаль – павышэнне зарплаты, у маентку Кабакі агульнага з памешчыкамі пастбішча і свабодай вырубкі памешчыцкага лесу. Уладальнік маентка Мальча, у якога забаставалі не толькі ўсе рабочыя, але і ўся хатняя прыслуга, вымушаны быў пакінуць маентак, баючыся за свае жыцце. Хваляванні сялян былі і ў маентках, непасрэдна прылягаючых да Белавежскай пушчы. На тэрыторыю Пружанскага уезда былі ўведзены і размешчаны вайсковыя часці ў складзе 5 рот пяхоты і эскадрона кавалерыі, якія павінны былі супакоіць сялянскія хваляванні. 8

У чэрвені 1906 года у Пружанскім павеце сялянскі рух праяўляўся пераважна ў самавольным выпасе хатняй жывелы на панскіх землях, у патрабаваннях больш высокай платы за падзенныя сялянскія работы. Асабліва вызначыліся сялянскія хваляванні ў весцы Шані, дзе, дзякуючы прапагандзе селяніна Мікуса, атрымаўшага ўніверсітэцкую адукацыю, сяляне дабіліся ад памешчыка пэўных уступак. Уладальнік маентка Шані Дзяконскі пайшоў на ўступкі сялянам, даўшы ім палову ўраджаю замест абяцанай 1/3 часткі сабранага сялянамі сена.9

Сяляне вескі Лінова і весак, якія знаходзіліся паблізу маентка памешчыка Трэмбіцкага, самавольна пачалі пасвіць скот на землях фальварка. Улады вымушаны былі накіраваць туды і размясціць у маентку Лінова паўэскадрона драгун Беларускага палка. 10

Да пачатку ліпеня 1906 года з 16 валасцей Пружанскага павета 11 валасцей было ахоплена актыўнымі выступленнямі сялян. У другой палове ліпеня 1906 года для падаўлення сялянскага руху ў павет былі накіраваны буйныя воінскія сілы. На чале карнай экспедыцыі быў пастаўлены надзелены асаблівымі паўнамоцтвамі член член губернскага прысутніцтва Сталяроў. Карэспандэнт газеты “Северо-Западный голос” паведамляў з Пружан, што з прыбыццем войск пачаліся “арышты сялян і сялянак з дзецьмі. Не праходзіць дня, каб не прывялі ў гарадскую турму 30-40 чалавек. Арышты і прывод у турму не спыняюцца..”11

У 1907 годзе 48 сялянскіх выступленняў з 68 адбылося ў Пружанскім і Кобрынскім паветах. У Пружанскім павеце 12 буйных падпальванняў, некалькі пакушэнняў на памешчыкаў, было забіта 2 паліцэйскіх, 4 маенткі падвергліся начным нападзенням і рабаўніцтву.12

У Ружанах у 1908 годзе прайшлі забастоўкі рабочых на фабрыках Пінеса і Ратнера, якія былі выкліканы паніжэннем расцэнак работ. У ходзе гэтых забастовак рабочыя праявілі організаванасць: накіравалі уладальніку фабрыкі Пінесу пісьмо ад імя “Камітэта ткачоў”, падпальвалі скдскія пмяшканні, расклейвалі запіскі-лістоўкі.13

У сакавіку 1910 года на фабрыках у мястэчку Ружаны баставала 310 рабочых-ткачоў.14

 

2. Пружанскі павет у падзеях першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі.

 

1 жніўня 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. Пружаншчына апынулася ў прыфрантавой зоне. У верасні 1915 года Пружанскі павет быў акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі.15

Баявыя дзеянні, якія разгарнуліся на тэрыторыі губерніі, выклікалі паток бежанцаў ва ўсходнія раены Расіі. Па няпоўных данных з Пружаншчыны выехала каля 10 тысяч чалавек. Асноўная іх маса апынулася ў Уфімскай губерніі Расіі. 16

На акупаванай тэрыторыі Пружанскага павета гаспадарылі салдаты кайзераўскай арміі. Яны адбіралі ў начсельніцтва хатнюю жывелу і птушку, зерне, харчаванне, фураж, вывозілі ў германіюўсе, што прадстаўляла для іх каштоўнасць. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы ішлі для будаўніцтва бліндажоў і умацаванняў.

