На главную сайта   Все о Ружанах

 

 

Наталля ПРАКАПОВІЧ.

“Апошнія”
ружанскія
Сапегі
.

См. этот текст в переводе на русский язык.

 

Магнацкі ліцвінскі род Сапегаў займаў асаблівае месца ў гісторыі Беларусі. Яго дзейнасць была пладавітай у розных галінах: палітыцы, дыпламатыі, культуры, асвеце.

Не аднойчы расказвалася аб Ружанскім палацы, што належаў Сапегам, значнымі прадстаўнікамі якіх былі Леў — канцлер ВКЛ, Казімір Леан — палкаводзец і мецэнат, Казімір Павел Ян — ваенна-палітычны дзеяч, які прэтэндаваў на прастол дзяржавы, Аляксанр Міхал — палітык і фундатар. Аднак гэта быў час росквіту сям’і і яе рэзідэнцыі. У выніку розных перэпетый Сапегі ў XVIII ст. страцілі свой уплыў, а іх маёнткі разарыліся.

Але хацелася б спыніцца на наступнай старонцы гісторыі гэтага роду, якая не настолькі значная для дзяржавы, але ад гэтага не менш цікавая.

Часам апошняга бляску Ружан лічаць другую палову XVIII ст., калі гаспадарылі Аляксандр Міхал Сапега (1730—1793) і Магдалена Любамірская. Пры іх у палацы была праведзена перабудова саксонцам Я. С. Бекерам, квітнела суконная вытворчасць, славіліся дасканаласцю музычна-тэатральныя пастаноўкі, сюды імкнуліся музыканты і мастакі з Еўропы. Рэзідэнцыю наведвалі выдатныя людзі: адпачывалі, размаўлялі, планавалі — Антоній Тызенгауз, Юльян Урсын-Нямцэвіч, Ганна Паўліна Ябланоўская-Сапега, Адам Нарушэвіч, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Але па трапнаму сведчанню Л. Патоцкага: “Як Панятоўскі быў апошнім манархам даўняй Польшчы, так яго наведванне Ружаны было апошнім днём пышнасці той даўняй сапегавай рэзідэнцыі...” Ружанскі палац сучасныя даследчыкі называюць “беларускім Версалем”. Справа ў тым, што яго планіроўка нагадвала французскі Версаль — сімвал магутнасці і абсалютызму караля Людовіка XIV. Мяркуюць, што Бекер гэтым падабенствам паказаў веліч Сапегаў.

Паступова Ружаны страцілі статус галоўнага “родавага гнязда”. На перабудовы затрацілі вельмі вялікія сродкі. Нават прыбыткі ад мануфактур не кампенсавалі выдаткаў.

Пасля смерці жонкі Аляксандр жыў у Варшаве, а на радзіму наведваўся зрэдку. З 1793 г. палажэнне галоўнай рэзідэнцыі перайшло да Дзярэчына, дзе з сям’ёй жыў сын Францішак (1772 — 1829).

Акрамя яго, ружанскія ўладальнікі мелі 4 дачкі — Ганну Тэафілю (была замужам за Г. Сангушкам і С. Патоцкім), Караліну (мела шлюбы з Т. Патоцкім і С. Солтыкам), Марыяну Катажыну (за Я. Салагубам, І. Пузынам) і Эмілію (за Ф. Ельскім).

Адзіны сын быў гонарам бацькоў, якія зрабілі ўсё, каб забяспечыць яму будучыню. Францішак у 21 год стаў генералам артылерыі і атрымаў ордэн Св. Станіслава. Ён прымаў удзел, але не вельмі паспяхова, у паўстанні Касцюшкі 1794 г. — узначальваў 4-тысячны корпус паўстанцаў Слонімскага і Ваўкавыскага паветаў. Але пасля паражэння ён падаў пакаянны ліст Кацярыне ІІ — гэтым выратаваў сябе і ўладанні. Сапега шмат зрабіў для вызвалення Касцюшкі з Петрапаўлаўскай крэпасці, тым больш, што ён меў пэўны ўплыў на расійскую палітыку. У 1796 г. Францішак атрымаў тытул тайнага саветніка і стаў маршалкам Мінскай губерні. Ён удзельнічаў у каранацыі Паўла І і нават прымаў яго ў Дзярэчыне.

