На главную сайта   Все о Ружанах

 

 

Наталля ПРАКАПОВІЧ.

Геральдыка
на Пружаншчыне

См. этот текст в переводе на русский язык.

Сімвалам высокароднасці феадалаў у сярэднявеччы з’яўляліся спецыяльныя знакі-сімвалы — гербы. Дзякуючы ім можна было даведацца аб іх носьбітах даволі многае, напрыклад, месца паходжання, генеалагічныя сувязі, слаўныя ўчынкі роду, асабістыя якасці ваяра і іншае. Паколькі не ўсе прадстаўнікі заможнага саслоўя хацелі набываць адукацыю і ўмелі на той час чытаць і пісаць, галоўнымі ўсё ж былі ваенныя здольнасці, то герб з’яўляўся як бы сказаць “пашпартам”, з якога можна было “прачытаць” аб асобе з той ці іншай сям’і, паколькі усе элементы і колеры мелі сваё значэнне. Пры манаршых дварах у гэтыя ж часы зарадзілася нават своеасаблівая навука аб гербах — геральдыка ці гербазнаўства і з’явіліся людзі, што мэтанакіравана займаліся вывучэннем і складаннем прыватных гербаў, — герольды.

У Вялікім княстве Літоўскім найбуйнейшае радавітае баярства стала набываць такія знакі пад уздзеяннем заходнееўрапейскага рыцарства з ХІІІ – XIV ст.ст. Гэты працэс ішоў і ў далейшыя стагоддзі існавання беларуска-ліцвінскай дзяржавы. Пры чым ствараліся як новыя, так ўспрымаліся ўжо існуючыя гербавыя феадальныя сімвалы. Асабліва хуткімі тэмпамі ўспрыманне геральдычных знакаў тутэйшым шляхецтвам пайшло пасля падпісання Гарадзельскага прывілею 1413 г., дзе адзін з артыкулаў прысвячаўся менавіта прыняццю часткі феадалаў ВКЛ у гербавае брацтва з польскімі прадстаўнікамі вышэйшага саслоўя.

Прыкладна з XIV ст. сталі стварацца і гербы гарадоў. Гарадскі герб — гэта спецыфічная выява, абумоўленая, як правіла, прывілеем на права самакіравання і адлюстраваная на пячатках бургамістра-радзецкай калегіі магістрата альбо ўсяго горада разам. Гэтыя сімвалічныя абазначэнні паселішчам маглі надаваць толькі манархі, князі ці буйныя магнаты, што валодалі пэўным населеным пунктам. Гарадскі герб меў некаторыя адрозненні ад прыватнага шляхецкага знаку. Вельмі рэдка на ім меўся такі элемент як кляйнод — фігура над асноўнай прасторай герба (шчытом). А вось даволі часта вакол шчыта ўжываўся так званы “картуш” — фантастычная аправа па раслінных ці геаметрычных матывах ці “лабры” — адмысловая кампазіцыя са стужак. Гарады, якімі непасрэдна ўладарылі манархі, мелі над шчытом яшчэ і “карону”. Герб быў сведчаннем таго, што пасяленне, якое яго мае, займае даволі значнае месца ў дзяржаве і па сваім сацыяльна-прававым статусе стаіць значна вышэй за навакольныя вёскі і мястэчкі. Такі асаблівы знак быў прадметам сапраўднага гонару тутэйшых мяшчан і візуальным пацвярджэннем іх незалежнасці ад феадалаў.

