pict На главную сайта   Все о Ружанах pict
pict  
 

Пракаповіч Н. С.

pict

“БЕЛАРУСКІ ВЕРСАЛЬ”

Из книги "Сведкі сівой даўніны"

См. этот текст в переводе на русский язык.

Найбольш значным і вядомым помнікам архітэктуры не толькі на Пружаншчыне, але і ў Беларусі з’яўляецца Ружанскі палацава-паркавы комплекс.

pict
Герб роду Сапегаў

Род Сапегаў займаў асаблівае месца ў гісторыі Беларусі. Іх дзейнсць была вельмі пладавітай у галіне палітыкі, дыпламатыі, культуры, навукі. Па свайму паходжанню яны мелі сувязі з вялікакняжацкай дынастыяй Гедымінавічаў.

Леў Сапега (1557 – 1633) быў найбольш яркай асобай гэтага роду. Сваю палітычную кар’еру ён пачаў у 1581 г. з пасады пісара. Потым ён меў дзяржаўныя пасады падканцлера літоўскга, канцлера ВКЛ, ваяводы віленскага, гетмана, старосты слонімскага, берасцейскага і магілёўскага, маршалка ВКЛ. Ён быў адным са складальнікаў тэксту Галоўнага Літоўскага Трыбунала (1581) – галоўнай судовай інстанцыі ВКЛ і ІІІ Статута ВКЛ (1588). Усё жыццё Леў Сапега быў гарачым патрыётам сваёй дзяржавы і змагаўся за захаванне яе незалежнасці. Называў сябе “ліцвінам”.

pict
Л.І.Сапега.
Партрэт 17 ст.

Л. Сапега быў жанаты два разы. Першы раз з Даротай, якая памерла ў 1591 г., аставіўшы 2-гадовага сына Яна. У 1599 г. канцлер уступіў у шлюб другі раз з 16-гадовай Гальшкай (Лізаветай) Радзівіл. Яна стала маці Ганны (1603 – 1627), Крыштофа Мікалая (1607 – 1631) Казіміра Леана (1609 – 1656) і Мікалая, які памёр маленькім.

Аб часе будаўніцтва палаца пры Льве Сапегу сведчаць толькі ўскосныя дадзеныя, імя архітэктара невядома. Хутчэй за ўсё палац узводзілі на мецы старога замка Тышкевічаў, які існаваў тут раней. Самыя першыя з ружанскіх запісаў адносяць да 1602 г. У іх адзначаліся будаўнічыя работы без указання канкрэтнага месца. Магчыма, у той час вяліся земляныя работы па ўтварэнні штучнага возера, каналаў, сада і парку. З запісаў 1605 г. прыблізна можна ўявіць структуру маёнтка Сапегаў. На двары ўладальнікаў дзесьці ў гэты час узвялі тры будынкі – дамы Вялікі, Сярэдні і Малы, дом Гасцінны, кухню і шэраг гаспадарчых пабудоў. Напэўна, будынкі ўзводзіліся з цэглы, так як ёсць звесткі аб рамонце дзвюх цагельняў. У расходных кнігах 1611 г. упамінаюцца таксама “каналы в саду”.

pict
Цэнтральны корпус палаца

Ружаны пры Л. Сапегу сталі своеасаблівым цэнтрам палітычнага жыцця ВКЛ. Менавіта тут вырашаліся многія дзяржаўныя справы, якія датычыліся не толькі ВКЛ, але і іншых краін. У замку рыхтаваўся польска-ліцвінскі паход на Маскву у 1603 – 1604 г. і будучы расійскі самазванец Ілжэдзмітрый І (збеглы манах Рыгор Атрэп’еў).

Факт існавання палаца ў гэты час пацвяржае знаходжанне ў Ружанах караля Жыгімонта ІІІ Вазы (1587 – 1632) ў 1609 г., які разам з Сапегам і іншымі магнатамі накіроўваўся ў Маскву дзеля захопу трону. Сам Леў Сапега пад час паходу ўзначаліў полк, які выставіў за свой кошт. Гэтыя ж дадзеныя таксама пацвяржае 2-дзённае гасцяванне і пышны прыём каралевіча Уладзіслава ў Ружанах у 1617 г., які ішоў на Маскву. Л. Сапега ізноў далучыўся са сваім войскам да каралеўскага, аднак, на гэты раз заваяваць рускі трон яны не змаглі.

Запіс па Ружанскай эканоміі за 1611 г. ускосна сведчыць аб завяршэнні работ па будаўніцтве палаца.

pict
Казімір Леан Сапега.
Гравюра П. Ландры.
1663.

План палаца ў Ружанах падобны да плана палаца ў Ксёнджы Вялікім (Польшча). Палац у Ксёнджы быў узведзены ў 1585 – 1595 г.г. майстрам з Фларэнцыі Санці Гуччы (1538 – 1600 г.) Верагодна, што аўтарам першага ружанскага палаца быў альбо сам Гуччы, альбо яго вучань. Палац быў пабудаваны ў стылі італьянскага барока. Пра ўплыў менавіта гэтага стылю сведчыць роспіс “зграфіта”, які збярогся на сценах (гэтую тэхніку распрацавалі фларэнтыйскія майстры). Ружанскі замак размяшчаўся на насыпным узвышэнні і быў абкружаны валам. Замак быў двухпавярховы з 3 мураванымі вежамі, у плане меў крыж. У цэнтральнай частцы замка знаходзіліся зала і вестыбюль з двухбаковай лесвіцай, у бакавых частках – жылыя пакоі, кабінеты, бібліятэка. Усе пакоі былі ўпрыгожаны ляпнінай, каштоўнымі карцінамі і скульптурай. Пад будынкам у вялізарных склепах захоўваўся баявы арсенал, харчаванне, архіў з дзяржаўнымі дакументамі, дзяржаўны скарб ВКЛ. Пры замку меліся лінейныя насаджэнні дрэў.

pict
Павел Ян Сапега.
Гравюра П. Ландры.
1663.

Пасля смерці Л. Сапегі ў 1633 г. (пахаваны ў фамільным склепе ў Вільні) палац перайшоў да яго старэйшага сына Яна Станіслава (1589 – 1635), які займаў пасады старосты слонімскага, маршалка дворнага і маршалка вялікага. Але праз два гады ён памёр.

Наступным ўладальнікам стаў Казімір Леан (1609 – 1656) – трэці сын Л. Сапегі. Ён атрымаў выдатную еўрапейскую адукацыю, вучыўся ў Вільні, а потым Інгальштадтскім, Нідэрландскім, Балонскім і Падуанскім універсітэтах, валодаў 8 мовамі. Казімір Леан Сапега вызначыўся як ваенначальнік у час казацка-сялянскай вайны 1648 – 1651 г.г. і руска-польскай вайны 1654 – 1667 г.г. У розны час ён займаў пасады маршалка і падканцлера літоўскага, быў сакратаром і вялікім пісарам ВКЛ, адміністратарам Брэсцкай эканоміі, старостай рагачоўскім. Ён вядомы як заснавальнік манастыра картэзіянцаў у Бярозе і кафедры права ў Віленскім універсітэце, на утрыманне прафесараў якой выдзеліў 37 тыс. залатых. Не забываўся Казімір Леан і пра свае ружанскія ўладанні. З 10 па 19 студзеня 1644 г. па запрашэнні магната ў палацы гасцяваў кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV (1632 – 1648) з жонкай Цэцыліяй-Рэнатай Аўстрыйскай. Сучаснік тых падзей Альбрэхт Станіслаў Радзівіл пісаў: ”…Король с королевою и двором … из Жировиц прибыли в Рожану, где в продолжении 9 дней … были угощаемы”. Легенда гаворыць, што каралеўскай асобе быў паднесены цудоўны крыштальны кубак “Іван” (аб’ём 3,280 л), які з’яўляўся адной з найбольш каштоўных рэчаў у палацы. Пасля таго, як Уладзіслаў IV адведаў з кубка, ён выдаў загад, каб з таго часу захоўвалі кубак ў спецыяльнай шафе і выносілі толькі ў суправаджэнні прыдворных у пардным адзенні пры гуках музыкі і 100 стрэлах з гармат. Лёс гэтага твора невядомы. Сучаснікаў вельмі ўразіла гасцяванне ў Ружанах. Уладальнік палаца не толькі прадэманстраваў сваё багацце, ён зрабіў усім гасцям вельмі каштоўныя падарункі: каралю – залатую талерку (кошт 2 тыс. залатых) і дарагія галандскія шпалеры, каралеве – пярсцёнак (коштам 16 тыс. залатых дукатаў) і сабалінае футра з Масковіі, канцлеру – сярэбраны кубак, камянецкаму епіскапу – “два сорока соболей”, усім фрэйлінам – пярсцёнкі з рубінамі, падкорімію – шабля з залатой аправай, ксяндзам – па 100 венгерскіх залатых. Каштоўны прэзент атрымаў папскі пасланнік, езуіцкі візітатар з Рыма Фабрыцый Рамфус, які таксама знаходзіўся у гэты час у Ружанах. У гонар гасцявання караля ў цэнтральный зале палаца была усталявана чорная мармуровая пліта з надпісам аб гэтай падзеі.

