На главную сайта   Все о Ружанах

Источник: «Раённыя будні»

Марына Вакульская

 

На дабрачынны рахунак для рэстаўрацыі капліцы Святога Казіміра ў Ружанах паступіла ўсяго каля 3 мільёнаў рублёў

 

См. этот текст в переводе на русский язык.

* * *

Среда, 14.05.2014.

 

 

Ружаны хоць і невялікі населены пункт, але з багатым гістарычным мінулым, чым выклікае непадробную цікаўнасць як у гісторыкаў, так і ў турыстаў. Праўда, трэба аддаць належнае роду Сапегаў: у сучаснікаў з магнацкім родам атаясамліваюцца не проста адметныя гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў мястэчку, але і багатая архітэктурная спадчына. Штосьці, канешне, з часам змяніла як сваё аблічча, так і прызначэнне. Але засмучанасць выклікае той факт, што ёсць будынкі, якія захоўваліся пакаленнямі, а цяпер сталі разбурацца, і, што яшчэ горш, практычна пакінуты на волю лёсу…

 Крыху з гісторыі

Святы Казімір нарадзіўся ў Кракаве 3 лістапада 1458 года. Яго бацька — Казімір Ягелон, вялікі князь Літоўскі і кароль Польскі.

Каралевіч адрозніваўся незвычайна вялікай набожнасцю і ўшанаваннем Прасвятой Дзевы Марыі, быў сапраўдным заступнікам убогіх. «Пасля Бога больш за ўсё трэба любіць праўду і справядлівасць», — вучыў ён.

Казімір пражыў толькі 25 гадоў, памёр ад сухотаў. Яго астанкі пахаваны ў Кафедральным касцёле ў Вільна. Людзі прыходзілі на яго магілу і маліліся, а неўзабаве гэтае месца было прызнана цудадзейным. У выніку ў 1602 годзе папа Клімент VIII аб’явіў Казіміра святым. Пазней яго назвалі патронам ВКЛ, і з тых пор Казімір лічыцца галоўным заступнікам Літвы, а з 1636 года — Літвы і Польшчы.

Пачынаючы з канцлера Льва Сапегі, магнацкі род стаў шчодрым ахоўнікам нацыянальнага святога — Казіміра. Многім Сапегам пры хрышчэнні сталі даваць яго імя.

Да часу валодання Ружанамі Казімірам Леанам Сапегам адносіцца прадастаўленне мястэчку Магдэбургскага права і герба. На гербе быў адлюстраваны «святы Казімір, патрон Вялікага Княства Літоўскага, з крыжам і лілеяй у руках пасярэдзіне вянка з руж».

У канцы ХVIIІ стагоддзя па праекту Яна Самуэля Бекера, прыдворнага архітэктара Сапегаў, прама насупраць палаца, з паўночнага боку на штучна створаным узвышшы, а ў дадзены момант на могілках, была пабудавана капліца (па-іншаму — касцёл) святога Казіміра. Фундатарам выступіў Аляксандр Міхал Сапега.

Каменнае збудаванне з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе і невысокім дахам эпохі класіцызму вылучаюць ляпныя архітэктурныя дэталі фасадаў і інтэр’еру. Капліца ўваходзіла ў комплекс базыльянскага манастыра.


Капліца Святога Казіміра ў Ружанах. Сучасны выгляд.

11 чэрвеня 1948 года Папа Пій ХІІ аб’явіў святога Казіміра нябесным заступнікам моладзі. Акрамя таго, у Літве ён сёння лічыцца заступнікам рамеснікаў, у саміх Ружанах — заступнікам пасёлка.

Дзень памяці Казіміра — 4 сакавіка. У царкоўным мастацтве і скульптуры ХVII — ХVIIІ стагоддзяў на Беларусі гэтага святога звычайна адлюстроўвалі ў поўны рост, у каралеўскім адзенні і кароне, з крыжам і лілеямі — сімвалам цноты — у руках.

Сёння капліца не функцыянуе. Больш таго, будынак, які ўяўляе сабой гісторыка-культурную каштоўнасць, пачаў разбурацца і патрабуе — як мінімум — кансервацыі.