Герб горада Пружаны з’яўляецца штучным і цесна звязаны з гісторыяй каралеўскай сям’і Рэчы Паспалітай. Вядома, што гарадскія прывілеі Пружаны атрымалі ад каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорцы ў 1532 г. Аднак, паводле існуючых крыніц, на той час свайго знаку адрознення населены пункт яшчэ не атрымаў. Пасля ўладальніцай Пружан значылася Ганна Ягелонка. Яна кіравала горадам даволі працяглы перыяд — падчас праўлення свайго роднага брата Жыгімонта ІІ Аўгуста і мужа Стэфана Баторыя (былога трансільванскага ваяводы). Пры Жыгімонце ІІІ Вазе, што, дарэчы, прыходзіўся Ганне пляменнікам, наш горад з ваколіцамі таксама быў аддадзены гэтай жанчыне ў якасці матэрыяльнага забеспячэння патрэб каралевы-ўдавы і яе шматлікага двара.

Каралева Ганна Ягелонка стала для Пружан сапраўднай апякункай і дабрачынніцай. Яна надала гораду поўныя правы на самакіраванне, прыватны герб, а таксама прывілей, які, на жаль, не захаваўся. Аднак умовы атрымання гэтых правоў былі змешчаны да таго ж і ў пацвяржальным дакуменце Жыгімонта ІІІ ад 6 мая 1589 г. Менавіта гэтая грамата змяшчала ў сабе першае адносна падрабязнае апісанне пружанскага герба: “Да вышэй названых прывілей — горад Пружана будзе мець пячатку, інакш герб — у выглядзе звілістага вужа, з пашчы якога з’яўляецца да палавіны дзіця”. Але ў гэтай крыніцы адсутнічае вызначэнне афарбоўкі гарадскога сімвалу. Тым не менш, з іншых звестак вядома дакладна, што найчасцей прымяняўся “шчыт сярэбраны, вуж блакітны звіслы, дзіця — залатое, карона — залатая”. Вось такі знак доўгі час быў выяўлены на будынку пружанскага магістрату — ратушы, што стаяла на цэнтральнай рынкавай плошчы. У штодзённым ужыванні герб выкарыстоўваўся ў гарадской пячатцы, якой пазначаліся ўсе мясцовыя дакументы і лісты. Для такіх патрэб малюнак герба рабіўся на метале. Пры неабходнасці гарадскія чыноўнікі вылівалі на пэўны важны дакумент кружок разагрэтага воску, а на ім ужо выціскалі адлюстраванне “пружанскага знаку” з металічнай формы. З цягам часу сталі ўжывацца болей дасканалыя “пячаткі мескія” (гарадскія), што падобны да сучасных.

Даволі часта паўстае пытанне аб сімволіцы пружанскага герба, якое да канца так і не высветлена па сённяшні дзень. Яго лаканічны стрыманы малюнак звязваюць з цікавай мясцовай легендай аб няшчасным выпадку, калі вялізарны змей з Мухаўца ўхапіў і праглынуў дзіця каралевы (ёсць розныя іншыя вырыянты аповяду). Аднак змяя — гэта адзін з найстаражытнейшых сімвалаў, што выкарыстоўваўся рознымі народамі. Аднак увасабляў ён сабой не смерць, жах і пакуты, а наадварот, мудрасць, здольнасць да адраджэння ці нават уваскрасення, лекарства.

Гербам Ганны Ягелонкі пружанцы карысталіся працяглы адрэзак часу — з 1589 г. па 1795 г. (ад моманту надання да ўваходжання Пружан у склад Расійскай імперыі). Сам гербавы знак амаль не мяняўся на працягу больш чым двухсот гадоў існавання і з’яўляўся своеасаблівым знакам выдзялення тутэйшага насельніцтва. У гэтыя стагоддзі набывалі новыя рысы толькі яго некаторыя нязначныя дэталі, напрыклад, форма шчыта, вакол якога рабіліся разнастайныя раслінныя аправы-упрыгожванні, залатая каралеўская карона пераносілася на само поле шчыта, а раней знаходзілася непасрэдна над галавой вужакі.