pict
Аркада палаца

У той час палац ужо адрозніваўся ад папярэдняга. Перабудова была праведзена італьянцам Джавані Батыстам Джыслені (1600 – 1672). Палац стаў прадстаўляць сабой даволі рэпрэзентатыўны будынак з рысамі стылю барока. Ён меў два павярхі і быў крыжападобны ў плане. Палац упрыгожвалі 3 вежы. Дзве з іх былі квадратныя ў плане: пры ўваходзе з боку паўднёвага галоўнага фасада і на тарцы заходняга крыла. На паўднёва-усходнім вуглу будынка размяшчалася пяцігранная вежа. У цэнтральнай частцы палаца, якая выступала на падоўжаных фасадах глыбокімі рызалітамі, знаходзіліся парадныя залы і вестыбюль з лесвіцай. У бакавой частцы рызмяшчаліся жылыя пакоі, кабінеты, архіў і бібліятэка. Унутраная планіроўка была анфіладнай. Палацавыя пакоі былі ўпрыгожаны мармурам, стукавай ляпнінай (штучны мармур з гіпсавай і мармуровай крошкі, змешаны з клеем) і роспісамі. Памяшканні на першым паверсе мелі скляпенні, а на другім – балечныя перакрыцці. Пад будынкам знаходзіліся двухпавярховыя скляпеністыя падвалы. У іх змяшчаўся арсенал, архіў, склад правіянту.

pict
План Ружан.
1. Палац
2. Петрапаўлаўская царква
3. Троіцкі касцёл

Палац саслужыў добрую службу ў сярэдзіне XVII ст. Пад час руска-польскай вайны ў 1655 г., калі войска расійскага цара Аляксея Міхайлавіча наблізілася да Вільні, у Ружаны былі перавезены на захаванне мошчы Святога Казіміра і знаходзіліся там да канца вайны. У гонар гэтай выдатнай падзеі ў палацы ўсталявалі мармуровую пліту з надпісам на лацінскай мове: ”Divo Casimiro sacrum”.

У час вайны ў 1656 г. Казімір Леан памёр. Ён быў пахаваны ў сцяне кляштара картэзіянцаў ў Бярозе (радавы склеп чарэйска-ружанскай лініі Сапег). Сыноў К. Л. Сапега і яго жонка Тэадора Тарноўская (1625 – 1652) не мелі. Па іх жаданні Ружанскі палац пераходзіў да далёкага родзіча і хрэсніка Паўла Яна Сапегі (1610 – 1665) – ваяводы віцебскага і гетмана літоўскага, а частка бібліятэкі перадавалася Віленскаму універсітэту. Павел Ян вызначыўся ў многіх войнах і канфліктах з каралём. Асабістымі ворагамі ён лічыў Радзівілаў і рабіў усё, каб пазбавіць іх уплыву ў ВКЛ. Пад час вайны з Масквой (1654 – 1667) і Швецыяй (1656 – 1658), ён сабраў на Ружаншчыне вялікія сілы, наняў на ўласныя грошы жаўнераў, і пачаў рабаваць радзівілаўскія ўладанні. На заклікі ж караля Яна Казіміра адказваў маўчаннем і не падначальваўся яго загадам. Маёнткі Сапегі акзаліся занятыя рускімі ў 1655 г. Каб адваяваць іх назад і аднавіць самастойнасць ВКЛ, Павел Ян звярнуўся да шведскага караля Карла Х Густава і перайшоў на яго бок. Ян ІІ Казімір вырашыў ўлагодзіць магната-свавольніка і вярнуць яго падтрымку. У 1656 г. ён надаў Сапегу пасаду вялікага гетмана і ваяводы віленскага. Але гэты крок караля не спыніў феадальных войнаў і не садзейнічаў перамозе ў вайне з Маскоўскай дзяржавай. Толькі калі стала бесперспектыўна падтрымліваць шведаў, Павел Ян вярнуўся да караля Рэчы Паспалітай. Яго мара на заняце прастолу ВКЛ не спраўдзілася. У канцы жыцця Сапега адыйшоў ад палітыкі і большую частку часу праводзіў у Ружанах, дзе і памёр. Па яго распараджэнні пасля смерці былі аддадзены ў пераплаўку бронзавыя гарматы з ружанскага замка для званоў касцёла Святога Казіміра ў Вільні.

pict
Руіны палаца

Наступным спадчынным уладальнікам быў малодшы сын Паўла Яна Леан Базыль (1660 – 1686). Так як у 1665 г. Леану Базылю было ўсяго пяць год, то апекуном усёй маёмасці стала яго маці, а потым старэйшы брат Казімір Павел Ян (1637 – 1720), якому і перайшлі Ружаны ў 1686 г. К.П. Сапега быў адным з найбуйнейшых магнатаў ВКЛ. Гэтаму спрыялі таксама яго выгадныя шлюбы з Крысцінай Барбарай Глябовіч, а потым Тэрэзай Гасеўскай і Антанінай Гельгід. Казімір Павел Ян у 80-я г.г. XVII ст. займаў пасады віленскага ваяводы і найвышэйшага гетмана літоўскага (да гэтага быў чашнікам ВКЛ, падстоліям, падскарбіям дворным, ваяводам полацкім, гетманам польным). Гэты чалавек вызначыўся ў войнах з туркамі. На яго ўласным ўтрыманні знаходзілася 30-тысячнае войска літоўскае. Падтрымліваў караля Міхала Вішнявецкага (1669 – 1673), быў лідэрам апазіцыі да ўсемагутных у 1670-я гады Пацаў. Фактычна пры ім была ўсталявана ўлада клана Сапегаў у княстве. У 80-я гады XVII ст. амаль усе вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў ВКЛ займалі прадстаўнікі роду Сапегаў. У апошняе дзесяцігоддзе XVII ст. (пасля смерці караля Яна ІІІ Сабескага) Казімір Павел Ян знаходзіўся ў апазіцыі дзяржаўнай уладзе і ўзначальваў шляхецкі рух за аднаўленне самастойнасці ВКЛ. На прастоле Сапега жадаў бачыць свайго стаўленіка французскага прынца Л. Канці. Аднак потым Казімір Павел Ян сам вырашыў заняць вялікакняжацкі трон. Сапегам супрацьстаяла групоўка Радзівілаў, Агінскіх і Вішнявецкіх, якія таксама прэтэндавалі на ўладу і падтрымлівалі саксаонскага курфюрста Аўгуста Моцнага. Антысапяжанская канфедэрацыя аб’явіла вайну апазіцыі і рабавала яе ўладанні на працягу 1696 – 1699 г.г. Ружанскі палац быў спустошаны. У 1700 г. войскі Сапегаў былі канчаткова разбіты ў бітве пад Алькенікамі. У гэтай бітве загінуў сын уладальніка Ружан Міхал. Канфедэраты пазбавілі Сапегаў усіх дзяржаўных пасад. Тады Казімір Павел Ян са сваім войскам падаўся ў саюзнікі да шведаў, разлічваючы, такім чынам, знайсці падтрымку ў працы па аднаўленні ВКЛ (на чале з родам Сапегаў). Кароль Швецыі Карл ХІІ скарыстаўся дапамогай Сапегаў у час Паўночнай вайны (1700 – 1721), але на самой справе не збіраўся аднаўляць беларуска-літоўскую дзяржаву. Ёсць звесткі, што Карл ХІІ спыняўся ў Ружанах у час паходу на Валынь. У час аднаўлення на прастоле Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Моцнага Саксонскага (1697 – 1733) і паражэнняў Карла ХІІ у 1709 г. Сапегі перайшлі на бок сваіх суайчыннікаў, аднак страцілі сваю магутнасць і ўплыў.