 

 Меркаванні раздзяляюцца

Першай біць трывогу стала ўраджэнка Ружан Л.Ц.Шчаглюк. Лілію Ціханаўну, якая сёння жыве ў Брэсце, вельмі засмуціла тое, што на яе малой радзіме можа знікнуць такі помнік архітэктуры. Жанчыне з юрыдычнай адукацыяй давялося нямала пашчыраваць, каб справа хоць крышку зрушылася з месца. Усе падрабязнасці наўрад ці каму будуць цікавыя, галоўнае адно: дзякуючы яе неабыякавасці і намаганням усё-такі ўдалося адкрыць дабрачынны рахунак, на што, дарэчы, спатрэбілася больш года.

Тым часам меркаванні на конт таго, наколькі патрэбная гэтая справа, мякка кажучы, неадназначныя.

— Аднаўленне капліцы — справа неблагая, — дзеліцца сваімі думкамі старшыня Ружанскага пасвыканкама Г.М.Верхавец. — Але пры наяўнасці ў пасёлку і касцёла, і царквы ці мэтазгодна гэта? Вось калі б было магчыма выкарыстоўваць яе для адпявання нябожчыкаў як каталіцкай, так і праваслаўнай канфесій… Зразумела, яе рацыянальнае выкарыстанне — пытанне спрэчнае. Ва ўсякім разе, захаваць гэтую капліцу як помнік архітэктуры неабходна. Тым больш, што на сённяшні дзень пачалося разбурэнне даху, і, каб яно не ішло далей, патрэбны рамонт.

Прыкладна такога ж меркавання прытрымліваюцца і ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Яго начальнік К.І.Панімаш у сваю чаргу заўважае:

— На маю думку, перш чым пачынаць збіраць ахвяраванні, трэба знайсці фундатара, які гатовы зрабіць важкі ўклад у падобнага роду справу. І гаворка ідзе аб вельмі вялікіх сумах. Мяркуйце самі: каб зрабіць адную толькі дакументацыю, справа не абыдзецца нават дзясяткам мільёнаў рублёў. Таго, што на сённяшні дзень удалося сабраць, не проста мала, а, лічыце, нічога…

У КУВП «Камунальнік» паведамілі, што дабрачынных ахвяраванняў на рэстаўрацыю капліцы пералічана каля… трох мільёнаў рублёў.

 

 Замест пасляслоўя

Зразумела, разважаць у гэтай сітуацыі, хто і што абавязаны рабіць для захавання матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, згодна з ахоўным абавязацельствам і заканадаўствам, не зусім правільна: думаю, не такі багаты яе ўласнік. Дарэчы, высветліць, хто дакументальна з‘яўляецца ўласнікам, журналісту так і не ўдалося: і КУВП «Камунальнік», і пасвыканкаму, і аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі такі «галаўны боль» не надта патрэбны. Тым не менш, рабіць штосьці трэба.

Як расказаў дырэктар музея «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» Р.С.Кніга, у рамках міжнароднага летніка, які праходзіў у пасёлку, былі арганізаваны работы і па добраўпарадкаванні гэтага архітэктурнага збудавання, дзе паспелі зрабіць ужо звалку смецця. Там жа знайшлі нават галаву ад помніка Леніну, які былі вымушаны колькі гадоў таму наогул знесці.

Але ж без фінансавых укладанняў не абысціся! І дабрачынных сродкаў на рахунку не большае. Чаму? А адказ, на маю думку, у вельмі простым пытанні: а хто наогул ведае пра збор грошай на гэты рахунак?

 

Нагадаем, рахунак адкрыты Пружанскім КУВП «Камунальнік».

Жадаючыя далучыцца да захавання гістарычнай спадчыны могуць унесці пасільнае ахвяраванне з паметкай «На рэстаўрацыю капліцы ў Ружанах» на разліковы рахунак 3132000000009 у ЦБУ №122 філіяла №113 ААТ «ААБ Беларусбанк» г.Кобрын, УНП 200026656.

 

 

Яндекс.Метрика