Францішак быў жанаты з Пелагеяй Патоцкай, прыгожай і сціплай жанчынай. Але сямейнага шчасця пабудаваць яны не змаглі, жонка хутка надакучыла магнату. Хаця, дзякуючы Пелагеі, ужо Дзярэчын, як раней пры Магдалене Ружаны, набыў еўрапейскую вядомасць — тут быў адкрыты салон, які наведвалі вядомыя асобы. Жанчына прываблівала адукаванасцю, тактычнасцю і эстэтычным густам.

Сучаснікі так апісвалі яе: “Княгіня Пелагея не мела тых правільных, артыстычных рысаў твару, якія выклікаюць часцей здзіўленне, чым распальваюць каханне. Але яна была ... тыпам чарнабровай украінкі з чорнымі, як смоль, косамі, з румянцам на шчоках, з чорнымі іскрыстымі вачыма, з станістай і гнуткай фігураю. Зграбная, спрытная, вясёлая, найперш добрая!”

Аб магнацкіх палацах пісаў А. Кіркор: “Як Нясвіж і Біржы князёў Радзівілаў, ...Слонім — Агінскіх, Беласток — Браніцкіх, так Ружаны і Дзярэчын Сапегаў, якія славіліся сваёй раскошай, пышнасцю і багаццем. Тут канцэнтравалася маладое і старое шляхецтва, праяўляліся апошнія пробліскі рыцарскай адвагі, высокіх хрысціянскіх дабрачыннасцей, амаль легендарнай славянскай гасціннасці, і ў той жа час, неўтаймаванага свавольства, самаўпраўства. Тут спалучаліся паэзія і буйныя оргіі, амаль бяспрыкладныя і самаадданыя праяўленні сапраўднага патрыятызму ..., прага навукі і мастацтва ...”.

Князь Сапега не быў дамаседам – ён любіў вострыя адчуванні – часта падарожнічаў, заводзіў палюбоўніц (гавораць, што нават адбіў у Напалеона актрысу мадмуазель Жорж), гуляў у карты, многа прайграваў, сустракаўся з авантурыстамі і ўдзельнічаў у іх незаконных справах, займаўся альпінізмам – апускаўся ў кратэр Вязувія, штурмаваў Піранеі (ледзь не загінуў) і Апеніны (марыў сустрэцца з разбойнікамі). Ён гаварыў: “Гуляю не для таго, каб выйграць, а каб атрымаць нервовую эмоцыю, падарожнічаю, каб убіць час”.

Такім чынам князь прасаджваў сваё багацце. Але Сапега літасціва ставіўся да тых, каму патрэбна была дапамога. Факты сведчаць, што нават незнаёмыя людзі з падзякай успаміналі шчодрага пана. Нідзе яму не было спакою.

Праўда, ён сцвяржаў, што “толькі ў Парыжы і Дзярэчыне можна на працягу некалькіх тыдняў не нудзіцца”. Сапега меў здольнасці, аднак адукацыі не атрымаў. Ружанскі гаспадар стаў прататыпам князя Рудольфа дэ Геральштайна ў рамане Э.Сю “Тайны Парыжа”.

Сапега быў тыповым прадстаўніком арыстакратыі, якая пагардліва ставілася да сялян. Ён гаварыў: “Хочаш мець грошы ў кішэні, абдзірай неміласэрна мужыка!” ці “Хочаш мець парадак у хаце, кіруй кіем”. Аднак, па ўспамінах сучаснікаў, князь дбаў пра побыт гэтага ж мужыка і не дазваляў рабіць яму крыўды, многа займаўся дабрачыннасцю.

Пелагея, абражаная здрадамі мужа, тым больш, што ў іх былі дзеці – Яўстафій Каятан і Анэля, развялася ў з ім ў 1805 г. Яна выйшла за родзіча мужа Паўла Сапегу (цікава, што ў 1812 г. ён ваяваў на баку Напалеона). У новым шлюбе яна мела сына Францішака Ксаверыя. Памерла княгіня ў Парыжы, паводле сведчанняў, “аплаканая ўсімі, хто яе ведаў”. Захаваліся партрэты вытанчанай Пелагеі, створаныя мастачкай Э.Віжэ-Лебрэн. Найбольш вядомая сярод іх – “Дзярэчынская Тэрпсіхора”, якая зараз знаходзіцца ў прыватнай калекцыі француза С.Рэя ў замку Мантрэсо.