pict
Бакавая ўязная брама

Пасля спусташэння канфедэратамі, рускімі і шведскімі войскамі Ружаны прыйшлі ў занапад. Сапегі мала ўвагі ўдзялялі сваім ружанскім уладанням. У 1700 г. яны былі закладзены і перайшлі да Самуэля Гарбачэўскага. Толькі ў 1714 г. іх здолеў выкупіць Ежы Станіслаў Сапега (1667 – 1732), сын Казіміра Паўла Яна. Пры ім уладанні Сапегаў пашырыліся. Уступіўшы ў шлюб з Ізабэлай Геленай Палубінскай, ён набыў Дзярэчын і Зэльву. Разам з бацькам ён ваяваў супраць туркаў, у Паўночнай вайне (1700 – 1721) выступаў на баку шведаў і караля Станіслава Ляшчынскага, ад якога атрымаў пасаду ваяводы трокскага. Пасля перайшоў на бок Аўгуста ІІ Моцнага. Пры Ежы Станіславе быў складзены вопіс палаца і мястэчка ў 1728 г. Палац знаходзіўся ў запусценні, але не быў разбураны. У 1728 г. гэтыя ўладанні зноў былі закладзены. Праз шлюбы сваіх дзяцей Сапега быў параднёны з выдатнымі сем’ямі Рэчы Паспалітай. Дачка Тэрэза Красціна была замужам за Краштафам Пацам, Бенядзікта – Ежы Тышкевічам, Саламея Ганна – Антоніям Шчукай, Леанам Навасельскім, Ежы Радзівілам. Пасля смерці Ежы Станіслава распараджацца яго спадчынай стала другая жонка Тэадора Перасвіт-Солтан (? – 1774). У 1746 г. яна аддала замуж сваю адзіную дачку Крысціну Розу (? – 1772) за князя Казіміра Масальскага (? – 1777), старасту валкавыскага. У пасаг Крысціне былі аддадзены Ружаны. Маладыя ўзяліся за аднаўленне палаца, якое было завершана ў 50-я гады XVIII ст., хаця больш часу жылі ў Ляхавічах. Будаўніцтва вялося па праекце каралеўскага архітэктара Яна Жыгімонта Дэйбля. Пры Масальскіх Ружаны сталі адным з цэнтраў музычнага мастацтва на Беларусі. Разам з Казімірам Масальскім ў Ружанах аказаўся і яго брат Ігнацы, які атрымаў тут прыход у 1754 г. Ігнацы быў адным з найбольш адукаваных людзей свайго часу – меў званні доктара філасофіі і тэалогіі. Лёс быў неспрыяльны для новых ружанскіх уладальнікаў. У 1756 г. з К. Масальскім здарылася няшчасце – ён страціў розум. Яго жонка скончыла жыццё ў Віленскім кляштары кларысак. Крысціна і Казімір не мелі дзяцей. Маці Крысціны Тэадора, якая перажыла дачку на 2 гады, адпісала Ружаны свайму родзічу Станіславу Солтану. Аднак ужо ў 1774 г. Сапегі вярнулі сабе Ружаны. У спадчыну ўступіў пляменнік Крысціны Розы – гетман польны Аляксандр Міхал Сапега (сын генерала літоўскай артылерыі Казіміра Караля Леана Сапегі і Караліны Радзівіл).

pict
Аляксандр Міхал Сапега.
Партрэт другой паловы XVIII

Аляксандр Міхал Сапега (1730 – 1793) ў дзіцячыя і юнацкія гады меў рэзідэнцыяй Высокае.Так як бацькі яго памерлі рана, яго выхоўваў дзядзька Юзаф Сапега – віленскі біскуп. Менавіта ён прывіў Аляксандру любоў да кнігі, мастацтва, музыкі. Асоба Аляксандра Сапегі ацэньваецца неадназначна. Адныя даследчыкі сцвяржаюць, што А. Сапега не вызначаўся высокай мараллю, ганьбіў маладых дзяўчат і меў пазашлюбных дзяцей, вельмі жорста ставіўся да сваіх сялян і падаўляў іх бунты. Існуе легенда аб яго незаконнанароджаным сялянскім сыне Ніле, які падняў сялян на змаганне за лепшае жыццё і быў за гэта разам са сваімі прыхільнікамі пакараны смерцю. Астатняя частка сялян-бунтаўшчыкоў была выселена ў асобнае паселішча, якое сталі называць Варанілавічы – месца, дзе жывуць “вары-нілаўцы” (сяляне, што падтрымлівалі бунтаўшчыка-“вора” Ніла). Другія сцвяржаюць, што Аляксандр быў асобай неардынарнай, адукаванай і высокамаральнай. У доказ гэтага прыводзяць факты з яго цікавай біяграфіі. Сапега захапляўся дакладнымі навукамі, асабліва хіміяй. Ён нават спускаўся ў ртутныя шахты Славеніі і браў з рызыкай для жыцця пробы ртуці для правядзення хімічных вопытаў. Ён рыхтаваў да выдання падручнікі па хіміі і мінералогіі. Заможны магнат займаўся альпінізмам, падымаўся на вяршыні Альпаў. Разам з Антоніям Тызенгаўзам, ініцыятарам шэрагу эканамічных рэформаў Рэчы Паспалітай, якія павінны былі садзейнічаць яе адраджэнню, распрацоўваў стандарты адзінак меры і вагі. Аляксандр Сапега з’яўляўся членам Варшаўскага таварыства сяброў навук, аказваў яму вясомую матэрыяльную дапамогу. Быў таленавітым літаратарам. Уражанні аб сваіх падарожжах па Грэцыі, Аўстрыі і Турцыі выдаў асобнай кнігай на французскай мове.

Аляксандр і яго жонка Магдалена Агнэжка-Любамірская (1739 – 1780) былі прыхільнікамі мастацтва і вызначыліся сваімі мецэнацкімі справамі. Гаварылі, што Магдалена была фаварыткай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764 – 1795). Яна ўдзельнічала ў прыдворных спектаклях пад імем Магдалена Сапежына. Ружанскія уладальнікі мелі 5 дзяцей: дочак – Ганну Тэафілію (была замужам за Г. Сангушкам і С. Патоцкім), Караліну (мела шлюбы з Т. Патоцкім і С. Солтыкам), Марыю Катажыну (за Я. Салагубам, І. Пузынам), Эмілію (за Ф. Ельскім), і сына Францішка.

pict
Праект тэатра. Від на сцэну.
Архітэктар Я.С. Бекер. Каля 1788 г.