Вядома, што прыкладам для пружанскага сімвалу, які адлюстроўваў прыналежнасць нашага паселішча да супольнасці магдэбургскіх прывілеяваных гарадоў, паслужыў старадаўні герб італьянскга месца Мілана, адкуль паходзіла уладалюбівая маці Ягелонкі — Бона са славутага роду герцагаў Сфорца. Лічыцца, што такім крокам Ганна як бы ўшанавала назаўсёды памяць аб родным чалавеку. Аднак пружанскі герб зусім не капіраваў міланскі — таму што па законах геральдыкі было недапушчальным існаванне абсалютна аднолькавых знакаў. Паміж гэтымі гербамі, безумоўна, ёсць падабенства, аднак малюнкі ўсё ж розныя. Так, міланскі герб утрымліваў на светла-блакітнай прасторы шчыта тоўстую змяю сярэбранага колеру з крылцамі, раскрытая пашча якой скіравана ўверх, а пружанская выява зусім іншая.

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі, уся так званая “польская” сімволіка была зменена на новую, якая не зусім адпавядала рэчаіснасці. Паняцце “гарадскі герб” стала цяпер падмяняцца значэннем “герб павятовы”, таму лічыць новыя знакі гарадскімі гербамі можна толькі ўмоўна. Такім чынам, галоўнымі рысамі пры наданні ўжо “ра-сійскай” сімволікі сталі не асаблівасці канкрэтнага горада, а рэгіёну ўвогуле. Менавіта такі герб з’явіўся ў Пружанах у самым пачатку ХІХ ст. Ён умоўна падзяляўся на дзве гарызантальныя часткі. У верхняй частцы змяшчаўся герб Вялікага княства Літоўскага “Пагоня” (на сярэбраным полі коннік, узброены мячом у правай і шчытом у левай руцэ), а ў ніжняй — выява зубра — сімвалу Гродзеншчыны, у складзе якой знаходзіліся тады Пружаны. Такі герб амаль поўнасцю капіраваў сам знак Гродзенскай губерні. Зразумела, што ён не адлюстроўваў ніякіх мясцовых асаблівасцей і мінулай гісторыі. Цікава, што ўлады Расійскай імперыі не адмовіліся ад выкарыстання “Пагоні” ў местачковай сімволіцы. Гэта звязана з імкненнем падкрэсліць такім чынам сваю ўладу над далучанымі тэрыторыямі. Магчыма гэта стала прычынай змены герба 6 кастрычніка 1845 г. — цяпер на залатым полі шчыта была адлюстравана зялёная елка з невялікім паляўнічым ражком на адной з верхніх галінак — сімвалам Белавежскай пушчы, што займала значную частку Пружанскага павету. Пазней, уверсе гэтага гербавога знаку з’явілася яшчэ адно дапаўненне — адлюстраванне зубра, што гаварыла аб прыналежнасці горада да Гродзенскай губерні. Праект такога герба быў створаны ў 1861 г. Падобны знак праіснаваў да 1921 г. — да Рыжскага міру паміж Савецкай Расіяй і незалежнай Польскай Рэспублікай.

Такім чынам характэрнай рысай гербатворчасці ў “расійскі перыяд” стала мэтанакіраванае знішчэнне гістарычных гербаў, якія, лічылася, не адпавядалі прынцыпам самаўладдзя. Стваральнікі “новых” гербаў ставілі перад сабой задачу праслаўлення, у тым ліку праз сімволіку царызму, і зацвярджэння ягонай улады. Таму сімволіка тых часоў не можа ўспрымацца як знакавае абазначэнне адрознення розных нацыянальных рэгіёнаў Беларусі, яна ні ў якім выпадку не суадносяцца з уласнымі традыцыямі і гісторыяй.