У Ружанах жа работы не былі завершаны: грошы не выдзяляліся, працы вялася марудна. З 1794 г. іх вёў архітэктар Міхаіл Кадо. У 1796 г. ён і 32 майстры пакінулі палац.

На мяжы XVIII – XIX ст.ст. ружанская маёмасць аказалася ў розных руках. Мануфактуры былі прададзены яўрэю-прадпрымальніку Лейбе Пінесу, а палац Сапегі захавалі. З 1829 г. яго ўладаром стаў Яўстафій Каятан (1797 – 1860). Жыццё бацькі не ва ўсім было прыкладам для сына – ён аказаўся прынцыповым і фінансава здольным. У маладосці Сапега служыў у расійскай кавалерыі, потым – падарожнічаў па Еўропе. Ён жыў у Англіі, дзе меў маёнтак у графстве Ланкашыр. Вядома, што князь прымаў удзел у паўстанні 1830 – 1831 г.г. Сапега знаходзіўся пры штабе галоўнакамандуючага генерала Я.Скшынецкага. За гераізм ён быў адзначаны залатым крыжом “Віртуці Мілітары”. Пасля паражэння князь эмігрыраваў у Францыю. У адрозненні ад бацькі, які пакаяўся перад Кацярынай ІІ, Яўстафій адмовіўся ад прапановы Мікалая І прыняць назад канфіскаваныя маёнткі ўзамен на прысягу цару. Праўда, ёсць меркаванне, што Сапега паспеў прадаць палац у Ружанах, каб здабыць грошы для аднадумцаў. У Францыі ён ўдала займаўся фінансавай дзейнасцю, шмат сродкаў траціў на падтрымку эмігрантаў. Князь карыстаўся вялікай павагай сярод шляхецтва і ўласнага сялянства. Знаўцы падзей апісваюць цікавы выпадак. Адзін са служкаў магната прымушаны быў выдаць, дзе схаваны каштоўнасці палаца. На наступны дзень у роспачы, што здрадзіў свайму пану, ён пакончыў з сабою.

Такім чынам, усе ўладанні “мяцежных” Сапегаў былі адабраны ў расійскую казну. Трапілі туды і багацці з палацаў (у першую чаргу Ружанскага) – гэта так званы “Сапежынскі збор” – творы еўрапейскага мастацтва, рэдкасная зброя, трафеі войнаў, залаты і сярэбраны посуд, радавыя рэліквіі, узнагароды манархаў, каштоўныя кнігі.

Пачатак “Сапежынскаму збору” паклала бібліятэка Л.Сапегі, дзе пераважалі працы аўтараў ранейшых часоў – Арыстоцеля, Вяргілія, Авідзія, Эразма Ратэрдамскага, і літаратура па юрыспрудэнцыі, гісторыі, тэалогіі. Да найбольш важных старадрукаў даследчыкі адносяць “Хроніку Скандэрберга” (1567 г.), выдадзеную ў Берасцейскай друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага ў перакладзе Андрэя Волана і Цыпрыяна Базыліка. Лёс бібліятэкі драматычны, пасля канфіскацыі яе ў 1834 г. расійскія чыноўнікі поўнасцю вывезлі ў Санкт-Пецярбург і Варшаву.

Сапегі мелі галерэю, дзе партрэты складалі дрэва роду, творы дэкаратыўнага мастацтва, гравюры, скульптуру, мазаіку, шпалеры, гербы, абразы, пячаткі, мінералы, нумізматычную калекцыю. Сярод экспанатаў – залаты кубак XVI ст. з гербам Шуйскіх, кубкі з горнага крышталю (“Іван” і “Іваніха”), французскія габелены, прысвечаныя Аляксандру Македонскаму (па картонах Лебруна), 48 мазаік, мармуровыя і бронзавыя скульптуры, 5 этрускіх вазаў, жывапіс С. і Я. Рёйсдаляў, ван Астадэ. Рэчы са збору сёння ўпрыгожваюць экспазіцыі музеяў свету. Сярод іх – шэдэўр Веранэзе “Пакланенне трох цароў” ў Эрмітажы (там жа 185 карцін, 148 мазаік). Частка калекцыі была ў Акадэміі мастацтваў (55 карцін), Гатчыне (72), палацы ў Белавежскай пушчы і інш.