Адна з найбольш характэрных прыкметаў эпохі XVIII ст. – масавае ўзнікненне прыватных аркестраў і капэлаў, якія часцей за ўсё былі звязаны з палацавымі прыгоннымі тэатрамі. Музычны тэатр ВКЛ стаў актыўным правадніком ідэй Асветніцтва. У другой палове XVIII ст. ён стаў дамінуючым сярод усіх відаў мастацтва. Рэпертуар быў полілінгвістычны. Творы выконваліся на польскай, італьянскай. французскай. нямецкай і рускай мовах. Прыдворны тэатр фарміраваўся з некалькіх труп -опернай. балетнай. драматычнай і капэлы. куды запрашалі вядомых музыкантаў з Італіі. Францыі. Чэхіі. Аўстрыі і Германіі. але паступова іх замянілі мясцовыя таленавітыя сяляне. якія вучыліся ў мясцовых прыватных тэатральных школах.

Аб пышнасці тэатра ў Ружанах сведчаць нават руіны, якія зберагліся да нашых дзён. У архітэктуры ружанскага тэатра перапляліся рысы італьянскай традыцыі і новыя веянні французскай архітэктуры XVIII ст. А.Н. Кулагін лічыць, што тэатр у Ружанах пачаў будавацца ў 1784 г. і быў закончаны ў 1788 г. Але ёсць сведчанні, што будаўніцтва было закончана раней (дата невядома). Праект тэатра склаў Я.С. Бекер. Будынак дзяліўся на дзве самастойныя часткі, якія злучаліся параднай лесвіцай. Мяркуючы па праектах і чарцяжах, ружанскі тэатр быў даволі ўтульны. Сцэна была прыстасавана да вялікіх балетных паказаў і оперных спектакляў. Тэатр меў глыбокую сцэну, дзе было сем планаў куліс, што давала магчымасць тройчы мяняць афармленне ў час спектаклю. З дзвюх яе бакоў месціліся гардэробныя. Зала ружанскага тэатра, якая па форме нагадвала падкову, з дзвюма ярусамі ўтульных ложаў паўтарала канфігурацыю вядомай залы тэатра Фарнезе ў Парме (Італія), пабудаванага архітэктарам Дж.Б. Алеоцці ў 1606 г. Але вырашэнне ложаў (14 на першым ярусе і 15 на другім з царскай ложай у цэнтры) адчула ўплыў французскай школы XVIII ст.: ложы выступалі ўперад і злёгку навісалі над залай. Ложы былі прасторныя, мелі ажурныя балюстрады і падзяляліся карынфскімі калонамі. Адну трэць прасторнага партэра займала лесвіца і месца для аркестра, якое было акрэслена бар’ерамі, што выходзілі ў залу дзвюма паўкружжамі. Сцены ўпрыгожвалі разьба і жывапіс.

pict
Ружаны.
Праект парку Сапегаў.
Архітэктар Я.С.Бекер.
Каля 1788 г.

Захапленне музыкай у Ружанах мела даўнія традыцыі. Казімір Леан Сапега (1609 - 1656) лічыцца пачынальнікам ружанскай капэлы. Вядома, што ў сярэдзіне XVI ст. у ружанскі тэатр запрашалі цыганаў-цымбалістаў. У 1752 г. у замку ў “канцэртнай зале” (“музычная зала”, “опергауз”) выступала капэла і аркестр, якія належалі К. Масальскаму. Да 1763 г. адносяцца звесткі аб капэле і першых спектаклях у Ружанах. У 1763 г. капэла выступала на іменінах свайго ўладальніка. У 1765 г. капэла А. Сапегі налічвала 40 музыкантаў “пры бубнах і трубах”. У ружанскай капэле працавалі музыканты з Італіі і Польшчы, а таксама мясцовыя прыгонныя сяляне. Таленавітых прыгонных сялян А. Сапега адпраўляў вучыцца ў Італію. Пасля смерці А. Сапегі па яго загаду ўсе прыгонныя артысты ружанскага тэатра, балета, аркестра атрымалі свабоду. Доўгі час у Ружанах працаваў італьянскі кампазітар і выдатны віяланчэліст Кам’е (Кромер) Чыпрыяні (Кіпрыяні). Ён не толькі быў капельмайстрам і прыдворным кампазітарам, але і навучаў ігры на віяланчэлі сялянскіх музыкантаў і самога гаспадара палаца. Зразумела, што такія паслугі вельмі добра аплачваліся. Пасля Ружан кампазітара запрасілі да Агінскіх у Слонім.

Вядома, што ў Ружанах існавала музычна-оперная школа і тэатр, які налічваў 60 артыстаў і танцоўшчыкаў. У 1780 – 1785 г.г. танцоўшчыкам і балетмайстрам быў Мацей Пранчынскі.

12 жніўня 1784 г. у ружанскім тэатры адбылася прэм’ера балета “Літасцівасць Ціта” (балетмайстар М. Пранчынскі) з нагоды гасцявання ў палацы караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У гэты ж дзень была прадстаўлена камедыя Малінэ “Чароўнае дрэва”. У рэпертуары тэатра былі таксама аднаактавая опера Жан Жака Русо “Вясковы чараўнік”, балет “Арыянка”. Магчыма, у ружанскім тэатры ставіліся творы і іншых аўтараў, якія вядомы па каталогу бібліятэкі Сапегаў. У бібліятэцы былі творы Ф. Багамольца і Ф.У. Радзівіл. У мясцовым тэатры працаваў мастак-дэкаратар К. Атасельскі.

pict
Брама палаца

У канцы XVIII ст. тэатральнае жыццё ў Ружанах затухла. З 1786 г. па 1791 г. пастаноўкі ружанскай трупы ажыццяўляліся ў Дзярэчыне. Капэла дзейнічала да 1820 г. Многія ружанскія артысты потым апынуліся ў тэатрах Пецярбурга і Варшавы.

Аляксандр і Магдалена Сапегі мелі велізарныя прыбыткі з маёнткаў, якія атрымалі ад бяздзетных родзічаў. Менавіта пры іх уладаранні (з 1773 г.) пачынаецца адраджэнне ружанскага палаца і Ружан, якія перабудоўваюцца. Чарцяжы перабудовы (1788 г.) і самі працы выконваліся пад кіраўніцтвам прыдворнага архітэктара Сапегаў саксонца Яна Самуэля Бекера, які за сваю працу атрымаў пажыццёвы пансіён у памеры 2160 злотых (потым 2520). Гэтыя чарцяжы сталі вядомы навукоўцам у пачатку ХХ ст. Іх знайшлі ў кабінеце гравюр універсітэцкай бібліятэкі ў Варшаве.

Быў выкананы велізарны аб’ём работ, якія па маштабах пераўзыходзілі ўсе папярэднія па перабудове мястэчка і палаца. Згодна з “Кнігай прыходу і расходу маёнтка Ружаны” рамонт і перабудова ансамбля вялася ў 1775 – 1777 г.г. З левага боку ад палаца быў пабудаваны тэатральна-манежны корпус. Левую частку корпуса заняла манежная зала з галерэяй для гледачоў. Правую частку гэтага незвычайнага збудавання заняў тэатр. Былі закладзены падмуркі карціннай галерэі. Усе пабудовы вырашаліся ў стылі ранняга класіцызму.

pict
Францішак Сапега.
Партрэт XIX ст.