Пасля рыжскай дамовы Заходняя Беларусь (у тым ліку Пружаншчына) увайшла амаль на дваццацігоддзе ў склад Польшчы. Новыя ўлады ізноў увялі старадаўні герб Ганны Ягелонкі, толькі колер шчыта чамусьці змянілі на зялёны. Магчыма, на такое каларыстычнае вырашэнне паўплывала  значэнне Белавежскага лесу ў жыцці нашага рэгіёну. Пасля вяртання так званых “крэсаў усходніх” у склад адзінай савецкай Беларусі свайго знаку горад, як і іншыя населеныя пункты дзяржавы, не меў. Некаторы час за своеасаблівы сімвал Пружан прымалі малюнак, на якім былі выяўлены ў верхняй частцы елка, а ў ніжняй — зубр (адлюстраванні на паштоўках, значках, вымпелах, брашурах, нават пры паўночна-ўсходнім уездзе ў горад). Аднак такі знак ніяк не мог адпавядаць гістарычнай праўдзе і з’яўляўся папросту ненатуральным.

У 1996 г. у нашым горадзе быў аб’яўлены конкурс на лепшы праект герба, у якім любы мог прыняць удзел. Па яго выніках мясцовымі ўладамі быў зацверджаны новы герб, прапанаваны Л. Спаткаем. Ён уяўляў сабой геральдычны шчыт сярэбранага колеру, на якім змяшчаўся цёмна-блакітны вілападобны звілісты крыж, што падзяляў герб на тры часткі. У верхняй частцы гарадскога знаку быў выяўлены рог дастатку натуральнага колеру, у правай — блакітны вуж, з пашчы якога з’яўлялася дзіця, што сімвалізавала нараджэнне свету з першароднага хаосу, у залатой кароне, з левага боку — гліняны збанок цёмна-карычневай афарбоўкі. Кожны элемент дадзенага герба нёс сваё значэнне. Так, стылізаваны блакітны крыж — гэта зліццё рэк Мухі і Вец у Мухавец, рог (даўні сімвал многіх індаеўрапейскіх народаў) — працавітасць і заможнасць мясцовых жыхароў, герб каралевы Ганны Ягелонкі — славутае мінулае і старажытнасць горада, збанок — старадаўнія традыцыі ганчарнага рамяства на Пружаншчыне, аб якім вядома ва ўсім свеце. Аднак гэты знак так і не змог прыжыцца ў якасці сімвалу Пружан. Зараз найчасцей карыстаюцца малюнкам 1589 г. — тым гербам, які быў атрыманы горадам першапачаткова.

Старажытныя Ружаны таксама мелі свой асабісты гербавы знак. Паколькі гэта было прыватнаўласніцкае мястэчка, таму сімвал значнасці і прывілеі яму маглі надаць толькі ўладальнікі — князі Сапегі. Дакументы сведчаць, што Магдэбургскае права і гербавы знак Ружаны атрымалі пры магнаце Казіміры Леане Сапегу. Паводле архіўных дадзеных, грамата аб гэтай важнай для тутэйшых мясцін падзеі была падпісана каралём Уладзіславам IV Вазай 20 чэрвеня 1637 г. Ва ўзгаданым дакуменце гаварылася ў тым ліку наступнае: “... для лепшай аздобы таго места Ружанскага надаем яму герб альбо пячатку святога Казіміра — патрона Вялікага княства Літоўскага ў коле вянка руж”. Цікава, але выява на гербе як бы перадумовіла далейшыя факты з гісторыі мястэчка. Справа ў тым, што падчас руска-польскай вайны 1654 – 1667 г. г., ва ўмацаваны палац Сапегаў для захавання ад магчымага разрабавання з Вільні на некаторы перыяд былі перавезеныя шануемыя заходнімі хрысціянамі мошчы Святога Казіміра. У гонар гэтай выдатнай дзеі ў тутэйшай магнацкай рэзідэнцыі пазней нават усталявалі мармуровую пліту з надпісам на лацінскай мове: “Divo Casimiro sacrum”. Такім чынам, ружанскі герб, у адрозненні ад пружанскага, нёс у сабе ярка выражаны рэлігійны элемент і быў да таго ж сугучны назве самога пасялення — у аздабленні яго выкарыстоўваліся кветкі ружаў. Выглядаў местачковы сімвал наступным чынам: у сярэбраным полі асноўнай прасторы шчыта змешчаўся вянок ярка-чырвоных руж, у цэнтры якога была адлюстравана ў поўны рост постаць Святога Казіміра ў пурпурным адзенні з крыжом і лілеяй ў руках. Першапачаткова на дадзеным гербе меліся яшчэ дапаўненні, якія зараз адсутнічаюць, — гэта выявы рыцарскага шалому (сімвала мужнасці знакамітага роду Сапегаў) і каралеўскай кароны (сімвала годнасці адзінага манаршага дому Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага).