На Пружаншчыне з 35 народных, 12 двухкласных міністэрскіх, 2 двухгадовых прыхадскіх і 3 двухгадовых прыватных вучылішчаў да канца 1915 года не захавалася ніводнага, усе былі разграблены і знішчаны.17

У кастрычніку 1917 года ў расійскай імперыі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, улада перайшла у рукі партыі бальшавікоў, пачаў будавацца сацыялістычны лад. Да сярэдзіны 1918 года ў Пружанах, Ружанах і іх наваколлі пачалі дзейнічаць падпольныя бальшавіцкія групы, члены якіх заклікалі да барацьбы супраць нямецкіх захопнікаў, тлумачылі насельніцтву значэнне Кастрычніцкай рэвалюцыі. 18

У сярэдзіне 1919 года, пасля пераходу войск Чырвонай Арміі ў наступленне, ўся тэрыторыя Беларусі, у тым ліку і наша мясцовасць, была вызвалена ад нямецкіх акупантаў. Але пачалася савецка-польская вайна і Заходняя Беларусь была захоплена ўжо белапалякамі. На Пружаншчыне пачалі стварацца партызанскія атрады для барацьбы з польскімі акупантамі. Аляксандр Сяменавіч Чарняк з вескі Дабучын, былы вайсковец, арганізаваў у 1919 годзе ў наваколлі Пружан партызанскую групу з 7 чалавек. 26 ліпеня 1920 года члены групы ўступілі ў няроўны бой з белапалякамі і ўсе гераічна загінулі.З воінскімі ўшанаваннямі яны былі пахаваны на рыначнай плошчы Пружан (у 1929 годзе польскія ўлады перазахавалі іх на гарадскіх могілках). 19

Адзіная ў раене магіла героям грамадзянскай вайны і помнік героям, загінуўшым у канцы ліпеня ў Белавежскай пушчы, знаходзяцца ў весцы Крыніца.20

На тэрыторыі раена быў створаны ў красавіку 1920 года падпольны рэвалюцыйны камітэт на чале з бальшавіком Рыгорам Іванавічам Засімам. Рэўком займаўся выданнем і распаўсюджаннем нелегальнай літаратуры, арганізацыяй партызанскіх груп, правядзеннем дыверсійных актаў. У маі 1920 года ў павеце пачаў дзейнічаць партызанскі атрад, створаны падпольным рэўкомам. У яго ўваходзіла 150 чалавек. Было наладжана выданне лістовак, якія друкаваліся ў пружанскай гарадской управе, у будынку, дзе размяшчаўся граданачальнік.21

?

 

3. Савецкая ўлада на Пружаншчыне ў 1920 годзе.

 

У ліпені 1920 года Пружаншчына была вызвалена ад белапалякаў. Чырвоная Армія і партызаны былі сустрэты насельніцтвам з вялікай радасцю. У дзень вызвалення Пружан на Рыначнай плошчы быў праведзены масавы мітынг. Пасля вызвалення горада рэвалюцыйны камітэт выйшаў з падполля, ўзяў у свае рукі кіраўніцтва жыццем павета і падрыхтоўку да выбараў Саветаў дэпутатаў працоўных. Для аказання дапамогі рэўкому ў станаўленні на тэрыторыі павета Савецкай улады з Мінска прыбылі А. М. Вінаградаў, які змяніў 12 жніўня 1920 года на пасадзе старшыні рэўкома Р. І. Засіма, і П. В. Горын – Каляда, які з 20 жніўня стаў начальнікам Пружанскага гарнізона. Старшыней павятовага камітэта камсамола быў прызначаны А. А. Альшэўскі. У мандаце, які быў выдадзены А. Вінаградаву Мінскім ваенна-рэвалюцыйным камітэтам, было сказана: “Тав. Вінаградаву даецца права … арганізоўваць і ажыццяўляць на тэрыторыі пружанскага павета Савецкую уладу, выкарыстоўваючы для гэтага ўзброеныя сілы, сродкі перамяшчэння… а таксама сродкі зносін – пісьмова, па тэлефонных правадах, тэлеграфам і інш.”22