Палац стаў выглядаць па-іншаму. Вежы на галоўным фасадзе і вуглавыя былі разбураны, а тарцовая замуравана. У выніку палац стаў сіметрычны ў плане. Да галоўнага фасада быў прыбудаваны накладны порцік з падвоенымі калонамі і пілястрамі, завершаны трохвугольным франтонам са скульптурай. На паркавым фасадзе з’явіліся новыя дэталі: манаграма ўладальнікаў з літарамі “АS”, ляпная аздоба ў выглядзе выгнутага картуша з букетам кветак і грабелькамі – тыпова пастаральны матыў у стылі ракако (характэрны для першай паловы XVIII ст.). Гэты фасад быў вызначаны тэрасай. Менавіта адсюль адкрываўся від на велічны парк, які асабліва эфектна ўспрымаўся з вышыні. Ёсць меркаванні, што аўтарам афармлення фасадаў быў каралеўскі архітэктар Я.Ж. Дэйбель, які ў 1733 г. узводзіў палац Сапегаў у Варшаве. Пабудаваныя сіметрычна цэнтральнаму корпусу заходні і ўсходні карпусы былі злучаны з цэнтральным паўцыркульнымі ў плане аркадамі. У замкнутай прасторы двара плошчай 1,5 га цэнтральнае месца займаў галоўны корпус. Ён уяўляў сабой спалучэнне дзвюх аб’ёмаў рознай велічыні, у большым з якіх знаходзіліся бальная зала, вестыбюль і парадная двухбаковая лесвіца, якая асвятлялася двумя ярусамі вокнаў, археалагічны кабінет-музей і вялізарная бібліятэка з экслібрысам мастака Францішка Бальцэвіча. У палацы меліся багата аздобленыя каштоўнымі тканінамі і пазалотай памяшканні: вялікая зала, “зялёная” зала, бібліятэка, скарбец за жалезнымі дзвярыма, арсенал з зарэшачонымі вокнамі, капліца з алтаром, шматлікія гардэробныя і памяшканні для лакеяў інш. У пакоях меліся скульптуры, карціны, каміны, белыя печы, упрыгожаныя ляпнінай. Ляпніна таксама ўпрыгожвала дзверы. На дзверцы адной з палацавых ніш быў надпіс залатымі літарамі “Иван Иванов”. Падлогі былі паркетнымі. Унутранае начынне пакояў вылучалася сваёй раскошай. Тут мелася разнастайная мэбля, жырандолі, люстэркі рознай велічыні, бронзавыя падсвечнікі, гадзіннікі (з фігурамі ільвоў, арлоў, на кітайскіх лакіраваных століках, вялікія насценныя), скульптуры з мармуру, гіпсу, косці, каменю, алебастру, фарфору, бронзы.

pict
Пелагея Сапега.
Партрэт XIX ст.

Паралельна палацу па восі сіметрыі была размешчана ўязная брама, якая злучала два двухпавярховыя жылыя флігелі для кардэгардыі (аховы) і канцылярыі. Брама мела выгляд трыумфальнай аркі, дзе меліся цэнтральны праезд і два бакавыя. Ніжняя яе частка была руставана, а верхняя ўпрыгожана картушамі і гірляндамі, выразанымі з моранага дубу. Перад брамай на пастаменце стаяла скульптура жанчыны, рука якой паказвала ў бок Бярозы Картузскай, дзе былі пахаваны Сапегі.

На тэрыторыі замкавага ансамбля “стоял дом фабрики суконной”, працавала палатняная фабрыка, якая выпускала сурвэткі, абрусы, палатно.

Славіўся палац у Ружанах сваім паркам, які змяшчаўся на поўнач ад палаца. Прасторавая кампазіцыя парка была заснавана на тыповай планіроўцы пры магнацкіх рэзідэнцыях Рэчы Паспалітай XVIII ст. (у французкай манеры пад “дзікую” прыроду). Парк меў радыяльна-кальцавую планіроўку алей, якія бралі пачатак каля палаца. Кожная з алей (“дзікіх праменад”), што пачыналася ад круглага газона, завяршалася павільёнам квадратнай, круглай ці шматграннай формы, магчыма, “кітайскага” ці “турэцкага” тыпу. У парку былі купальня, грот, хата садоўніка, “двор Венеры”, летні тэатр. Важным элементам парка былі вадаёмы (штучна быў вырашаны рукаў р. Зальвянка). На беразе канала стаяла хата Я.С. Бекера. На старадаўніх земляных валах былі ўзведзены каскадныя лесвічныя схілы. Да пейзажнай зоны далучаўся звярынец у выглядзе прабітага прасекамі ляснога масіву. Для жывёлы прызначаліся спецыяльныя памяшканні – птушнік, хлеўчык для авечак і коз, ферма.

Ружанскі палац называюць “беларускім Версалем”. Справа ў тым, што планіроўка Ружанскага палацава-паркавага комплексу сапраўды нагадвае французскі Версаль – сімвал магутнасці і абсалютнай ўлады караля Людовіка XIV. Ёсць меркаванне, што Я.С. Бекер, які планаваў ружанскі комплекс, гэтым падабенствам хацеў паказаць веліч роду Сапегаў.

pict
Яўстафій Сапега.
Партрэт XIX ст.

Часам апошняга росквіту палаца быў 1784 г., калі тут гасцяваў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, што накіроўваўся на сойм у Гродна. Дзесьці ў 80-я г.г. XVIII ст. палац наведаў пісьменнік і драматург, асабісты сябар і ад’ютанат Т. Касцюшкі Юльян Урсын Нямцэвіч, што пакінуў пасля сябе ўнікальныя ўспаміны..

Паступова Ружаны страцілі статус галоўнай рэзідэнцыі Сапегаў. На перабудовы былі затрачаны вельмі вялікія выдаткі. Маёнтак набліжаўся да разарэння. Нават прыбыткі ад мясцовых мануфактур не маглі ўзмясціць затрачаных сродкаў. З 1793 г. палажэнне сапежынскай рэзідэнцыі перайшло да палаца ў Дзярэчыне, дзе з сям’ёй жыў сын Аляксандра Францішак (1772 – 1829). Францішак быў жанаты з Пелагеяй Патоцкай, надзвычай прыгожай, сціплай і літасцівай жанчынай. Ф. Сапега ўжо ў 21 год стаў генералам артылерыі і атрымаў ордэн Св. Станіслава. Ён прыймаў удзел (не вельмі паспяхова) у паўстанні Т. Касцюшкі 1794 г. і ўзначальваў 4-тысячны корпус інсургентаў. Пасля паражэння паўстання падаў пакаянны ліст расійскай імператрыцы Кацярыне ІІ і гэтым выратаваў сябе і свае ўладанні. Францішак шмат зрабіў для вызвавлення свайго сябра Т. Касцюшкі з Петрапаўлаўскай крэпасці, тым больш, што ён меў уплыў на расійскую палітыку. У 1796 г. Ф. Сапега атрымаў тытул тайнага саветніка і стаў маршалкам Мінскай губерні. Ён удзельнічаў у каранацыі расійскага імператара Паўла І і па дарозе з Маскву ў Пецярбург прымаў яго ў Дзярэчынскім палацы. Князь Сапега любіў вострыя адчуванні – часта падарожнічаў па Еўропе, заводзіў палюбоўныя інтрыгі, гуляў у карты і многа прайграваў, сустракаўся з рознымі авантурыстамі і ўдзельнічаў у іх не зусім законных справах, займаўся альпінізмам (апускаўся ў кратэр вулкана Вязувій, штурмаваў Піранеі, дзе ледзь не загінуў). Пелагея, абражаная такімі паводзінамі мужа, развялася з ім і выйшла за Паўла Сапегу. Францішак Сапега меў вялікія здольнасці, аднак трывалай адукацыі так і не атрымаў. Ён стаў прататыпам князя Рудольфа дэ Геральштайна ў рамане Э. Сю “Тайны Парыжа”. Сапега быў тыповым прадстаўніком арыстакратыі, якая пагардліва ставілася да сялян. Ён часта гаварыў: “Хочаш мець грошы ў кішэні, абдзірай неміласэрна мужыка!” ці “Хочаш мець парадак у хаце, кіруй кіем”. Аднак, у той жа час дбаў пра побыт гэтага ж мужыка і не дазваляў рабіць яму крыўды, многа займаўся дабрачыннасцю.

pict
Кнігі з бібліятэкі Сапегаў,
ахвяраваныя Віленскай езуіцкай акадэміі
у сярэдзіне XVII ст.