Рэлігійны сюжэт быў закладзены таксама і ў выяву на гербе мястэчка Шарашова, якое вядома з XIV ст. Гэта паселішча з наваколлем спрадвеку было заможным дзяржаўным ўладаннем. Але нямецкія прывілеі сталі даступны тутэйшым жыхарам толькі ў сярэдзіне XVІ ст. Паводле афіцыйных дадзеных першы кароль федэратыўнай Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІ Аўгуст (апошні прадстаўнік дынастыі Ягелонаў) у 1559 г. надаў Шарашову толькі некаторыя з гарадскіх правоў. У далейшым часе гэты асаблівыя дазваленні былі пашыраны манархам Жыгімонтам ІІІ Вазам у 1595 г. Праўда, былі ў гісторыі часіны, калі з-за нізкай прыбытковасці мястэчка ў 1776 г. было пазбаўлена на некаторы перыяд Магдэбургскага права. Аднак цягнуліся яны не вельмі доўга і гарадскія прывілеі ізноў былі адноўлены. Дакумент аб вяртанні самакіравання, а таксама аб наданні Шарашову ўласнага знаку быў зацверджаны соймам і падпісаны апошнім каралём польска-ліцвінскай дзяржавы Станіславам Аўгустам Панятоўскім 27 лютага 1792 г. Гэта каралеўская грамата да таго ж гарантавала: “... Шерешев издавна людям вольным и шляхетным есть место для жительства”. Азначаны местачковы сімвал прадстаўляў сабой шчыт з сярэбраным полем, дзе ў цэнтры змяшчалася ўрост выява архангела Гаўрыіла ў пурпурна-залатым адзенні з лілеяй у правай руцэ.

Праўда некаторыя жыхары трактавалі яе па-іншаму, як адлюстраванне разбойніка Шэраша — паўлегендарнага заснавальніка пушчанскага паселішча. Пры вывучэнні гербаў з рэлігійнай сімволікай, вельмі часта здараецца, што яны нясуць у сабе нейкі нерасшыфраваны сучаснікамі змест, што меў месца ў ранейшы перыяд, але быў страчаны на працягу наступных стагоддзяў. Менавіта гэта можна сказаць аб гербе дадзенага ляснога пасялення на Пружаншчыне.

Местачковыя сімвалы і сёння ўпрыгожваюць нашу зямлю. Так брама з адлюстраваннем гербавога знаку Пружан стаіць ў цэнтры каля новага раённага Палацу культуры, валун з адбіткам даты заснавання горада (1433 г.) і гербам — бліз будынку райвыканкама, гэта ж выяўлена пры ўездах. Калі ж мінаць гарадскую развілку дарог, так званае “кальцо”, то металічная стэла з гербамі Пружаншчыны як бы ўказвае накірункі з горада на Ружаны, Шарашова і іншыя населеныя пункты.

Такім чынам, гербы з’яўляюцца цікавай старонкай нашай мінуўшчыны. Яны ўтрымліваюць звесткі па гісторыі, культуры, расказваюць аб асаблівасцях таго ці іншага горада і мястэчка.
nbsp;

 

Наталля ПРАКАПОВІЧ.

г. Пружаны.

Газета для вас №08-10, 20 лютага - 13 сакавіка 2009 года,

 

Яндекс.Метрика