Першым мерапыемствам пружанскага павятовага рэўкома было правядзенне ў жыцце пастановы ВЦВК “Аб сацыялістычным земляробстве”, якая была апублікавана 14 лютага 1919 года ў “Известиях ВЦИК” У загадзе старшыні Пружанскага паверрэўкома ад 16 жніўня абвяшчалася знішчэнне прыватнай уласнасці на зямлю, прадугледжваліся меры па своечасовай уборцы ўраджаю і пасеву азімых, забеспячэнні насельніцтва палівам, ахове жывелагадоўлі. Рэўком праводзіў у жыцце ленінскую нацыянальную палітыку: у адпаведнасці з загадам № 11 ад 18 жніўня 1920 года ўсе шыльды пачалі пісаць на рускай і беларускай мовах. Прымаліся дзейнасныя меры па адкрыцці беларускіх школ, ліквідацыі непісьменнасці. Ужо 3 верасня 1920 года у Пружанах была адчынена зубалячэбная паліклініка, неўзабаве пачала працаваць электрастанцыя. Рабочыя і сЯляне пружаншчыны ішлі добраахвотнікамі ў Чырвоную Армію. Збіралі для яе футра і харчаванне.23

Аднак нядоўгім быў перыяд дзеяння Савецкай улады на Пружаншчыне, як і ў іншых заходніх раенах Беларусі. Да сярэдзіны жніўня 1920 года армія Польшчы перайшла ў контрнаступленне і 19 верасня Пружаншчына была захоплена, а паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавору перайшла ў склад буржуазнай Польшчы.24

 

4. Славутыя землякі у падзеях пачатку XX стагоддзя.

 

Актыўны ўдзельнік рэвалюцыі 1905-1907 г.г. Іосіф Антонавіч Дудзінскі, ураджэнец Ружан і удзельнік Ружанскай падпольнай рэвалюцыйнай арганізацыі, з пачаткам першай сусветнай вайны быў мабілізаваны на службу ў царскую армію. Служыў у арсенальнай камандзе 56-га пяхотнага запаснога палка ў Маскоўскім Крамлі, актыўна выконваў даручэнні партыі бальшавікоў, распаўсюджваў лістоўкі сярод салдат Пакроўскіх казарм. Пасля перамогі ўзброенага паўстання (Кастрычніцкай рэвалюцыі) арганізоўваў ахову Маскоўскага Крамля ад ворагах рэвалюцыі. 28 кастрычніка 1917 года рэвалюцыйны гарнізон Крамля геройскі загінуў, абараняючы Крэмль ад юнкераў. На брацкай магіле ля Крамлеўскай сцяны ў Маскве і на мемарыяльнай дошцы на будынку былога арсенала Маскоўскага Крамля золатам выбіты 28 прозвішчаў рэвалюцыянераў, якія загінулі ў баях за ўладу Саветаў у Маскве ў кастрычніку 1917 года. Сярод іх – прозвішча ўраджэнца Пружаншчыны Іосіфа Дудзінскага.25

 

Выкарыстаная літаратура:

1. Н. Сачок. “Зара будучай свабоды”, “Зара камунізму” ад 22 мая 1975 года ( мат – лы Каўрыгі В. М.)

2. Там жа

3. “Памяць.”,Мн., 1992 г., стар. 65

4. Н. Сачок. “Зара будучай свабоды”, “Зара камунізму” ад 22 мая 1975 года ( мат – лы Каўрыгі В. М.)

5. Там жа

6. Там жа

7. “Памяць.”,Мн., 1992 г., стар. 65

8. Там жа

9. Там жа

10. Н. Сачок. “Зара будучай свабоды”, “Зара камунізму” ад 22 мая 1975 года ( мат – лы Каўрыгі В. М.)

11. Там жа

12. “Памяць.”,Мн., 1992 г., стар. 65

13. Там жа

14. Там жа

15. Сачок. “Зара будучай свабоды”, “Зара камунізму” ад 22 мая 1975 года ( мат – лы Каўрыгі В. М.)

16. “Памяць. Бярозаўскі раен”,Мн., 1992 г., стар.32

17. “Памяць.”,Мн., 1992 г., стар. 65

18. Там жа

19. Помнікі гісторыі і культуры Беларусі, № 3, 1972 г., стар.21

20. “Памяць.”,Мн., 1992 г., стар. 65

21. Там жа

22. Там жа

23. Там жа

24. Там жа

 

Яндекс.Метрика