Работы па перабудове палаца ў Ружанах так і не былі завершаны. Ужо з 1780 г. грошы амаль не выдзяляліся. Пасля смерці Магдалены (1780 г.) Аляксандр увесь час жыў у Варшаве, толькі зрэдку наведваючыся ў Ружаны. У Ружанах А. Сапега быў у 1812 г. Справа ў тым, што Аляксандр добра ведаў імператара французаў Напалеона І. Менавіта з яго дапамогай многія магнаты, у тым ліку і Сапега, разлічвалі адрадзіць былую незалежнасць Рэчы Паспалітай і таму ваявалі на яго баку. Не апошнюю ролю ў надзеях шляхты адыграла стварэнне Напалеонам Камісіі Часовага ўраду Літвы і Беларусі з 7 асоб. У Камісію быў запрошаны і А. Сапега. Аднак хутка стала зразумелай палітыка Напалеона – яму была патрэбна падтрымка і сродкі для вядзення вайны з Расіяй, а аднаўленне ВКЛ яго мала цікавіла. Зразумеўшы гэта, А. Сапега выйшаў са складу Камісіі і вырашыў вярнуцца ў Дзярэчынскі палац. Па дарозе дахаты ён загадкава загінуў.

Пры Францішку Сапегу работы вяліся марудна. У 1794 г. іх узначаліў прыдворны сапежынскі архітэктар Міхаіл Кадо (1765 – 1824). Але ў 1796 г. архітэктар пакінуў палац, з ім з’ехала 32 чалавекі ( з 109).

На мяжы XVIII – XIX ст.ст. яўрэйскаму прадпрымальніку Лейбе Пінесу былі прададзены за 1 тыс. рублёў ружанскія мануфактуры, палац Сапегі захавалі. З 1829 г. адзіны сын Францішка Яўстафій Каятан (1797 – 1860) стаў яго ўладаром. У маладосці ён служыў у расійскай кавалерыі, шмат падарожнічаў на Еўропе, доўгі час жыў у Англіі (меў маёнтак у графстве Ланкашыр). Яўстафій прыняў актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1830 – 1831 г.г., знаходзіўся пры штабе галоўнакамандуючага паўстанцкімі войскамі генерала Я. Скшынецкага, быў адзначаны залатым крыжом “Віртуці Мілітары”. Ёсць меркаванне, што Я.К. Сапега прадаў палац у Ружанах, каб здабыць грошы для паўстанцаў. Пасля паражэння паўстання Яўстафій Сапега эмігрыраваў у Францыю. Ён адмовіўся ад прапановы Мікалая І прыняць назад канфіскаваныя маёнткі ўзамен на прысягу расійскаму цару. У Францыі Яўстафій Сапега займаўся фінансава-эканамічнай дзейнасцю і да канца жыцця шмат сродкаў траціў на падтрымку паўстанцаў у эміграцыі.

pict
Ружанскі палацавы комплекс.
Малюнак Н.Орды. 1831.

Усе ўладанні Сапегаў былі адабраны ў расійскую казну, у тым ліку і Ружаны і багацці палаца – так званы “Сапежынскі збор” – творы еўрапейскага мастацтва, рэдкасная зброя, трафеі мінулых войнаў, залаты і сярэбраны посуд, радавыя рэліквіі, падарункі, узнагароды манархаў, каштоўныя кнігі.

Пачатак “Сапежынскаму збору” паклала бібліятэка канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Сярод твораў пераважалі працы вялікіх мысліцеляў – Арыстоцеля, Вяргілія, Лівія, Вядзецыя, Авідзія, Эразма Ратэрдамскага і інш. Найбольш поўна ў бібліятэцы была прадстаўлена літаратура па юрыспрудэнцыі, гісторыі, паэзіі, мовазнаўстве, геаграфіі, тэалогіі, калекцыя гравюр. Сапегі збіралі як мясцовыя кнігі, так і замежныя. Да найбольш каштоўных старадрукаў, што меліся ў бібліятэцы, можна аднесці “Хроніку Скандэрберга”, выдадзеную ў Брэсцкай друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1567 г. у перакладзе выдатных мысліцеляў XVI ст. Андрэя Волана і Цыпрыяна Базыліка. Па выразу М. Скоблы Леў Сапега усё жыццё не мог пазбавіцца “милого плена книг”. Яго лічаць “первым ясновельможным библиофилом”. Лёс бібліятэкі драматычны. У час вайны 1654 – 1667 г.г. бібліятэка была эвакуіравана ў Крулевец (Кёнігсберг). Толькі пазней, пры настойлівым патрабаванні сына Л. Сапегі – Казіміра Леана, бібліятэка была вернута, адноўлена і папоўнена. На пачатку XVIII ст. яна налічвала 3000 тамоў. Вядома, што кнігами гэтай бібліятэкі карыстаўся кароль Уладзіслаў IV. Казімір Леан Сапега ў 1655 г. ахвяраваў частку бібліятэкі Віленскай езуіцкай акадэміі.

Намаганнямі Сапегаў у Ружанах была таксама арганізавана галерэя. Гэта была даніна модзе той эпохі. Кожны з беларускіх магнатаў імкнуўся стварыць у сваім палацы галерэю, партрэты ў якой складалі б агульнае генеалагічнае дрэва роду. У ружанскай галерэі, якая ўпамінаецца ўжо пад 1648 – 1649 г.г., знаходзіліся працы мясцовых і іншых мастакоў, на палотнах якіх былі адлюстраваны вобразы некалькіх пакаленняў Сапегаў. Тут жа былі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гравюры, жывапісныя палотны, а таксама скульптура, мазаіка, ружанскія шпалеры, кілімы, паясы, залатое ліццё, фамільныя гербы, абразы, калекцыя пячатак, сямейныя рэліквіі, узоры мінералаў, нумізматычная калекцыя. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў былі – залаты кубак XVI ст. з гербам князёў Шуйскіх, два кубкі з горнага крышталю (“Іван” і “Іваніха”), зробленыя ў 1519 г. у гонар аб Іване Сапегу (віцебскім ваяводзе), серыя французскіх габеленаў, прысвечаных Аляксандру Македонскаму, вытканых па картонах Лебруна, больш 20 габеленаў іншых мастакоў, а таксама 48 рэдкіх мазаічных карцін, мноства мармуровых і бронзавых скульптур, 5 этрускіх вазаў, жывапісныя творы Саламона і Якаба Рёйсдаляў, Веранэзе, Ван Астадэ і іншых.

У Ружанскім палацы ў 1793 г. у двух пакоях знаходзілася калекцыя зброі з розных краін свету. Тут меліся пісталеты, карабіны, мушкеты, штуцэры, харугвы, шчыты, ваенны рыштунак сярэднявечных рыцараў. Булавы, паліцы, маршальскія жэзлы, прыдбаныя за заслугі, сцягі і бунчукі, здабытыя ў баях з татарамі, туркамі, шведамі. Арсенал уключаў больш за 234 адзінак зброі.

У скарбцы захоўваліся каштоўныя рэчы рознага прызначэння: дываны (у тым ліку пярсідскія), футра, шкуры жывёл, пакрывалы з атласу, расшытыя золатам, гардзіны, куфры, іконы, кубкі, вазы, вялікі партрэт Льва Сапегі ў белай раме і многае іншае.

Каштоўным скарбам быў архіў, дзе ўсе дакумінты былі сістэматызаваны ў 232 тамы і пранумераваны. Тут меліся каштоўныя дакументы не толькі з гісторыі рода Сапегаў, але ВКЛ і Польшчы. У кашоўным зборы дакументаў працавалі выдатныя гісторыкі, якія выкарыстоўвалі сапегаўскія дакументы ў якасці крыніц для сваіх манаграфій. А. Нарушэвіч тут пісаў сваю “Гісторыю Польшчы”, К. Кагнавіцкі “Жыццё Сапег”. Лёс архіва дакладна невядомы. Спачатку яго перадалі Віленскаму музею старжытнасцей, дзе ім зацікавіўся знаўца беларускай даўніны і стваральнік музея Яўстафій Тышкевіч. Разумеючы каштоўнасць архіва, ён схаваў яго за шафамі, дзе іх знайшлі толькі праз 9 год. Большая частка ружанскага архіва ў ХІХ ст. стала ўласнасцю графа-прадпрымальніка і мецэната В. Пуслоўскага, а астатнія разышліся па розных сховішчах: Акадэмія мастацтваў у Кракаве, ардынацыя Замойскіх у Варшаве, Імператарская Публічная бібліятэка ў Пецярбургу і іншых.