Багаццем вызначаўся архіў, дзе дакументы былі сістэматызаваны ў 232 тамы, - гэта аркушы з гісторыі роду і дзяржавы. Тут працавалі А.Нарушэвіч, што пісаў “Гісторыю польскага народу”, і К.Кагнавіцкі – “Жыццё Сапег”. Пасля канфіскацыі дакументы аддалі Віленскаму музею старжытнасцей Тышкевічаў, дзе архіў захоўваўся 9 год. Частка яго стала ўласнасцю графа В.Пуслоўскага, Акадэміі мастацтваў (Кракаў), бібліятэкі ардынацыі Замойскіх (Варшава), Імператарскай Публічнай бібліятэкі (Пецярбург) і інш.

Скульптуры з палацаў перавозілі пасля 1840 г. Адна з іх вагой 219 пудоў аказалася ў царскім палацы ў Белавежскай пушчы, а 22 – ў Эрмітажы (у тым ліку творы А. Канова).

Разрабаванне палацавых каштоўнасцей стала апошняй кропкай ў славутай гісторыі палаца.

Ю.Урсын-Нямцэвіч у “Гістарычных падарожжах па польскіх землях (1811 – 1828 г.г.)” пісаў “...галоўны корпус палаца нікім заняты не быў і знаходзіўся пад наглядам упраўляючага Сапегаў...” А Л.Патоцкі ў 1834 г. ва “Успамінах пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану” паведамляў: “Палацавы двор зарос травой, на якой пасвіліся козы, ...фруктовыя дрэвы здзічэлі, ...сажалкі пазаросталі, каналы без вады, будынкі перададзены пад фабрыку. У што ж ператварыліся гэтыя пакоі, напоўненыя ўсёй пыхаю захаду і ўсходу?! Дзе той багаты збор рэдкіх кніжак, шыкоўная збраёўня?! Дзе пакоі, у якія зачашчалі прымасы, біскупы, канцлеры, гетманы, ваяводы, найпершыя магнаты ў краі?!”.

У ХІХ ст. палац выкарыстоўвалі пад жытло, склады, цэхі суконай фабрыкі. Новыя ўладальнікі не рамантавалі палац. Не спрыялі аднаўленню ваенныя віхуры, што пракаціліся ў 1915 – 1920 г.г. Будынак прыйшоў у непрыгляднасць, у заняпад – вытворчасць.

У 1923 г., калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы, у Ружанах з’явіўся Яўстафій Каятан Сапега, які прад’явіў прэтэнзіі на спадчыну. Аднак Пінесы падцвердзілі свае правы. А вось частку збору нашчадкі вярнулі ў 1923 г. Расія аддала яе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавору 1921 г.

У 1933 г. намаганнямі міністра замежных спраў Польшчы Я.К.Сапегі Ружаны вярнуліся сям’і. У палацы з’явіўся сын міністра Ян, які пачаў аднаўляць яго, а віленскі кансерватар С.Лёрэнц выканаў фрагментарную даследчую фотафіксацыю ансамблю.

У 1939 г. нашы землі ўвайшлі ў склад БССР. Гаспадары ружанскіх мануфактур і князь Яўстафій Каятан Сапега былі высланы на Усход Савецкага Саюза.

Нашчадкі славутых Сапегаў жывуць зараз у розных краінах свету. Цяпер іншая гісторыя і іншыя абставіны. Але памяць аб багатым мінулым гэтага роду і нашай Бацькаўшчыны яшчэ працягваюць захоўваюць велічныя руіны Ружанскага палаца..

 

Наталля ПРАКАПОВІЧ.

12,19 чэрвеня 2008.

г. Пружаны.

Газета для вас №24-25, 13-27 чэрвеня 2008 года,

Пружаны.

 

Яндекс.Метрика