У вопісе канфіскаванай маёмасці 1832 г. значылася мноства каштоўнасцей. Сярод іх 287 карцін (напрыклад, шэдэўр П. Веранэзе “Пакланенне трох цароў” (зараз ў Эрмітажы)), 55 найменняў срэбраных прадметаў (11 пудоў 34 фунты), напрыклад, крыж з распяццем Іісуса Хрыста ў паў-аршына вышынёй, самавар у 9 літраў пазалочаны ўнутры.

Спачатку каштоўныя рэчы былі перавезены ў Гродзенскую Палату Дзяржаўных Маёмасцей, а адтуль іх размеркавалі ў царскі палац у Белавежскай пушчы і Пецярбург. Частку каштоўнасцей раздалі па розных музеях: Эрмітаж (185 карцін і 148 мазаічных кампазіцый), Акадэмія мастацтваў (55 карцін), Гатчынскі палац (72 карціны, у тым ліку партрэт Л. Сапегі), Дырэкцыя імператарскіх тэатраў, фарфоравы завод. Самае каштоўнае з кнігазбору была адпраўлена ў Публічныю бібліятэку Пецярбурга, Расійскую Акадэмію навук, Варшаўскі універсітэт, Вільню.

Скульптуры з сапегаўскіх палацаў у Ружанах і Дзярэчыне перавозіліся пасля 1840 г. Адна з і вагой 219 пудоў аказалася ў царскім палацы ў Белавежскай пушчы, 22 мармуровыя статуі – ў Эрмітажы (у тым ліку творы А. Канова).

pict
Яўстафій Севярын Сапега.
Фота 1997 г.

У пачатку ХІХ ст. ружанскі палац не ўяўляў раскошы. Гісторык Юльян Нямцэвіч у “Гістарычных падарожжах” (1811 – 1828) пісаў, што “...галоўны корпус палаца нікім заняты не быў і знаходзіўся пад наглядам упраўляючага Сапегаў Гудоўскага.” Магчыма, ужо тады частка тэатральнага флігелю была аддадзена пад суконную фабрыку, а другая частка – пад зернясховішча. Другі сведка Леан Патоцкі ў 1834 г. пісаў: “Палацавы двор ўвесь зарос травой, на якой пасвіліся козы, ... фруктовыя дрэвы здзічэлі, ... сажалкі пазаросталі, каналы без вады, будынкі перададзены пад фабрыку. У што ж ператварыліся гэтыя пакоі, напоўненыя ўсёй пыхаю захаду і ўсходу?! Дзе той багаты збор рэдкіх кніжак, шыкоўная збраёўня?! Дзе пакоі, у якія зачашчалі прымасы, біскупы, канцлеры, гетманы, ваяводы, найпершыя магнаты ў краі?!”. У 1838 г. верхнія паверхі палаца былі заняты вартавой службай. На геаграфічнай карце 1850 г., дзе паказаны Ружаны і наваколле з палацам, прыпісана “Провиантский магазин”. У 40-я гады ХІХ ст. палац з аукцыёна быў куплены Мардэхаем Пінесам і выкарыстоўваўся пад жытло і цэхавыя памяшканні суконай фабрыкі. Новыя ўладальнікі ніколі не рабілі спроб рамантаваць палац і ён паступова прыйшоў у заняпад.

Вялікія заказы на сукно з ружанскіх мануфактур ў ХІХ ст. паступалі ад ваеннага ведамства Расійскай імперыі. Ткацкія станкі размяшчаліся ў княжацкіх флігелях, у тэатральным флігелі і падвалах адбывалася фарбаванне тканін і іх сушэнне. Так старая структура палаца парушалася. Аднак ружанская прадукцыя каштавала вельмі дорага і патрабавала вялікіх выдаткаў. Таму, як піша П. Баброўскі, у 60-я г.г. ХІХ ст. ружанская фабрыка на тэрыторыі палаца ператварылася ў маленькую прадзільню воўны. Галоўны корпус палацавага комплекса для вытворчасці амаль не выкарыстоўваўся – у ім жылі гаспадары і размяшчаўся склад зробленай прадукцыі. У пачатку ХХ ст. да яго быў прыбудаваны з дрэва прамывачны цэх. Менавіта тут у жніўні 1914 г. адбыўся пажар, які поўнасцю прывёў будынак у непрыдатнасць. Дах галоўнага корпуса абваліўся адразу пасля пажару і праламіў перакрыцце на другім паверсе. Ужо праз два месяцы Ружаны былі заняты немцамі (ішла першая сусветная вайна). Да 1920 г. будынак палаца яшчэ больш прыйшоў у непрыгляднасць, у заняпад прыйшла вытворчасць на мануфактурах і прыбыткі ад іх скараціліся.

У 1923 г., калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы, у Ружанах з’явіўся Яўстафій Каятан Сапега (нашчадак ружанскіх уладальнікаў), які прад’явіў прэтэнзіі на спадчыну сваіх продкаў. Аднак Пінесы здолелі падцвердзіць свае маёмасныя правы, паказаўшы выкупныя дакументы пачатку ХІХ ст., падпісаныя Ежы Сапегам. Аднак частку ружанскай калекцыі каштоўнасцей нашчадкі Сапегаў здолелі вярнуць. Яна была перададзена ім ў 1923 г. савецкай Расіяй па Рыжскаму дагавору (1921 г.). Значная колькасць графічных матэрыялаў была перададзена Кабінету гравюр Варшаўскага універсітэта. У 1944 г. большая частка каштоўнасцей, якія аказаліся ў Варшаве, загінула пад час пажару.

У 1933 г. намаганнямі міністра замежных спраў Польшчы Яўстафія Каятана Сапегі Ружаны былі вернуты роду. Уладальнікам палацу стаў яго старэйшы сын Ян, які распачаў працу па аднаўленні палаца. У 1933 г. акружны віленскі кансерватар С. Лёрэнц выканаў фрагментарную даследчую фотафіксацыю архітэктурнага ансамблю.

Восенню 1939 г. пад час пераходу гэтых тэрыторый у склад БССР праводзіліся мерапрыемствы па нацыяналізацыі вытворчасці. Уладальнікі ружанскіх мануфактур былі пазбаўлены сваёй маёмасці і высланы на усход СССР. У Архангельскую губерню быў высланы князь Яўстфій Каятан Сапега, які пражываў у маёнтку Старая Спуша (Шчучынскі раён).

Пад час Вялікай Айчыннай вайны згарэў і быў разбураны будынак усходняга флігеля (былога тэатра). У паўднёвым корпусе да 1962 г. існаваў цэх па вытворчасці кафлі.

На працягу ХХ ст. не адзін раз рабіліся спробы па вывучэні і рэканструкцыі Ружанскага палаца. У 1945 г. у Ружанах знаходзілася група з Маскоўскага археалагічнага інстытута, якая праводзіла абследаванне помнікаў архітэктуры Беларусі. З мэтай кансервацыі помніка ў 1970 г. бало распачата даследаванне палаца.

Ружанскі палацавы комплекс знаходзіцца пад аховай дзяржавы з 1953 г., а з 1988 г. ён аб’яўлены помнікам рэспубліканскага значэння. У канцы 80-х гадоў ХХ ст. пачалася рэканструкцыя палаца, аднак з-за недахопу сродкаў ў 1995 г. была спынена. Палац працягвае разбурацца.

 

Літаратура:

 

1. Антипов В.Г. Парки Белоруссии. – Мн., 1975. – 151 с.

2. Арлоў У. Краіна Беларусь. – Slovakia. Martin., 2003. – 270 с.

3. Археалогія і нумізматыка Беларусі: энцыклапедыя. – Мн.,1994. – 702

4. Архітэктура Беларусі: энцыклапедычны даведнік.- Мн., 1993. – 620 с.

5. Асіноўскі С. Келіх Івана Сапегі // Беларуская мінуўшчына. 1995. № 5. С. 35 – 37.

6. Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии. XVIII век. – Мн., 1992. – 123 с.

7. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мн., 1998. – т.1. – 460 с.

8. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мн., 2002. – т.13. – 477 с.

9. Беларусь: Энцыклапедычны даведнік. – Мн., 1994. – 800 с.

10. Белорусский специализированный институт по разработке проектной документации для реставрации памятников истории и культуры «Белспецпроектреставрация». Объект: Дворцовый ансамбль в г.п. Ружаны Пружанского района Брестской области. Комплексные научные изыскания 01. 01. 03. КНИ. Историко-архитектурные исследования по ансамблю. – Мн., 1990. – 90 с.

11. Белорусский «экватор»: путевая книга-беседа в 6 тетрадях по земле белорусской в полосе, примыкающей к автомагистрали Москва – Брест от 456-го км до границы страны. – Мн., 1988. – 326 с.

12. Буяк Я. Ружанскі “птах” Адраджэння // Берасцейскія карані: літаратурны і гісторыка-краязнаўчы зборнік. – Брэст., 1993. С. – 68 -71.

13. Всеобщая история архитектуры: в 12 т. – М., 1968. – т. 6. – 566 с.

14. Гісторыя беларускага мастацтва: у 6 т. – т. 2. – Мн., 1988. – 384 с.

15. Гісторыя беларускага тэатра: у 3 т. – Мн., 1983. – т.1. – 496 с.

16. Дадиомова В. Мкзыкальная культура городов Белоруссии в XVIII веке. – Мн., 1992. – 207 с.

17. Дадзіёмава В.У. Гісторыя музычнай культуры Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. – Мн., 1994. – 96 с.

18. Дучыц Л. З гісторыі цыганоў Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 3. с. 45 – 49.

19. Живописная Россия: Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении: Литовское и Белорусское Полесье: Репринтное воспроизведение издания 1882 года. – Мн., 1993. – 550 с.

20. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Брэсцкая вобласць. – Мн., 1984. – 340 с.

21. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі: у 2 ч. – ч. 1. – Мн., 1995. – 221 с.

22. История искусства народов СССР: в 9 т. – М., 1976. – т.4. – 437 с.

23. Калнін В. Ружанскі палац // Мастацтва Беларусі. 1987. № 8. С. 63 – 64.

24. Каханоўскі Г. Вытокі музейнай справы на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 2. с. 79 – 87.

25. Кацер М.С. Белорусская архитектура. – Мн., 1956. – 120 с.

26. Качаноўскі У.У. Гісторыя культуры Беларусі: вучэбны дапаможнік для студэнтаў ВНУ. – Мн., 1994. – 163 с.

27. Клімец М. Гісторыя Пружаншчыны ў помніках // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 3. С. 36 – 44.

28. Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии второй половины XVIII – начала XIX в.в. – Мн., 1981. – 320 с.

29. Клімец М. Гісторыя Пружаншчыны ў помніках // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 3. С. 36 – 44.

30. Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии второй половины XVIII – начала XIX в.в. – Мн., 1981. – 320 с.

31. Лукоўскі А. Ружаны вядомы пышным палацам // Зара камунізму. 1988. 14 мая.

32. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. – Мн., 1996. – 453 с.

33. Масляніцына І. Нашчадак // Зара камунізму. 1990. 1 верасня.

34. Музыкальный театр Белоруссии: дооктябрьский период. – Мн., 1990. – 382 с.

35. Несцярчук Л. Замкі, палацы і паркі Берасцейшчыны IX – XX ст.ст. – Мн., 2003. – 338 с.

36. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. – Мн., 1992. – 456 с.

37. Патоцкі Л. Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану. – Мн., 1997. – 220 с.

38. Пашкевіч У. ВКЛ у Паўночнай вайне (1700 – 1721) // Беларускі гістарычны часопіс. 1995. № 3. С. 163 – 172.

39. Прыбытка Г. Некаторыя аспекты палітыкі Паўла Сапегі (1655 – 1656) // Радавод. 1998. № 2. с. 22 – 24.

40. Пружаншчына літаратурная // Раённыя будні. 1998. 2 чэрвеня.

41. Радзюк А. Канфіскацыя прыватнай уласнасці на Беларусі ў канцы XVIII – першай трэці XIX ст. ст. // Беларускі гістарычны часопіс. 2002. № 6. с. 15 – 23.

42. Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мн., 2001. – 368 с.

43. Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская область. – Мн., 1990. – 424 с.

44. Сикиржицкий В. Ружанский Версаль // Рэспубліка. 2001. 2 лістапада.

45. Супрун В.Р. Палац у Ружанах // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 3. С. 24 – 25.

46. Супрун В.Р. За смугою часу. – Мн., 1994. – 114 с.

47. Сычова І. А. Беларускі партрэтны жывапіс XVII ст. // Асновы мастацтва. 1996. Выпуск 3. с. 110 – 120.

48. Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны. – Мн., 1993. – 270 с.

49. Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI – XVII веков. – Мн.,

50. 1988. – 210 с.

51. Трусаў А.А. Старонкі мураванай кнігі: манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. – Мн., 1990. – 191 с.

52. Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. – Мн., 1989. – 350 с.

53. Філатава А. Добра дома і ... ў Парыжы // Культура. 1992. 28 снежня.

54. Францыск Скарына і яго час: энцыклапедычны даведнік. – Мн., 1988. – 349 с.

55. Хаўстовіч М. Скасаванне уніі // З гісторыяй на “Вы”: публіцыстычныя артыкулы. – Мн., 1994. – Выпуск другі. С. 107 – 118.

56. Ходыко Т.В. Дворцовый ансамбль в Ружанах // Строительство и архитектура в Белоруссии. 1974. № 3. С. 12 – 13.

57. Церахава В. Ад Ражанны да Ружан // Раённыя будні. 1996. 20 жніўня – 31 жніўня.

58. Цеханавецкі А. “Маці ўсіх навук”: прыдворная музычная культура Рэчы Паспалітай у XVIII ст. // Мастацтва. 1993. № 1. С. 34 – 36.

59. Цеханавецкі А. Міхаі Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме. – Мн., 1993. – 176 с.

60. Чантурия В.А. Архитектура Белоруссии конца XVIII – начала XIX в.в. – Мн., 1982. – 210 с.

61. Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. – Мн., 1977. – 295 с.

62. Чантурия В.А. Архитектурные памятники Белоруссии. – Мн., 1982. – 223 с.

63. Чантурия В. А. Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии. – Мн., 1983. – 110 с.

64. Чантурия В.А. Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии. – Мн., 1986. – 236.

65. Чепко В.В. Города Белоруссии в первой половине XIX века: экономическое развитие. – Мн., 1981. – 143 с.

66. Шульман М. Ружаны старажытныя // Раённыя будні. 1996. 2 ліпеня.

67. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – т.6. – ч. 1. – Мн., 2001. – 592 с.

68. Якімовіч Ю.А. Экспедыцыя на Брэстчыну // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1978. № 2. С. 44 – 46.

69. Якимович Ю.А. Зодчество Белоруссии XVI – середины XVII в.в. – Мн., 1991. – 366 с.

70. Яніцкая М. Што напаткала “Сапяжанскі збор” // Мастацтва. 1996. № 3. с. 48 – 50.

71. Kosman M. Historia Białorusi. – Wrocław. – Warszawa. – Kraków. – Gdańsk., 1979. – 310 s.

 

pict

Яндекс.Метрика